У далёкую эпоху - навобмацак

Стварэнне якаснага мастацкага твора на любую тэму патрабуе значных высілкаў, асабліва ад пісьменнікаў-пачаткоўцаў. Калі ж асноўнае дзеянне разгортваецца на фоне гістарычных падзей, задача ўскладняецца: аўтар вымушаны не толькі выбудаваць цікавы і лагічны сюжэт, але і прасачыць, каб ён не выклікаў пытанняў у гісторыкаў.

З чым прыйдзецца сутыкнуцца пісьменніку, які выбраў для сваіх герояў іншую эпоху, аддаленую ад нас у часе? Чаму на пэўным этапе веданне матчасткі павінна адступіць на другі (ці нават трэці) план? Якія сродкі скарыстаць, каб чытач змог дакрануцца да тых часоў амаль што ў прамым сэнсе? Якім чынам тое, што захапляе/злуе вас ва ўласным жыцці, можа дапамагчы раскрыць асобу галоўнага героя? Паспрабуем разабрацца разам.


ПУНКТ 1 (базавы). Матчастка – наша ўсё.

Зразумела, каб апісаць іншую эпоху, трэба мець уяўленне аб тагачасных рэаліях, а значыць – аб матэрыяльнай частцы справы. Аўтару належыць арыентавацца як мінімум у тым, што адбываецца ў межах яго задумы: груба кажучы, ведаць, у што герояў апрануць, куды пасяліць і якую ежу прапанаваць.

Паколькі машыну часу не вынайшлі, застаецца весці даследаванні традыцыйным метадам – вывучаючы ўсе дасяжныя крыніцы, у тым ліку мастацкія творы, фільмы, Інтэрнэт-рэсурсы і наогул усё, што можа змяшчаць інфармацыю. Ёсць пабочная рэакцыя: з цягам часу выпрацоўваецца ўмоўны рэфлекс на любое згадванне адпаведнай тэмы. (Я павінна папярэдзіць, што гэта безнадзейна і незваротна. Але калі не надаць увагі гэтаму этапу, можа атрымацца, што героі праходзяць у школе прадмет, які насамрэч пакуль не ўведзены ў праграму, або тэлефануюць адзін аднаму яшчэ да вынаходніцтва тэлеграфа.)

Паглядзець на час знутры дазваляе, напрыклад, мемуарная літаратура: там можна знайсці такія факты, якія не сустрэнеш нідзе. Сведкі падзей бачылі ўсё на свае вочы! Але ў мемуараў ёсць недахоп: аўтары могуць не асвятляць пытанні, якія цікавяць вас найбольш (хоць бы і бытавыя). Проста таму, што для тых часоў усё гэта было будзённа і не патрабавала тлумачэння.

Карысна разглядваць карціны/фатаграфіі (у залежнасці ад таго, наколькі аддалена ад нашых дзён мінулае, якое вас цікавіць), наведваць тэматычныя выставы і фестывалі... Усё гэта дапамагае ўбачыць эпоху з розных ракурсаў, сабраць яе, нібы пазл. Намацаць тую самую атмасферу. Асноўная складанасць заключаецца ў тым, што ў некаторых крыніцах прыйдзецца вылоўліваць недакладнасці, мастацкі вымысел або свядомую падмену фактаў, інакш усё гэта прабярэцца і ў ваш тэкст. Трэба памятаць пра пэўную адказнасць: якім вы пакажаце перыяд, такім ён і застанецца ва ўяўленні чытача.

На гэтым этапе самы час задаць сабе пытанне: «А ці настолькі мне гэта трэба?» – і, можа быць, пайсці рэалізоўваць ідэю ў дэкарацыях сучаснасці. Калі ж першы пункт не палохае, у мяне ёсць іншыя.


ПУНКТ 2 (нечаканы). Матчастка – усё. Але адчуванні важней!

Пасля таго як эпоха стане больш зразумелай і з’явіцца магчымасць распрацаваць праўдападобныя сцэны, давядзецца асмеліцца на рашучы крок. Пра матчастку трэба будзе... забыць. І скіраваць увагу на тое, што для твора куды больш істотна, – характары герояў. Як бы ні прасілася ў тэкст знойдзеная інфармацыя, як бы ні хацелася максімальна прадэманстраваць новыя веды, усё гэта варта прытрымліваць. І згадваць выключна там, дзе без фактаў насамрэч не абысціся. Калі б ваш праект з’яўляўся спецыялізаваным даведнікам, то выкладваць іх было б можна і нават трэба, але размова ідзе пра мастацкі твор. А ў ім галоўнае – асобы. Матчастка толькі дапамагае стварыць фон, на якім яны дзейнічаюць. Гэта інструмент, які можна скарыстаць, каб намаляваць карціну, але ствараецца яна не дзеля інструмента. Па гэтай прычыне аб’ём інфармацыі, якая выдаецца на старонках кнігі, трэба ўважліва адфільтроўваць, тым больш што гэта адзін са спосабаў пазбегнуць гістарычных ляпаў: няма ўпэўненасці ў звестках – не ўзнімай пытанне зусім.

А яшчэ добра б падумаць і пра чытачоў. Самых звычайных чытачоў, якія не гарталі разам з вамі даследчыя матэрыялы і не бачылі ніводнага фільма на адпаведную тэму. А хутчэй за ўсё, пераважная большасць іх якраз не будзе гісторыкамі па прафесіі або інтарэсах (а калі вашы намеры дастаткова сур’ёзныя, то вы зацікаўлены ў тым, каб колькасць аматараў павялічылася). Можа быць, у кніжку ўвогуле зазірнуць толькі таму, што на вокладцы прысутнічае коцік ці сабачка. У такім выпадку наўрад ці варта чакаць пахвалы за тое, наколькі скрупулёзна вывераны баявыя дзеянні. Але можна, напрыклад, пачуць, які ж твор вясёлы і (вось здорава!) пра каханне. І няхай кожны аўтар сам для сябе вырашыць, каторы з гэтых водгукаў больш прыемны.

Вы можаце спытаць: «Нашто ж тады шукаць інфармацыю, разбірацца ў асаблівасцях нейкага дрымучага часу, калі чытач, па сутнасці, будзе сачыць толькі за героямі?» Вось адказ: каб адчуваць сябе ў тэксце вольна. Каб не баяцца, што любое слова можа быць ужыта не да месца, а любое дзеянне персанажаў – аказацца некарэктным з пункту гледжання гісторыі. Акрамя таго, веданне матчасткі дазваляе прыцягнуць увагу за кошт іншых сродкаў. Менавіта для гэтага бывае карысна схадзіць на рэканструкцыю патрэбнай эпохі. Узважыць у руках узноўленую дзіду пячорнага чалавека, шпагу, вінтоўку. Пасядзець верхам на кані або ў кабіне самалёта. Які матэрыял навобмацак: цёплы ці халодны, гладкі ці шурпаты? Чым навокал пахне, наколькі гучна фыркае ўсё той жа конь? Ці смачная каша з паходнага кацялка?.. Усё гэта – дэталькі, якія робяць тэкст адчувальным, і чытанне кнігі становіцца падобным на наведванне 5D-кінатэатра. Гэта таго варта – набрацца сапраўдных уражанняў. Хоць аднойчы. Тады будзе чым падзяліцца з чытачом – і ён таксама атрымае часцінку той атмасферы. (Між іншым, працуе гэта з любымі творамі.)

А расказаць пра пэўныя факты ўсё ж рэальна – калі прадумана размеркаваць іх па тэксце, падаць паступова. Сам таго не падазраючы, чытач наведае экскурсію па часе, хаця будзе ўсяго толькі назіраць за персанажамі.


ПУНКТ 3 (найважнейшы). Яны – гэта мы.

Цікавасць да твора трымаецца менавіта на тых, каму суджана ад пачатку да канца кнігі трапляць у авантуры, ствараць непаразуменні, сустракаць і/ці губляць каханне ўсяго жыцця. Гэта персанажы. І спачуваць ім мы можам толькі ў адным выпадку – калі яны хоць у нечым падобныя да нас. У творах мы несвядома шукаем пачуцці і эмоцыі, якія калісьці адчулі або марылі адчуць, а значыць, шукаем саміх сябе. А калі знаходзім – праглынаем кнігу за лічаныя гадзіны, таму што блізка, знаёма. Пра нас.

Чалавечы характар – вось што яднае творы пра ўсе часы. Пачуцці і эмоцыі – вось што застаецца нязменным. І чым мацней пачуццё, тым больш яскрава атрымліваецца яго апісаць, таму і раяць будаваць творы на аснове таго, што трывожыць, натхняе, сароміць, даводзіць да шаленства самога аўтара. Калі перажыванні такія натуральныя, чытачу складаней іх абмінуць. Таму і адсутнасць неабходнага жыццёвага вопыту не перашкаджае ўзяцца за спецыфічную тэму: часта можна правесці паралель з аналагічным, але больш простым, сваім выпадкам. «Не абавязкова страціць дзіця! Можна страціць ляльку» («Як пісаць кнігі», Алена Хаецкая). Калі характары персанажаў цалкам рэалістычныя, а праблемы – агульныя для ўсіх эпох, дык ці ёсць прынцыповая розніца, у якім годзе адбываецца дзеянне?..


Трэба сказаць, пералічаныя пункты зусім не з’яўляюцца абавязковымі. Можна мэтанакіравана напісаць твор насуперак кожнаму з іх, а можна, напрыклад, спачатку напісаць твор, а потым адправіцца грунтоўна вывучаць эпоху (так аднойчы зрабіла я, і якраз таму стаў магчымым гэты тэкст...). Многія, вельмі многія творы бяруць пачатак з таго, што мы на імгненне задумваемся: «А што, калі б я проста для смеху...» Калі ў наяўнасці фантастычна бязглуздая і абсалютна невыканальная ідэя, чаму б не паспрабаваць – хаця б для таго, каб потым прапанаваць уласныя пункты?

Спрабаваць – галоўнае. Спрабаваць – і любіць сваіх герояў. І першае, і другое справядліва для любога твора, якой бы тэматыкі ён ні быў. Калі вельмі хочацца, каб героі пажылі самым сапраўдным жыццём, вынік можа аказацца вартым усіх складанасцей.


10–15.01.2020

Значонак, Д. У далёкую эпоху – навобмацак, або Як напісаць твор гістарычнай тэматыкі / Д. Значонак // Маладосць. – 2020. – № 4. – С. 70–72.


Рецензии