Сустрэча на беларуска-литоускай мяжы

СУСТРЭЧА НА БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКАЙ МЯЖЫ
апавяданьне
І ўжо зусім неверагодна нефантастычнае.
У адзін вядомы нам дзень у якім-небудзь тым самым Каменным Логу на літоўскім баку граніцы зьбіраецца некалькі тысяч беларускіх уцекачоў,што атрымалі прытулкі ў краінах заходняй і цэнтральнай Еўропы.Яны суправаджаюць сваіх лідэраў у выгнаньні,якія вяртаюцца ў Беларусь.
На другім – беларускім – баку мяжы названых лідэраў чакаюць сотні тысяч Беларусаў і дзесяткі тысяч прыватных аўто і таксі,маршрутак,вялікіх і малых  аўтобусаў,грузавікоў і трактароў.Усе дарогі на пад’езьдзе да Каменнага Логу запоўненыя машынамі і людзьмі.Паперадзе калоны,пад самай мяжою стаяць шматтоныя ракетныя цягачы  таго самага МЗКТ,цяжкая тэхніка Менскага трактарнага і новыя  “расчышчальнікі барыкад” з Менскага аўтазу.Зусім нядаўна яны пракладалі дарогу для прыватных аўто,раскідваючы па ўзбочынах ментаўскія палівалкі ды іншыя сьпецмашынкі амону,якімі шлемагаловыя спрабавалі блакаваць генеральную трасу ў бок беларуска-літоўскай мяжы.
У небе баражыравалі армейскія гелікоптэры і апараты МНС.Галоўнага верталётчыка ў беларускім небе не назіралася.Армія РБ у падзеі ня ўмешвалася,хаця і была прыведзена ў поўную баявую гатоўнасць.Халасты пралёт над шматкіламетровай цывільнай калёнай тактычных зьнішчальнікаў з нулявым боекамплектам умяшальніцтвам у разборкі народа з рэжымам лічыць ня будзем.
Некалькі амонаўскіх рот, кінутых на блакаваньне народнага руху да беларуска-літоўскай мяжы,у выніку рашучай контратакі паўстанцкіх дружын аховы самі аказаліся заблакаваныя шчыльнымі народнымі масамі,узятыя ў палон і раззброеныя.Палонных ніхто ня біў,- іх проста запакавалі ў іхныя ж аўтазакі.Афіцэраў і некалькіх персанажаў у цывільным закрылі ў асобны віп-аўтазак,пакінуўшы на некаторых разгрузкі – каб адчулі напоўніцу ўвесь  “кайф” стаяньня плячо да пляча ў наглуха закрытым жалезным склепе на колах.
Дарога была пад завязку запакаваная  прыватным транспартам ужо на пару дзесяткаў кіламетраў,а людзі працягвалі пад’язджаць, выходзілі з сваіх машын,і,зьліваючыся,нібы ртутныя шарыкі,у таварыскія групы,уздымалі бела-чырвона-белыя сьцягі і крочылі па вясеньнім цаліку ў бок мяжы.Акіян народу рухаўся вялізнай жывой хваляй насустрач сваім лідэрам.
Час ад часу  можна было пачуць:
“-Брест здесь?”
“-Здесь!”
“-Гродня тут?”
“-Тут!”
“Мугулёў,пара?”
І тысячы беларускіх глотак натхнёна раўлі ў адказ:”-Парррааааа!”
Відэаздымкі з дронаў дасылалі ў прыёмныя блокі мабільных аператараў проста фантастычныя кадры,праглядаючы якія, перацінала дыханьне й з вачэй самахоць ліліся сьлёзы.
Нехта ў нашай групе раптам выгукнуў,быццам  знайшоў даўнюю прапажу:”Рэвалюцыя 5G!”Але яму тут жа запярэчылі:”Ды не!Проста мы дарабляем тое,што не пасьпеў  Каліноўскі.”
Тым часам акіянічная хваля сотняў тысяч беларускіх людзей шчыльнела,праз шарэнгі й калёны пракацілася вестка,што хутка мяжа і трэба рыхтавацца да адпору атакі з тылу.Хто ў самым хвасьце – згрупавацца ў дружыны аховы.Трымацца адзін аднаго,адным ртутным шарыкам,які нельга заліць назад у варожы аб’ём.
З галавы калоны вярнуліся дружыны са зброяй,захопленай у час контратакі.Пад’ехалі аўтазакі з палоннымі.Імправізаваная рада дружын аховы зьвязалася з камбатам сьпецназу ўнутраных войскаў і выставіла ўмовы:не выконваць ніякіх загадаў узурпатара і неадкладна вярнуцца ў казармы;у іншым выпадку захопленыя ў палон супрацоўнікі падраздзяленьня омон будуць выстаўленыя ў якасьці жывога шчыта,на што народны марш супраціву дае дабро.Ультыматум падмацавалі адпаведным відэа,у якім засаплівелы ад шоку паланеньня і  пярцовага газу ў  вочы палкоўнік амону з голай галавой і чырвоным тварам,стоячы на каленях перад маладымі хлапцамі ахоўных дружын,прасіў,заліваючыся сьлязьмі:”Товарищ Главнокомандующий!Остановите всё и улетайте!Иначе война!Здесь вся Беларусь!А я хочу вернуться к семье!..”.

                х            х            х
Зьмяркалася.Калёна народнага маршу разварочвалася ў адваротным кірунку некалькі гадзін,павольна рухаючыся ў бок сталіцы.Аднавілася мабільная сувязь,і стала вядома,што армейскі сьпецназ бярэ пад кантроль аэрадромы і раззбройвае службу бясьпекі ўзурпатара.Штаб арміі абвясьціў,што ўзброеныя сілы застаюцца вернымі Канстытуцыі 1994 году і дзеля папярэджаньня анархі,хаосу і дэзарганізацыі  бярэ на сябе кантроль сілавых і кіруючых службаў у дзяржаве.Аддадзены загад на максімальнае ўзмацненьне ўсяго перыметру беларускай мяжы,асабліва яго расейскага ўчастку.Памежныя войскі поўнасьцю пад кантролем арміі,вайсковая разьведка арыштавала ўсё кіраўніцтва КДБ.Паднятыя па трывозе танкавыя батальёны пад Барысавам і артылерыйскія дывізіёны Віцебска і Магілёва.Пад асаблівы кантроль да асобнага распараджэньня ўзятыя два вайсковыя аб’екты РФ,якія часова знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.Аддадзены загад на ваеннае патруляваньне важных камунікацыяў у сталіцы,абласных гарадах і атамнай станцыі пад Астраўцом.Ваеннае становішча і каменданцкая гадзіна ня ўводзяцца,аднак любыя спробы марадзёрства будуць спыняцца сілай зброі…
Тым часам зусім сьцямнела,і неба над народным маршам успыхнула мільёнамі зьнічак,сярод якіх сотні  касьмічных спадарожнікаў пільна сачылі,як тысячы металічных апаратаў з уключанымі фарамі бліжняга сьвятла павольна і няўхільна рухаюцца да сваёй мэты – сталіцы паўсталай Рэспублікі.Там і толькі там павінна была завяршыцца сустрэча на беларуска-літоўскай мяжы.

4 сьнежня 2021г.,Буда,Нарвегія


Рецензии