Вясельны падарунак бел

Недалёка ад Дзьвінску жыў у вёсцы селянін. І было ў яго два сыны. Старэйшы дапамагаў бацьку па гаспадарцы, а малодшы ніяк не мог вызначыцца. То ў паход з княжацкай дружынай пойдзе, то з купцамі адправіцца, а то стаў мядзведзіцу па вёсках вадзіць. Пляскае ў далоні, трасе бубнам, а мядзведзіца ходзіць вакол яго на задніх лапах, галавой ківае і тупае, быццам скача.
Доўга ці каротка, вырашыў старэйшы сын ажаніцца. Прыгледзеў дзяўчыну з суседняй вёсцы, пасватаўся, згулялі вяселле. Ляглі спаць, раптам чуюць, хтосьці пад ложкам скрабецца, шэпча і пасмейваецца тоненькім галаском, быццам дзіця дурэе. Запаліў старэйшы сын лучыну, шукае па ўсіх кутах - нічога не відаць. Пашукаў, пашукаў, ды і вярнуўся ў ложак.
На наступную ноч шум і смех паўтарыліся, ды яшчэ і посудам хтосьці стаў грымець. Зноў хадзіў хлопец з лучынай, глядзеў за печку, заглядваў па кутах ды па ўсялякіх цёмных месцах. І зноў нічога не знайшоў.
Спыталі бацьку, што б гэта магло быць. Падумаў той, пачухаў бараду, ды і адказвае: «Відаць, шэшачку ты прывёз разам з вясельнымi падарункамі». Запыталi нявестку, клянецца, што нічога не ведае.
Рабіць няма чаго, сталі жыць далей. Днём ціха, а па начах рыпанні, шэпты, смех, а то раптам бегаць стала. Шум падыме, прабяжыць з тупатам па лавах і зноў ціха.
Ужо і не ведалі, што рабіць, як раптам вярнуўся малодшы сын. Разам з мядзведзіцай. Сустрэлі валацугаў, напаілі, накармілі, час ісці да сну. Сталі вырашаць, што рабіць з мядзведзіцай. Да хатніх жывёл у хлеў ня закрыеш, таго і глядзі бяды наробіць. На двары таксама не пакінеш, сабакі баяцца, брэхам спаць не дадуць. Павялі ў хату, размясцілі на падлозе, ды і малодшага сына побач, каб прыглядаў. Святло патушылі, ляглі.
Сярод ночы зноў выйшла шэшачка дурэць: тупала, хіхікала, кідала на падлогу посуд. Пасля сціхла. І раптам як заверашчала ад страху, загаласiла, пранеслася да выхаду, дзверы адчыніла і вон. Запалілі лучыну, пачалі глядзець. Глядзяць, у мядзведзіцы ў лапах шматок стракаты.
Падумаў бацька, пачухаў галаву, ды і кажа: «Бачна, захацела шэшачка з мядзведзіцай пагуляць, па воўны пакатацца ды за вусы патузаць, а тая, не будзь дурніцай, злёгку падушыла гарэзу. Цяпер ужо шэшачка ня хутка вернецца».
І праўда: стала ў хаце ціха і спакойна. Дзень прайшоў, другі - шэшачка так і не з'явілася. Малодшы сын адпачыў, ды і пайшоў далей з мядзведзіцай, а шэшачцы усё не было.
Ужо і забыліся пра яе, як аднойчы выйшла нявестка на двор, раптам чуе стук у браму. Глядзіць - стаіць каля брамы маленькая сухенькая бабулька ў стракатай сукенцы, ды на прыполе крывая латка з радна. Пытаецца бабулька нявестку:
- Пайшла ад вас вялікая кошка?
Сцямiла нявестка, што тая пытаецца пра мядзведзіцу, ды і адказала знарок:
- Дзе там! Кошка засталася, яшчэ і кацянят прынесла. Нават ня ведаем, што рабiць.
Павярнулася шэшачка і пайшла прэч. Толькі чуваць было, як мармытала: «От, лiха. Лютая кошка была, цяпер яшчэ больш лютая стала. Пайду іншы дом шукаць...»
З таго часу шэшачка не з'яўлялася.


Рецензии