Любов и песни

Анатоль Кудласевіч
Любоў і песні
(апавяднне-быль)
“Бусько” – вулічнае мянчо майго першага начальніка пасля войска. Ужо і запамятаваў яго сапраўднае прозвішча, запомнілася толькі імя, ды па бацьку, – Міхаіл Іванавіч. Адпрацаваў я на Альгомельскай ферме пад яго кіраўніцтвам усяго толькі паўгода. Пасля чаго рвануў да сястры ў Іванаўскі раён на свінагадоўчы комплекс “Баравіца”. Невыносна раптам зрабілася сярод блізкіх людзей, якія ведалі мяне з дзяцінства. Даў дзёру з роднага Толмачава, – так, пэўна, уцякалі ад бубоннай чумы ці халеры. А прычынай усяму першае каханне, не каханне нават, а вялікая ўсеабдымная Любоў, якая абудзіла да жыцця і зрабіла паэтам.
Бусько быў загадчыкам фермы ў суседняй вёсцы, што ў чатырох кіламетрах ад маёй. З ім звязана некалькі цікавых гісторый. Вось хоць бы гісторыя пра яго сабачку.
Меў Бусько маленькага кабялька, у радаслоўнай якога было столькі ўсяго намешана, што і Гасподзь Бог не разабраўся б: пікінэсы, таксы, пудзелі, адным словам, – сімпатычны такі кашлацік, сапраўдны двортэр’ер, які хвосцікам бегаў за гаспадаром.
Вось Бусько неяк і пытаецца:
– Толя, а ты мог бы яго паляйчаць? А то як сучку якую ўбачыць, хвост задзярэ пісталетам, не дасі  і рады. Заві – не дазавешся.
– Запраста, Міхаіл Іванавіч!
– Трэба пазбавіць яго гэтых прычындалаў, каб ведаў, што гаспадар – я, а не ўсякая прыблудная сучка.
І надарылася неяк у хаце Міхаіла Іванавіча абедаць. Вось ён і ўспомніў пра сваю просьбу. Я паспрабаваў аднекацца, маўляў, і скальпеля няма, і ёда, і прысыпкі…
– Ёд ёсць. Вось і вата табе, – прынёс з хатняй аптэчкі пухірок з ёдам і белы клок ваты, – адклад не йдзе ў лад. Скальпель? Вось мой сцізорык, гостры як брытва. Заўсёды з сабою на ключах нашу.
Я пакратаў пальцам лязо. Ножык сапраўды гостры, нават куснуўся.
– Трымаць будзеце?
– Канешне. Вунь запіхну ў рукаў фуфайкі і ўсе справы.
Ён узяў на рукі свайго сябра, які яшчэ нічога такога не падазраваў, прыбраў са стала талеркі і шклянкі, зняў з цвіка фуфайку і расклаў яе на стале,  пачаў піхаць у рукаў галавою любімца навакольных сучак. Той, быццам штосьці западозрыў, і пачаў выварочвацца.
Часу на роздум не заставалася. Як толькі Кашлацік быў запіхнуты ў рукаў фуфайкі, і Міхаіл Іванавіч, трымаючы адной рукой галаву сабакі, а другой рассунуў заднія ногі, каб мужчынская годнасць аказалася ў добрым доступе, я ватным тампонам прайшоўся па мяшэчках, пафарбаваўшы іх у руды колер, і заціснуўшы пальцамі, як вучылі, чыкнуў гострым лязом сцізорыка…
Вой! Як ён бедны крычаў, як плакаў… Што я адразу ж даў сабе зарок, што болей ніколі ў жыцці не буду кастрыраваць сабак. Ён так плакаў, так галасіў і скавытаў, так улюлюкваў і скуголіў, што я не здзівіўся б, калі б Кашлацік узмаліўся чалавечым голасам.
Праз тры хвіліны цюцік быў вытрушаны на вуліцы з рукава і задаў стрыкача.
– Зажыве, як на сабацы! – рассмяяўся Міхаіл Іванавіч, – цяпер не будзе бегаць па сучках.
Самае цікавае ў гэтай гісторыі, што пасля жахлівай экзекуцыі, калі Бусько прыходзіў на ферму, а следам за ім бег Кашлацік, то ўбачыўшы мяне, кідаўся ў бок, як ашпараны, і бліжэй чым на метраў пяцьдзесят падбягаць да мяне не асмельваўся, толькі ўсё скавытаў жалобна, або піскліва віскатаў, нават не гаўкаў на мяне.
Мой бацька Аляксей Мікалаевіч быў галоўным заатэхнікам, а гэта значыць, непасрэдным начальнікам над Буськам, а я хадзіў пад яго началам, такая вось многахадовачка, не гаворачы пра тое, што старшынёй аб’яднанага калгаса, які цяпер называўся “Новае жыццё” стаў Коваль Адам Цярэньцьевіч, наш сваяк, які пачынаў працоўную дзейнасць і падпарадкоўваўся раней непасрэдна майму бацьку, быў загадчыкам фермы, ці ўчотчыкам і вучыўся завочна ў Горацкай акадэміі, можа нават разам з Тараканам. Сам ён быў родам з Кароціч і прыйшоў у Толмачаў у прымы да нашай Марусі, стрэдняй сястры майго бацькі, а я да іх, гэта значыць у хату майго прадзеда Івана, яшчэ маленькім на тэлевізар бегаў, дык гэты Коваль, прымак Сцепанцоў, бывала і гаворыць:
– Вывучуся і скіну твайго бацьку. Пойдзе працаваць конюхам, або з вілкамі гной выкідваць.
Такое яго “скіну твайго бацьку” мне няшчотне не падабалася, гатоў быў у морду даць гэтаму марачку, бо ён служыў калісьці на Паўночным флоце і з гонарам насіў цельнік.
Але цяпер ужо ішоў 1983-ці год, сам нядаўна толькі што прыйшоў з войска. Цэлы тыдзень – госці, адведкі, п’янкі… Потым яшчэ тыдзень хадзіў па гасцінных сталах радні, сваякоў і знаёмых. Будучыня вымалёўвалася цьмяна. Нічога канкрэтна не планаваў. Збіраўся быццам бы паступаць у Віцебскі ветэрынарны інстытут на завочнае аддзяленне, а гэта значыць, што цэлае лета магу біць лынды, экзамены здавалі пад самую восень. Але такую маю нявызначанасць вельмі хутка вызначыў бацька какнкрэтнымі пытаннямі:
– Чаго дома сядзіш?
– Я паступаць збіраюся... У Віцебскі ветэрынарны.
– Ага. Там цябе толькі і чакаюць. Што і ведаў, за два гады забыўся. Вунь, у Вабішчэвіча начаваў, дык яго Сяргей сапраўды рыхтуецца, устае ў пяць гадзін і за падручнікі. А ты спіш да апоўдня і гуляеш да пяці раніцы. Ён збіраецца… Нікуды ты не збіраешся, і не збярэшся.
– Магу я нарэшце адпачыць?
–А што ты два гады рабіў?
– Я служыў.
– Можна падумаць адзін ты. Усе служаць. Хутка ўжо месяц як прыйшоў, а ўсё адпачываеш.
Трэба сказць, што бацькавы патрабаванні напружвалі і нават вельмі раздражнялі мяне, як я тады лічыў, цалкам дарослага і самастойнага, падтыкала нават спытацца: “А дзе ты раней быў? Агледзеўся, калі сын ужо дарослым стаў? Я сам як-небудзь разбяруся са сваім жыццём”. Але тут аповяд не пра “бацькоў і дзяцей”, не пра іх адносіны, а менавіта пра “любоў і песні”, якая можа захоўвацца паміж закаханымі і зберагацца праз усё жыццё, але назіраючы збоку такія “любошчы” людзям здаецца, што гэта зусім нешта іншае… Што заўгодна, але ж зусім не любоў і ніякія не такія песні. Хто ведае, што на самай справе ёсць любоў… і якія песні яна спявае. Вось і мне тады здалося… Хоць у народзе заўжды гаварылі “люблю як душу і калачу як грушу” – але хіба можа нешта пачуць юнак у дваццаць гадоў, што там гавораць у народзе?
І зноў жа, што такое Любоў? Маўчаць пісьмёны чалавчечыя, ды і Божыя не шмат гавораць пра гэта, хіба толькі што “тайна сия велика есць”  і яшчэ “страшна как смерть любовь”, і “отвернется сын от отца и матерь своей”. Вось, бадай, і ўсё.
Але як бы там ні было,  тады я ўпершыню і сутыкнуўся з сапраўднай Любоўю, якая і зрабіла з мяне чалавека, і прымусіла ўцякаць на чужыну, ці то ад страху, ці то ад крыўды і расчаравання… Сам не ведаю, ці ад самога сябе.
І бацька напрамую зпрычыніўся да маіх уцёкаў. Нашаптаў нехта яму, ці данёс чыюсці злосную плётку, маўляў, казаў нехта: “Глядзіце, Пінчукоўскі род на звод ідзе… Іван узяў гарбатую, Мікалай узяў малую, Ляксей глухую, а Толя сляпую будзе браць”. Быццам дурная муха ўкусіла бацьку, рогам упёрся, на дыбкі ўстаў: “Хоць цыганку, хоць жыдоўку, толькі не яе…”. Але ж тут не пра маю Любоў гаворка, якая быццам маланкай ударыла, выхапіўшы душу з начное цемры і асвяціўшы мінулае і будучае, а потым абрынула ў прадонне… Выпаўзай, хлопец, калі зможаш. Тут пра Любоў, якую праносяць праз усё жыццё, а яна ўсё то сагравае, то абсмальвае і ніяк не дае спакою душам.
Значыць Буська, мой начальнік неяк і гаворыць: “Мае старыя непадалёк жывуць. Вунь іхняя хатка, чаротам крытая. Заўтра, ці паслязаўтра, калі надарыцца вольны час, схадзі да іх і зрабі прышчэпку кабанчыку ад чумкі, ад рожы, што там яшчэ ідзе ў камплекце?
– Хвароба Аўескі.
– Вось і гэтага Аўескі, будзь ён няладны. Ды глядзі там уваж старых, каб яны не пакрыўдзіліся. Будзь пільным, паназірай за імі. Можа чаму навучышся.
Пасля абеда ў мяне і надарыліся гадзіны чатыры вольнага часу да вячэрняй дойкі. Вось і выправіўся я да буськавых бацькоў. Хатка была зробленая яшчэ да вайны, яе нават не перасыпалі, бо не было цаглянага падмурка, так і стаяла на дубовых штандарах, вокны прарэзаны невысока ад зямлі, так што мінакі міжволі заглядвалі ў хату: а што ж там робіцца? Трэба сказаць што ў саму хатку я нават не заходзіў, застаў дзеда на падворку, корпаўся нешта ў дрывотні. Дзеду было гадоў сто не меней, але хадзіў без кіёчка, праменька так і вельмі шпарка. Быццам лесавічок які. А бабулька, як выявілася пазней, была крыху скасабочаная і абапіралася на кавеньку, рыхтык Баба-Ёжка, але таксам даволі хуткая ў рухах і досыць энергічная.
Толькі я перакінуўся з дзедам некалькімі словамі, што і да чаго, як на падворку з’явілася і яна з ладнай вяроўчынай у адной руцэ, у другой сціскала клюку, на якую абапіралася:
– Гэно ўрач прыйшоў? – удакладніла пісклявым голасам, – Я так і знала, – і сунула дзеду ў руку вяроўку, – бяры! Зноў нічога не падрыхтаваў, казала ж табе!
– Нашчо?
– Яшчэ путаецца…Бяры, чорт стары! Бяры і вешайся, надаеў як горка рэдзька… Хазяін называецца. Мазгаўню ўключы, стары пярдун.
Дзед патрымаў вяроўку ў руках, пакруціў яе, разглядваючы, і перакінуў цераз плячо. Запытальна глянуў на мяне. Я паказаў жэстам рукі, што нічога пакуль не трэба. Тады ён кінуў скрутак на жэрдку плота.
– Навошта кінуў вяроўку? – залямантавала старая, – чаго я сюды яе прынесла. Забяры я сказала і падай чалавеку.
– Ідзі адсюль. Не мешай! Не путайса тут под ногамі. Адыдзі!!!
Чуў я ўжо з хлеўчыка. У загародцы суха, насціл з дошак густа засыпаны апілкамі і саломеннай пацярухай. Яшчэ раз махнуў рукою, маўляў, не патрэбна вяроўка. Дастаў шпрыц, бутэльку з вакцынай, новыя чэшскія голкі ў пластыкавай упакоўцы і пачаў рыхтаваць ін’екцыю для прышчэпкі. Дзядуля з цікавасцю сачыў за маімі рухамі. Тут зноў прыбегла бабулька і з наскоку пачала крычаць на дзеда, што ён да гэтага часу не выцягнуў свінчо на зялёную траву, каб было зручна даваць укол, што ён дурны як валёнак і стары ёлупень. Мне стала крыху няёмка. Дзеду нічога не заставалася, як схапіць вяроўку і выперазаць супружніцу па спіне, яна адскочыла ў бок: “От, чорт рабы!” – і стукнула кавенькай па назе, – дзед толькі войкнуў. А затым: “На табе, на табе!!!” – пачала суваць пад нос старому дулі, скручваючы іх сухімі вузлаватымі і бяскроўнымі пальцамі, якія амаль не гнуліся.
– Рулі-рулі, на тобе чатыры дулі, мне одна, тобе поўна пелена… Поўна пелена… – быццам выспеўвала яна на ўсю вуліцу.
Дзед толькі адмахваўся ад яе, як назолы. Пасля старая знікла ў сенцах, дзверы то адчыняліся, то зачыняліся, і чулася лаянка, мільгалі кулачкі скручаных фігаў, якія прызначаліся мужу.
Тым часам я развёў вакцыну, залез у хлеўчык, ухапіў адной рукой свінчо за вуха, пачасаўшы перад тым, і сцягном прыціснуў яго да сцяны, злаўчыўшыся ўкалоў шпрыц і выпусціў вадкасць. Вылез з хлеўчука і цяпер выціраў апілкамі, што пірамідкай ляжалі на падворку, падэшвы. Нечакана бабулька зноў выскачыла з хаты, цяпер з крыкам, трымаючы ў адной руцэ качаргу:
– Я ж казала, вось табе, – і праехалася качаргою па дзедавай спіне, крутнулася і, накульгваючы, пабегла назад у сенцы.
Дзед скочыў у дрывотню і праз імгненне выскачыў з сякераю ў руках. Дзверы ляснулі перад самым яго носам, з размаху загнаў сякеру ў вушак, смачна сплюнуў.
– Вот змея подколодная, жызні нема от ее, – быццам апраўдваўся перада мною, чужым чалавекам, – заб’ю калі-небудзь.
Я быў агаломшаны, літаральна за паўтары-дзве хвіліны столькі ўсяго адбылося, а што ж здараецца за дзень? Дзед прайшоўся да складзеных у клетку дроў, азірнуўся на вокны хаты, выцягнуў паленца  і дастаў пляшку беленькай. Але я адразу адмовіўся і хутка сыйшоў, каб сапраўды не стаць сведкам забойства.
На другі дзень на ферму заглянуў Бусько.
– Ну, як табе мае старыя? – спытаўся ён, як мне падалося, з хітраватым прыжмурам, – сварацца?
Я паціснуў плячыма, не ведаючы што сказаць: “Вельмі сварацца“.
– О, так! Як маладыя, – засмяяўся ён. – Мне хутка шэсцьдзесят, а я ж самы малодшы, а бацьку ў гэтым годзе 102 гады стукнула. Нас жа сямёра з тае хаткі выйшла, пяцёра засталося.
– А чаму вы іх не забярэце да сябе? – спытаўся нарэшце.
– Хіба ж яны паедуць?! – шчыра здзівіўся ён, здзівіўшы тым самым і мяне. – Я зваў, але яны не хочуць… Не паедуць! – адказаў і задумаўся, дадаўшы напаследак. – У іх жа там любоў і песні.
Я маўчаў. Розныя думкі круціліся ў галаве. І машына ў яго, і матацыкл, і дом з верандай, а бацькоў не можа забраць. Мне б сорамна было, што бацькі жывуць у такой галечы. Я нічога не мог зразумець. Але праз нейкі час не ўтрымаўся.
– Дык яны ж могуць пазабіваць адзін аднаго?
Бусько паглядзеў на мяне, як на сапраўднага вар’ята. Плячыма паціснуў і языком прычмокнуў.
– Ну ты і сказануў… Адкуль жа ў іх сіла, каб пазабіваць? У іх жа дажэ й сінякоў не застаецца. Столькі пражылі разам, столькі дзяцей паднялі і пазабіваць? Нічога ты не поняў, Толя! А я думаў, чому-небудзь навучышса… Іх жа сам Гасподзь беражэ. Это воны так, перад чужымі людзьмі вычвараюцца, баяцца, каб хто шчасце іхняе не ўкраў. А колі одны застаюцца, воркуюць як тые голубкі… Любоў і песні. А ты хоць у хату заходзіў?
– Ды не! Я ўцёк хутчэй.
– То-то я думаю, што бацько злы на цябе… Не прысылай, кажэ,  больш того хлопца... Не хочом его. Трэба було ў хату зайсці, як людзі робяць, там і разобраўся б што до чого. Маці пеўня засекла, квасу наварыла… А ты збег.
Каля сарака гадоў прайшло, праляцела, як тыдзень у час касавіцы. І цяпер толькі пачынаю разумець, што такое Любоў і Песні…
Ну, акурат, як цяпер у мяне з Веранікай… І што так да самае дамавіны, да магільнай ямкі, пакуль смерць не разлучыць нас? Ну, дзякуй Богу за ўсё. Згодны. Любоў і песні.





Рецензии
Вот перечітал текст і столько вопросов и возражений у меня появилось. Глаза разбегаются... Что хочу сказать? Многа чаго, але пакуль прамаучу.

Анатоль Кудласевич   25.12.2021 21:55     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.