Далакоп

Коцінька, катоська па мянушцы Шайба зусім не хацеў сядзець у Ілоны на каленках. Ён усяляк спрабаваў паказаць свавольства, лёккім рухам кожнай асобнай цягліцы, якую, паступова і няўмольна рухаючыся, кранала Ілончына пяшчотная далонь, столькі разоў лекаваўшая раны і выцягваўшая кляшчэй з гэтай аксамітнай чорнай шкуркі. У патрэбе Шайба ляжыць як мёртвы, даверліва падставіўшы мулю-ваўку дзеля агляду і лекавання. Усе смяюцца, калі ўбачаць такое. Вось няўдзячная скацінка, падумала Ілона, калі Шайба зласліва сыкнуў некалькі разоў, спруцянеўшы і адвярнуўшы галаву, каб не глядзець у вочы. Хвост лупіў і торгаўся, ніжняя губа выразна апусцілася.
– Пайшоў, брыда.
Саскочыўшы з абражанай гаспадыні, каток улёгся на зямлі проста пад арэлямі, з якіх звісалі босыя і брудныя Ілончыны ногі. Ілона нахілілася і ўсё роўна паказытала мурмачцы вушка.
Раптам Шайба ўтаропіўся ў нешта, хуценька падбег, паўзіраўся пільна, потым гідліва чхнуў і адышоўся. Ілона таксама зацікавілася і падышла паглядзець на тое, што шаволькалася ў траве ля кветніку.
Вялізны магільшчык-далакоп куляўся і драпаўся, чапляючыся за тонкую сагнутую травінку. Ілона стрэсла яго на камень, каб паразглядаць уважліва, а раптам жахнулася: тулава жука знізу было ўсё аблепленае нейкімі дробнымі жоўценькімі казуркамі, каторыя вельмі жвава і хуценька бегалі па марудзе і чапляліся за яго, угрызаліся ў яго, штурхаючыся ў спаборніцтве жывою посцілкай. Жук перавярнуўся стракатымі надкрыламі дагары, нібыта саромеючыся сваёй жудаснай кампаніі, а Ілона заўважыла, як некалькі малюпасаў бегаюць проста па галоўцы і вусіках жука, ён спрабаваў адчайна стрэсці іх ножкамі, але куды там. Пакуль ножка дасягала свербу, жоўтая поскудзь ужо даўно лётала і казытала ў іншым месцы. Відавочна было тое, што гэта не былі ягоныя дзеткі.
Ілона падскочыла, як мангуст, і пабегла на веранду шукаць нейкага абутку, ухапіла першае, што папалася і пачала лупцаваць няшчаснага далакопа чорным гумовым тапкам, пакуль той не стаў пляскаты, як пераводка. Між тым ніводзін паразіт пад раздачу не трапіў: жэўжыкі паразбягаліся так хутка, што вока не паспела злавіць, не тое што тапак.
– Чаму ты забіла жука? – здзівіўся Мілька.
– Я не магу трываць, калі на маех вачох нехта аж так нясцерпна пакутуе.
Пазней Ілона прачытала ў сеціве, што кляшчы-паразіты для магільшчыка зусім не шкодныя, харчуюцца разам з носьбітам а нават саграваюць яго ў палёце.
– Да ладна! – абурана мармытнула Ілона. І закрыла манітор.


Рецензии