Из истории моего рода на белорусском языке

 
                УСТУП 
 
Ідэя падрыхтоўкі гэтай брашуры ў  мяне  ўзнікла даўно, у 1994 годзе. Тады і распачалася праца над ёю. Вялася яна з вялікімі перапынкамі.
Скажу праўду, пісаць было цяжка. Не ўсё, што калісьці было і  што мне расказвалі родзічы, ужо  добра помнілася.
Доўга я шукаў матэрыялы аб паходжанні назвы роду Матачы.  Перагледзеў многія энцыклапедыі, даведнікі і сайты Інтэрнэту. І толькі ў 2019 годзе выйшаў на дзве версіі, у якіх хоць і няма дакументальнага пацверждання, але яны маюць  права  на існаванне.    
       Не хапала канкрэтных фактаў і асабліва фотаздымкаў па  гісторыі нашага роду. Не знайшоў я, напрыклад, фотаздымка дома Матачоў на хутары ў вёсцы Скорцы. Мала захавалася фотакартак бабулі і дзеда. Зразумела, што ў той час зрабіць гэта было цяжка. У вёсках навогул фатографаў не было, і сфатаграфавацца можна было толькі ў раённых цэнтрах.
      Падштурхнулі мяне да заканчэння гэтай працы знойдзеныя матэрыялы пра майго дзеда  - Андрэя Якімавіча Жабруна, у якога быў вельмі складаны лёс. Ён прайшоў праз турмы, вайну, палон і аказаўся за мяжой, але сувязі з родам Матачоў не страціў.
      Брашура пра наш род – гэта першая спроба пісьмова расказаць аб ім. Канешне, не ўсё ў ёй дэталёва апавядаецца. Напэўна, магла б быць і іншая структура брашуры. Але, я думаю, прачытаўшы яе, у чытача ўзнікне пэўнае ўраджанне аб тых, хто складаў і ўмацоўваў род Матачоў з вёскі Скорцы.
               
                Яўген ЖАБРУН.               
                Гродна, 2020г.


               
                ЯК  НАЗЫВАЎСЯ НАШ  РОД?

     У вёсцы Скорцы  на Брэстчыне, дзе жылі мае блізкія і далёкія родзічы, наш род называлі Матачы. Чаму яму такую назву далі  аднавяскоўцы, я  часта думаў, але ніяк не мог даведацца.   
     Праўда, на конт гэтага я знайшоў дзве  версіі, але яны дакументальна не пацведжаны.
     Дакладна ведаю, што бацьку маёй бабулі ў вёсцы называлі  Міхал, і яе дзеда  таксама клікалі  Міхал.   Міхалы   былі вельмі працавітыя.  Яны ніколі не маталіся па вёсцы без справы. Мужчыны рабілі і рамантавалі прыстасаванні для размотвання нітак: матавілы, кавароткі  і іншае. Можа, гэта  і стала ў свой час  асновай  для мянушкі рода  -  Матачы. Карацей кажучы, назва рода Матачы па першай маёй версіі паходзіць ад слова “матаць”. 
     Другая версія звязана з беларускім старым словам  “матавы”, што азначае “рашучы”, а на рускай мове  -  “отчаянный”.  Міхалы былі такімі. 
Сам я больш прытрымліваюся  першай версіі аб паходжанні назвы нашага роду.
     Бабуля Таццяна мне таксама аднойчы расказвала пра наш род. Але чаму ён так называецца, яна  нічога не ведала.   Паводле яе слоў, Матачы – гэта  род не вялікі і не багаты, але яму многа гадоў. Месцам заснавання роду яна лічыла вёску Скорцы на Брэстчыне. Яе бацькі, а таксама яе  дзед с бабулей жылі ў гэтай вёсцы з дня нараджэння. Бацькі яе дзеда і бабулі таксама былі выхадцамі  з вёсцы Скорцы. Усіх іх называлі Матачамі.
     Бацькі мужа маёй бабулі  нарадзіліся і жылі ў другой вёсцы - Дэцы, што недалёка ад горада Бяроза.  Дарэчы, у дзяцінстве я з бабулей пешшу хадзілі туды. Мне запомнілася, што вёска Дэцы  была зусім маленькай, усяго адна вузкая вулачка, дамоў  15-20.
    У гэтай вёсачцы даўно ўжо не засталося ніводнага жыхара, яе няма  ўжо і на карце Бярозаўскага раёна.

                МАЯ БАБУЛЯ

    Мая бабуля – Таццяна Міхайлаўна Жабрун -  нарадзілася ў 1891 годзе на хутары каля вёскі Скорцы. Дакладная дата нараджэння невядома.Нават у яе пашпарце быў запісаны толькі год нараджэння.               
    Драўляны дом  Матачоў знаходзіўся недалёка ад хвойнага  лесу і балота, па якім працякала рака Ясельда.  Тут бабуля  пражыла ўсё сваё жыццё. Працавала на зямлі: спачатку - асабістай, а потым – калгаснай.  З лесу летам  насіла сухія бярвенні на дровы і галлё, каб зімой можна было пратапіць печку.  Вельмі цяжкай справай была нарыхтоўка сена для каровы.  На балоце, залітым вадой, трэба было скасіць траву, высушыць яе і скласці ў стог або прывезці сена дамоў.  І ўсё гэта  рабілася ўручную. На 15 сотках зямлі садзілі бульбу, палолі яе, акучвалі і восенню капалі. У гаспадарцы трымалі карову, свінню і 10 - 15 курэй. Побач з домам быў глубокі калодзеж, з якога бралі ваду. Каля дома раслі 5-6   пладовых дрэў:  вішні, грушы і яблыні.  Праблемай была саламяная страха хлява, якую трэба было кожны год рамантаваць. Сам дом быў накрыты чарапіцаю, якая з грукатам часам пры вялікім ветры падала ўніз на зямлю. Навогул жыццё было вельмі цяжкім. Але гэтыя цяжкасці не размяжоўвалі людзей, а наадварот рабілі іх  добрымі, ветлівымі, гатовымі дапамагчы ў любы час.
     Замуж мая бабуля Таццяна выйшла, калі ёй было каля трыццаці гадоў. Яе мужам  стаў  Андрэй Якімавіч Жабрун. Маладыя спачатку жылі  разам з бацькамі мужа.
Сям’я  тады ў іх  была  вельмі вялікая:  дванаццаць чалавек.  У  гаспадарцы трымалі  каня, карову, курэй,  гусей;  а  галоўнае – валодалі   невялічкім кавалачкам зямлі. Працавалі ўсе зранку да позняга вечара. Хапала, як кажуць,  усяго: і радасці,  і гора. Дарослыя і дзеці працавалі на сваёй зямлі  і голаду  не ведалі. Бацькі мужа былі скупымі  людзьмі. Яны эканомілі на ўсім: на харчаванні, на вопратцы, і ніколі нічога не давалі ў доўг аднавяскоўцам.
Толькі ў трыццатых гадах ХХ стагоддзя Матачамі  быў пабудаваны невялікі драўляны дом на хутары каля вёскі Скорцы. У яго і пераехала маладая сям’я. 
    У Таццяны і Андрэя Жабрун нарадзілася  чацвёра дзяцей: тры дачкі – Гэля, Ніна,  Зося і сын Андрэй. Хлопчык, на жаль, мала пражыў. Ён захварэў на сухоты і памёр зусім малым. Пахаваны Андрэйка на могілках у вёсцы Харава побач з магілай маці.
    Бабуля часта  яго ўспамінала: “Вось гэты вяз пасаджаны Андрэйкам. Ён  заўсёды напамінае мне пра майго сыночка”.
Тоўсты і высокі вяз рос каля хаты. Ён быў падобны на дуб. Пад гэтым дрэвам  збіраліся дарослыя і дзеці. Пад ім часта сядзеў і я.  Казалі, што потым, калі мы пераехалі ў вёску Харава, магутны і велічны  вяз не маглі вырваць з каранямі  два трактары “Беларус”, і толькі   гусенічны трактар справіўся з ім.      
    Пра вайну бабуля мне расказвала вельмі мала. Калі немцы прыйшлі ў вёску, яны выгналі ўсіх з хаты і размясціліся там самі. Выдушылі курэй і свіней.  Засталася толькі адна карова-карміліца. Да дзяцей нямецкія вайскоўцы адносіліся неагрэсіўна. А калі сустракалі мужчын,  абавязкова дапытваліся, чаму яны не на вайне.  Некаторым прапаноўвалі супрацоўнічаць з імі.
    - Вайна, - гаварыла бабуля Таццяна,  -  гэта    вялікае        гора для людзей. Яе нельга дапускаць ні ў якім разе. Трэба находзіць заўсёды паразуменне, трэба жыць мірна. Людзі нараджаюцца, каб жыць, а не ваяваць і маладымі  паміраць.
    Я на ўсё жыццё запомніў гэтыя  простыя і мудрыя словы бабулі.  Яны і зараз не страцілі сваёй актуальнасці.
    7 сакавіка 1971 года не стала маёй бабулі  Таццяны Міхайлаўны. Яна памерла ў Хараўской бальніцы, у якую  трапіла  першы раз за ўсё сваё жыццё. Памерла ноччу раптоўна ад кровазліцця ў мозг.
    Для мяне, тады навучэнца Гродзенскага музычна-педагагічнага вучылішча, было гэта вялікай стратай і горам. Заўсёды буду помніць яе дабрыню, сціпласць і працавітасць. Яна была для мяне,  як маці. Калі я вучыўся ў Гродна, яна з мізэрнай сваёй пенсіі мне кожны месяц выдзяляла па некалькі рублёў.
    Пражыла бабуля амаль 80 гадоў, адна выгадавала тры дачкі і мяне – адзінага ўнука. Яна назаўсёды застанецца для мяне  ў памяці, як прыклад  вельмі працавітай, клапатлівай і добрай жанчыны з роду Матачоў. Пахавана яна  на могілках у вёсцы Харава Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. 
    Зараз нікога з маіх  родзічаў у Хараве ўжо няма.  Няма і бацькоўскай хаты, што стаяла ў канцы вёскі на вуліцы Леніна, 145.               


                МОЙ  ДЗЕД

    Мой дзед  –  Андрэй Якімавіч Жабрун. Перад вайной яго, як кулака,  які не падтрымліваў рэвалюцыю, арыштавалі і накіравалі ў турму ў г. Пружаны. Дзе адбываў знявольванне ён далей, ніхто не ведаў.               
    У 2014 годзе,  чытаючы  сайты Інтэрнэта, я выпадкова  знайшоў дадаковыя сведкі пра свайго дзеда. Яго асабістая справа   № 7541-С  зараз  знаходзіцца ў архіве УКДБ па Брэсцкай вобласці. Сайт называецца “Жертвы политического террора в СССР”.
    Вось што там напісана:
    “Жебрун Андрей Якимович, 1902 г. р., белорус, место рождения д. Скворцы (так у дакуменце), Западная Белоруссия, место проживания – по месту рождения. Арестован 25.06.1940. Осужден 09.01.1941 ОСО при НКВД СССР за активную борьбу против революционного движения (антисоветская  агитация, контрреволюционная  деятельность) на 8 лет лишения свободы по ст. 72, 74 УК БССР. Прибыл 27.04.1941 из тюрьмы г. Пружаны. Отбывал наказание в Ухтаижемлаг, г. Бузулук. Освобожден 04.09.1941.  Реабилитирован 12 апреля 1989 г. УКГБ и Прокуратурой Брестской области”.
    З турмы дзед, напэўна,  быў адпраўлены на фронт. Дзе ён ваяваў, як трапіў у палон, мне нічога  не вядома.
    Пасляваенны голад і холад адчувалі ўсе. Цяжка было дарослым,  яшчэ цяжэй  было дзецям. Андрэй Якімавіч пасля вайны дамоў не вярнуўся, і  бабулі адной прыйшлося “ставіць на ногі” сваіх трох дзяцей.  Яна працавала ў калгасе. А яшчэ больш работы было дома. Трэба было даглядаць свою гаспадарку і выхоўваць дзяцей.

                ДЗЕД ЗА МЯЖОЙ - У АНГЛІІ

    Вялікай радасцю і горам для бабулі стала пісьмо ад мужа. Ён паведамляў, што пасля турмы ваяваў, трапіў у палон, застаўся жывы і зараз знаходзіцца  ў Англіі,  у  Лондане. Радасць выклікала тое, што Андрэй Якімавіч Жабрун не загінуў, а горам лічылася знаходжанне яго ў палоне і жыццё за мяжой.
    Я добра помню, як да бабулі з Пружан наведаліся два супрацоўнікі КДБ. Яны доўга  гаварылі з ей адной, без сведкаў. Потым паклікалі і дочак. Я чуў, як адзін супрацоўнік сказаў: “Таццяна Міхайлаўна, падпішыце вось гэтыя дакументы, і муж будзе з вамі”. Бабуля заплакала і  сказала: “Хаця і цяжка мне адной, але я падпісваць дакументы  не буду”.
    Потым яшчэ некалькі разоў прыязджалі супрацоўнікі міліцыі і КДБ. Гутарылі з бабуляй. Але паразумення не знайшлі. Бабуля не верыла гэтым людзям. Яна  казала: “Мяне спаткаў такі лёс, я буду жыць адна, буду жыць дзеля  дзяцей”.
    Так і засталася Таццяна Міхайлаўна адна без мужа ўсё сваё  жыццё.  На свой  лёс бабуля ніколі не скардзілася. А калі заходзіла гутарка на гэтую тэму,  яна гаварыла: “Так мне даў Бог, і я нічога не змяню”. Дарэчы,  мая бабуля была вельмі набожнай жанчынай. Яна кожны вечар перад сном малілася, заўсёды прытрымлівалася пастоў, на святы хадзіла ў царкву.
    У перыяд палітычнага пацяплення з Англіі нам дзед прысылаў пісьмы і пасылкі. У пасылках у асноўным была вопратка, якой  тады не хапала.  А дасланыя ім лекі ад сухотаў захавалі жыццё некалькім аднавяскоўцам.               
    Калі я навучыўся пісаць, я вельмі любіў складаць  дзеду пісьмы.  Праўда, не ўсе яны адпраўляліся. У той час, каб накіраваць пісьмо ў Англію, трэба яго было несці на пошту незаканвертаваным. Там яго чытала начальнік пошты і тэлефанавала ў раён, каб узгадніць тэкст пісьма. Аднойчы я ў дзеда  папрасіў выслаць мне радыёпрыёмнік, і пісьмо гэтае неяк  прапусцілі ў  Лондан.   Дзед атрымаў  пісьмо і хутка адказаў, што такія рэчы  яму  не дазваляюць адправляць  у Савецкі Саюз. А я за такую просьбу добра атрымаў “на арэхі” ад маці.  Маці  вельмі баялася, што мяне  за гэта забярэ міліцыя.  Але, на шчасце,  усё  абышлося.    
    Свайго дзеда я ніколі не бачыў, але вельмі любіў. Дзед працаваў механікам на аўтарамотным заводзе ў Лондане.  На жаль, не захаваліся пісьмы ад дзеда. Застаўся толькі тэкст аб смерці і спачуванні, якія былі  надрукаваны ў газеце. Пераклад нам зрабіла настаўніца замежнай мовы Хараўской сярэдняй школы.
    “Андрей Жебрун – участник всех боев бывшего второго корпуса от Гацали через Тобрук,  Монтэ Кассино до Болонии, рождения 23 мая 1902 года, умер скоропостижно 21 марта 1967 года в Лондоне. Справедливый и хороший человек, верный товарищ, сердечный и преданный друг, ушел по зову Бога, оставив трауре семью в СССР и Англии. Вечный покой дай ему, Боже! Оставшиеся в глубокой печали Я. и И. Халадейве. Сообщение о дате похорон на Соум Еолинг кладбище будет отдельно».
    Дзед Андрэй  памёр раней за бабулю на чатыры гады.  Ці была ў яго сям’я ў Лондане, мы ніколі не цікавіліся.
    Пасля смерці дзеда ў Польшчу прыязджаў яго сябра. Ён прывез асабістыя рэчы: тры кажухі, тры касцюмы, пярсценак і іншае. Цетка Ніна ездзіла на сустрэчу с гэтым чалавекам. Яна расказвала, што па словах сябра,   дзед часта ўспамінаў жонку і дзяцей у СССР, чакаў ад іх пісьмы, любіў накіроўваць ім  пасылкі.
    Дарэчы, адзін кажух  дастаўся мне.  Гэта была ў той час вельмі модная вопратка.  Кажух з натуральнага меху  я пранасіў каля 20 гадоў,  аж да прызыву ў  армію.
               
                МАЯ  МАЦІ
               
     Гэля – так у вёсцы Скорцы называлі маю маці. Яна – першае дзіця ў сям’і  Таццяны і Андрэя Жабрун з роду Матачоў.      Нарадзілася яна перад пакроваю, 13 кастрычніка 1924 года. Захавалася яе працоўная кніжка, у якой ёсць запісы аб працы ў цагельні, бальніцы і калгасе. Агульны працоўны стаж яе склаў больш 45 гадоў.               
     Маці выхоўвала мяне адна. Бацька – Мікалай Мікалаевіч Валюшка – кінуў нас, калі мне не было і  аднаго  года.  Ён пайшоў жыць да другой жанчыны ў вёску Борнавічы. Дапамогі  ад яго мы ніколі  не атрымлівалі.   Дзяцей у яго з другою жонкаю не было, таму ён вельмі хацеў,  каб я з ім сустракаўся.  Мне ў 14 гадоў маці наконт бацькі  сказала так: “Сынок, сам вырашай:  хочаш – сустракайся, не хочаш – не сустракайся”.
     Я не стаў  сустракацца і гутарыць з бацькам за тое, што ён у такі цяжкі час кінуў малым мяне і маю маці.               
    Нягледзячы  на розныя цяжкасці ў жыцці, маці рабіла  ўсе магчымае, как я рос здаровым і адукаваным. Толькі дарослым я поўнасцю зразумеў, як можна было тады вырашыць прадаць карову, каб купіць мне баян. А яна так зрабіла, каб толькі я вучыўся музыцы.
    Любіць і разумець музыку мяне навучыў школьны настаўнік Барыс Іванавіч Зінкевіч, які добра спяваў і іграў на мандаліне. Ён кіраваў спачатку невялікім самадзейным аркестрам народных інструментаў, а потым – духавым аркестрам. Я іграў на домры і барытоне. Потым  мяне залічылі ў платную студыю па баяну. Маці не шкадавала грошай на навучанне, кнігі і ноты. З восьмага класу я марыў паступіць  у  Брэсцкае музычнае вучылішча па спецыяльнасці “выкладчык баяна”. Але, як высветлілася, у гэтае вучылішча прыймалі толькі выпускнікоў дзіцячых музычных школ, а не платных студый, таму я  вырашыў  паступаць на вучобу ў Гродна.
    У Гродзенскім музычна-педагагічным вучылішчы на ўступных экзаменах я выконваў сваю песню пра школу і іграў складзенае мною танга. Атрымаў “чатыры з плюсам” па спецыяльнасці і пры вялікім конкурсе паступіў на аддзяленне “Музычнае выхаванне”.
    Маці вельмі радавалася майму паступленню на вучобу.У гэты час яна  працавала санітаркай у Хараўской бальніцы, дзе галоўным урачом быў Віталь Аляксеевіч Логіс. Ён на матацыкле прыязджаў у Гродна да сваей жонкі. Віталь Аляксеевіч заўседы прывозіў мне ад маці перадачы з харчаваннем.               
    Дома маці заўсёды чакала мяне. Я стараўся прыязджаць часцей, каб дапамагчы ёй у гаспадарцы. Асаблівыя клопаты былі з нарыхтоўкай дроў на зіму, пасадкай і капаннем бульбы. Яна таксама падтрымлівала сувязі з  сястрой Зосяй, якая з мужам жыла ў вёсцы Дабучын, што недалёка ад Пружан.
    Пасля працы ў бальніцы, маці яшчэ некалькі гадоў “хадзіла” ў калгас на палявыя работы. Яна працавала да пары пакуль  дазваляла ёй здароўе. А яно стала пагаршацца. Маці перанесла цяжкую хваробу – сухоты. Пасля 70 гадоў маці вельмі часта хварэла. Лячылі яе ў Хараўской бальніцы і ў бальніцах Гродна.  Калі стала немагчымым жыць адной у вёсцы, маці 23 мая 2000 года пераехала да нас у Гродна.               
    25 студзеня 2002 года ў 18 гадзін 25 хвілін у першай гарадской бальніцы  маці не стала. Я быў з ёю  побач да апошняй хвіліны. Перед смерцю яна нічога не сказала, а толькі паглядзела на мяне і ўсміхнулася. Пахавалі яе на гродзенскіх могілках па праспекту Касманаўтаў.
    Маці пражыла 77 гадоў, у працы і клопатах, без асабістага шчасця і радасці. Я заўсёды буду яе помніць.
    Памяці маці  я прысвяціў сваю брашуру “Их именами названы улицы Гродно», выдадзенаю Гродзенскай абласной друкарняй  накладам  больш  тысячы асобнікаў.               
               
               
                ЦЕТКА  НІНА
               
    Нялёгкі лёс напаткаў  цётку Ніну, сястру маёй маці. Зусім маладою  яна паехала ў Карэлію на заробкі. Працавала на лесараспрацоўцы. Там нарадзіла дачку Веру. Дамоў прыехала без мужа з дзіцём на руках. Гаварыла, што муж загінуў пры валцы лесу.   
    Веру выхоўвалі мы ўсе разам. А сама цётка штогод ездзіла на Украіну, каб зарабіць нам хлеба. Там яна пазнаёмілася з Мікалаем Трайняком. Вырашылі разам жыць на Украіне. У райцэнтры Міхайлаўка  пабудавалі дом. Хутка ў іх нарадзілася дачка Тамара.               
    Я вельмі любіў прыязджаць да цёткі Ніны, добрай, ветлівай гаспадыні. Працавала  яна ў калгаснай сталоўцы, а ў 55 гадоў стала пенсіянеркай.               
    Першая яе дачка Вера выйшла замуж за Аляксандра Кулікоўскага з вёскі Дабучын Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.               
    Другая дачка Тамара не змагла жыць разам з мужам, у якога было цікавае  прозвішча Кавун. Тамара сустрэла другога мужчыну – Мікалая, які ўдачарыў яе дачку Наталлю. Жыць яны сталі ў мятэчку  Балкі Запарожскай вобласці.               
    18 красавіка 1991 года цётка Ніна памерла. Я лятаў у Міхайлаўку, каб правесці вельмі дарагую мне  цётку  ў апошні шлях.

                ХРОСНАЯ  - ЦЕТКА  ЗОСЯ
               
     Нешчаслівай  склалася  доля і ў Зосі – малодшай сястры маёй маці. Нарадзілася яна ў адзін дзень с М. С. Гарбачовым – 2 сакавіка 1931 года. Скончыла сем класаў беларускай школы. Дарэчы, яна была маёй хроснай.  А хрысцілі мяне ў Хараўской царкве, якую потым па загаду з раёна спалілі, сказаўшы вернікам,  што яна загарэлася ад грому.
     Зося была вельмі эмацыянальнай і клапатлівай жанчынай. Яна кантралявала маю вучобу  ў школе. Ад яе я мог атрымаць і тоненькім дубцом па заднім месцы, калі штосьці было не так, як трэба. Праўда, гэта бывала вельмі рэдка. Помню выпадак, калі я са школы прынёс дамоў мне вельмі падабаўшую чарніліцу, яна сурова сказала: “Ты украў!”, і добра  мяне адлупцавала. Зося заставіла  аднесці чарніліцу ў школу і паставіць яе на месца. Мне было вельмі сорамна, і  я зрабіў гэта так, каб ніхто ў класе не бачыў.
     Замуж выйшла Зося ў трыццаць гадоў за юнака з  вескі Асятніца, што ў 8 км ад Смаляніцы, - Барадоўскага Мікалая Калінкавіча. Вёска Асятніца знаходзілася ў глушы, сярод лясоў і балот, далёка ад вёскі Скорцы.  Потым  Барадоўскія пабудавлі дом у Дабучыне і пераехалі туды пастаянна жыць. Мікалай быў інвалідам.  У яго  з дзяцінства правая нага  была карацейшай  за левую  на некалькі сантыметраў. Ён моцна кульгаў і ніяк не мог бегчы.               
    Калі сям’я пераехала ў вёску  Дабучын, Зося стала працаваць на калгаснай ферме цялятніцай.  Пра яе добрасумленную працу  не раз пісала раённая газета “Зара камунізма”. Яна некалькі разоў была пераможцам у раённым сацыялістычным спаборніцтве па дагляду цялят. На ёй трымалася і хатняя гаспадарка: карова, свінні, куры, гусі.
    Мікалай атрымаў правы трактарыста,  і яму  даверылі новы трактар “Беларус”.  Але хутка ён быў звольнены з працы за тое, што п’яным зімою ўтапіў у рацэ калгаснага каня. Потым ён уладкаваўся на ферме асемяніцелем. На гэтай пасадзе ён працаваў таксама мала і  быў звольнены за сістэматычнае п’янства.            
Кожны дзень зранку Мікалай  думаў,  дзе можна дастаць бутэльку віна або самагонкі.  Ён паступова співаўся. Алкаголь для яго стаў галоўным у жыцці. Пра яго ў вёсцы гаварылі: “У Барадоўскага залатыя рукі, калі ён цвярозы”. Сапраўды ён мог зрабіць з дрэва любую каштоўную рэч. У яго майстэрні быў вялікі набор розных прыстасаванняў для працы з дрэвам. Але майстар часцей быў п’яным, чым цвярозым.               
    17 мая 1963 года ў Барадоўскіх  нарадзіўся сын, якога назвалі Саша. Зося  рабіла для  ўсе магчымае, каб сын добра вучыўся і добра сябе паводзіў.
    Аляксандр скончыў Хараўскую сярэднюю школу і ваеннае  вучылішча,  служыў “на кропцы” супрацьпаветранай абароны ў Поразава. Быў добрым ваенным спецыялістам па радыёлакацыі. Потым капітан Барадоўскі звольніўся і падаўся з жонкаю Святланаю ў камерцыю.  У той час дзейнасць “купі – прадай” была галоўнай  для многіх людзей.
    Мая хросная -  цётка Зося часта хварэла. Артэрыяльны ціск у яе быў заўсёды намнога вышэй нормы. У 60 гадоў яна перанесла інсульт, страціла актыўнасць і памяць. Памерла яна дома 24 лютага 1995 года. Не прайшло і 40 дзён пасля яе смерці, як памёр і Мікалай Калінкавіч Барадоўскі.  Гэта здарылася 30 сакавіка 1995 года.
    Саша са Святланаю пабудавалі дом у Баранавічах. У іх          23 лістапада 1983 года нарадзіўся сын Віталік.
    Я не ведаю ўсіх абставін, чаму Саша не стаў жыць разам са  Святланаю  і Віталікам. Ён звязаў свой лёс з маскоўскай жанчынай, у якой ужо была дачка. Зараз ён вядзе свой бізнес у Маскве, а Святлана - ў Баранавічах.               
    Праўда, у апошні час Аляксандр падтрымлівае сувязі з сям’ёй свайго сына Віталіка. Ён ганарыцца ім і сваімі ўнукамі.
    Віталік стаў вопытным спецыялістам па кампутарным тэхналогіям. Ён складае праграмы і  электронныя гульні,   удзельнічаў у міжнародных форумах. Ён – бацька двух дзяцей.   
 
               
         
                ПРА  СЯБЕ І МАЮ СЯМ’Ю

    Нарадзіўся я 26 жніўня 1949 года ў вёсцы Скорцы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і сялян.               
    Вучыўся ў Скорцаўскай пачатковай, Наскоўскай васьмігадовай і Хараўской сярэдняй школах. З дзяцінства любіў музыку і журналістыку. З 12 гадоў пачаў складаць невялікія вершы і пісаць у раённую газету “Зара камунізма”. Быў маладым грамадскім пазаштатным  сельскім карэспандэнтам гэтай газеты.      
    Быў акцябронкам (з 1957г.), піянерам (з 1960г.), камсамольцам (з кастрычніка 1963г.), членам КПСС (з лістапада 1970г.). Член прафсаюза з 1966 года.
    У 1966 годзе  паступіў у Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча на аддзяленне “Музычнае выхаванне”. Пасля двух курсаў вучылішча быў прызваны на службу ва  Узброеныя Сілы СССР.
    Тэрміновая  вайсковая служба ў 1968-1970гг. праходзіла   ў  Запаляр’і.  Кільдзінстрой, Мурманск, Мурмашы, Новая Зямля,  Архангельск – вось тыя месцы, дзе мне давялося  пабываць за  час службы. Ваенная спецыяльнасць – радыётэлеграфіст 3 класа, званні: ад радавога да старэйшага сяржанта. Войскі супрацьпаветранай абароны СССР.  А ў запасе стаў палітработнікам у пяхоце   са званнямі -  ад малодшага лейтэнанта да маёра.               
    Потым зноў два гады  вучоба ў Гродзенскім музычна-педагагічным вучылішчы. 
    Закончыў вучылішча с адзнакай. На апошнім курсе з             15 верасня 1971 года пачаў працаваць сакратаром камітэта камсамола. Пасля заканчэння вучылішча выкладаў баян і па-ранейшаму быў камсамольскім важаком.
    У той час у вучылішчы налічвалася больш 900 камсамольцаў, таму камітэт камсамола меў правы райкама камсамола. .            
    22 снежня 1973 года жаніўся. Маёй жонкай стала маладая выпускніца дашкольнага аддзялення вучылішча Цывінская Лідзія Яфімаўна.    16 чэрвеня 1975 года  ў нас нарадзілася дачка – Алёна.               
    У 1978 годзе завочна скончыў гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці  “настаўнік гісторыі і грамадазнаўства”. Тэма маёй дыпломнай працы – “Гісторыя развіцця самадзейнай мастацкай творчасці на Гродзеншчыне ў пасляваенны перыяд”. Маім кіраўніком па дыпломнай рабоце быў першы доктар гістарычных навук на Гродзеншчыне Б. М. Фіх. Абараніў я яе  з адзнакай  “выдатна”.
    Пачатак сямейнага жыцця ў нас быў вельмі цяжкі. Жылі на кватэры з псіхічна хворай жанчынай, потым у маленькім пакойчыку ў інтэрнаце па вуліцы Замкавая, 13.
     Толькі ў 1978 годзе атрымалі каператыўную двухпакаёвую кватэру, за якую  кожны квартал трэба было плаціць амаль  усю маю месячную зарплату.               
     Пасля Гродзенскага музычна-педаганічнага вучылішча   -  партыйная работа ў Кастрычніцкім і Ленінскім РК КПБ г. Гродна, якой я аддаў каля  дзевяці  лепшых гадоў жыцця. Амаль столькі ж я працаваў і намеснікам старшыні Ленінскага райвыканкама г. Гродна. Шэсць гадоў быў намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама. Апошнія 13 гадоў ўзначальваў архіўную службу Гродзенскай вобласці: з 1996 па 2007 гады - начальнік аддзела па архівах і справаводству аблвыканкама,  а з 23 студзеня 2007 года па 28 чэрвеня 2013 года – намеснік начальніка галоўнага ўправлення юстыцыі – начальнік аддзела па архівах і справаводству галоўнага ўправлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.          
     Усю маю працоўную дзейнасць можна падзяліць на тры перыяды: камсамол, партыя і  Саветы. Агульны працоўны стаж склаў 42 годы, з 1971 па 2013гады;  а стаж дзяржаўнага служачага – больш 35 гадоў.  Як пенсіянер па ўзросту,  28 чэрвеня 2013 года я падаў у адстаўку, і яна была прынята старшыней Гродзенскага аблвыканкама.
    Вялікіх узнагарод не маю. Тры  медалі: «За воинскую доблесть. В ознаменование 100-летия со дня рождения В.И.Ленина» (1970г.), «60 лет Победы советского народа в Великой Отечественной войне 1941-1945гг.» (2005г.) і «100 гадоў Камуністычнай партыі Беларусі і Беларускай ССР» (2019г.). Нагрудныя знакі: «За активную работу в комсомоле» (1977г.), «Ганаровы архівіст Рэспублікі Беларусь» (2009г.)  і «За  заслугі перад Гродзенскай вобласцю» (2013г.). Каля дваццаці ганаровых грамат камсамольскіх, партыйных і савецкіх органаў. Вышэйшая сярод іх  -  Ганаровая Грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Занесены ў Кнігі народнай славы вайсковай часткі 32390 і Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
    Удзельнічаў у падрыхтоўцы і выданні 20 кніг, фотаальбомаў, зборнікаў дакументаў і брашур по гісторыі і культуры г. Гродна і Гродзенскай вобласці. Узначальваў гарадскую камісію па напісанню гісторыка-дакументальнай хронікі “Гродна. Памяць”. Упершыню выдаў брашуру “Геральдика Гродненской области”. У мясцовых газетах (“Гродзенская праўда”, “Вечерний Гродно”, “Перспектива”, “Аркуш”) надрукаваў больш 300 артыкулаў. Для сябе і сяброў напісаў больш 150 вершаў і некалькі музычных твораў.
    Вось поўны пералік твораў, якія былі выдадзены з  маім удзелам:
1. Гродна. Фотаальбом. Беласток, 1996. Аўтар тэксту.1000 асобнікаў.
2. Гродна: хроніка падзей. Гродна, 1996. Складальнік. 300 асобнікаў.
3. Гродна: імёны выдатных асоб. Гродна, 1996. Складальнік.            300 асобнікаў.
4. Гродна: гісторыя, сімвалы, знакі, асобы.  Гродна,  1997. Аўтар.
500 асобнікаў.
5. Гродна сёння. Да 870-годдзя горада. Гродна,1998. Аўтар.
600 асобнікаў.
6.Памяць. Гродна. Мінск, 1999. Старшыня камісіі па напісанню кнігі. 6000 асобнікаў.
7.Гродна і гродзенцы. Гродна, 1999. Аўтар. 500 асобнікаў.
8.Гродна на мяжы тысячагоддзяў. Фотаальбом. Мінск, 2000.  Кансультант. 300 асобнікаў.
9.Яны нарадзіліся ў Гродне. Гродна, 2000. Складальнік. 500 асобн.
10.Гродно на рубеже тысячелетий: цифры и факты. Гродно, 2000. Составитель. 500 экземпляров.
 11.Гродно. ХХ1 век. Альбом. Брест, 2002. Тэкст. 2000 асобнікаў.
12.Вуліцы Гродна. Гродна, 2001. Складальнік.  300 асобнікаў.
13.Их именами названы улицы Гродно. Гродно, 2002. Составитель. 1000 экземпляров.
14.Государственные архивы Гродненщины. Гродно, 2002. Автор предисловия, редактор. 300 экземпляров.
 15.Архивисты Гродненщины. Справочник. Гродно, 2002. Автор предисловия, редактор. 300 экземпляров.
16.Гродненская область в документах и материалах (1944-1995). Слоним, 2004. Инициатор проекта, член редколлегии.                800 экземпляров.
 17. Гродненщина накануне и в годы Великой Отечественной войны (1939-1945). Гродно, 2005. Автор предисловия. 700 экземпляров.
18. Архівісты Беларусі. Бібліяграфічны даведнік. Мінск, 2006. Аўтар 8 артыкулаў. 500 асобнікаў.
 19.Государственной архив Гродненской области. Путеводитель (1919- 2000). Гродно, 2007. Рецензент. 200 экземпляров.
20.Путеводитель по фондам Государственного архива общественных объединений Гродненской области (1918-1920, 1939-1941, 1943, 1944-2002). Гродно, 2007. Рецензент. 100 экземпляров.
21.Геральдика Гродненской области. Гродно, 2007. Автор.              100 экземпляров.
    У горадзе над Нёманам з маім удзелам  адрамантаваны вежавы гадзіннік ХУ1 стагоддзя на Фарным касцёле, створана музей-аптэка, заснаваны гарадскі духавы аркестр і капэла, арганізаваны першы фестываль нацыянальных культур у Гродне, выдазена самая вялікая кніга па гісторыі горада “Гродна. Памяць”, падрыхтаваны і зацвержданы Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь  геральдычныя сімвалы вобласці,  15  гарадоў, раенаў і вёсак.
    Будзе не зусім  правільна, калі  не сказаць пра  значны ўклад у развіццё архіўнай справы на Гродзеншчыне. У час маёй працы праведзена капітальная рэканструкцыя са значным  пашырэннем архівасховішчаў занальнага архіва ў горадзе Ліда. Па сутнасці тут быў пабудаваны новы вялікі архіў.  Адрамантаваны дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці. Пераведзены ў другое памяшканне Гродзенскі гарадскі  архіў. У кожным раёне былі адноўлены архівы па асабістаму складу. Штогод перавыконваліся  планавыя паказчыкі па прыёму на захоўванне дакументаў. У дзяржаўных архівах вобласці  былі створаны лакальныя  кампутарныя  сеткі, распачата  работа па пераводу дакументаў на лічбавыя фарматы і дыскавыя носьбіты. Праведзены шэрах тэматычных выставак архіўных дакументаў, са значнай часткі якіх быў зняты грыф “Секретно”.
    Ветэраны-архівісты казалі, што за апошнія 10-12 гадоў у архівах вобласці было зроблена столькі, сколькі не было зроблена за ўвесь пасляваенны час. За гэта мой фотоздымак быў занесены ў Кнігу Славы Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, а  добрасумленная праца ў архіўнай галіне адзначана Ганаровай Граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і нагрудным знакам “Ганаровы архівіст Рэспублікі Беларусь”.               
    У 2013 годзе дырэктарам Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыціі Рэспублікі Беларусь У.І.Адамушка ў справаздачным дакладзе  было адзначана, што ў Гродзенскай вобласці за пасляваенны час не было такога кіраўніка архіўнай галіны, які  столькі ўвагі  надаваў любімай справе – развіццю і абнаўленню дзейнасці архіваў.
    Вось чаму кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама вырашыла уручыць мне пры выхадзе ў 2013 годзе ў адстаўку ганаровы нагрудны знак за нумарам 8  «За заслугі перад Гродзенскай вобласцю». Гэтая ўзнагарода для мяне з’яўляецца самай значнай.               
    У 2019 годзе  мне споўнілася  70 гадоў. Да гэтага  юбілею я актыўна рыхтаваўся і вельмі хваляваўся. У складзенай мною песні да гэтай даты  ёсць такія  простыя словы:
                «Юбилей, юбилей!
                Ты собрал всех друзей!
                Юбилей, юбилей!
                О былом не жалей!». 
    І я сапраўды не шкадую пражытых гадоў, ад якіх застаецца добры след на гродзенскай зямлі.
    Ад вёскі Скорцы, што на Брэстчыне, род Матачоў прыйшоў на зямлю Прынямоння і города на Няве. Які  будзе яго далейшы шлях, аб гэтым я ўсё думаю часцей і часцей.               
    Галоўнае маё багацтва ў жыцці – мая сям’я, якой ужо больш 45 гадоў. З любімаю жонкаю мы  прайшлі праз усе выпрабаванні і цяжкасці часу, і разам працягваем крочыць далей. Своеасаблівым жыццёвым компасам зараз для нас з’яўляецца наша дарагая  дачка і яе сям’я.               
    Алёна 23 ліпеня 1994  года выйша  замуж.  Муж яе – Міхаіл Іванавіч Снопак быў вайскоўцам.
    У Гродне ў іх 11 мая 1995 года нарадзілася дачка Каця.   
    У 1996 годзе сям’я Снопак пераехала ў Санкт-Пецярбург. Я добра разумеў усе цяжкасці жыцця маладой сям’і ў такім вялікім горадзе, у паўночнай сталіцы Расіі. 
    Зяць стаў працаваць на фірме “Фаэтон” галоўным спецыялістам. Вялікую дапамогу яму  аказаў старэйшы брат  Сяргей.
    13 снежня 2001 года ў сям’і Снопак нарадзіўся сын Андрэй.
    Пазней у горад на Няве пераехалі і сваты – Іван Іванавіч і Рэмма Пятроўна.               
    Мяне і маю жонку радуюць поспехі  сям’і Міхаіла і Алёны Снопак. Яны натхняюць нас на новыя справы, даюць сілы,   каб пераадольваць цяжкасці, якіх заўсёды  хапае ў  пажылых людзей.            
    Зяць Міхаіл зараз займаецца бізнесам. Алёна сочыць за  сваімі гаспадаркамі ў горадзе і  мястэчку Токсава. Жывуць у згоде.               
    З жонкаю мы вельмі любім ездзіць у Санкт-Пецярбург. У сям’і Снопак мы заўсёды адчуваем сябе  жаданымі гасцямі.  У 2018 і 2019 гадах мы разам ляталі на адпачынак на Чорнае мора ў горад Сочы.               
    25 красавіка 2020 года ўнучка  Кацярына і Андрэй Георгіеў стварылі сваю сям’ю. Пажадаем ім шчасця, здароўя і дабрабыту.
    Унук Андрэй зараз вучыцца ва ўніверсітэце па спецыяльнаці “менеджмент”.  Ужо спрабуе сябе і ў бізнесе.               
    Як кажуць, жыццё ідзе далей і далей.  Род Матачоў працягвае сваё існаванне. Вельмі хочацца, каб пра яго заўсёды ўсе людзі гаварылі толькі станоўча. 
    Я шчыра дзякую жонцы, дачцы, зяцю, унукам, усім, хто дапамагаў і дапамагае мне ў жыцці. 
    Добра ведаю, што “адзін у полі не воін”. Толькі разам, у згоде і паразуменні можна дабіцца поспеху ў любой справе і адчуваць сябе шчаслівым на гэтай зямлі.
             
      

 


Рецензии