Збой сiстэмы
Збой сістэмы
Сістэма дае збой. Яшчэ крышку ціскануць, - і сцены рухнуць. І пахаваюць свет стары. Да абсурду даходзіць. Калі лапідарным стылем выкласці тое, што адбылося са мною, то ў галаве не ўкладваецца, як такое ўвогуле магчыма?
Коратка: Фрунзенскі суд (суддзя Млечка А.В.) прысудзіў 10 содняў за ўдзел у баццам бы “несанкцыяваным мітынгу” каля Камароўкі 7-га чэрвеня, хаця там збіралі подпісы за Святлану Ціханоўскую. Падалі праз “Вясну” скаргу (Аляксей Лойка). Мінскі Гарадскі(суддзя Хаткевіч Я.В.) адмяніў рашэнне Фрунзенскага і накіраваў назад справу (суддзя Блізнюк Ю.А.). Дзякуючы парадзе Алега Волчака, перад новым разглядам справы, падаў два хадайніцтвы: "аб забяспяэнні яўкі сведкаў, якія складалі пратакол" і пераносе паседжання, дургое аб "забяспячэнні адвакатам за дзяржаўны кошт". Паседжанне суда перанеслі. Але судовае рашэнне ўжо было накіравана ў Фрунзенскім РАУС, — не думаў суддзя, што паспеем падаць скаргу і што вышэйшая судовая інстанкцыя адменіць рашэнне. Такім чынам мяне прывінтыўна арыштавалі перад выбарамі, а менавіта 2 жніўня ў нядзелю проста на сабачым выгуле. Чатыры ціхары, добра што хоць падсведчанне паказалі, а то мог бы нарвежскімі палкамі вочы павыбіваць.
Адсядзеў. Паехаў забіраць рашэнне суда, бо думаў, што памошнік суддзі Блюзнюк проста падманула, каб я не даехаў да суда, і пакінула 10 сутак, як і раней было. У канцылярыі суда даведаўся, што паседжання па маёй справе ячшэ не было. Я папярэдзіў супрацоўнікаў, што ўжо адседзеў свае 10 содняў. І што вы думаеце? Учора (20 жніўня) дастаю з паштовай скрынкі павестку ў канверце, ускрываю, — ваў! Мяне выклікалі ў суд 18 жніўня ў 10.00 раніцы. Гляджу на паштовы штэмпель, можа там нешта наблыталі і пісьмо згубілася. Не. На пячатцы стаіць 20.08.2020 г. Сёння паехаў за новым рашэннем суда па той жа справе, па якой ужо адседзеў. Бяру рашэнне, чытаю… Божа мой, зусім здурэлі людзі. Суддзя Блізнюк упаяла мне 405 рублёў штрафу. Дзякуй! Адседзеў па адмененаму рашэнню вышэйшай судовай інстанцыі, ды ячшэ і штарф атрымаў. У якія вароты гэта можа ўлезці? Усе гэтыя факты гавораць толькі аб адным, сістэма ідзе ў разнос. Хутка ўсё проста пасыплецца. А цяпер пра тое ж самае, але больш падрабязна і з дэталямі.
Дастаў з паштовай скрынкі жоўты канверт. Ускрываю, — пратакол за ўдзел у несакнцыяваным мітынгу за 7-е чэрвеня каля Камароўскага рынку. Стандартныя абвінавачванні, крычаў: “Жыве Беларусь!”, “Стоп таракан!”, “Ухадзі”, “Свабоду Сяргею Ціханоўскаму”. У вочы не бачыў тых амапаўцаў, што склалі на мяне пратакол.
Але ж я ў асноўным спяваў песьні і чытаў вершы. Хіба спяваць ужо забаронена? Песні для таго і пішуцца, каб іх спяваць людзям.
Праз колькі дзён звоняць на гарадскі, бо мабільны і іншыя рэчы знаходзіліся ў бусіку, які быў арыштаваны ў Гродна па распачатай супраць Сяргея Ціханоўскага справае. Некалькі тыдняў мае ключы ад кватэры знаходзіліся невядома дзе і мы з жонкай падвяргаліся рэальнай небсяпецы: невядомыя фээсбэшнікі, ці супрацоўнікі беларускай канторы, маглі пранікнуць ноччу і задушыць, ці зарэзаць мяне з Веранікай, каб потым абвясціць на ўсю Беларусь, што мы самі сябе задушылі, ці парэзалі, як гэта было з журналістамі Веранікай Чаркасавай і Алегам Бібеніным.
Падымаю слухаўку. Званіла памошніца суддзі Млечка А.В., таго самага сумнавядомага суддзі, які нядаўна “завочна” дадаў Паўлю Севярынцу яшчэ 15 сутак. Дрыжачым голасам запрашае мяне ў суд.
— Без мяне складалі пратаколы, без мяне і судзіце! – адказаў дзяўчынцы, — я ў вашым судзілішчы, у гэтым фарсе, каб прыдаць суду прывідную легітымнасць сваёй прысутнасцю, удзельнічаць не збіраюся. Хіба толькі ў кайданках прывязеце і пад аўтаматамі. І ўвогуле, дзіцятка, уцякай адтуль, пакуль не запэцкалі тваю душу.
Але тое дзіцятка аказалася занадта настырным, яно званіла ячшэ два разы, На трэцці раз я не ўстрымаўся і закрычаў у трубку: “Забудзьцеся гэты нумар тэлефона! Яшчэ раз пазвоніце, і асабіста на вас напішу заяву ў міліцыю і вас прыцягнуць да адказнасці за “тэлефонны тэрарызм”. “Мы вас услышали» — было мне адказам. На паседжане суда не пайшоў, прысудзілі 10 сутак, пра што зноў жа паведамілі праз пошту.
З дапамогай праваабарончай араганізацыі “Вясна” (Аляксей Лойка) падалі скаргу. Дзякуй Богу, што перад разглядам скаргі звязаўся праз фейсбук з Алегам Волчакам і ён надаваў мне з дзесятак карысных парад, як сябе паводзіць на судзе, што гаварыць, на што ставіць акцэнты ў сваёй абароне. Адгрукаў на клавіятуры каля дзесяці старонак у сваю абарону, але самае галоўнае, на што звярнуў увагу Алег Волчак, што пасля прачытання тэкстаў, я абавязкова павінен папрасіць суд, каб яны далучылі мае тлумачэнні да справы. Таму што пры разглядзе скаргі пратакол не вядзецца. Я думаю, чытачам таксама будзе цікава, якім чынам я спрабаваў абараніцца, бо ўсё ж такі за два паседджанні суддзя Хаткевіч Я. В. скасаваў рашэнне Фрунзенскага суда і накіраваў назад на дапрацоўку іншаму суддзі.
Безумоўна, што суддзя не дазволіў цалкам прачытаць маё тлумачэнне ў сваю абарону, некалькі разоў перабіваў, маўляў, давайце па справе. Але ж гэтыя лісты былі далучаны да маёй справы і пазней, знаходзячыся сам насам са сваёй душоў, ён мог прачытаць усё ад коскі да коскі. Прачытаць і задумацца. Можа таму з першага паседжання нічога не вырашыў па маёй справе, а некалькі начэй пераначаваў з маёй пісанінай, прызначыўшы наступнае паседжанне ажно на аўторак. Амаль цалкам прыводжу тэкст, які напісаў у сваю абарону.
“Добры дзень, высокі суд!
Адразу ж прашу прысутных звярнуць увагу, што суддзя апрануты ў мантыю чужой дзяржавы, у дадзеным выпадку “Вялікай Брытаніі” і збіраецца ў Рэспубліцы Беларусь, што знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, і якая пакуль не мае выхада да мора, выкарыўстоўваць прававыя нормы дзяржавы, што ўваходзіла ў варожы блок “НАТА” і разглядацца будзе скарга, не грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, бо цяпер не маю пашпарта на руках, а сяржанта Савецкай Арміі Анатоля Аляксеевіча Кудласевіча, які прыняў ваенную прысягу 21 чэрвеня 1981 года, што і засведчана ваенным білетам, перададзеным суддзі праз сакратара, для ідэнтыфікацыі асобы; і будзе разглядаца скарга інваліда ІІ групы, і сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, якім на момант вядзення адміністратыўнай справы з’яўляўся чальцом гэтай супольнасці; і разглядаць будуць скаргу беларускага паэта, барда, празаіка Анатоля Кудласевіча, пра што сведчаць мае кнігі, выдадзеныя ў Беларусі, Канадзе, Германіі і Украіне.
Што хачу сказаць у сваю абарону? Зразумейце, я не апраўдваюся, мне няма ў чым, бо не лічу сябе вінаватым. А вось судом Фрунзенскага раёна былі парушыны ўсе мае кастытуцыйныя, грамадскія і агульначалавечыя правы. Апошнім часам суды Беларусі сталі наскрозь ілжывымі і няправеднымі, судзяць людзей па сведчанню ілжэсведкаў, якія і ў вочы не бачылі падсудных, і прыгаворваюць да штрафаў, кідаюць за краты, толькі за тое, што людзі скарысталіся кастытуцыйным правам і абараняюць суверэнітэт сваёй дзяржавы, не пагаджаюцца з гвалтам і хамствам, — вось і я мушу абараняцца. Я проста скажу праўду і ісціну, а суд няхай думае, якім чынам разглядаць скаргу чалавека, якога асудзілі за праўду і за ісціну. А скажу наступнае.
Так здараецца ў гісторыі, што многія шляхетныя роды выраждаюцца і драбнеюць, так зроблена Прыродай, якая “быццам павітуха стаяла пры родах Чалавека і песціла ў ім надзею свайго будучага збаўленне”. І калі род драбнее і выраждаецца перш за ўсё Духоўна, то нешта адбываецца і з прозвішчамі, які насіў гэты род, а людзі пазначаюць гэтыя з’явы ў метрычных запісах, бо заўважаюць: штосьці нядобрае адбываецца з людзьмі некалі славутага рода. Вось быў у Вялікім Княстве Літоўскім вядомы род Хадкевічаў, які даў цэлую плеяду дзяржаўных дзеячаў і воінаў, сярод якіх і Вілікія Гетманы, і Канцлеры Вялікага Княства Літоўскага. А цяпер маю скаргу разглядае верагодны нашчадак гэтага роду, але яго прозвішча гучыць не зусім так, а крыху інакш – Хаткевіч. Шаноўны, Яўген Віктаравіч, пра што гэта гаворыць? І куды падзелася былая слава Роду? Трэба паглыбляцца ў гісторыю, каб зразумець, што ж адбылося з нашчадкамі.
Хоць гэта да справы і не адносіцца, але не магу пакуль пахваліцца падобнай славутасцю свайго рода. Мой “Пінчукоўскі” род з прозвішчам Кудласевіч, нічога асаблівага ў гісторыі пакуль не зрабіў, магчыма, таксама мае шляхетныя карані, якія я пакуль не знайшоў, але ж ёсць я — нашчадак гэтага роду і ніколі не здраджу запаветам продкаў. І пры ўсім тым, прашу ўлічыць, што мой прадзед Іван Мікалаевіч Кудласевіч, 1895 г.н. быў ад’ютантам “Его Превосходительства”, а ў 1917 Смольны ахоўваў і Леніна ў вочы бачыў, а ў 50-60-тых мінулага стагоддзя ўся Расея, Україна і Беларусь да яго пад Тураў за дапамогай ішла і ехала, і прадзед дапамагаў людзям, бо Ведуном быў, і памёр, калі мне гадоў сем было. А некаму трэба было ж перадаць дар? Пра сябе я даўно заўважыў, што нельга мне злавацца на людзей, і крыўдзіцца на іх не трэба, бо пасля маёй крыўды з людзьмі адбываюцца непрыемныя рэчы і хваробы. Таму і не крыўдую на людзей, і намагаюся не злавацца і прабачаць іх. Гасподзь усім суддзя, бо многія “не ведаюць, што твораць”. Але ж бывае хочацца сяго-таго і праклясці. Гэта не пагроза, гэта – рэальнасць. Вось вазьму і пракляну чыйсці род да калена сёмага — і вымруць, як рудыя мышы ў полі, і пачнуць пісаць у метрыках людзі “Харкевіч, ці Хамкевіч” – каб пазначыць пашкоджанасць роду. І не я буду гэта рабіць, Гасподзь і людзі за мяне ўсё зробіць.
Вернемся да справы. Дык за што асудзілі? А за тое, што стаў поплеч з Сяргеем Ціханоўскім, са сваім НаРодам, каб прыняць удзел у дазволеных уладай пікетах па вылучэнні Святланы Ціханоўскай кандыдтам у Прэзідэнты? За тое, што спяваў людзям песні і чытаў вершы — за гэта асудзілі паэта і патрыёта? За тое што праехаў з Сяргеем Магілёў, Гомель і Гродна, у якім праз подлую правакацыю, праз падасланую шлюндру, якой Сяргей не стаў адказваць на правакацыйныя пытанні, за што яго і схапілі падстаўныя міліцыянеры, якіх быццам бы штурхнулі. Я стаяў у пяці метрах ад гэтых міліцыянтаў, і мне сказаў чалавек, што стаяў побач: ён бачыў, як міліцыянер, падаючы на асфальт зрываў з рукава шаўрон. За гэта і схапілі і кінулі за краты Сяргея Ціханоўскага? Вы ўсё добра бачылі на відэа, але ж маеце вочы, і не бачыце? Не хочаце заўважаць. За гэта яны мяне асудзілі на 10 сутак? І гэта ваша праўда? Тыран зацверджвае вашы прызначэнні на пасады і быццам бы вам грошы плаціць з уласнае кішэні, амаль за дзве гадзіны выступаючы на заводзе, сказаў, што збілі міліцыянера, а ён жа, маўляў, чыйсці сын? І ў гэтым палягае ваша ісціна і сутнасць вашай праўды? Як сказаў адзін разумны чалавек яшчэ ў 19-тым стагоддзі, “за Праўду трэба стаяць, або вісець на Крыжы, а да Ісціны чалавек рухаецца”, — рухайцеся, бо словы “руах”, “руха” – перакладаюцца са старжытнай арабскай (арамейскай) як “вецер” і “Дух”, а на роднай мове, — гэта рух.
Яшчэ расці да шчырасці нам трэба,
Да ісціны ідуць усё жыццё,
Каб ведаць праўду, ёсць у сэрцы неба,
А ў розуме ёсць толькі небыццё.
Калі я такі небяспечны, бо валодаю мастацкім словам, дык чаму не схапілі ў Гродна разам з усімі? Мяне гэта ў нейкім ступені нават абразіла. Я вярнуўся ў Мінск на перакладных з гітараю без чахла і з пакецікам кніг, нават без ключоў ад кватэры і за гэтае цяпер даюць дзесяць сутак Акрэсціна? За тое асудзіў, што амаль месяц мае рэчы былі арыштаваныя па сфабрыкаванай крымінальнай справе супраць Сяргея Ціханоўскага і знаходзіліся невядома дзе? І ў тыя рэчы фээсбэшнікі, ці нашы кэдэбэшнікі, маглі падкінуць наркотыкі, або зброю? Добра ведаем чаго вартыя стужкі “БТ” кшалту “Железом по стеклу”, але Плошчы 2010 болей ніколі не будзе, не спадзявайцеся. Народ абудзіўся і свая плошча будзе ў кожнай вёсцы і горадзе, і будзе свой Ціханоўскі, ці Каліноўскі, і вам не справіцца з Гасподняй стыхіяй.
Бо ёсць Белая Русь,
І ёсць белая косць,
І ёсць нашай зямлі прыгажосць.
А пад сподам на ўсё ёсць аснова,
Ёсць Гасподняя чыстая Мова,
Покуль помніцца будзе нам род свой,
Покуль зробяцца людзі НаРодам,
Не забудзем, — якога ж мы Роду!
( З паэмы “Юл-ла”).
Колькі тыдняў з жонкаю Веранікай спалі ў кватэры, не ведаючы ў чыіх руках ключы, я ж не таракан які, каб забівацца пад плінтус? Я двадцаць шэсць гадоў пісаў свой раман “Тараканы”, дзе выведзены ўсе палітыкі і ваш усенародна любімы Ўзурпатар. І мае “Тараканы” нарэшце выстралілі і ўсякі беларус бярэ ў рукі тапаць, каб выгнаць яго з роднай зямлі. І мае рэчы вярнуліся амаль праз месяц і толькі таму, што я пачаў біць ва ўсе званы, дайшоўшы да Старшыні Следчага Камітэта Івана Данілавіча Наскевіча. А вы лічыце, што я павінен быў сядзець дома і не выходзіць на дазволены ўладамі пікет па збору подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай, дзе стыхійна сабраліся абураныя патрыёты ў падтрымку палітвязняў, каба заступіцца за майго паплечніка Сяргея Ціханоўскга, якога я сам выбраў і вырашыў яму дапамагаць? За такое цяпер даюць па 10-ць сутак? Ці я павінен быў схавацца ў бульбу і дрыжаць за сваю скуру, каб мяне, не дай Бог, не арыштавалі і не кінулі за краты? Маім двом дзядам, Міколе і Пятру, давалі па 25 гадоў, і што? Яны не зламаліся і яны перамаглі, ім было б сорамна за таракана, што хаваецца пад плінтус, бо яны выхавалі і выгадавалі мяне і навучылі пры любых умовах заставацца чалавкекам. Вось тут два ілжэсведкі (у пратаколах сведчылі і, якіх, пэўна, тут няма?), якіх я ўвочы не бачыў, пратаколы якіх не падпісваў, яны іх прыслалі па пошце і нейкае дзяўчо памошнік суддзі Млечка А.В., — Анастасіяя Дзянісаўна тры разы званіла на гарадскі тэлефон, спрабуючы давесці, што я некуды павінен прыйсці, дзе мяне збіраюцца судзіць за нейкія злачынствы. Хаця я з першага разу адказаў, што гэта Антыхрыст судзіць людзей, параіў дзіцятку ўцякаць адтуль, пакуль не запэцкалі душа і толькі на трэцці раз, накрычаў на яе: “Ячшэ раз пазвоніце і асабіста на вас напішу заяву ў міліцыю за тэлефонны тэрарызм”.
Я прыйшоў сюды, бо разглядаецца мая скарга. Хачу спытацца, чаму апошнім часам выклікаюць у суд не павесткай, а звоняць па тэлефоне, або прысылаюць эсэмэску? Адкуль я ведаю, што тая дзяўчына, якая пазваніла і паведаміла, што будзе разглядацца ў судзе мая скрага, адкуль мне ведаць, што гэта не розыгрыш і яна не пранкер? Я нават забыўся запісаць яе прозвішча. Чаму ўнармавалася такая практыка? Каб паскорыць судовыя працэсы па збору штрафаў з насельніцтва, бо ў бюджэце не хапае грошай, бо працэсы пастаўлены на канвеер і павінны прыносіць у казну даход. Вам за гэта не сорамна?
Вас корміць не Пэзідэнт, — корміць народ, які і яму даверыў уладу, аднойчы паверыўшы. Але ж ён падмануў усіх, каго толькі можна, зняважыў, спляжыў, абразіў… А цяпер і зусім берагі паблытаў, і пачаў аб беларускі народ выціраць ногі і пужаць яго растрэламі. Дык хто ён – калі не Антыхрыст? Або яшчэ і так можа быць: сапраўдны Антыхрыст сядзіць у Крамлі, у асобе Гундзяева і Пуціна, спіць і думае, як гэта далучыць Беларусь да сваёй імперыі. З кім ваш Прэзідэнт збіраецца абараняць незалежнасць Рэспублікі Беларусь, калі высадзіцца дэсант “зялёных чалавечкаў”? У вас пытаюся, “властители и судьи”, вы з кім? Калі Лукашэнка усіх падмануў і ўсіх зняважыў, у гразь утаптаў, бо не ведае, што такое дзяды і прадзяды, якія ў зямлі ляжаць і дух табе перадалі, ён думае тысячы прыкормленага спецназа з уласнай аховы абароняць Беларусь? Не, людцы мае мілыя, не! Толькі нацыянальна сведамыя лягуць касьцьмі за Айчыну! А беларусы ж могуць успомнім і свае старажытныя законы, і не проста растраляць здраднікаў радзімы, — вельмі лёгкая смерць для Іудаў, было такое, што і з няправедных суддзяў здзіралі скуру, і князёў саджалі на асінавы кол. Мы ўсё можам успомніць, і нам пляваць на нейкія вашы англійскія мантыі, якія вы апранулі, і судзіце рабоў Вялікай Брытаніі, а па сутнасці краіна цяпер з’яўляецца лукашысцкім бізнес праектам, пад назваю “ООО Рэспубліка Беларусь” і зарэгістравана камерцыйная ў якой-небудзь Англіі. Праверце самі, таварыш суддзя, Хаткевіч Яўген Віктаравіч, Гуглл вам у дапамогу.
Дык вось майце на ўвазе, у беларусаў сваё юрыдычнае права, аснову якога ўся Еўропа за прыклад узяла. Мы ТуТ жывём і мы тут будзем правіць Закон і Парадак. Нас дзевяць мільёнаў, і беларусаў, што абудзіліся да годнасці, не загоняць назад у стойла! Дзевяць мільёнаў сціснуцца ў адзіны кулак і так грымнуць, што башні крамля пазлятаюць. Так грымнуць, што Зямля задрыжыць і крутнецца не ў той бок. Не спужаеце нас! Дзевяць мільёнаў душ, і з намі – Гасподзь, а гэта новае Сонца над Зямелькай-Маці, Зямлёй-Карміцелькай.
І не спадзявайцеся, што беларуская люстрацыя, будзе пацешнай украінскай сметніцай. Беларусы народ вельмі старажытны, і мы можам успомніць законы сваіх дзядоў і прадзедаў.
Таму пакуль ні на кога крыўды не маю і ні на кога не злуюся, чаму сведчанне мая ўсмешка, і дазвольце на заканчэнне зачытаць свой верш “Дуэль”, які быў надрукаваны ажно ў мінулым стагоддзі.
ДУЭЛЬ
Не судзяць за подласць у нас, і не судзяць за тупасць.
Нахабства і хамства таксама не падлягае суду.
Не судзяць жывых, што змярцьвелі, зрабіліся трупам,
Няшчырасць і здрада не судзіцца як на бяду.
Шкада, што даўно ўжо не судзяць у нас пустасловаў,
І нам абяцанкі-цацанкі не ў радасць ужо.
Стагоддзі брыдуць, і працягваюць вечныя ловы,
І смерць прыступае, нібыта бандзюга з нажом.
Вазьму секундантам сумленне, і родную Мову,
Упэўнюся, ёсць а ці не ж Херувім мой на правым плячы,
І выйду на бой, на смяротны свой бой адмысловы,
Калі ж упаду я паранены, ты мяне, Час, падлячы!
Калі ж я загіну за светлую добрую справу,
І подлае слова аднойдзе ў маім сэрцы цэль, --
Сапраўдным мужчынам аддам назаўсёды я права,
Рабіць першым выклік, па цемры рабіць першым стрэл.
І тысячы прыйдуць, прадоўжаць дуэль.
Прашу спыніць адміністратыўны працэс, распачаты супраць мяне Фрунзенскім раённым судом аб адміністратыўным правапарушэнні, з прычыны няўліку многіх акалічнасцей справы, і жорсткага пакарання ў 10 сутак адміністратыўнага арышту, якія выкладзены ў гэтым тлумачэнні, акрамя таго іншыя невядомыя раней абставіны, а менавіта:
1. Далучыце да справы дадзенае тлумачэнне, якое перадаю суду і якое зачытана тут.
2. Ніводнага разу ў гэтым годзе не прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці, што гаворыць пра маю станоўчую грамадскую характарыстыку.
3. З’яўляюся публічнай асобай і не магу не быць там, дзе збіраецца беларускі народ, таму што як паэт, бард і празаік, я – голас гэтага народа і выяўляю яго сілу і волю, пішу і спяваю для яго, і не магу не быць разам са сваім народ, бо дзеля гэтага і жыву на зямлі, і пішу, і спяваю.
4. Я інвалід другой групы і маю сур’ёзныя праблемы са здароўем, — ксеракопія падсвечання прыкладваецца.
5. На момант узбудджэння і вядзення справы судом, з’яўляўся сябрам “Саюза пісьменнікаў Беларусі”, ксеракопія падсведчання прыкладваецца.
6. Пратаколы былі дасланыя поштай, сведкаў па справе і таго, хто складаў фіктыўныя пратаколы ў вочы не бачыў, натуральна, што не падпісваў заднім чыслом сфальсіфікавыя пратаколы па ўзбуджанай адміністратыўнай справе, таму і не прысутнічаў на такім судзілішчы.
7. Прашу далучыць да справы фотаздымкі маіх асноўных кніг, якія выйшлі ў беларускіх дзяржаўных і недзяржаўных выдавецтвах. Дасылаю фотаздымкі і адсылкі на электронны рэсурсы”.
Не ведаю, можа некаму падаецца гэты тэкст лішнім, але ж нешта зрушылася ў розуме суддзі, што ён скасаваў рашэнне ніжэйшай судовай інстанкцыі, мала таго, на наступным паседжанні я ад рукі дадаў тлумачэнне, што ў пратаколах я названы “уражэнцам Мінска”, вось і звярнуў увагу, што ніколі такім не быў, бо нарадзіўся ў вёсцы Толмачава Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, што яшчэ раз падцверджваве, што сведкі мяне ў вочы не бачылі і пратаколы з’яўляюцца фіктыўнымі.
А цяпер пяройдзем непасрэдна да арышту і адсідкі. Мяне затрымалі другога жніўня ў нядзелю раніцай на сабачым выугле. У гадзін дзевяць я пайшоў выгульваць сваю Пацешку — сабачка з дванадцацю адсоткамі воўчай крыві, якая з’явілася літаральна за тыдзень да апісваемых падзей. Хвілін пяць усяго прабыў на выгуле, як да мяне падыйшоў знаёмы сабачнік: “Анатоль, здаецца там у бусіку ціхары” — паказаў ён на вугал нашага дома. Літаральна праз хвіліну ланцугом яны ішлі на мяне з чатырох бакоў. Я быў з нарвежскімі палкамі, вельмі зручна з імі рабіць розныя спартыўныя практыкаванні і зарадку. Чым і займаўся. Адзін з іх падыйшоў і паказаў падсведчанне: “Кудласевич Анатолий Алексеевич?” — спытаўся ён. Я падцвердзіў. Ён прапанаваў прайсці з імі ў бусік. “З якой нагоды? На якой падстве?” — пацікавіўся я. У адказ прагучала нешта кшталту “для ідэнтыфікацыі асобы”.
— Хлопцы, давайце хоць сабачку завяду ў кватэру, — прысеў я і пачаў клікаць Пацешку.
Але тая, убачыўшы незнаёмых людзей, не падыходзіла блізка і гаўкала здалёк. Я паведаміў, што з’яўляюся інвалідам другой групы і па законе яны не маюць права саджаць інваліда на суткі. У адказ адзін з ціхароў пацікавіўся, ці пры мне падсведчанне аб інваліднасці. Я паўтарыў просьбу, маўляў, завядзём сабачку ў кватэру, і там прад'яўлю падсведчанне. Але яны адмовіліся і нагадалі, што могуць надзець кайданкі. Я сеў у бусік. Праз нейкі час адзін сказаў: “Што іхні супрацоўнік занёс сабачку ў кватэру”, — я не паверыў, але гэта аказалася праўдай. Знаёмы, што папярэдзіў мяне пра ціхароў, ведаў мой хатні адрас, нейкім чынам яны злавілі Пацешку. Пазней Вераніка распавядала: “Званок. Адчыняю дзверы. Стаіць адзін з сабакам і другі побач. Той, які з сабакам быў, адразу сказаў, што вашага мужа арыштавалі. А ў другога была наша сабачка пад курткай, ён спытаўся: “Ваша сабачка?” — я адказала, што наша, забрала яе і зачыніла перад імі дзверы. Потым каялася, што не распыталася, хто арыштаваў, за што і куды? “Мы паўтары сутак шукалі цябе, ужо хацелі заяву пісаць “пра знікненне чалавека, пакуль “Вясна” не паведаміла, што ты быў у Акрэсціна, а потым вас перавезлі ў Жодзіна”.
Спачатку завезлі ў Фрунзенскі РАУС. Нешта афармлялі, а потым — Акрэсціна. Вельмі хацелася паліць. Запомнілася, што двое супрацоўнікаў, якія мяне везлі, былі больш-меньш адэкватнымі, у мяне пакуль не забралі цыгарэты і былі запалкі. Двое дазволілі мне паліць. Але прыбег іхні начальнік і замахаў рукамі, што нельга. Я кінуў яму ў спіну “Жопаліз” — і гэтыя двое ў бусіку вельмі станоўча заківалі галовамі, маўляў, як гэта я адразу вызначыў яго сутнасць? Завязлі ў Акрэсціна.
Пратакол. Вобшук… Нарэшце заходжу ў камеру № 8. Шэсць чалавек. Вітаюся. Пытаюся, дзе вольнае месца. Паказваюць на верхнуюю шконку. Як аказалася, з палітычных я адзін. Сукамернікі гэтым незадаволеныя. Таму што іх прэсуюць, калі трапляюць палітычныя. Забіраюць на дзень вату (матрасы), не выводзяць на прагулку. Пяць пар вачэй з цікавасцю вывучаюць і назіраюць за мною. Пакуль ячшэ асцярожна, але праяўляюць да мяне негатыўнае стаўленне, хутчэй проста ігнаруюць. Маўляў, з-за мяне ім прыходзіцца цярпець. І неяк я неасцярожна кінуў фразу, як аказалася “смотрящему” камеры Аляксандру (служыў падводнікам) што “за свабоду можна і пацярпець крыху”. Аляксандр аказаўся прыхільнікам “рускага міра”, для яго Пуцін — аўтарытэт, я не стаў яму нешта даказваць, тым болей спрачацца. Аляксандр жыве на Захадзе, як і Максім, які выходзіў літаральна заўтра. Максім узяў мой адрас і абяцаў, што скажа маёй жонцы, што я знаходжуся на Акрэсціна. Але ён так і не зайшоў. Хаця ўсё дакладна распытаў, і адрас і тэлефон, і калі жонка бывае дома. Не атрымалася ў чалавека, як гаворыць мая Вераніка, але “Бог і намеры цалуе”. Некалькі разоў Алясандр адпомсціў за маё выказванне, што “за свабоду пацярпець трэба” — не даваў мне курыць, бо толькі праз яго можна было курыць: “А ты прапускаеш. Ты пастрадай крыху. Ты ж хацеў, вось і страдай”. Гэта было вельмі крыўдна. Але ж праўда была на яго баку: ляпнуў, не падумаўшы, — вось цяпер і пакутуй. Цыгарэт у камеры не было, запалкі былі толькі ў Аляксандра. Жэню, якога арыштавалі за язду без правоў, некалькі разоў мент выклікаў на ўборку тэрыторыі, адтуль Жэня прыносіў адну-дзве цыгарэты і бычкі. У Жэні былі сямейныя праблемы і Аляксандр даваў яму парады як сябе паводзіць. Я так скажу, што парады былі разумныя і слушныя. У камеры ніхто нікому не верыць. Усіх прабіваюць і правяраюць. Пра таго ж Жэню, Аляксандр асцярожна выказаўся, што вельмі падазрона: звычайна прадольны называе прозвішча і загадвае. А да Жэні падыходзіць і гэтак па-свойску пытаецца, не хочаш папрацаваць? Калі я сказаў, што можа Жэня “стукачок”, — Аляксандр адказаў: “Вернецца, вось і запытайся ў яго”.
У мяне на пальцах былі два пярсцёнкі, абручальны і сярэбраны з чырвоным каменем, падораны цесцем Браніславам: “Рубін?” пацікавіўся Аляксандр, — “Сердалік”, — адказаў я, а ён на поўным сур’ёзе раптам прапаноўвае: “Прадай!”.
— Не прадаецца, — адказаў я, — цесць з вайны прывёз, чатыры сыны было, але падарыў мне.
Смяіцца ў адказ: “С пальцам адрэжу, я ж запомніў твой адрас”, на што я ўсміхнуся і адказаў: “Паспрабуй”. Я аказаўся самым старэйшым у камеры, хоць мужык з-пад Ракава выглядаў гадоў на семдзесят, але выявілася, што і ён на гадоў пяць за мяне маладзейшы. Сядзеў за крадзёж водкі ў універсаме. Спытаўся, ці ведае майго знаёмага з Ракава Юрыю Сіманенку і яго брата? Ён не ведаў, але абрадаваў мяне тым, што добра знаёмы з Язэпам Янушкеувічам, і адразу быццам зрабіўся мне родным.
Я не ведаў дакладна, за што мяне забралі і колькі сядзець. Гэта вельмі раздражняла Аляксандра, маўляў, можа мне дзесяць гадоў свеціць за забойства, а я гэтак спакойна кажу, колькі трэба, толькі адседжу. І я задумаўся, а сапраўды, за што забралі? Можа суддзя Блізнюк пакінула тыя ж дзесяць сутак, можа прэвентыўна арыштавалі да суда, а можа сапраўды, ў суботу, я што-небудзь такое ўтварыў, і хтосьці напісаў на мяне заяву. Ён высоўваў версію, што мяне ў панядзелак павязуць на суд і раіў на ранішняй паверцы спытаць у дзяжурнага, калі мне выходзіць. Што я і зрабіў, аказалася, што ў мне 10 сутак, бо выходзіць мне 12 жніўня ў 10.00.
Трэба сказаць, што ежа за кратамі, становіцца не проста ежай, а неабходнейшым рытуалам. Чакаеш снедання, абеда і вячэры. Як толькі ў руках апынаецца лыжка, адчуванне пазбаўленасці волі прытупляецца, бо ты баццам бы заняты звычайнай справай. Час не цягнецца так марудна. Мо таму і хлеб у камерах з'ядаецца да апошняй крышкі, калі становіцца зусім невыносна, бярэш сваю пайку, што засталася ад абеда і шчыпаеш пакрысе, абпраўляючы ў рот. Вось ты і зноў пры справе. У Акрэсціна на прагулку не выводзілі.
Праз нейкі час у камеру закінулю Віталія Глазунова, хлопца з Украіны, які па невядомых прычынах апынуўся ў Беларусі, высокі і барадаты, спартыўнага выгляду, увесь у сіняках. Ён яшчэ пры затрыманні, з яго словаў (Бабруйская 3, быццам бы трапіў на нейкі ахоўваемы аб’ект, дарэчы, гэта адрас вакзала) адбіваўся ад мянтоў. Ды і ў калідоры, перад тым як яго закінулі ў нашу камеру, яго білі і, хутчэй за ўсё, што і ён адбіваўся. Аляксандр адразу пачаў прабіваць яго, хто ён, адкуль, чаго затрымалі? Чаго апынуўся ў Беларусі? Віталь адказаваў блытана і неахвотна. На пытанне чым займаецца, нагаварыў столькі ўсяго, што Аляксандр увогуле яму не паверыў. Ён і нешта адкрыў, і вершы пішы, і музыку, і нейкія праграмы распрацоўвае, на якіх людзі зарабляюць грошы. Ехаў у Літву, у нас аказаўся выпадкова.
— Так прочитай свои стихи.
Віталій адказаў, што не помніць нічога на памяць. Чым увогуле паставіў сябе пад падазрэнне і ўвёў “смотрящего» у пяціхвілінны агрэсіўны маналог. Маўляў, ён яго наскрозь бачыць, і няма чаго прыкідвацца белым і пушыстым. Калі прынеслі абед, маёй пайкі яшчэ не было, і гэты самы Віталій раптам падзяліўся са мною. Я гэта запомніў і ацаніў. Потым у камеру закінулі трох чалавек, якія пасядзелі ў нас гадзін пяць, адзін з якіх раней адсядзеў чатыры гады за наркаманію, і быў ужо як бы бывалым сядзельцам, застаўся.
Праз ноч Аляксандр раптам пранікся да мяне лаяльнасцю. Неяк ён прачытаў верш, нешта пра зону, пра адсідкі… Шчыра скажу, што верш даволі арыгінальны і па рытміцы і з алітэрацыяй усё было нечакана. Я пахваліў. Можа таму і выйшлі на літаратурныя тэмы. Я прачытаў некалькі сваіх вершаў, Сыса, Маякоўскага, Ясеніна… А потым ён раптам прапанаваў мне супрацоўніцтва, маўляў, хоча напісаць кнігу пра сваё жыццё, а потым яшчэ і фільм зняць паводле гэтай аповесці. І спытаўся ў мяне, ці змог бы я дапамагчы ў такой рабоце, безумоўна, не бясплатна. Я адказаў станоўча. А яшчэ аказалася, што ён і на гітары іграе і, зноў жа, спытаўся, ці можа ён прыехаць да мяне, каб проста пайграць на гітары. Я пагадзіўся і прапанаваў нават, што можам разам выйсці на пераход метро Каменная горка і там спяваць песні, яшчэ і заробім нешта. Аляксандр на наступны дзень вызваляўся і рыхтаваў мяне на “сматрашчага”, сказаў, каб я потым заняў яго месца (ніжняе, значыць, ганаровае), паказаў на пакеты майкі і распавёў гісторыю з бамжамі, і што мне рабіць, калі раптам закінуць у камеру педыкулёзны кантынгент, як гэта рабілі ў іхняй камеры раней. Запусцілі двух смярдзючых бамжоў: “Вошы ёсць?” — спыталіся ў іх.
— Не, не, у бані ўчора быў…
“Распранайцеся!” — загадалі ім, і калі яны паздымалі адзенне, — швы і падкладкі вопраткі кішэлі насякомымі. Сідзельнікі склалі іхняе адзенне ў пакеты “майкі”, плотна завязалі, каб насякомыя не распаўзліся па камеры, а педыкулёзнікам выдзялілі простыні, спалі яны на падлозе на адзіялах, якія таксама ім далі. Такім чынам і выратаваліся, каб партызаны не перакінулся на ўсіх астатніх. Калі раніцай выходзілі на паверку, то нават ахоўнікі смяяліся, бамжы выходзілі ў прастынях, быццам якія патрыцыі.
На Акрэсціна я прабыў паўтары сутак. Потым нас этапіравалі на Жодзіна, два паверхі жодзінскай турмы адвялі пад ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання).
У аўтазаку я сядзеў у тылавым самым заднім месцы з чатырма этапіраванымі. Адразу кідалася ў вочы, што яны з бывалых. Адзін з іх, потым мы трапілі ў адну камеру, Пятровіч, такім было яго прозвішча і паганяла, скінуў блузку і ехаў голым, — наколкі на грудзях і руках маляўніча гаварылі пра крымінальны лёс. Я таксама рашпіліў рубашку, каб і яны маглі заўважыць на сонечным спляценні тату, — крыж Еўфрасінні Полацкай, але ў той жа час, стараўся не вельмі свяціць сваім пярсцёнкам, бо гэта я мянтам сказаў, што ён не здымаецца, а ён сцягваўся з пальца даволі проста.
Вялі доўгімі падвальным калідорамі, адкрываліся і лязгалі жалезнымі затворамі задвіжкамі і, калі стаялі перад размеркаваннем у камеры, рукі на сцяне, ногі ўшыркі перад шмонам, каля мяне апынуўся Юрый Кузняцоў. Я глянуў на яго сумку, што стаяла перад ім і падумаў, добра было б патрапіць у камеру разам з ім, у яго пэўна і цэгарэты ёсць. А Юрый нечакана павітаўся са мною, паціснуў руку і сказаў, што бачыў мяне на Камароўцы. Гэта было вельмі прыемна, што нехта і мяне тут ведае. Мы патрапілі ў хату №7, — камера разлічаная на восем чалавек. У нашу ж камеру патрапіў і Пятровіч. У яго былі цыгарэты, вельмі многа цыгарэт у цалафанавым мяшэчку, перахопленыя рызінкай. Як толькі я патрапіў у камеру, яны якраз палілі, спыталіся ў мяне: “Ты курыш?” — І тут жа далі прыпаленую цыгарэту. Я не паліў амаль суткі, калі не лічыць дзве-тры зацяжкі на Акрэсціна. Галава закружылася. Пасля цыгарэты розум, і душа, і настрой вярнуліся ў прывычную каляіну. Жыць можна.
Пятровіч адразу ж стаў галоўным па камеры. Хоць па ўзросце я і мог бы быць яго бацькам, але па вопыце і па турэмнай абазнанасці, ён адразу ж стаў бяспрэчным аўтарытэтам нашай сёмай хаты. Тым болей, што ўсе палілі яго цыгарэты. У іншых цыгарэт не было. Адзін раз выводзілі на прагулку, кожную камеру ў асобны дворык. Мы ведалі, што ў іншых камерах з палітычных сядзеў Троцкі і блогер Маслоўскі. За паўтары-дзве гадзіны прагулкі выкурвалі па чатыры-пяць цыгарэт.
У нашай камеры сядзелі ўзгаданы раней Пятровіч Аляксандр, які адразу ж стаў аўтарытэтам, Афнагель Яўген з Еўрапейскай Беларусі, Кузняцоў Юрый, былы дэсантнік, які хадзіў у КДБ падаваць скаргу за Бабарыку, і якіх каля 26-ці чалавек прымалі з другога боку будынка ў аўтазакі, Шыпулін Андрэй, украінец па нараджэнню з казацкім чубам, Фураеў Сяргей, рэцыдзівіст-крымінальнік, які пастаянна гуляў з Пятровічам у Покер кубікамі, зробленымі з хлебнага мякіша, Серкоў Аляксандр, крымінальнік, Клюковіч Раман, здаравенны хлопец, які папаўся на тым, што хацеў зцягнуць пляжку гарэлкі ці віна ва ўніверсаме, і таму стаў аб’ектам пастаянных насмешак, Сяргей Паканечны, нейкі іпэшнік палітычны, разам з сябрамі на Чыгладдзе здымаў кватэру, і якіх бралі “альпіністы”, з вобыскам і з усімі атрыбутамі такіх арыштаў, — ён даў магчымасць усім збегчы, і аддаўся ў рукі супрацоўнікаў адзін.
Мая блузка была ў крыві. Мяне не білі пры затрыманні, проста яшчэ за дзень да гэтага, я добра адзначыў перамогу ў судзе, і, прачнуўшыся ў шэсць гадзін раніцы, выглянуў у вакно, быў вельмі здзіўлены, убачыўшы на вуліцы каля лаўкі свае бэзавыя сланцы фірмы “Recbok”, — мятнуўся ўніз і забраў іх, а глянуўшы ў люстэрка заўважыў, што ў мяне разбітая правае надброўе. Смутна ўспомніў, што ноччу выходзіў на вуліцу каб паглядзець на неба і дапіць сваё піва, і яшчэ ўспомнілася, што калі заходзіў у пад’езд, то пацалаваўся з роднай глебай. Вось таму і кашуля была ў крыві. Пятровіч працягнуў сваю чорную, якая з яго слоў была яму завялікай і якую маці купіла ў сэкэнхэндзе за капейкі, маўляў, яна яму не трэба а я магу апрануць і памыць сваю. Я з радасцю ўзяў падарунак і начыста вымыў сваю салатавую кашулю.
Пятровіч і яго падзельнікі, што сядзелі ў іншых камерах, патрапілі зусім выпадкова. З яго слоў, яны ўдвух зайшлі ў нейкі супермаркет, у яго сябрука з ахоўнікам узнік скандал, і ў ахоўніка здарыўся інсульт, — ён памёр, не дачакаўшыся хуткай дапамогі. Пятровіч — увогуле, збоку прыпёка, ён таго ахоўніка нават жывым не бачыў, а яго сябар, нават у магазін не паспеў зайсці, на парозе быў, — але замялі ўсіх трох. Што з імі будзе, — невядома, але артыкул, што завіс над імі дамоклавым мячом, быў даволі сур’ёзны. Праз колькі дзён яго перавялі ў іншую камеру, ці ўвогуле этапіравілі ў іншае месца. І ён мне саступіў сваё ніжнію ганаровую шконку.
Яшчэ Пятровіч шмат распавядаў пра свой лёс. У яго было некалькі ходак. Раней была ў яго сабака Стакшырцкі тэр’ер, і яго пасадзілі за нешта на пяць гадоў. Дык той сабака адмовіўся есці, — паўгода спрабавалі карміць праз зонд, і ўнутрывенна, але ён усё адно памёр. Памёр ад пратэста. Я сакрушаўся, няўжо нельга было прывезці таго сабаку на свіданку, каб Аляксандр растлумачыў яму, што трэба жыць. Людзі так не могуць. А вось сабакі… Мусіць, сабакі больш верныя ў сяброўстве і адданасці, чым людзі?
Пасля дзевятага ў камеру закінулі чалавек пяць палітычных з Барысава, і мы крыху даведаліся з іх роспаведаў, што робіцца на волі. Хлопцы казалі, што пратэсты вельмі масавыя, пагаворваюць, што пачнуцца забастоўкі буйных прадпрыемстваў. На другі дзень хату ўтрамбавалі палітычнымі з Мінску, нас стала ў тры разы болей, 24 чалавекі на васьміместную камеру. Дзяліліся пайкай, прастынямі, адзеяламі, спалі па двое на ложку “валетам”. Многія былі збітымі, з пісягамі і гематомамі. Але ўсе трымаліся з аптымізмам. Я вызваляўся 12-га, таму мне запісалі з дзесятак тэлефонаў і адрасоў, каб я паведаміў білізкім і родным, дзе знаходзяцца іх дзеці, браты і мужы. Што я паспяхова і зрабіў у першую чаргу. Чамусьці трапляў на жанчын: маці, сёстры, бабулі… Усе, выслухаўшы мае тлумачэнні, плакалі і дзякавалі. Усе літаральна спачатку плакалі, а потым дзякавалі.
Пералічу арыштантаў, якія патрапілі ў нашу сёмую хату і якія далі мне свае дадзеныя, каб я пазваніў родным і паведаміў, што яны жывыя і здаровыя: Нікіта Ананіч, Бядкоўскі Арцём (Сухарава), Высоцкі Саша, Дубік Віталь, Гардзей Уладзімір, Абакшонак Вадзім, Ляўша Андрэй, Пахомчык Максім, Чарнамораў Андрэй, Царыкаў Саша.
Пасля таго, як атрымаў перадачу, у мяне былі алоўкі і аркушы паперы. Сёе-тое я змог запісаць. Нават скласці два віншавальны вершы: адзін для жонкі Яўгена Афнагеля, а другі — для жонкі Андрэя Шыпуліна, так ужо супала, што дзень нараджэння іх жонак быў адной датай, ды і зваліся яны аднолькава, калі не памыляюся.
Калі камеру напічкалі арыштантамі, як селядцоў у бочку, нас перасталі выводзіць на прагулку. Цягарэт было ўдосталь. Але ніхто не здагадаўся з родных у перадачу дзе-небудзь заныкаць запалкі, хаця б урассыпуную. Яшчэ раней, калі быў Аляксандр, мы знайшлі ў шчыліне стала адну запалку, чыркалка ў яго была, і тады ўдосталь пакурылі. А цяпер, калі камера была забітая, нас не выводзілі на вуліцу, і не давалі агню, — вушы ва ўсіх курыльшчыкаў зрабіліся слановымі. Прадольны яшчэ здзекваўся, прыкурвайце ад лямпачкі. Мы спрабавалі разабраць лямпу і зрабіць замыканне, каб прыпаліць цыгарэту. Не атрымалася. Разеткі ў камеры былі абясточанымі. А потым вырашылі здабыць агонь старажытным спосабам: помніце, калі круціцца палачка і ідзе дым праз нейкі час. Гадзіны дзьве праз кручэнне па чарзе маіх трох алоўкаў спрабавалі здабыць агонь, ужо і дым ішоў з дзірачкі на стале, якую наўмысна зрабілі… Але прыпаліць ад дыму так і не ўдалося, хаця алоўкі ўканец сапсавалі, папярэдне выняўшы з іх графітавыя стрыжні, каб не перашкаджалі. Апошні дзень-два нам ажно па тры разы на дзень ахоўнікі і прадольныя падносілі агонь. Так што смакталі нікацінавае адхланне ўволю і па чарзе.
А цяпер перакіну сюды некалькі запісаў з майго ўмоўнага “турэмнага дзённкі”, які паспеў запісаць алоўкам на некалькіх аркушах паперы.
07.08.2020 г. Пятніца.
Прачнуўся. На вуліцы яшчэ цёмна, час вызначыць немагчыма. Учора вечарам нас усіх “палітычных” раптам выклікалі: Афнагеля, Кузняццова і мяне, калі мы прынеслі перадачы, хлопцы сустрэлі дружным жартам, нехта з іх кінуў фразу: “Мы ўжо думалі, што палітычных на растрэл павялі”… Сёння падвезлі яшчэ аднаго палітычнага Андрэя Шыпуліна, жыве на Янкі Маўра (украінец), у камеры цяпер камплект. Адзін раз вадзілі ў душ, праўда, гарачай вады не было, але ўсё адно абмылі з сябе бруд. Заўтра субота, а там нядзеля 9-га жніўня, выбары. Раптам нешта памяняецца. У сераду 12-га ў 10.00 мяне павінны выпусціць.
09.06.2020 г., нядзеля.
Сёння — дзень выбараў. Вельмі мала шансаў, што сёння ці заўтра ўсё можа змяніцца, але ж нейкае кволае спадзяванне варушыцца, а — раптам! Раптам нешта здарыцца? Спадзеў палягае ў стане здароўя Узурпатара, бо вельмі мала надзеі, што ён возьме і саступіць, аддасць уладу. Аддаць уладу для яго раўназначна, — падпісаць сабе смяротны вырак. І дарэмна, што ён так лічыць і зацыкліўся на гэтым. Для Тырана быў цалкам прахадным “ельцынскі” варыянт: “Я устал, я — ухожу” — ну, не зусім так, а да прыкладу “Я хацеў, але ў мяне не атрымалася. Даруйце мне”.
Учора з’ехаў з нашай камеры Пятровіч — вясёлы чалавек, удзельнік неверагодных, амаль містычных гісторый і прыгод. У яго на грудзях былі выбіты морды двух ваўкоў, а на днях у курылцы я заўважыў у яго на левай руцэ каляровае тату, у сярэдзіне якога красавалася лічба 13 — здзівіўся і спытаўся, чаму менавіта 13? Аказваецца, яго дзень нараджэння 13 чэрвеня 1984 года і надпіс пад тату “Моя смерть в моих руках” — прачытаў ён, а я сказаў:
— Я б ячшэ дадаў, і ў Гасподніх.
Не помню, што на гэта адказаў Пятровіч, ці прамаўчаў, ці ўвогуле верыць ён у Бога, ці не. Але падобна да таго, што ўсё ж такі верыць. Вельмі цікавы і цэльны чалавек, менавіта цэльны, упэўнены ў сабе. Я не ўтрымаўся, каб не сказаць, што лічба 13 — самая любімая мая лічба, што яна заўсёды суправаджае мяне па жыцці, у мяне нават кніга ёсць “Трынаццаць дзён з дзённка”, якую яму абавязкова падпішу, калі сустрэнемся на волі.
10.08.2020 г., панядзелак.
Ніхто пакуль не ведае вынікаў галасавання. Большасць схіляецца да таго, што зноў Лу прыпішуць столькі, колькі яму трэба. Адміністрацыя турмы стала занадта злою, з чаго мы рабілі выснову, што раптам Ціханоўская перамагла. Раптам нешта здарыцца і аб’явяць сапраўдныя вынікі выбараў? Так хочацца верыць, што гэты 26-цігадовы кашмар ужо скончыўся. Як бы там ні было, а на волі ўжо ведаюць вынікі выбараў, але менты пакуль нічога не гавораць. Нейкія злыя яны. Засталося пражыць гэты дзень, пераначаваць, аўторак пражыць, пераначаваць і ў сераду ў 10.00 — адпаведна часу, у які складаўся пратакол, канчаюцца мае 10 сутак. І я паеду дадому. Як там мая Найда і Пацешка? Каб толькі ўсё было добра. Страшна ўявіць: раптам мая Пацешка прапала, ці згубілася… Паўбіваю нафіг гэтых мянтоў, што мяне бралі. Знайду і паўбіваю.
Аддалі рэчы. Распісаўся, дзе паказалі. Зноў доўгія падвальныя калідоры. Адмыкаемыя замкі, грукат металічных шчаколдаў і задзьвіжак. Нарэшце — неба над галавою, свежае паветра. Цыгарэта… Лавачка. Дыхаеш вольна, сваобдна. Радасць на сэрцы. Распытаў дзе ЖД-вакзал. Крочу. Зайшоў у краму, купіў цыгарэт і фанты. Іду. Палову шляха амаль прайшоў і ўспомніў, што забыўся і не забраў свае “нарвежскія” бел-чырвона-белыя палкі. Вяртаюся. Тлумачу ў акенца праблему. Супрацоўніца пазваніла. Параіла пачакаць, маўляў, яна мяне пакліча. Праз хвілін дзесяць прынеслі мае палкі. Але забралі прататкол вобшуку, які ў мяне заставаўся на руках. Ну, і бог з ім, з пратаколам. На вуліцы каля турмы шмат народу, шукаюць сваіх родных, перадаюць перадачы. Спрабую знайсці каго-небудзь, хто ад’язджае на Мінск. Але людзі толькі што прыехалі да турмы і невядома калі паедуць. Адна жанчына раптам пазнае мяне. Папрасіў у мужчыны тэлефон, званю жонцы, паведамляю, што на волі. Бацька арыштанта спытаўся, ці ёсць у мяне грошы і працягнуў 10 рублёў за што я быў вельмі ўдзячны, бо ў мяне ў кішэні было толькі тры рублі.
Сабачка чакалал мяне дома. Наступным днём 13 жніўня сустрэўся на кансператыўнай кватэры з рэжысёрам Вольгай Мікалачык, яна запісалал мой зварот да беларусаў, які за кароткі час набраў за сто тысяч праглядаў. На заканчэнне працытую яго тут цалкам:
“Добры дзень! Мяне завуць Анатоль Кудласевіч. Я — беларускі паэт, бард. Некаторыя мяне ведаюць па
Гімну Ціханоўскіх.
Будзь здароў! Беларускі народ.
Уздымай жа Пагоню ў паход!
Гэту хамскую ўлада на падмане і здрадзе
Больш ніколі не будзем цярпець!
Гэты гімн я спяваў сёмага чэрвеня на Камароўцы, за гэты гімн, за іншыя песні патрыятычныя, за вершы мне далі 10 сутак, літаральна ўчора я вярнуўся з адсідкі, на Акрэсціна паўтары сутак адседзеў і на Жодзіна нас этапіравалі.
Што хачу сказаць, людзі? Там на Акрэсціна і на Жодзіна цвет нацыі. Там лепшыя людзі Беларусі. І вось калі мы ў апошнюю ноч начавалі, нас было 24 чалавекі, чалавек шэсць з Барысава было і астатніх давезлі з Мінска. Што хачу сказаць? Паўночы мы смяяліся. Мы расказвалі анекдоты, як каго затрымлівалі, хлопцы поўныя аптымізма. Так, некаторыя пабітыя, збітыя дубінкамі, з сінякамі, з пісягамі, але мы не страцілі веры. Не бойцеся трапіць на Жодзіна ці на Акрэсціна. Бойцеся быць скатамі. Будзьце людзьмі! Там нічога страшнага няма. Так, амон б’е тут, прэсуе жорстка, калі забіраюць, але там больш меньш прыстойныя рамкі захоўваюцца, і тыя ж вертухаі нам і прыпаліць у хату прыносяць, і на прагулку выводзяць, і кормяць там цудоўна. І ніхто нікога не прэсуе. Там не страшна.
Страшна тут у Беларусі! Калі я чуў ужо забітыя ёсць. Калі людзей вадамётамі, калі гранаты кідаюць, калі гумавымі кулямі страляюць… Дакуль будзем цярпець гэта?
І вось учора, калі я на Каменнай горцы быў, і чую крычаць побач: “Жыве Беларусь!” — сігналяць вадзіцелі, падтрымліваюць. І мне так хацелася, яшчэ дахаты не даехаў, так хацелася туды. Але ж думаю, траплю спачатку дахаты, я не ведаю, ці сабачка мая яшчэ дома, мяне ж забралі на сабачым выгуле, я не ведаў 10 сутак, ці жыва мая сабачка. Прыехаў дадому, слава богу, жывая. А сёння, калі я зноў пайшоў у Фрунзенскі суд, забраць рашэнне, бо ўсё гэта абскарджваецца, і выявіў, што суда яшчэ не было, а я ўжо адседзеў 10 сутак. Вось такі нонсенс атрымліваецца. Сістэма дае збой. Сістэма працуе ўхаластую. Ячшэ тыдзень, два, тры пратэстаў, і, дай Бог, каб выйшлі якія-небудзь буйныя прадпрыемствы, як Салігорсккалій, ці Белшына, і ўсё — гэты рэжым лясне! А Лука здохне яшчэ раней. Я ўжо пачаў маліцца, сёння на прыпынку стаю, кажу: “Божа, прыбяры прыдурка! Дай людзям, беларусам, жыць вольна, дыхаць на поўныя грудзі. Нам ужо ён надакучыў. Госпадзе, прыбяры прыдурка! Нам ён не трэба. Будзем жыць вольна. Мы зладзім. І вось калі сёння ехаў і бачыў: жанчыны ў асноўным стаяць у белым, стаяць з кветкамі… І гэта так прыгожа. І ў мяне слёзы пайшлі… Пайшлі слёзы, таму што якія ж мы прыгожыя — беларусы! Які мы годны народ. Мне здаецца, няма болей на зямлі такога высакароднага народа. І Гасподзь вельмі любіць Беларусь! І Гасподзь з намі. І мы пераможам. Верым, можам, пераможам! Любім, можам, пераможам! Жыве Беларусь!!!
Свидетельство о публикации №220082501282