Новая душа

Новая душа
У наш дом з учарашняга дня засялілася новая душа, -- Пацеша (Цеша), чорны сабачка, дзевачка, па словах гаспадара ў яе дзесяць адсоткаў воўчай крыві. Месяцы чатыры ёй, чорненькая, але па ўсім, відаць, што будзе невялікая ростам. Але дзікая кроў адчуваецца. Дасталася пасля смерці Аляксандр Дзейкуна, яе дачка Святлана забралі яе са Станькава ў сваю кватэру, але там ужо была сабачка-дзевачка, і дзьве сукі на адной тэрыторыі не вельмі і ладзяць. Добра, што я своечасова пазваніў, бо ў мяне не было тэлефонаў дачкі Дзейкуна, а Шура пасля смерці мужа сама злегла ў шпіталь, зрабілі аперацыю на сэрца. Не да ваўкоў ёй было і не да воранаў. Двух ваўкоў, якія засталіся пасля смерці паляўнічага, прыйшлося застрэліць. Воран зляцеў і невядома ці вернецца.
За тыдзень да смерці я выпадкова сустрэў Аляксандра ў Сухарава, у яго тут кватэра. Павіталіся, а ён адразу ж: "У мяне ж зноў воран ёсць. І гаворыць ужо"
- А што гаворыць?
- Зраўствуйце, аматары прыроды!
- Дык ты ж мне абяцаў ворана.
- Будзе табе воран, будзе, але крыху пазней. Няхай падрасце яшчэ.
Вось так у 66-ць гадоў нечакана пайшоў з жыцця чалавек, -- вялікая страта для Беларусі, бо ён столькі ведаў пра птушак, звяроў, ваўкоў... І я ўсё збіраўся прыехаць да яго Станькава, дзе ён набыў і разбудоўваў сабе дом, прыехаць з дыктафонам, каб разгаварыць яго і ўсё запісаць, а потым, магчыма і кніжку асобную выдаць. Цяпер амаль усё страчана, хаця жонка казала, што ёсць нейкія запісы і відэа, дзе ён расказвае пра павадкі птушак і жывёл.
ПРАШУ ЎСІХ, ХТО ЧЫТАЕ ГЭТА: РАПАТМ ВАМ СУСТРЭНЕЦЦА ВОРАН, ЯКІ ГАВОРЫЦЬ "ЗДРАЎСТВУЙЦЕ, АМАТАРЫ ПРЫРОДЫ -- ГЭТА МОЙ ВОРАН! ВЯРНІЦЕ, ЯГО, КАЛІ ЛАСКА МНЕ. ЁН ЯШЧЭ КРЫХУ КАРТАВІЦЬ.
Як толькі я прынёс Пацешу ў кватэру, яна тут жа пацалавалася з Найдай, абнюхаліся і Пацеша пачала аб'бягаць і знаёміцца з новым жытлом. Бодранька так аббегла ўсе куточкі, усе пакойчыкі, абнюхала ўсё. А найда ўсё цікавала за ёю. Назірала вялікімі вачыма. Найда ж мела паўтары гадовы вопыт пражывання з Ольваю, французскім бульдогам, праўда, Ольва тады была зусім старэнькаю і ледзьве соўгалася ўжо. А тут такі шустры і маленькі чорны, камячок на чатырох ножках. І пачала Найда амаль што паляваць на яго, Пацеша схаваецца за мяккае крэсла, а Найда за ёю назіркамі, пацеша з другога боку выглядвае, і там яе сустракаюць жоўтыя вочы кошкі, яна туды, янак сюды, -- усюды гэтыя вочы Пэўна, ёй зрабілася страшна. Забілася пад батарэю і сядзіць. Не вылазіць. Я паспрабаваў учора выцягнуць, дык яна ледзь не ўкусіла мяне, уся дрыжыць ад страху. Потым Вераніка забрала Пацешу да сябе ў ложак, доўга гладзіла яе, супакойвала. Я паспрабаваў выгуляць яе вечарам, але яна некуды мітусілася, некуды ўсё рвалася, не выгул атрымаўся а так, -- знерваваны і змарнаваны час. Рвалася як быццам у бок сваёй першай кватэры, у бок Царквы, дзе яна ўжо пражыла некалькі тыдняў і нават гуляла з гаспадаром без павадка, прыбягаючы да яго на сваю клічку.
А потым сабачка на ўсю ноч забілася пад ложак, ды і Найды я не мог адшукаць. Раніцай вылезла, крыху паела, вады пахлябтала, але як толькі я зашмаргнуў на шыі ашыйнік, то разам з павадком зноў забілася пад ложак. Прыйшлося выцягваць адтуль, бо надтаў упіралася. Патрымаў на руках, супакоіў і вынес на руках на вуліцу. З павадка не спускаў. Бо яна зноў усё некуды рвалася, бегла на дарогу, залазіла пад машыны, а бегае вельмі шустра, вымучыла мяне за гадзіны -паўтары зусім. Але зрабіла сваю справу, чым я застаўся задаволены.
Адным словам, прыйшлі з вуліцы, -- паела, папіла і цяпер бегае за мною хвосцікам, а Найда залезла на паліцу з кнігамі, што ў мяне на лоджыі, і назірае гэты цуд зверху. Неяк Пацеша спрабавала на табурэт заскочыць, дык найда спіну выгнула і рычаць пачала, пэўна, падумала, што гэтая сучка яшэ і на паліцу забярэцца.
Весела цяпер будзе жыць і Найдзе, і Пашецы, і ўсёй сям'і клопатаў прыбавіцца.


Рецензии