Чорны анёл

Чорны анёл

Чорны анёл сядзеў на тэлевізійнай вежы , на Камуністычнай, і снедаў. Добрую каву гатуюць у Караваі, на Захарава.І эклеры там найсмачнейшыя.

Час ад часу прыслухоўваўся да старога жалеззя вежы.

Гудзе старая, і ўсё на адзіны лад.

Чорны анёл паспрабаваў пакалываць вежу крэпкім азадкам. Але вежа не варухнулася.

Добра будавалі колісь, пачухаў бок Чорны анёл і паглядзеў уніз.

Унізе варушыўся нейкі натоўп.

Бегалі нейкія незразумелыя людцы. Адныя ў чорнай вопратцы лупілі і хапалі людцаў у каляровым адзеньні з крывава-белымі сцягамі.

Нейдзе, там-сям  бухалі падузрывы і чуліся стрэлы.

Ізноў не да міру, калі вжэ гэныя людцы добрыя задаволяцца жыццём.

Чорны анёл раскінуў нябачныя крылы і ў імгненне вока апынуўся на стэле, на ордэну Перамогі.

Унізе чорные людцы з віскам і крыкам цягнулі маладых дзяўчат у шэрыя машыны.

Нешта тут незразумелае адбываецца, а як жа намесьнікі пана Бога на зямлі , куды глядзяць?

Трэба паназіраць што адбываецца не звонку , а ў сярэдзіне.

Чорны анёл прыняў рашэнне і адразу апыніўся ў аўтазаку.

Пад целамі маладых дзяўчат і хлопцаў. На яго палілася цёплая кроў і цёплая мача. Чорны анёл ў момант зрабіўся прыгожым юнаком. І закрычаў, людцы, што вы робіце , апамятайцеся!!!

Навошта вы гэта робіце?!

Але зьверху лупілі дубінкамі. Хрусьцелі косткі, нехта енчыў, зваў пана Бога на дапамогу. Нехта крыкнуў, Божа, навошта маці нарадзілі гэных д'яблаў?!?!

Маўчыце, падла, сукі, усіх зьнішым. І дзяцей мець не будзеце.

Чорны анёл атрымаў дубінай па сківіцы, у бок, пачуў як хрумснула ключыца, потым другая.

Потым нейкі нечалавечы голас дадаў: глядзіце, ці нейкая варона, ці кажан завітаў да нас ,з крыламі! Бэтман! Гэта ж сапраўдны Бэтман!!!

І чорныя ў масках, зарагаталі.

Чорнага анёла выцягнулі з аўтазаку нейдзе ў чорным лесе.

Упяцёх доўга білі яго, нерухомага, нагамі. Па нагах, па галаве. Потым удзьвох ускочылі яму на спіну і пачалі што моц скакаць і крычаць у чорнае неба: вось табе, вось табе твая свабода! Вось табе твая годнасьць! Вось табе твае крылы!

Ранкам , старая бабуля, шукаючы грыбоў, знайшла на пагорку , ля шашы, прывязанага да сасны ні то чалавека, ні то анёла. Сьсівелага анёла. З сівыма крыламі.

Алеж , хіба бываюць сівые анелы?

Бабця прыкрыла вочы анелу і пасунулася далей, у гушчар.

Якія ж тут анёлы, на Беларусі...


Рецензии
Вельмі кранула... ёсць над чым падумаць! Дзякуй за Ваша майстэрства!З павагай і найлепшымі пажадангямі,

Людмила Мищенко   08.12.2020 03:02     Заявить о нарушении
Дзякую , шаноўная.

Ёхан Леверда   08.12.2020 04:01   Заявить о нарушении