Кидок

— Твая чарга.
— Дзякуй.
— За што?
— Што больш не кажаце мне "вы". Я і так памятаю.
Ліна патрэсла косці і зрабіла кідок. Жанчына з чырвонымі стужкамі ў валасах схілілася над сталом:
— Доўгая хвароба і непрыгожая смерць.
Ліна паціснула плячыма, адкінула белую касу за спіну і перасунула фішку на чорную клетку.
Жанчына ізноў узяла косці і пераклала іх у вялікую далонь мужчыны побач. Той крыху затрымаў яе руку, прыжмурыў вочы ад задавальнення і зрабіў кідок з заплюшчанымі вачамі.
— Страта ўсіх сродкаў для жыцця. Смерць на вуліцы ад голаду і холаду, — зачытала Ліна.
Двое насупраць сціснулі абдымкі яшчэ мацней. «І як гэта ў іх кожны раз атрымліваецца?» — звыкла здзівілася дзяўчына. Мужчына паклаў руку жанчыны на фішку і пасунуў яе наперад, на чырвоную клетку.
— Прарыў блізка, — напружана сказала Ліна.
— Кідай.
Косці гучна бразнулі аб стол. На гэты раз да іх прыгледзеўся мужчына:
— Слаўная смерць. Нараджэнне ў целе ўвасаблення поўні. Доўгае бесклапотнае жыццё, мірны зыход.
Ліна апусціла павекі на некалькі доўгіх імгненняў. Расплюшчыла вочы і панесла фішку да прарыва на полі. Там не было клетак, толькі цемра невядомасці. Раптам мужчына адхінуў яе руку далей, на белую клетку, з якой кола пачыналася нанова:
— Штрафны бал.
У адказ на адчайны погляд дзяўчыны ён дакрануўся да яе другой рукі і раскрыў  далонь. На ледзьве ружовай скуры ярка гарэлі чырвоныя драпіны ад пазногцяў.
— Вы кідайце, — сказала Ліна і адвярнулася, але працягнула сачыць краем вока.
Вялікая рука і тонкая, што ляжала на ёй, адным прыгожым рухам зрабілі кідок. Ліна прыгледзелася і сказала:
— Несправядлівы арышт. Смерць паасобку ў мужчынскай і жаночай турмах. Нараджэнне і доўгае мірнае жыццё ў розных сусветах. Два штрафных.
На шчацэ жанчыны ляжала празрыстая кропля. На пракушаных вуснах мужчыны выступіла яшчэ адна — чырвоная. Парная фішка мінула чорны квадрат, пранеслася над прарывам і паўстала на белай клетцы побач з фішкай Ліны.
— Кола ізноў перамагло, — падагульніў мужчына. — Але цяпер мы ведаем больш. Твой жах пакут, схаваных у вечным вяртанні. Наш жах знешняга расстання, якога ў сутнасці не можа быць, бо мы ёсць адно.
— Чарга найлепш прыклееных масак, — занадта спакойна сказала жанчына. —  Аддзіраць будзем са скурай.
Ліна зразумела, што не можа гаварыць і прымусіла сябе расслабіць сківіцы:
— То да новай гульні?
— Да новай гульні.

08.10.2020


Рецензии