Маскарад

— Бач, у спіну як палку ўставілі!
— Гэтай больш не наліваць...
— Лінка, ты чаго? Што за «я помню»?
Белавалосая дзяўчына падняла павекі, і істоты навокал мімаволі адхіснуліся. Агромністыя зрэнкі ненатуральна ззялі, калі яна абыякава пераводзіла погляд з аднаго на другога, павольна паварочваючы шыю з высока паднятай галавой.
— Ліна, ты нас бачыш?
— Так. Бачу, — адказала дзяўчына новым далёкім голасам. Яна рабіла вялікія паўзы паміж словамі, быццам мова зрабілася ёй чужой. — Я павінна вас пакінуць. У мяне мала часу. Бывайце, рыбкі.
Яна павольна паднялася і пайшла прэч. Спыніць яе ніхто не асмеліўся.
Ліна не заўважыла як выйшла за межы горада. Гэта было зусім не важна. Калі яна ішла ўздоўж воднага канала, побач апынулася пара. Мужчына і жанчына трымалі адно аднаго ў абдымках і спакойна глядзелі на яе. Навокал гучна стракаталі конікі — падобна было, што мужчына кіруе іх музыкай з дапамогай ледзьве заўважных рухаў рукі. Жанчына з чырвонымі стужкамі ў чорных валасах уважліва паглядзела на госцю, крыху адсунулася ад мужчыны і  спытала:
— Прабачце, маё пытанне можа прагучаць дзіўна. Але... Вы прачнуліся?
Ліна... Лунна перавяла вочы на яе і апусціла павекі ў знак згоды:
— Я пазнаю вас, рыбкі. Дзякуй за моц.
— Радыя вітаць вас тут. Дзякуй за натхненне. Ужо вырашылі, што будзеце рабіць?
— Я маю толькі мэту. Вектар. Адсюль можна пакінуць Кола.
— Зычым поспеху! Але гэта справа не аднаго дня. Гэта справа жыцця.
— Тут жыццё такое кароткае, што розніцы няшмат.
— А вы ўпэўненыя, што гэтая маска — апошняя?
Лунна перавяла позірк на ўласную далонь і зразумела, што трымае ў ёй маску з тварам і белай касой Ліны. Яна паднесла руку да ўласнага твару і зразумела, што гэтыя двое бачаць яе як ёсць: з адным белым вокам і доўгім голым чэрапам.
— Чаму ты пытаешся?
— Мы шукаем таго ж доўгі час. І даведаліся, што пакінуць Кола можна толькі без масак. Стужкі ў маіх валасах калісьці ўтрымлівалі нашы з Морам маскі. Тыя, што мы ўжо здолелі зняць. Зараз вы апранулі новую чалавечую маску і ізноў знялі яе. Але ці апошняя яна? Кола здыме кожную, калі вы пакінеце цела. Кола адкрые вашу існасць і паглыне ўсё, што належыць яму.
Перад Луннай паўстаў бясконцы цыкл пошукаў і расчараванняў, радасцяў і пакут. Яна не першы раз стаяла тут з той жа мэтай. І кожны раз кожная яна дагэтуль памылялася. Пад  маскай заўсёды знаходзілася яшчэ адна, а сапраўднага твару ўсё не было. Новае кола пакут ужо ашчэрыла пастку каб паглынуць яе, бо гэтая маска была — пакутай. Бясконцы адчай захлынуў яе сутнасць і заплёскаўся ў белай зрэнцы вока. На плечы леглі дзве рукі, цяжкая мужчынская і лёгкая жаночая.
— Трымайцеся, вы ўсе. Далей будзе горш, — сказаў падвоены голас. — Але ў вас цэлае чалавечае жыццё каб вырашыць ураўненне.

06.10.2020


Рецензии