Чорны лес бел
Бацька яго служыў у лiсоўчыках пад началам Палкоўніка Аляксандра Лісоўскага. Атрымаўшы парану ў бітве каля Мядзведжага броду, вярнуўся дадому ў маёнтак непадалёк ад Ізяслава. Справы ў яго ішлі не вельмі добра, і нагу прыйшлося адрэзаць. Ня пражыўшы пасля і году, шляхціч памёр, пакінуўшы ўдаву з трыма дзецьмі на міласэрнасць Бога.
Без гаспадара маёнтак хутка прыйшоў у заняпад, і да таго часу, як дзеці падраслі, дзяліць ужо няма было чаго. Старэйшы брат Міхала атрымаў у спадчыну маёнтак з абавязкам прыглядаць за маці, сястра выйшла замуж, атрымаўшы ў пасаг тыя нешматлікія грошы, што ў іх былі адкладзеныя. Малодшы з дзяцей ўдавы, Міхал, пайшоў кіраўніком маёнтку да багатага суседа.
За справу ён узяўся з ахвотай: аглядаў поля, прызначаў сялянам працу і правяраў выкананне. Неяк на Сёмухі прызначыў пакасіць лугавіну на краі Чорнага лесу, а праверыць усё не было часу. Апамятаўся, калі пастухі пагналі дадому кароў.
- Эх, - махнуў рукой Міхал, - да заходу час яшчэ ёсць. Гляну адным вокам і адразу назад. Дарогу ведаю, не заблукаю.
Сеў на каня і паехаў да Чорнага леса. Рознае казалi мужыкі пра гэты лес. Адны казалі, што бачылі там лесуна ў асяроддзі звяроў, іншыя сустракалі ваўкалакаў, былі яны буйней і хутчэй звычайных ваўкоў, трэція казалі пра русалак. У мужыцкія байкі Міхал не верыў, але заставацца на ноч у цёмным, змрочным лесе зусім не хацелася.
Лугавіну мужыкі пакасiлi, і за дзень сена нават паспела павянуць. Кіраўнік ўважліва ўсё агледзеў, ці не засталося агрэхаў. Прайшоў уздоўж ляснога ўзлеску і ўжо, было, павярнуў дадому, калі раптам пачуў у лесе смех і дзявочыя галасы.
Зацікавiўшысь, шляхціч прывязаў каня да бліжэйшага дубочка ды і зайшоў у лес. Спачатку нічога ня было відаць і некаторы час Міхал ішоў, пятляючы, вузенькай заячай сцежкай. Пасля iзноў пачуў смех і галасы. Справа, зусім побач. Рассунуў рукой кусты ляшчыны, як бачыць, на паляне русалкі мільгаюць. Самі нячэсаныя, бледныя, без адзення. Дзве ходзяць па паляне і лекавыя зёлкi збіраюць. Дзве іншыя на галінах сядзяць, доўгія светлыя валасы расчёсывают. Тая, што на галіне ніжэй, раптам як зірне ў вочы Міхалу і кажа:
- Хадзі на арэлi, шляхціч, будзем калыхацца.
А сама рукой вабіць яго, так ласкава, алеж настойліва, нібы бычка на вяроўцы цягне. Міхал і не заўважыў, як ногі прывялі яго да русалкі.
- Сядай побач, - паказала рукой дзяўчына.
Шляхціч прысеў на галіну і падняў вочы на гаёўку. Яна адвяла ў бок руку з касцяным грэбенем, нібы запрашаючы палюбавацца. Глянуў Міхал ў зялёныя вочы і згубіўся.
- Ну што ж ты? - усміхнулася дзяўчына. - Калыхай мяне, калi прыйшоў.
Як у тумане, падняўся ён і пачаў гойдаць галіну з русалкай.
- Яшчэ! - крычала дзяўчына. - Яшчэ!
І ўсё вышэй, вышэй ўзляталі яе тонкія шчыкалаткі, ўсё ніжэй, ніжэй падала сэрца шляхціча.
- Хопiць! - крыкнула гаёўка і саскочыла на зямлю прама перад ім. Пахіснулася, спрабуючы ўтрымаць раўнавагу, і раптам абвіла рукамі яго за шыю. Зялёныя вочы русалцы, здавалася, прапальвалi яго наскрозь.
- Але ж не смей чапаць маё сэрца, - прамовіла дзяўчына, - калі не хочаш там застацца...
Яна адпусціла рукі і засмяялася, адскочыла, закружыла ў радасным танцы. Следам за ёй, таксама смяючыся, русалкі адна за адной далучыліся да сяброўкі. Сабраліся ў карагод, пратанчылi некалькі разоў перад шляхцічам і прапалі ў прыцемках.
Добры час стаяў Міхаіл у нейкім здзіўленні, пасля страсянуў галавой, праганяючы чары, і пайшоў у цемры да прывязанага каня.
Два дні пасля сустрэчы з русалкамі хадзіў шляхціч сам не свой і не знаходзіў сабе месца. Нарэшце вырашыў зноў наведацца да гаёвак.
Дзесьці на сярэдзіне дарогі ён стаў падганяць каня. Думка пра тое, што можна спазніцца і з-за гэтага не пабачыць яго русалку, здавалася невыноснай.
Чорны лес сустрэў Міхала маўчаннем. Прывязваючы каня, ён падумаў, што трэба будзе даслаць мужыкоў, каб прыбраць сена. Вось нават заўтра з раніцы.
Прайшоў у лес. Тут было ціха. Дзённая спякота толькі пачала сыходзіць, і ні русалак, ні птушак ня было чуваць. Не ведаючы, дзе шукаць, Міхал адправіўся ўглыб лесу. Выйшаў на паляну, дзе бачыў гаёвак ў мінулы раз. Вось і бяроза, на якой сядзелі дзяўчаты. З сумам шляхціч дакрануўся да той галіны, дзе сядзела русалка. Пастаяў трохі, потым злёгку пагойдаў галіну і зноў падумаў пра ўзлятаючыя шчыкалаткі. Куды цяпер?
У разважаннях пайшоў у той бок, куды ў мінулы раз збеглi гаёўкi. Цягнуўся наўздагад, пакуль не прыкмеціў ля маленькай лужыны адбітак дзявочай ступні. Працягваў шлях, больш спадзяваючыся на слых і інтуіцыю, чым на зрок.
Праз некалькі хвілін ён заўважыў сцежку, а пасля зноў пачуў смех і дзявочыя галасы. Узрадаваны, рушыў наперад. Сцяжынка вывела Міхала да ляснога возера. Русалкі плёскаліся ў вадзе, зусім не звяртаючы ўвагу на наваколле.
Схаваўшыся за дрэва на беразе, шляхціч ва ўсе вочы глядзеў і ня мог наглядзецца на граючых дзяўчат. Ён стаяў, ня заўважаючы, што сонца ўжо пачало садзіцца, і па вадзе пабеглі доўгія цені. Ён бы так і далей стаяў, як раптам нешта моцна пхнула яго ў спіну. Ён пахіснуўся і зваліўся ў возера. Прама ў адзенні. Нібы сам лес сціснуўся ў спружыну і, расціскаючыся, выштурхнуў Міхала на паказ.
З віскам русалкі кінуліся ў розныя бакі, пасля абярнуліся.
- Глядзі, Наўка, гэта ж твой шляхціч. Прыйшоў такі...
Са смехам дзяўчыны кінуліся назад да хлопца, закруцілі, пачалi плёскацца вадой, у восемь рук здымаць з яго вопратку.
- Навошта ж ты вопратку не зняў? - усміхаючыся, запытала Наўка і на імгненне прыціснулася вуснамі да яго вуснаў.
Тут жа адскочыла і следам за ёй кінуліся ўрассыпную русалкі.
- Лаві нас, лаві ... - загучалі з усіх бакоў дзявочыя галасы.
Кінуўся шляхціч ў адзін бок, у другі, і не заўважыў, як надышла ноч. Што было далей, нікому не ведама.
Маўлялі толькі, што раніцай адправіў памешчык мужыкоў шукаць кіраўніка. Шукалі яны, шукалі, увесь лес абыйшлі, возера неводом прачасалі, ды так яго і не знайшлі. Згінуў недзе, знік у русалачых гульнях...
- Ну, пайшоў!.. - фурман лёгенька сцебануў павадамі стомленага каня. Трохі памаўчаў, задумаўшыся, пасля дадаў: - Ужо так яны на хлопцаў ласыя, проста рады няма, калі адзін...
Свидетельство о публикации №220122301022