Браня

— Вось як да святла цягнуцца трэба! — казаў Мор, праводзячы промнем ліхтарыка па аксаміце неба. У белай паласе з піскам мільгала чорная плямка кажана, лёгка выскокваючы з-пад абстрэлу бліскучых дажджынак і жоўтага лісця. Майя са смехам павісла на вольнай руцэ мужчыны, аж скокнулі ў паветра пасмачкі чорных валасоў, перавязаныя чырвонымі стужкамі.
Ліна запіхала рукі як мага глыбей у кішэні. Надвінутая на вочы шапка, заматаны да тых жа вачэй шалік і капюшон для замацавання канструкцыі — твару было амаль не відаць. Нарэшце, з-пад капюшона даляцеў абураны голас:
— Ну і як цягнуцца, калі цела ўвесь час абмяжоўвае свядомасць? Целу холадна, целу мокра, яму справы няма да Кола з яго выбрыкамі. Я нават калі поўняй была, толькі і рабіла, што злавала на халодную вільгаць вашага сусвету, а цела ў мяне куды больш дасканалае было.
Мор выключыў ліхтарык і ўважліва паглядзеў пад капюшон. Ліна ведала, што яе вачэй не відаць, але ўсё адно адчула, што гэты позірк працінае наскрозь. Майя з цікавасцю назірала за маўклівай дуэллю. Мор запытліва зірнуў на яе, і жанчына праз хвіліну няўпэўненасці схіліла галаву.
— Думаеш, без цела было б лягчэй? — нарэшце запытаў ён.
— А што тут думаць! — узбурылася Ліна. Толькі глядзіце, як мяне гэтыя голад і холад са шляху скідваюць. А без цела толькі голыя думкі, адкрыцці, вырашэнні! Ды я б за хвіліну больш дабілася, чым за гэтых два жыцця!
— Ну, як скажаш. Майя, любая, у цябе пляшачка далёка?
Жанчына пакапалася ў заплечніку і перадала яму маленькую бутэлечку. Да яе быў прывязаны ярлычок з выведзеным ад рукі надпісам «Выпі мяне». Перахапіўшы погляд Ліны, Мор патлумачыў:
— Гэта з іншага сусвету, дзе я жыў раней. Цытата з улюбёнай кніжкі. Не ўтрымаўся, — і ён раптоўна ўсміхнуўся зусім па-дзіцячаму. Але хутка ўзяў сябе ў рукі і сказаў:
— Хадзі сюды, на лаўку. Тут суха, яна пад елкай.
Ліна села і недаверліва паглядзела на бутэлечку. Мор адкруціў корак — да яго была прымацаваная піпетка.
— У цябе будзе адна кропля. Адна хвіліна, — сказаў ён. — Адкрый рот, закрый вочы.
Майя за яго спіной ціха пырснула смяшком. Відаць, гэта таксама быў жарт з іншага сусвету. Ліна звыкла адсачыла першае варушэнне жаху і прагнала яго. Кропля трапіла на язык, той адразу анямеў. Дзяўчына заплюшчыла вочы.

— Ліна, мы тут. Ліначка, дарагая, ты вярнулася, усё добра. Усё добра, чуеш?
Ліна зразумела, што з усяе сілы сціскае руку Майі. У такой беласкурай абавязкова будуць сінякі. У такога цела.
— Цела...
— Так. Разумееш цяпер, навошта яно? — запытаў Мор. — Што ты зрабіла за адну хвіліну, пакуль ваша сувязь нават не парвалася, а толькі саслабела?
— Я... Пражыла сотні жыццяў. Нарабіла бясконцасць памылак. Загнала сябе ў кола пакут. Я — пакута. Я — ...
— Хопіць. Зараз ты канчаткова вернешся пад абмежаванні цела, і яно абароніць цябе ад  яснасці і хуткасці думак. Браня для нясталай свядомасці. Без яе гэтая хвіліна была б адзінай формай існавання.
Ліна здрыганулася. Мор усміхнуўся і пацікавіўся:
— Ну, што сама думаеш пра цела?
— Як добра, што яно ёсць...
— А пра абмежаванне свядомасці?
— Воля для творчасці.
— Ну вось, зусім іншая справа. Лепей адзін раз паказаць, праўда?
— Не смешна, — усхліпнула Ліна, хаваючы твар на грудзях у Майі. Тая доўга гладзіла дзяўчыну па спіне і прыгаворвала: «Ну, нічога, нічога. Ні-чо-га».

14.10.2020


Рецензии