Выбар

Выбар

Прыйшоў мой дзядзька Віктар з войску. Да вёскі сваёй роднай. З Мінску. У Мінску, ва ўрочышчы Уручча, службу цёг.
На амэрыканскім "Шэўралету". Ленд-лізаўскім. Амаль тры гады. Добрая машына. Надзейная. У вайну кольвесь шляхоў прайшла. Да Прагі. Не колека табе ЗІС-5, у якім ўзімку ногі і срака прамерзалі да нырак.
У "Шэўралету" ўсё спраўна. Скураная канапа. І ацяпляльнік. Вокны адчыняюцца. Уверх - уніз. Жыў бы ў такім аўто! Цёпла, утульна.

1958 год.
Колісь была вёска Кольна вялізнай, з касцёлам. Шляхтай былі каленцы. З гонарам.
Колісь гэта було. Потым прыйшла цэрква ды поп. Зрабілісь каленцы адразу халопамі.І нарэшце савецкая ўлада атабарылася з бальшавікамі. Цягнуць палешукі долю, енчаць паціху.
Каленцы, як і ўсе палешукі, людцы моцныя, трывалыя. Працавітыя. Зямельку сваю любяць.
А тут і вайна прайшла, і Сталін пайшоў.
Мо неяк, каленцы мяркуюць, трошкі нейкая палёгка будзе, лейцы трохі ўлада адпусьціць.
Расцісьне апцугі.

Прыйшоў дзядзька Віктар з войску. Працаваць пайшоў. У калгас. А куды ж шчэ. Ажаніўса, дзьвух сыноў нарадзілі з Лёдзей. Хату зладзілі.
Жыві , толькі жыві.

Не дае ўлада жыць. Ні табе пашпарта. Ні табе палёгкі. Фініспектар ходзіць , нюхае. Тое аддай дзяржаве. І тое. Аддай.
А як жа ж аддаць, а жэрці шо?
За адзіныя "палкі" у калгасе - дык сямейка ногі выпрастае.

Старшыня калгасу, замучыў. Учапіўся, як вош у кажух. Кажэ: ты добры шафёр, у тэхніцы разьбіраешся. Трэба і трактары падсабіць адрамантаваць. І тое і сёе.
Счарнеў дзядзка Віця. Ад мазуту.
Удома не бывае. Лёдзя рукі рве ўдома на гаспадарцы. Малыя гадуюцца. Дзе адзежку браць.

Стаміўса дзядзька Віктар.
Вельмі. Вельмі доўга разважаў, шо ж рабіць.

Увесну пайшоў да маці, праведаць, па гаспадарцы шо зрабіць, упарадкаваць.

У старой адрыне, высока пад страхой, схаваў Віктарка вінтоўку, якую знаўшоў шчэ малым, у пачатку вайны, калі Чырвоная армія ўцякала з-пад Беластоку.
Хадзілі ў старыя акопы па восені з хлопцамі. Цікава ж. Там знайшоў, калі злазіў у акопа, зямля паехала, абрынулася. З пяску тырчыла, счарнелая, чалавечая рука, сціскаючы вінтоўку.
Віктар жагнуўса. Але не надта спужаўся. Пазваў Казіка, суседа, сябра свайго са школы.
Чырвонаармейца там , у акопе і закапалі. Пабажыліся - нікому, ніколі не казаць.
А вінтоўку пачысьціў. Абмазаў тоўстым слоем мэду. Закруціў у стары абрус і схаваў. Пад страхой, у чароце. Маці доўга бурчэла, дзе абрус-та зьнік.

Наліў дзядзька Віктар у старыя ночвы тры літры бензіну.
Паклаў на нач вінтоўку туды, хай адмокне мэд.

Рана падхапіўся дзядзька Віктар.
Запаліў газнічку у сцёпцы.

Падняў важкую вінтоўку, выцягнуў затвора. Даў сцекці бензіну. Паглядзеў у рулю. Задаволіўся. Німа іржы.
Дастаў з кішэні чыстую насоўку і грунтоўна пачысьціў усе часткі. Шомпалам шморгаў хвілін дзесяць. Ізноў паглядзеў у рулю, навёўшы на маленькую шыбу, за якоў паціху прачынаўся золак. Застаўся задаволеным . Пасьміхнуўса у вусы.
Загнаў пяць патронаў.
Зарадзіў - разрадзіў.
І так разоў трыццаць. Колькі год вінтоўцы. На ствале - выбіта - 1896.
Колькі яна жыццёў адабрала. А мо і абараніла.

Дзядзька Віця патушыў газнічку.
Паціху, на клямку, зачыніў дзьверы і як кот, цішком, пасунуўса пад старую грушу-дзічку, у рагі.
Заняў пацізыю "стральба стоя, із-за ўкрыція".

Які добры ранак.

Нейдзе ў кіламетры, за борам, завыў каробкай старшынёўскі "Вілліс". Масла - дрэнь, вось і вые.

Які добры ранак.


Рецензии