У МЯНЕ БЫ БРАТ

У мяне быў брат.Павал Адамовіч,1968-га году нараджэньня.Жыў у Даўгінаве Вялейскага раёну,на вуліцы імя Янкі Купалы,у доме нумар 7 на другім паверсе.За некалькі дзён да выбараў  9-га жніўня 2020-га яго ня стала...
Я даведаўся пра гэта ад іншага блізкага мне чалавека...
Тое,што з братам нешта адбываецца,я заўважаў яшчэ раней,вярнуўшыся з Нарвегіі,але гэтыя дзіўныя зьмены зьвязваў з тым,што брат перастаў піць і курыць.Ведаеце,хто радыкальна разьвітваецца з сваімі слабасьцямі,так званымі дрэннымі звычкамі,здараецца, губляюць і нейкую частку сябе,часьцей за ўсё сваю лепшую частку...
24 ліпеня я вяртаўся з вандроўкі па мясьцінах,дзе ў гады апошняй Вялікай вайны з немцам партызанілі дзеячы беларускай камуны Казлоў і Машэраў,і дзе калісьці ў невялікай вёсачцы Ворнаўка жыла мая бабуля па кудзелі Тарэса Адамовіч,якая потым выйдзе замуж за Паўла Чантарыцкага,майго дзеда.
Дык вось,вяртаўся я ў добрым настроі,нагаварыўшыся з мілавіднай сваячкай 80-дзесяці гадкоў ды з мясцовым паляўнічым і былым прадпрымальнікам.Пакуль тое,стала зьмяркацца,і я,даехаўшы да разьвілкі "Даўгінава-Вялейка-Крывічы",вырашыў затэліць брату,спадзеючыся ў яго пераначаваць.Брат чамусьці ня браў трубку,і я паехаў да яго дамоў у Даўгінава...
Скончылася наша з братам сустрэча тым,што,пачаставаўшы мяне кавай на кухні ў прысутнасьці  жонкі,дачкі і ўнучкі,ён выставіў мяне  на вуліцу,не прапанаваўшы пераначаваць хоць бы і на падлозе.
На шчасьце,тае начы з 24-га на 25-га ліпеня 2020-га пагода была неверагодна спагадлівая да адзінокага начнога раварыста,які круціў педалі з Вялейскага Даўгінава на Мядзельскія Крывічы:было ціха,цёпла,цвыркаталі конікі і сьвяціліся рэдкімі зялёнымі агеньчыкамі ўздоўж дарогі сьветлякі.Настрой быў такі духапад'ёмны,што яго нават недарэчнае кароткае гасьцяваньне ў брата не змагло сапсаваць.
А праз некалькі дзён сваякі расказалі мне,што братава дачка выйшла замуж за мясцовага Даўгінаўскага аболтуса,які ўладкаваўся  "аграномам" на нейкую прэзідэнцкую аграфірму,ды і сама яна робіць у нейкай дзяржустанове,і ўся гэтая кампанія разам з братам будзе галасаваць за сам ведаеш каго.
На двары 23-га жніўня,ноч.Раніцай я паеду ў Менск,каб быць разам з нашымі людзьмі,з Беларусамі,на нашым самым вялікім сходзе.Толькі вось брата майго Паўла на тым маршы за свабоду і перамены ня будзе.Ён ня быў захоплены амонам,ня быў да паўсьмерці зьбіты ў пастарунку на вуліцы імя Акрэсьціна - наадварот,гэта ягоны выбар  "за стабільнасць" давёў да таго,што ноччу з 9-га на 10-га жніўня білі,гвалцілі і забівалі на вуліцах Менску іншых Беларусаў.
Так перастаў быць і зьнік з майго далягляду мой родны брат Павал, - 52-гадовы мужчына пад 120 кіль жывой вагі пры росьце пад два мэтры,работнік  "Белтэлекаму",які зрабіў свой выбар на карысць узурпатара.
23.08.2020,ноч,
Марыліна Горка


Рецензии