Кручаны дзень
Хоць і блаславёны, але сапраўды нейкі кручаны дзень. Заўважаю памылкі, нахаду выпраўляю іх. Учора і сёння раніцай адказаў на ліст Сяргея Ціханоўскага, атрымалася ажно 10 старонак. Звычайна было на шэсць, а тут “Астапа панясло”. Заклеіў канверт і выправіўся ў паліклінніку, каб нарэшце забраць свае аналізы. Там усе ўрачы перахварэлі кавідам, і медыцынскія сёстры, усе новыя і ніхто не ведае дзе мае аналізы прапалі. Троэцці раз сёння заходжу, а там, як заўсёды процьма народу. Нарэшце дабіўся-такі, — пазванілі медсястры, якая вяла маю справу і рыхтавала дакументы, і яна сказала ім дзе ляжаць мае аналізы. Бо ў панядзелак мне з гэтымі аналізамі ехаць у іншае месца, бо паўтары месяцы таму не ўсе аналізы былі, вось завярнулі адтуль. Думаю, слава Богу, што нарэшце знайшлі.
Пайшоў на пошту, каб адправіць пісьмо Ціханоўскаму. Сяджу, чакаю чаргі. І раптам засумняваўся, ці ўклаў у канверт яшчэ адзін канверт з падпісаным зваротным адрасам? Ускрываю. Сумненні падцвердзіліся, канверт-то я ўклаў, але ж той самы, у якім было пісьмо ад Ціханоўскага, з заштэмпленымі, патушанымі паштовымі маркамі. Добра, што прыхапіў з сабою яшчэ адзін канверт, памяняў. Заклеіў. Аддаю ў акенца: “Адпраўце першым класам”.
Яна усё паглядзела і не патрабуе даплаты. Звычайна, даплачваеш 78 капеек.
- Нічога болей плаціць не трэба? – здзіўлена пытаюся.
- Дык у вас жа тут марка на рубель.
Я ўсміхаюся. Так, я наклейваю марку “Крыж Еўфрасінні Полацкай” коштам у 1рубель, але ж марка 1992 года выпуска, як мне сказалі, амаль што першая паштовая марка пасля незалежнасці.
Тут яна схамянулася: “А якога года марка?”
- Там жа напісана, 1992-га.
- О, тады яна не годная.
- А чаму? Я ж у вас купляў яе, намінал рубель. І вы сказалі, што нічога даплачваць не трэба.
- Дык вы будзеце даплачваць ці не? — пачала раздражняцца яна.
Здаўся і даплаціў. Хаця аднойчы, гадоў надцаць таму, цэлы скандал учыніў на пошце, калі вярнуліся мае пісьмы з прычыны таго, што маркі старыя. Доўга тады даказваў ім, што калі па наміналу маркі падыходзцяць, то як яны могуць састарыцца. Я ж у іх на пошце і купляў тыя маркі, а не на планеце Венера. Даплаціў 78 капеек. Яна пачала клеіць маркі. І заклеіла ўвесь “Крыж”
- Што вы нарабілі?! — абурыўся я, — Гэта ж Крыж Еўфрасінні Полацкай, а вы яго заклеілі, ён жа загавораны. Вось мы, беларусы, таму і маем цяпер тое, што маем. Глядзіце, маліцеся, каб вам Гасподзь што-небудзь не заклеіў. Я спецыяльна наклейваю гэтую марку, а вы заклейваеце.
Паштарка спрабуе адрываць новыя маркі, але я махнуў рукою, маўляў, не трэба, а то ўвесь канверт разарвёце.
Прыйшоў дахаты, а ў паштовай скрынцы чакае пісьмо, якое пасылаў з тыдзень таму Паўлу Сеувярынцу. Аказваецца, — цэнзура не прапусціла, там алоўкам і напісана “не прошло цензуру”. Першы раз з такою паметкаю пісьмо вярнулася. Звычайна, проста не даходзяць, можа ляцяць у сметніцу, а можа, калі чалавек вызваляецца, то яму аддаюць. Я не ведаю. Ведаю, што аднойчы Ціханоўскаму аддалі толькі іконку і пусты канверт, а “шэсць старонак не аддалі”, сказалі, болей не было нічога.
Як бы там не было, хоць і кручаны дзень, але ўсё ж такі — нейкі і блаславены. Вось зараз яшчэ і за кніжкамі маімі прыедуць, каб давесці ў Баранавічы на юбілей чалавеку. Так што будзем жыць. Бо, — Жыве Беларусь!
Свидетельство о публикации №220112001170