Пасма

Мор любіў свае сны. Ён добра навучыўся імі кіраваць і злёгку пераскокваў з аднаго сусвету ў другі — дастаткова было моцна заплюшчыць вочы, каб адкрыць іх ужо ў новым месцы ці нават прачнуцца. Адно яго турбавала: ніколі не атрымлівалася забраць з сабой штосьці ці кагосьці. Тое, што ён трымаў у руках, заўсёды змяняла сваю сутнасць у новым сне. Аднойчы жменя пярлінак зрабілася купкай выдраных зубоў. А выпадак, калі ён паспрабаваў выцягнуць у іншы сон чалавека, каштаваў Мору некалькіх сівых валасоў у барадзе: тады ў яго далоні замест жывых чалавечых пальцаў апынулася адарваная рука лялькі.

Гэты сон быў асаблівы. Мор ішоў па полі, над якім зліваліся начныя нябёсы двух сусветаў. У адным небе была аксамітна-сіняя чарната тэатральнай завесы з пералівістымі кропкамі штучных зорак. На другім замаруджвалі няўрымслівы бег хвалі, запавольваліся шматкі марской пены. А спыняла іх халоднае вока поўні. Хвалі асцярожна абступалі яго, утвараючы павекі вакол белай зрэнкі. Зрэнка адорвала іх за гэта колерам: белым, рудым ці амаль чорным. Яна залівала срэбрам поле ўнізе, самога Мора і зграбную постаць, што нібыта заўсёды стаяла побач.
— Я ніколі не бачыла такой поўні, — зачаравана сказала яна, і ў вачах яе заззялі адразу дзве поўні, а замест неба навокал рассыпаліся чорныя валасы з чырвонымі стужкамі на некалькіх пасмачках.
— Цяпер ужо бачыла, — адказаў Мор і нечакана для самога сябе паклаў руку на тонкае плечка. Яна паслухмяна прыхінулася, паклала галаву яму на грудзі і павярнула твар набок, каб бачыць неба.
Так яны і стаялі ці то хвіліну, ці то некалькі вечнасцяў, углядаючыся ў падвоеныя нябёсы, п'янеючы ад супакою, што лілі адно ў аднаго. Ці то думкамі, ці то словамі яны паспелі зведаць, чым жывуць, аб чым мараць, што іх пужае. Яны нібыта зрабіліся адным суцэльным чалавекам. Мор, са здзіўленнем адчуваючы ў сабе пяшчоту і ўладу адначасова, перабіраў чорныя пасмачкі валасоў — яна жмурылася ад задавальнення.
Раптам яна паклала рукі яму на грудзі і крыху адсунулася ў абдымках, каб падняць галаву і лепей угледзецца ў яго твар:
— Мы заўсёды будзем побач? Заўсёды?
Ён нахіліў галаву і крануў яе вусны сваімі:
— Заўсёды. Абяцаю.
І моцна заплюшчыў вочы, як рабіў заўсёды, калі штосьці абяцаў.

Калі ён падняў павекі, наперадзе была толькі белая нежывая столь, а ў далоні ляжала чорная пасмачка, перахопленая чырвонай стужкай. Новы сон быў невыносна доўгі і нудны. І ніяк не атрымлівалася пераскочыць з яго назусім — кожны раз даводзілася вяртацца. Праз некалькі дзясяткаў бескарысных спроб Мор зразумеў, што гэта і ёсць яго рэчаіснасць. Толькі пасмачка валасоў у нагруднай кішэні крыху хістала гэтае разуменне.
На шчасце, сны аб рэальнасці таксама аднойчы заканчваюцца. Ён доўга чакаў, напісаў шмат кніжак, абагрэў сотні сэрцаў, але сам грэўся толькі ўспамінам — і час надышоў. Яму было ўсё горш. Калі боль рабіўся невыносным, ён вяртаўся да свайго скарбу — пасмы чорных бліскучых валасоў, перахопленых чырвонай стужкай. Аднойчы падчас асабліва моцнага прыступу болю ён пачуў той самы голас і заўважыў побач з ложкам дзве празрыстыя постаці:
— Ведаеш, мне сёння прытрызніўся адзін чалавек. Высокі, поўны спакою, улады і пяшчоты. Усмешлівы і такі разумны. За гэты кароткі сон я паспела пакахаць яго. Нават зараз мне здаецца, што ён гэтак жа ласкава перабірае мае валасы, — Мор прыціснуў кулак з пасмай да сэрца, — што мая галава дагэтуль ляжыць у яго на грудзях...
— Не забывайся, што гэта толькі выбрыкі розуму. Трэба жыць сапраўдным, даражэнькая, — адказала ёй сталая жанчына, адпускаючы ў неба толькі што звязанага пруткамі голуба.
— Але ж ты можаш рабіць нежывыя ніткі сапраўднай птушкай! Дык куды знікаюць тыя, хто нам сніўся, нават калі ажылі яны толькі ў сне? Ён не можа не існаваць пасля гэтай ночы, гэтай поўні! О, каб я магла забраць яго адтуль, куды ён сышоў! Каб толькі ізноў дакрануцца!
Яна ў роспачы тузанула сябе за валасы. Мор адчуў халодны апёк у далоні і раскрыў яе. Чорная пасмачка пачала набрыняць белым ільдзяным святлом. Апошнім, што ўбачыў Мор, была халодная і вострая як лязо ўспышка.

Калі санітарка прыбіралася ў палаце пасля вывазу цела, з-пад ложка на швабры выехала пасма валасоў.
— Фу, брыдота якая! — узлавалася жанчына. Асцярожна дзвума кіпцюрыкамі яна падхапіла пасму за край чырвонай стужкі і ўкінула ў сметніцу.

01.10.2020


Рецензии