У СИЗА КДБ Сяргею Цiхано скаму
Я ПАДУМАЎ ВОСЬ, ШТО ЎСЁ АДНО ЯКІ-НЕБУДЗЬ МАЁР УСКРЫЕ ПІСЬМО СЯРГЕЮ ЦІХАНОЎСКАМУ І ПЕРШЫ ЗА ЯГО БУДЗЕ ЧЫТАЦЬ. ДАРЭЧЫ, ЗА ПАНЯДЗЕЛКА ДА ПАНЯДЗЕЛКА ІШЛО ПІСЬМО, КАЛІ БЫ ЖАБУ ВЫПРАВІЎ З КАНВЕРТАМ У ЗУБАХ, ЯНА ХУТЧЭЙ ДАСКАКАЛА Б НА ВАЛАДАРСКАГА, ЧЫМ НАША ПОШТА ПРАЦУЕ. ТУТ ВЕРАГОДНА НЕ ПОШТА ВІНАВАТА, А СЛУЖБІСТЫ, БО НА КАНВЕРЦЕ Ў МЯНЕ МАРАЧКІ БЫЛІ РАРЫТЭТНЫЯ, ПАГОНЯ І КРЫЖ ЕЎФРАСІННІ, ВОСЬ І БАЯЛІСЯ АДКРЫВАЦЬ. АДНЫМ СЛОВАМ ВЫКІДВАЮ ПІСЬМО СЮДЫ, НЯХАЙ І ДОБРЫЯ ЛЮДЗІ ПАЧЫТАЮЦЬ.
Прывітанне, Сяргей!
Вось, вырашыў напісаць табе, хоць і сядзіш ты ў СіЗа КДБ, але ж хутка выйдзеш, і будзеш разбірацца, што адбылося за гэты час. Інфармацыі будзе шмат, бо цябе, упэўнены ў гэтым, абмяжоўваюць ад інфы, а так прачытаеш мой ліст і хутка ўсё зразумееш. Сёння нядзеля 28.06 – лічы мясяц праляцеў пасля таго, як цябе груба праз правакацыю заграблі ў Гродна. Усё гэта было на маіх вачах. Я на тым канцы быў як бачыў, што два мянты пабеглі, іх людзі асвісталі, Салянік крычаў нешта кшталту: “А што, хлопчыкі спортам займаецеся? Не атрымалася нешта” – і яны пайшлі назад пад свіст і улюлюканне людзей. А потым гэтая расфарбаваная шлюндра, што чаплялася да цябе з пытаннямі пра Святлану зноў палезла напралом да цябе. Яе людзі адціснулі, і менты вярнуліся і адразу да яе. Яна пальцамі паказвае на цябе і быццам бы скардзіцца: “Ён не адказвае мне на пытанні” – і менты да цябе рынуліся, за рукі пачалі хапаць, людзі абураныя загулі… Я быў у пяці-сямі метрах ад цябе, і раптам адзін з мянтоў аказаўся на асфальце, і шаўрон яго на асфальце валяўся, а чалавек які стаяў побач і гаворыць: “Я бачыў, як ён падаючы сам зрываў з рукава шаўрон”. Менты ўключылі нейкую сірэну на мегафоне, -- пэўна гэта быў сігнал для амона. І тут павыскоквалі з усіх бакоў амапаўцы ў чорным. Пачалі хапаць людзей. Літаральна тры хвіліны і яны пазапіхвалі ў свае бусікі чалавек 14-15. Дакладна не ведаю. Я хаджу па той плолшчы ў вышыванцы, з гітараю без чахла ў адной руцэ і з пакетам з кнігамі ў другой. Быў момант, калі хацеў гітараю тыцнуць каму-небудзь у твар, добра, што не зрабіў гэтага, бо замялі б бразам з вамі. Людзі перагарадзілі дарогу бусіку, пад калёсы кідаліся. Адным словам гарадзенцы вельмі годна праявілі сябе. Але бусікі амапаўскія з’ехалі, вядома ж, што плёткаю абуха не пераб’еш. Дык ніхто не чакаў такое правакацыі і такога нападу. Я знайшоў Стася, майго шафёра, і яшчэ некага з нашых, цяпер ужо і не помню, хто быў тым трэццім. Адыйшлі ў бок да нейкага кафэ, каб сабрацца з думкамі і вырашыць, што рабіць далей. Стась хацеў пазваніць, але яго тэлефон быў заблакаваны. Нейкі мужчына з малым выходзіць з кафэ, Стась папрасіў тэлефон пазваніць, але мужчына прабачыўся, паказаў на малога, але тэлефон не даў. Мы нават не пакрыўдзіліся, бо зразумелі чалавека, магчыма ён увогуле быў ні пры чым і навошта ён будзе рызыкаваць.
Каля нашага бусіка стаяла шмат ціхароў і мы вырашылі не падыходзіць пакуль туды. І тут я ўбачыў карэспандэнта з радыё “Свабода” і адным з першых даў кароткае інтэрв’ю, распавёўшы, што тут адбылося. (Адным словам, Сяргей, пазванілі з Гомеля і заўтра я забіраю свае рэчы, Дзіма Рудзенкоў пазваніў і заўтра перадасць маршруткай на Мінск а я тут сустрэну. Так што гэтае пісьмо я сёння не скончу. Добра што пішу ў вордаўскім файле, ужо палова дзевятай. Цэлы дзень праляцеў. Вось такія акалічнасці, - чаек кармлю са сваёй лоджыі. Заўтра панядзелак. Жонка на работу. Праз якую гадзінку вярнуся да пісьма.)
Казаў праз гадзінку вярнуся, а вярнуўся праз восем дзён, бо сёння ўжо 05.07.2020. І не буду доўга пісаць, бо я думаў усё апісаць, што адбылося тут без цябе, а цяпер разумею, што не трэба. Адрас цяпер твой ведаю, пошта працуе і сёння адпраўлю, наклеіўшы рарытэтныя марачкі.
Прыехаў я з Гродна з адною гітараю без чахла і без ключоў ад кватэры. Добра, што Вераніка дома была. Стась мае ключы з бусіка забраў. Пасля аддзялення трапіў у рэанімацыю, нейкім чынам грошы яму перадалі і новы тэлефон. Дык ён зарэгістраваўся на фейсбуку і выйшаў на сувязь і сказаў, што ключы ад кватэры маёй у яго знаходзяцца. Цябе забралі ў пятніцу, а ў нядзелю я на Камароўцы быў, песні спяваў і са мною фатаграфацца людзі пачалі, як гэта з табою рабілі. Статкевіч быццам бы арганізоўваў, але не дайшоў да Камароўкі, па дарозе заграблі. Пасярод тыдня да Вольгі Мікалайчык скахадзіў, рэжысёр наш беларускі, змагарка, Жана Д’арк нашая, уяўляеш, як яны яе баяцца, каля яе прыватнае хаты два кэдэбіста суткамі дзяжураць. Схадзіў, бліноў паеў, выпілі Белавежскай, якую я па дарозе купіў, зварот на тры хвіліны запісалі да “браткоў беларусаў”, які за суткі амаль сто тысяч праглядаў набраў. У наступную нядзелю Северынец на Камароўцы быў, і Вольга Мікалайчы абкруціла кэдэбістаў і прыехала на пікет у падтрымку цябе і палітвязняў. Я таксама спяваў песьні ў вышыванцы. Вольга пачала флэшмоб, па капеечцы збіраць на білет Таракану ў Гаагу, дык я першы тую капеечку і паклаў у яе далонь. А потым яна пакет паставіла і людзі пачалі кідаць не толькі капеечкі, але і буйныя купюры. Вольга і Павел ведалі, што іх арыштуюць, дык мяне прасіла, каб я торбу тую з грашыма забраў, але я з’яджаў ў тры гадзіны дахата, а там акцыя працягвалася. А Вольга і кажа, ха, я забяру з сабою на Акрэсціна, няхай паліцыянты лічаць нашыя капеечкі цэлую ноч, можа гэта ім мазгі ўключыць. Так мусіць і было . Бачыў, Вольга як царыца Тамара з горда паднятаю галавою ўваходзіла ў бусік ментоўскі. Такая жанчына – кроў з малаком. І такая прыгожая была, што такіх не бывае. А Паўла ў сваім двары арыштавалі. А потым пачалося па ўсёй Беларусі, за ўсім і не ўсачыш. Я тры дні сядзеў пад хатнім арыштам, улючоў жа не было, а Вераніка радая такая была, - на работу пойдзе, мяне замыкне і ведае, што я цяпер нікуды не збягу. Тры дні. А потым сын Андрэй прывёз свой камплект ключоў. І вызваліў мяне. А то яна вельмі радая была, што мяне арыштавала. Тут нядаўна я ў “народным цялявізары” быў, гэта магазін каля метро “Кастрычніцкая” так назыаецца, разгаварыўся з адным дзядзькам, былы дэсантнік, даведаўся шмат чаго цікавага, аказваецца ў парашуце 28 строп, але гэта не тычыцца да справы, так між іншым, дык вось базарым з ім, і раптам яму звоняць. А ён, пачакай, кажа, начальнік зоны звоніць. А я падумаў, во, ўліп. Пытаюся ў яго калі ён перагаварыў, “а ты што на зоне працуеш? “ – думаю, як Лукаш, на зоне працуе, а я тут “знаходка для шпіёна” (мая Вераніка так мяне называе), разбалтаў усё. А ён потым, ды, гэта я так жонку называю: начальнік зоны. І я сваю Вераніку так называць цяпер буду, бо толькі яе і баюся на гэтай зямлі, а болей нікога. Сяргей, буду закругляцца, бо хочацца сёння ў нядзельку і адправіць, а то я магу доўга пісаць. Буду пісаць, а ты і выйдзеш і не атрымаеш маё пісьмо.
Шмат чаго яшчэ цікавага на Беларусі адбываецца. Мяне выключылі з Саюза пісьменнікаў, я нават у Народнай волі адкрыты ліст на гэты конт надрукаваў, Чаргінец, сука, думаў давесці мяне да белага калення, падпаліць сінім пламенем і здаць у міліцыю. Але ім нічога не абламілася. 12 хвілін правёў стрым, а потым выключыў тэлефон і ўсё ім выпаліў. Цяпер буду аб’ядноўваць два саюзы ў адзін, і вяртаць маёмасць, якую Адміністрацыя Прэзідэнта прыбрала да рук, Дом Літаратара, Іслач… Шмат чаго было. Раскалолі наўмысна Саюз Пісьменнікаў, і ўсё пад сябе падграблі. Цяпер там “Белая Русь” – выганяць нафіг будзем. Я думаю, пісьменнікі ж не самыя дурныя людзі, аб’яднаюцца і зробяць усё так, як трэба.
Чаек кармлю на з лоджыі. Яны з’явіліся ў нашым мікрараёне на Сухарава тыдні тры таму, а сарокі ў Менску з’явіліся ў 2017-тым годзе, калі Курапатская Варта была. Прапісаліся сарокі стабільна. Неяк сарочае вяселле бачыў, штук восемдзясят шчабяталі і галдзені. У мяне нават вершык ёсць пра сароку белабоку. Зараз знайду і ўстаўлю сюды. А яшчэ нядаўна вершык напісаў памяці Олівіі Цігрыс, паўтара гады таму з сынам пахавалі нашу сабачку на Мядзьвежына, гэта лес такі, яна была фарнцузскім бульдогам а ў іх жа вельмі выразныя мордачкі, і вельмі разумныя фарнцузікі.
Сарока на Варце
Адна знаёмая сарока
Прынесла вестку на хвасце:
Так верашчала белабока,
Што па мяне нарад ідзе…
- Хавайся, хлопец! Уцякай жа!
За імі моц, яны аплот,
Ты не глядзі, што яны – Shaise,
Ад іх бяжыць увесь народ.
Паслухаў росказні птушыны
І нават “дзякуй” не сказаў.
Ну хто яны? А я ж – мужчына!
Не мне ўцякаць ад добрых спраў.
Стаяў і думаў… Разважаў я:
Што тут рабіць, і як тут быць?
Скрывіўся, бы аб’еўся шчаўя:
“Я навучу Зямлю любіць!!!”
Яны звінелі кайданкамі,
Утрох ішлі па аднаго.
І тут я скрыгатнуў замкамі
І выдыхнуў рашуча: “Го!”
Жыві, сарока-белабока!
Я тэлефоны адключыў.
Глядзі высока і далёка,
І не сцягні мае ключы.
07.09.2018 г. (пятніца)
Вось табе яшчэ вершык адзін.
Едрыпта
Анатоль Кудласевич
Даўным даўно Ярмо заварвалася бОршчамі,
Лукавы ручкі паціраў,
Людзей Майданамі пужаў,
Ды Беларусь зварганіла, ашчэрылася Плошчамі,
А дзень ідзе... І другі дзень праходзіць, --
Гадзіннік вечнасці паволіць ход.
Стаяць адвечным карагодам
За кругам круг шчапіўшыся рукамі.
А дзе-нідзе кагосьці ўжо ў пятлі находзяць,
Здыхае падаль.
А хтосьці ўніз з высоткі нібы камень
Ляціць на дол.
Яны сказалі: “До! Даволі ўжо! Да Волі!
І вечнасць круціць калаўрот
Сцяной стаіць адзін НаРод,
Ну, што ж... Страляй!
Едрыпта маць!
Стаяць!
Раць!
04.06.2020
І вось гэты верш, які пісаўся з тыдзень, бо не мог, слёзы душылі, даўно не пісаў са слязамі вершаў,
Олівіі Цігрыс.
Жонка сядзіць і чыхае,
Я на балконе стаю.
Котка ў душу пазірае,
Быццам бы я ўжо ў раю.
Як мне цяпер не хапае
Найды, сабачкі маёй,
З сынам яе пахавалі
Пазамінулай вясной.
Там, у Мядзьвежына любка,
Болей не вернешся ў дом
Светлая наша галубка,
Бачыш, як свінні жывём.
Хто цяпер нас акультурыць,
Выведзе ў двор пагуляць?
Спёртая затхласць кватэры,
Сцены, якіх не ўзламаць.
Днямі сяджу, бы ў цямніцы,
Замураваўся ў турме,
Ольва, ты будзеш мне сніцца,
Нават у чорнай труне.
Ольва, маё ты дзіцтка,
Як я жыву без цябе,
Помню, бывае дахаты
Цягнеш п’янога мяне.
Або, губляючы сліну
Следам храпеш за спіной,
Думаеш, раптам пакіну?
Страшна застацца адной.
Свет жа бязлітасны, жорскі
Ты палюбіла, як ёсць,
І церабіў тваю шорстку
Кожны прыходзячы госць.
Часам здавалася, слова
Скажацца людзям табой.
Ты спасцігала асновы
Тайны адвечнай двубой.
Найда – такая брышкуха:
Вёрткай вавёркаю – шусь!
І на гардзіне. Паслухай,
Што б мы не елі – панюхам
Скочыць на стол правяраць.
Так, сумавала… Спачатку,
З вуліцы як не прыйду
Бегае ўсё і шукае,
Думае, раптам знайду.
Потым яна зразумела:
Болей на свеце няма,
Месца тваё тады смела
Котка заняла сама.
Дзіўным такім абярэгам
Ходзіць за мною па пятах,
Думак таёмнае эха
Слухае ў чуткіх вушах.
Колькі разоў я бывала
Ольвай яе называў.
Мне Вераніка сказала
Бог тваю душу аддаў.
(26.06.2020 г.)
Усё. Цісну руку. Ты мая надзея! Хутчэй выходзь, будзем бамбіць усю Беларусь. Правіламі добрага тону на пісьмо адукаваныя і культурныя людзі адаказваюць на той мове, якою і пісьмо напісана. Ты зразумеў намёк? Проста пераступіць псіхалагічны бар’ер, я таксама ў пачатку дзевяностых пераступаў такі бар’ер. Нічога складанага, Сяргей Леанідавіч, у гэтым няма. Не бойся памыляцца, ніхто сямяцца не будзе. Усе праз гэта праходзяць. А ў цябе ж філфак за плячыма. Ты сам адкрыеш у сваёй душы безліч моцы і пачуццяў, калі моваю авалодаеш, у два разы мацнейшым станеш. Гётэ калісьці казаў, колькі моў чалавек ведае, столькі ж разоў ён чалавекам становіцца. Дарэчы, мне вось учора дыпламат з Чылі, які наш далёкі сваяк, і які ведае мяне з шасці гадоў, дакладней, яму было шэсць гадоў, калі ўпершыню мяне ўбачыў, і запомніў. Дык ён гэтае Чылі для Украіны адкрываў, сказаў, што мне трэба ангельскую мову вучыць. Прыйдзецца, хоць я ў школе нямецкую вывучаў, але трэба і ангельскую ведаць.
Яшчэ раз цісну руку.
Твой Толя.
(не буду перачытваць, мо якія абдрукоўкі і ёсць. Але сэнс не страціцца.)
Свидетельство о публикации №220071500694