Сьцёпка

Ёсьцека людзі,якіх я ведаю зь нейкіх недарэчных прычынаў.Быццам каменьні на дарозе,аб якія зьбіваеш нагу,падымаеш,каб адкінуць у адхон,а замест таго кладзеш у кішэнь і нясеш з сабой.
Сьцёпка - акурат такая камянюка на дарозе.Я спатыкнуўся аб яго пад час стварэньня літаратурнага таварыства  "Тутэйшыя".Сьцёпка спрабаваў сябе крышку ў беллітпрозе,а крышку ў маляваньні геаметрычных нефігуратыўных канструкцый.Ці выпілі мы з ім калі хоць па кухлі піва,не прыгадваю.Але паколькі на адным кароткім адрэзку часу мы зь ім належалі да аднэй літаратурнай карпарацыі,я не магу ня ўспомніць пра Сьцёпку,нават калі ён толькі ледніковы глыж на маёй дарозе.
Паколькі ні літаратурай,ні сваім нефігуральным жывапісам Сьцёпка зарабіць на пражыцьцё сям'і ня мог,то і пайшоў наш  тутэйшы таварыш у адну падрэжымную газэту на бюджэце.А ў 2017-м прыйшлося Сьцёпку напісаць ганебны пашквіль пра сваіх землякоў-патрыётаў.Ня ведаю,ці атрымаў Сьцёпка за тую пісаніну ганарар з бюджэту,але ўжо акурат праз год Саюз беларускіх пісьменьнікаў уганараваў яго нейкай літпрэміяй.
Сьцёпка ці то паважае мяне,ці  баіцца,ці проста такі культурны пры патрэбе,але ў кожным разе ён са мной здароўкаецца пад час  выпадковых сустрэчаў.Як чалавек генетычна культурны,я здароўкаюся ў адказ.Камень з кішані я даўно дастаў і далучыў да сваёй калекцыі артэфактаў эпохі Тутэйшых.


Рецензии