Улюблёнцы лёсу
Калі мне було 25 год, я прыехаў на вёску. Да цёткі Полі, роднае маёй цётачцы. У жніўні. Амаль пад першае верасня. У той час неяк шчэ зьбіралася радня. То бульбу капаць, то з Расеі ўнукі, з Украіны панаедуць сала на ражне смажыць.
Сустракаліся. Радніліся.
І нешта мне закарцела ў лес схадзіць. Да валоў, ля Городца. На Канаву. Мо якіх грыбоў падняць. Я ж , з дзяцінства, там кожны дуб, граб, бярозу ведаў, дзе шо расьце. Дзе грыб, дзе краснюк, дзе бабка праз мох пракінецца.
А казлякоў зусім мы не бралі. Казлякі - справа старых. Яны сто гатункаў казлякоў ведаюць. А мы іх пакуль нагамі зьбіваем. Бо смаку не ведаем. Смак , ён з узростам прыходзіць.
Тутака лясы. Умежак. Канава. Азярышча. Бярэзнік. Городзец дубовы.
Дзялянка, дзе ад дубоў волатаў толькі пні па два-тры мэтры у дыяметры засталіся. І далей. На Палессе. Куды малым адным нельга хадзіць. І Чорны лес. Чорны. Там. Цягне цябе. А грыбоў тамака - процьма. І недалёка. Толькі крок зрабі. Чорны лес абдыме цябе. Толькі грэблю перайсці. І адразу Чорны лес. А каму чорны лёс.
І ніколі я не хадзіў туды ў дзяцінстве. Адзіны раз , з хроснай маці, цёткай Марусяй. На краёчак зайшлі. Бо вельмі мне карцела. Праглядзець .
Цётка ведала ўсе мясцовыя забабоны.
Як зайдзеш далёка у Чорны лес - назад не вернешся. Лёс такі. Чорны. Мы па ўскрайку прайшлі. 50 мэтраў. А грыбоў набралі кашалі.
Досыць, кажа хросная. Чорны лес вабіць. Досыць.
Ніколі не хадзіў.
У 25 год пайшоў. З пляменніцай. І заблукалі. Толькі позна надвячоркам выйшлі. Збянтэжаныя. Брудныя. Па грэблях туды-сюды блукалі. Стаміліся. Жахліва. Нейдзе воўк воўкнуў.
А на самой справе, ад вёскі - тры кілометры.
Чорт не даваў выйсьці.
Сапраўды!
Оля Колі Пятрова, малая васьмі год і я.
Грыбнікі. Бечанскія.
Пайшлі на Канаву. Потым на Гарадзец.
Потым за лінію , і далей, у Чорны лёс.
І заблукалі.
Я всравса. Ад жаху. І непаразумення. Як тут можна заблукаць. Тут . Усе блізка. Але неба і кроны і дрыгва такой не маюць думкі. Цягнуць улева. Управа. Узад. Уперад.
Толькі крумкачэ ў небе - гар, ды кар.
Сонейка схавалася. І грыбы тыя не патрэбны. Пакідалі мы кошыкі.
Палессе.
Сваіх і любіць і чубіць.
Пан Бог выратаваў.
Больш я ў той лес не хадзіў.
Улюблёнцы лёсу мы.
Адпусьціў нас Чорны лес на таго раза.
Сёння таго Чорнага лесу мо і німашака.
Летам паеду на Палессе. З Кумам.
Пойдом , побачым.
Бо нешта вельмі грыбоў захацелася.
Свидетельство о публикации №221020601808