Радыё

Аблокі пены разыходзіліся перад белай скурай, агаляючы чорную вадкасць. Тая была ледзьве цёплай, каб Кола пабрала сваю цыклічнасць! Хутка зусім ільдзяная будзе. Ізноў. Лунна апусцілася ў басейн і расплюшчыла вока. 
Пена налілася матавай каляровасцю і паслухмяна адкрыла акенца на паверхні. Белая зрэнка абыякава слізганула па вадзе, на хвіліну затрымалася на дзвюх рыбках, што зачаравана глядзелі наверх, і схавалася пад павекам. Паверхню ізноў зацягнула.
Лунна адчувала, як з яе цела сыходзіць моц. Частку забірала дно і яго расліны, частку — жывыя істоты, шмат паглынала ўласная цяжкасць сусвету. Зрэдку адчуваўся лёгкі дотык захаплення — і моц маленечкай кропляй вярталася праз ахвяру. Апошнім часам ахвярай быў не попельны смурод спаленых істот і нават не бяздумныя звароты, зачытаныя з паперкі. Цяпер моц вярталі ўласныя стварэнні бязмозглых рыбак. На дзіва, пад яе поглядам яны пісалі вершы, спявалі песні,  даравалі ёй танцы і абдымкі.
Але часцей на яе не звярталі увагі. Жэрлі моц і спяшаліся далей па сваіх рыбіных справах.
Лунна працягнула руку і ўзяла з борціка прыладу, што стварыў для яе сябра-дэміург. «Гэта дапаможа табе адпачыць, — казаў Геф, аддаючы ёй скрыначку. — Выцягвае іх музыку ў наша вымярэнне. Можа, цікавей будзе іх пасвіць пасля такога знаёмства. Тут змяшаныя розныя часы, мясцовасці і настроі, я дазволіў сабе крыху пагуляцца з хаосам. Будзеш смяяцца, але я нават назву не прыдумляў, у іх ужо ёсць нешта падобнае — клічуць радыё».
Яна асцярожна прыладзіла падарунак на выцягнутым чэрапе. На ракавіны вушэй леглі дынамікі. Лунна ўпэўнілася, што радыё не дакранецца да вадкасці («Моц для выцягвання дадзеных забойная. Калі вымярэнні сутыкнуцца, будзе такі разрад, што табе і не снілася. Слухай у вольны час, да басейна не бяры!»)  і паклала галаву на борцік.
Доўгі час нічога не адбывалася, толькі белы шум патрэскваў у галаве. Нарэшце, праз яго пачаў прабівацца абыякавы голас, які нібыта чытаў верш:

Я бачу правады, я чакаю надыходу цяпла.
Мне часам падаецца, што я са шкла і ты са шкла.
Часта мне падаецца штосьці яшчэ —
Мне сніцца попел.

І існаванне выбухнула хаосам гукаў і адчаю. Лунна зачаравана слухала, амаль нічога не разумеючы, але ўся яе сутнасць пазнавала і прымала гэты боль існавання. «Няўжо і яны гэтак жывуць? Такія прымітыўныя, а гэтаксама...»
Яна падняла галаву і ўгледзелася ў акенца сярод баранчыкаў пены. Дзве рыбінкі, прыціснуўшыся адна да адной, па-ранейшаму зачаравана глядзелі на яе. Ад іх цягнулася кволая срэбная стужка — вярталася моц, перапрацаваная іх захапленнем і яднаннем. Голас крычаў:

Нагадай мне ўсміхнуцца, калі ты бачыш мяне!
Мне сніцца попел!

Лунна слухала розныя песні, хуткія і павольныя, чыстае глупства і нейкім цудам намацаныя ісціны. Геф хлусіў, рабілася зусім не лягчэй і не цікавей. Рабілася балюча. У гэтых нікчэмных рыбак было больш волі, чым у яе, істоты, поўнай жыватворнай магутнасці.  Яны дазвалялі сабе дурэць і плакаць, уцякаць ад лёсу і ламаць усё навокал. Яны ўвесь час чагосьці шукалі, слепа тыкаючыся ў вадкасць сусвету. І імкнуліся, імкнуліся так, што некаторыя з іх былі больш падобныя на голае трымценне вектара, чым на грубы камяк матэрыі.
Лунне зрабілася страшна. Яна карміла сваёй сутнасцю цэлыя сусветы, але ўнутры гэтай сутнасці заўсёды была пустэча. Пустэча, якую высвятлялі іх песні.
Чарговы голас на чарговай мове надрываўся:

І я гляджу ў дула сорак пятага,
Плывучы скрозь попел іншага жыцця.
Няма прычын прымаць шляхі апошніх змен,
Гледзячы ў дула сорак пятага!

Здаецца, ён меў на ўвазе зброю. Гэтыя дурныя ўвесь час забівалі адно аднаго, а шмат хто пазбаўляў жыцця і сябе. Навошта? Ці яны не разумеюць, што гэта нічога не выправіць? Кожны з іх застанецца ў існаванні — толькі ў нейкім новым стане, у новым месцы клятага Кола. Нават яе моц не дазваляе з яго вырвацца — толькі асцярожна падымацца вышэй ці зваліцца ўніз, да гэткага ж неразумнага існавання.
Зваліцца ўніз.
Лунна доўга слізгала позіркам па чорным басейне. Там нараджаліся і паміралі, вытваралі наймярзотнейшае і стваралі найпрыгажэйшае. Там адчувалі ўнутры сябе такую ж пустэчу. Але не цягнуліся бязвольна наперад, нічога ўжо не чакаючы, а ахвяравалі сябе цалкам, ахвяравалі і — яна раптам убачыла гэта — вырываліся! Рэдкія адзінкі, кароткія ўспышкі ў агромністым для іх сусвеце не з'яўляліся ў Коле зноў. Ні вышэй, ні ніжэй яна іх не знаходзіла.
У вушах ціха гучала музыка без слоў. Маленечкія барабанчыкі стракаталі, як жывыя насякомыя. Прыемнае гудзенне заліло яе цалкам. Лунна дачакалася канца мелодыі, знала з галавы прыладу Гефа і паклала яе сабе на грудзі — грудзі, залітыя вадкасцю іншага вымярэння.

— Мор, мне страшна, — сказала каханая. — Поўня сёння нейкая не такая.
Яны стаялі пад падвоенымі нябёсамі, моцна прыціснуўшыся адзін да аднаго, зусім як у той першы раз. Мор правёў далонню па чорных валасах з чырвонымі стужкамі і перапытаў:
— А якая?
— Яна і раней глядзела абыякава, але зараз... зараз яна нібыта нежывая.
— І што з таго? Нават калі б поўня магла памерці, нам усё роўна б давялося рухацца далей. Існаваць тут, дзе нас паставіў лёс, ці там, куды б ён нас закінуў. Я і сам памёр, але ж ты мяне сюды выцягнула.
— Вось ізноў ты так! Цяпер я хачу прыціснуцца да цябе яшчэ мацней, а гэта немагчыма! —  яна дурасліва павазілася ў яго абдымках і ізноў паглядзела на мёртвае белае вока поўні. — А можа, толькі што дзесьці нарадзілася дзяўчынка з чароўным ззяннем у вачах. І яна будзе больш шчаслівай, чым была бы поўня на небе...
— Больш ці менш, гэта не так важна. Яна будзе шукаць свой вектар — і можа быць, нават знойдзе. А я знайшоў для цябе цудоўную радыёхвалю. А ну, падстаўляй вушка! Зараз туды паліюцца лепшыя мелодыі сусвету.

02.10.2020


Рецензии