Раздзел 11. 30-07-2024
Самалёт гайдануўся, і Ліда паспешліва перахапіла ручку кіравання. Не знайшла лепшага часу для ўспамінаў! Знішчальнік яна што трэба: вядучага згубіла, заблудзілася ў трох хвоях, сплыла ў староннія думкі, а цяпер гатовая са страху аддаць канцы...
Так, адставіць псіхоз! Давайце яшчэ раз. Што з арыенцірамі? Рэчка не перапаўзе вужакай у суседні квадрат, а лясы не перабягуць, як статак авечак, і не саб’юцца ў купку іншай формы. Уся гэтая блытаніна толькі ад нечаканасці. Удых, выдых...
Урэшце, сама рвалася на вышыню. Што, ваярка, адбой?
Сабраўшыся, Ліда ўзіралася ў зямлю настойлівей, супастаўляла яе з тым, што ведала. І ледзь не крыкнула ў голас, калі зачапілася позіркам за петлепадобны выгін ракі. Вось жа яно! Тут выгін, а там – нітачка дарогі, якая падзяляе лясны масіў напалам, як прабор – прычасаную Сцешыну галаву. Арыенціры ўсталі на месцы, уяўная карцінка налажылася на рэальную, і холад адхлынуў ад сэрца, а замест яго накаціла хваля слабасці.
Цяпер ясна, куды ісці. Усё-ўсё ясна!
– Бяроза, што за выкруты? Чаму вяртаецеся паасобку? – грымнуў, здаецца, унутры галавы пазнавальны голас камандзіра палка. – Дзе загадаеш шукаць твае клятыя парэшткі?! Бяроза, адкажы Ветразю!
– Я Бяроза. На падыходзе... – сіпла азвалася яна, соўгаючы па сцягне вольнай “крэйдавай” далонню, каб да скуры вярнулася адчувальнасць. На разгорнуты даклад яе не хапіла. Нават тое, што Круглы скарыстаў яе пазыўны, не здалося надта страшным: пачуць г э т ы голас яна не баялася.
Варта было выйсці да знаёмых мясцін, як усё стала простым і зразумелым – сачы, каб дарога заставалася над кончыкам правай плоскасці, і “лавачкін” сам прынясе цябе ў полк. Наколькі трэба запанікаваць, каб згубіцца вось тут? Даўбешка неўтаймаваная, от бы вытрымкі, увагі – нічога больш! Імпэт у абцугі – і ўсё, можна горы варочаць!
Яна старанна загаворвала сабе зубы, бо ўяўленне падсоўвала варыянты развязкі – адзін горшы за другі. А ад іх спакайней адмахвацца на падлёце, як ад камароў вільготным вечарам. Пакуль не прысмакталіся і не пачалі цягнуць кроў. Гэтак з’едзеш з глузду раней, чым на даляглядзе абазначацца вершалінкі аэрадромных бяроз...
На гэты раз пра гладкую пасадку можна было і не марыць. Знерваваная Ліда прадказальна не зладзіла з сабою, і “лавачкін” малаэлегантна грукнуўся коламі аб паласу. У гора-лётчыцы ажно зорачкі ў вачах заскакалі.
– Усё адно да аднаго! – прастагнала яна і на хаду адсунула ліхтар, каб вецер разбавіў душнае паветра кабіны і астудзіў шчокі.
Адшукаць Слаўкаву стаянку з нязвычкі аказалася не так проста. Калі б не абедзенныя сталы і не Васёк, які размашыста, як вятрак, падаваў Лідзе сігналы, блукаць бы ёй нават на траўцы ўласнага аэрадрома. Але хацелася ёй развярнуцца і гнаць прэч, прэч... Як мага далей ад постаці, якая прыспешана крочыла ў тым жа кірунку, прытрымліваючы фуражку на вятры. Не каржакаватая постаць Круглага, не сухарлявая, ссутуленая – Глеба. Ох, лепш бы праўда з Глебам сысціся! Можа, ён дзе-небудзь тут, паспее раскатаць Ліду блінцом, перш чым яе перахопіць законны вядучы?..
Самалёт прытармазіў на належным месцы, і выцвілая гімнасцёрка састарэлага ўзору спынілася, не дайшоўшы метраў пяць. Падстава для спешкі знікла пасля беглага позірку ў кабіну.
– Лейтэнант Жук, што за затрымка? – рэзка спытаў Дубоўка, перакрыўшы строкат вінта. – Гэта такая новая завядзёнка – кідаць старшага ў паветры і дурыць?
– Адарвалася, страціла арыенціроўку, шукала характэрныя аб’екты, – скорагаворкай выдала Ліда, баючыся глядзець куды-небудзь акрамя прыбораў. Пальцы таропка праходзіліся па рычагах і тумблерах, каб праца з тэхнікай была завершана па інструкцыях. Усё-ткі самалёт не вінаваты...
Матор заклапочана мармытнуў і ўціх, лопасці застылі, нібыта ў няёмкасці. Па прыкладзе гаспадара, Слаўкі, саромеліся пакідаць шалапутную таварышку выкручвацца самастойна.
– Адарвалася?! Арыенціроўку страціла?
У Ліды паспелі толькі пужліва ўздрыгнуць вусны – Дубоўка адным пагражальна-імклівым рухам заскочыў на левую плоскасць.
Адхіснуцца б... Якая малая кабіна!..
– А ці адпускаў я ў паветра? Адпускаў, пытаюся?! Забарона камандзіра – хіханькі, так? Хочаш – слухайся, хочаш – зрабі па-свойму?
Фразы абрынуліся на Ліду і хвастанулі па твары. Яна зніякавела, пальцы да знямення ўпіліся ў борт. Колькі ёй давялося слухаць адно размеранае ракатанне матора пад акампанемент радыёэфіру! Любыя зямныя гукі цяпер падаваліся звонкімі да вастрыні, а што да крыку... Гэтая гучнасць, гэтая рэзкасць паралізавалі яе.
– Чаму я павінен шукаць свайго лётчыка па ўсім аэрадроме? Чаму пра вылет дазналася кіраўніцтва – але не я? – чаканіў словы Дубоўка, які злавесна ўзвышаўся над ёю і аберуч упіраўся ў пераплёт адкрытай кабіны. У голасе і вачах – бязлітасная сталь. Ані дакору, стомы, раўнадушша – сталь і гнеў, якія ўрэшце прарваліся на волю. – Чаму рашэнні прымаюцца самастойна? Чаму ні халеры не ўзгоднена з камандзірам? Гэта воінская часць ці школка для самаўпэўненых прахвостак?! Мала таго што мела нахабства сесці ў чужы самалёт, вылецець на чужое заданне... Яшчэ і моўчкі – усё моўчкі, крадком! Учынак, варты непаўналеткі! Што замінала далажыць хоць па радыё? Полк жа ні сном ні духам, што з ёй стала!..
“А ён... ці не спалохаўся”, – аўтаматычна, аддаленай часткай свядомасці асэнсавала Ліда. Наўрад ці ад адной лютасці яго рука самкнулася б на ўскрайку ліхтара так, што косткі пабялелі. Здаецца, калі Круглы выклікаў Ліду па аэрадромнай рацыі, адказала яна мала ўцямнага... Ды на паласу плюхнулася зайздросна, нічога не скажаш, хаця промахаў у гэтым пытанні сабе звычайна не дазваляла. Дубоўку можна зразумець: пасля такіх пасадак перш за ўсё выглядваеш кулявыя дзіркі ў фюзеляжы.
– Нішто ёй не зробіцца, дурасліўцы гэтай! – з агідай выплюнулі справа. Ускудлачаны Глеб раздражнёна дыміў папяросай, на гімнасцёрцы ў яго цямнелі мокрыя палосы ад лямак. – Пародыя на вайскоўца! Карыкатура! У тым жаночым авіяпалку што, усе настолькі бескарысныя?
– А мог ты за ёй прыгледзець? Мог? – напусціўся на яго Дубоўка з не ўласцівай яму прыдзірлівасцю. – Быццам першы раз вылятаеш з няўмелым! Няўжо і табе прачысціць мазгі наконт узаемадзеяння ў пары?
Глеб, які акурат зацягнуўся глыбей, зняважана закашляўся.
– Яна адарвалася на першым жа развароце! – злосна прахрыпеў ён. – Што мне трэ было зрабіць? Вярнуцца і пачакаць, пакуль абвыкнецца?
– Хаця б не выпускаць з-пад увагі, замест таго каб слепа кідацца на варожы самалёт!
– Ага, так ён мне і дазволіў! Прыціснуў жа, паскуднік! – Глеб шпурнуў папяросу пад ногі і з сілай утаптаў у пыл. – Тут бы ўзяцца парай, і чорта з два ён сышоў бы! А з гэтай каго лавіць? Стракоз? На зямлі корчыць з сябе прафесуру, а саму па злётанасці ганяць і ганяць! І па веданні раёна заадно!
Пакуль старшыя перакідваліся цераз Ліду лаянкай, яна сядзела ў кабіне цішком, але ад абурэння язык у яе развязаўся.
– Я ж папярэдзіла цябе, ёлуп! Я зноў, зноў заўважыла “месер” першая! І чорта з два ты гаўкаў бы зараз, калі б...
– Не перакручваць! – жорстка абсек яе Дубоўка. Яна ад нечаканасці выпрастала спіну, як у страі. – Пачнем з таго, што сарвацца ў баявы вылет замест іншага чалавека – само па сабе злачынства. Без дазволу ды пасля прачуханкі за падобны выпадак! Ведаеш жа, што за невыкананне загаду – пад трыбунал?
Ліда, забыўшыся, памкнулася ўскочыць, але прывязныя рамяні не пусцілі, утрымалі на сядзенні. Яна тузанула замок і пачала выблытвацца з усяго, што ціснула, скоўвала... Ну як выдраць сабе хоць нейкую волю?!
– Выбрыкі не могуць бясконца сыходзіць з рук, – усё тым жа непахісным, адчужаным тонам прамовіў Дубоўка. – Рана ці позна давядзецца адказваць, і тады на зніжкі не разлічвай. Хоць хлопец, хоць дзяўчына – законы вайсковыя!
Што-о? На апошніх словах Ліда страпянулася, у ёй запусціўся стандартны абарончы механізм.
– Вось вы і прагаварыліся! Так, нарэшце!
Скінуўшы апошнюю парашутную лямку, яна адштурхнулася ад бартоў і пругка выскачыла на супрацьлеглую плоскасць. Трохі нязграбна, бо прывыкла выбірацца на тую, якую займаў Дубоўка, ды і насядзелася аж занадта. Падэшвы слізганулі па абшыўцы, але Ліда ўтрымалася, пасунуўшы нагу. Годзе лыпаць знізу ўверх, час гаварыць на роўных!
– Я ведала, што калі-небудзь вас падлаўлю. І падлавіла! Я дзяўчына – у гэтым уся праблема. Немагчыма ацэньваць мяне як усіх, ставіцца да мяне як да ўсіх. Я чамусьці чую пра зніжкі, хаця зніжак не прасіла – ніколі! Наадварот, прасіла, каб іх не было. Каб рабіць тое, што ўсе, без карэктыва абавязкаў пад жаночую “няздатнасць”!
Змакрэлую разгарачаную спіну абвяваў ветрык, мышцы наліліся стомай, хаця Ліда болей збаялася, чым здзейсніла за вылет што талковае. Але дрыжыкі ў нагах варта было стрымліваць, а позірк – захоўваць прамым і настойлівым. Каб Дубоўка не лічыў, што можа працяць яе наскрозь гэтымі сваімі вачыма – новымі, схаладнелымі, у якіх куды больш сталі, чым блакіту. Як гэта няшчыра, таварыш маёр, – хаваць спалох за строгасцю!
Чаму яны з Дубоўкам ізноў па-дзіцячы спаборнічаюць позіркамі? І з якой ласкі яна павінна яму саступаць? Камэск ён ці не, але толькі аднаму чалавеку ў свеце прабачала яна перамогу. І да каго-каго, а да яго Дубоўку далёка ва ўсім!
Ён выпрастаўся, вывучальна прыжмурыўся. Сонца наўкос біла яму ў твар, замінаючы глядзець, і высвечвала напружаныя зморшчынкі ля вачэй, цвёрда падціснутыя вусны.
– Наконт здатнасці можна гаварыць пакуль толькі з нацяжкай, – сказаў ён суха.
– Нават так? – Ліда сціснула кулакі, і коратка абрэзаныя пазногці ўпіліся ў далоні. – Але хіба гэта значыць, што мяне можна адкрыта прыніжаць на кожным кроку? Раз за разам даводзіць, што я пустое месца!
Цяпер, калі яны апынуліся насупраць, раздзеленыя кабінай, розніца ў росце перастала выглядаць такой яўнай. Прынамсі, яе не хапала, каб падтрымліваць страх.
І Ліда кінулася ў атаку.
– Думаеце, я так і буду зносіць гэтае прыніжэнне? Маўчаць, і цярпець, і сціпла чакаць новых зняваг! Узяць хоць разбор вылету – няўжо нельга было не выстаўляць мяне ідыёткай? Перад усімі! Каб я прамым тэкстам пералічвала свае правіны, выпінала іх пад выглядам навучання... Ды проста гвалціла сябе – прызнавалася ў дурасці на публіку! Хаця прысутным ясна, што мэта спектаклю – паставіць хуліганку на месца! – яе пачало калаціць, горла сутаргава сціснулася, і прыйшлося саскрэбці ўсе сілы, каб не падвёў голас. – Гэта справядліва? Гэта абдуманае пакаранне, якое не перагінае палку? Вось яна, хвалёная папраўка на жаночае мысленне! Ушчэнт растаптаць – яшчэ і яшчэ, тады дабаўкі не захочацца. А ў выніку – накрычаць, каб паджылкі затрэсліся, як у піянерачкі, што збегла з заняткаў!
Крыўда, назапашаная за месяцы падпарадкавання, бурліла ў крыві, перахоплівала грудзі, не пускаючы паветра, і Ліда блага ўсведамляла, ці варта гэтак свабодна шпурляцца фразамі і наогул ці не перабольшвае яна, падхопленая эмоцыямі. Атака зацягнулася праз меру, а гэта было нядобра: падчас доўгіх атак залішне расходуецца боекамплект. Уджаліў – адскочыў, гэтага досыць, каб паказаць сябе і не застацца без зброі...
А Дубоўка слухаў і на вачах спакайнеў. Не перабіваў, не спрабаваў апраўдацца – моўчкі слухаў і назіраў, трохі адкінуўшы галаву. Разы два вусны яго разамкнуліся, як бы ў жаданні выправіць, але так і не выпусцілі ні гуку. Ён нават коратка адмахнуўся ад некага за яе спінай – не іначай Глеб адкрыў рот, каб выдаць што-небудзь кшталту: “Ды ёй яшчэ мала перапала!” Аднак калі Дубоўка ўрэшце загаварыў сам – нягучна і выразна, узважваючы кожнае слова, – між лапатак у Ліды вусцішна заказыталіся мурашкі.
– Тваю пазіцыю я зразумеў. У мяне толькі адно пытанне: я к о й р э а к ц ы і т ы ч а к а л а?
Пасля неспадзяванай для яго ўспышкі лютасці гэтая стрыманасць не проста насцярожвала – палохала да трывожнага тахкання сэрца. Бо немагчыма было спраўдзіць, ці не спее там, за гэтай непранікальнай сцяной, новае грознае зерне.
– Я ўсё яшчэ твой камандзір, я нясу за цябе адказнасць. Не толькі за цябе – за кожнага за вас, і незалежна ад полу. Таму павінен ведаць, дзе вы і што з вамі, а пры небяспецы – умешвацца. Асабіста! – роўны голас узвысіўся, рука легла на рамень, не сцярпеўшы нерухомасць. – І найгоршае для падначаленага – ствараць небяспеку знарок. А ў тваім выпадку мы бачым гэта пастаянна! Адкуль узяцца сур’ёзнаму, даросламу стаўленню, калі кульгае банальная дысцыпліна? Апроч таго, пакаранні... празмерныя? Яны, па-добраму, даўно мусілі вырашацца на іншым узроўні!
“Гэта ўжо не адно пытанне. Іх тры!” – агрызнулася ў думках Ліда. Іншых абгрунтаваных пярэчанняў у яе не знайшлося.
У шлемафоне было пякельна горача, і яна да чорта сарвала яго, падставіла ветрыку вільготныя валасы, садзьмула з вачэй кучаравую пасму.
– Дысцыпліна, так. Я не адпіраюся. Справа ж не ў ёй! Справа ў скразным бессэнсоўным клопаце, якім мяне абкружаюць ад пачатку. Вы лічыце, я нічагуткі не заўважаю? Гэты клопат ва ўсім – быццам небяспека знікне, калі трымаць мяне на кароткім павадку. Трымаць і кантраляваць, не адпускаючы ні на крок. Ды яна не знікне! І вечна мяне абараняць не выйдзе! Я і праўда магла не вярнуцца з гэтага вылету, а можа, не вярнуся заўтра ці паслязаўтра. Але так ва ўсіх! Несумленна рабіць выключэнне для мяне адной. Нібы дзяўчынцы патрэбны догляд у адсутнасць бацькоў і...
– Патрэбны, – кінуў Дубоўка са стомай. Гэта было ўсё, што ён сказаў.
– ...і нібы я такая малая, што не ў стане сабою распараджацца! Ну няма ў мяне вопыту, няма! Я не магу пахваліцца нічым: ні дзясяткамі збітых самалётаў, ні ўменнем пралічваць учынкі, ні старой гімнасцёркай, на якой напісана ўсё, што было. Таму што нічога яшчэ і не было, яно толькі м о ж а быць. І калі апекавацца нада мною, яно так і не здарыцца! Ніколі! Пазбавіць мяне гэтага шанцу, шанцу дайсці да ўсяго самой, проста бязлітасна, ясна?..
Не падазравала Ліда, што чалавек здольны так імкліва збялець. Што з твару за некалькі секунд могуць сысці ўсе фарбы – нават нягледзячы на пякучыя сонечныя прамяні.
Дубоўка няцвёрда зрабіў па плоскасці крок назад, і Ліду прашыла думка: ён жа вось-вось аступіцца і... Не, утрымаў раўнавагу, як утрымліваў у любы дзень, акрамя сённяшняга. Адна яго рука машынальна абхапіла перадплечча другой – у тым месцы, дзе даўжэзны разрыў на рукаве быў зацыраваны дробнымі акуратнымі шыўкамі. Каб доўга насіць і доўга памятаць.
– Ці разумееце вы... вы – усе, хто прыйшоў у сорак трэцім, – прыцішаным, здушаным нейкім голасам прамовіў ён. – Ці разумееце, ш т о было да вас? Колькі людзей прыйшло і сышло... да вас? І колькі яны на сабе выцягнулі?
Праз паўдня зноў супрацьстаялі адна адной дзве гімнасцёркі. Першая – свежанькая, з тых, што нядаўна выдалі на складзе ўсяму палку замест састарэлых. Падагнаная па жаночай постаці, дагледжаная, каб не злавіць кпінаў наконт нестатутнага выгляду. Другая ж – леташняя, з недарэчным цяпер пятлічным каўняром ды з пагонамі па новым узоры формы. Гэтая гімнасцёрка даўно адсунула дагледжанасць на задні план. Яна застала адступленне, яна адступала сама, і звесці з тканіны адзнакі двух ваенных гадоў было немагчыма.
– А цяпер, калі людзей больш, калі лягчэй... Цяпер самы час кідацца ў прорву? Рызыкаваць, калі не трэба, развязваць спрэчку за спрэчкай... замест таго каб хоць трошкі падумаць. Лішнія ахвяры – навошта яны? І навошта закліноўвацца на другарадным? Сэнс – у працы. Штодзённым выкананні таго, што даручылі. Не прасіць звыш меры, не дабівацца чагось пасур’ёзней... Проста – рабіць.
“Нельга толькі спыняцца – рабі і рабі, што зададзена, – выплыў з глыбіні свядомасці голас, які Ліда ў гэтую хвіліну не была гатовая пачуць. – І вырасце гмах, якога не чакаеш. Паступова, камень за каменем...”
Чаму ёй прымроілася, што ў вачах сталь? Яна памятала іншыя, але рыхтык такія ж вочы, у якіх да блакіту прымешвалася шэрань. Шэрань, можа быць, цэменту, асфальту, чаго-небудзь трывалага – не бывае ж, каб зусім не даводзілася праяўляць строгасць... Але бяздушны метал не вызіраў з іх ні-ко-лі. Напэўна, таму прайграваць у двубоі позіркаў не было крыўдна. Бо, калі ўрэшце адвернешся, цябе нагоніць усмешлівае: “Не хмурся, ластаўка, табе не пасуе!” – а на валасы ляжа цяжкая, надзейная бацькоўская рука.
Аднак Ліда ж сама наадрэз адмовілася атаясамліваць дзве гэтыя пары вачэй. Не?
Яна міргнула, збітая з тропу разладам у логіцы, і ўсё ў ёй паўстала супраць. Што за ўзвышанае глупства? Вочы, позіркі! Як можна параўноўваць двух чалавек, у якіх не было і не будзе нічога агульнага, акрамя імкнення турбавацца пра яе?
– Адкуль уся сённяшняя лухта... Яе не павінна было здарыцца! – з ненатуральнай, зламанай усмешкай мармытнула яна. – Калі б я толькі змагла адкрыць агонь – тады, ранкам... Калі б сама заваліла “месершміт”... Я ж цяпер двойчы доўбень, а самалёт паспяхова пайшоў на камандзірскі лік!
У яе ўпёрся няўцямны позірк – Дубоўку была патрэбна пара імгненняў, каб вярнуцца да рэчаіснасці.
– Самалёт запісаны на групу, – сказаў ён.
Ці то Ліда была надта збянтэжанай, ці то рэпліка – закароткай, але сэнс не даваўся, і ў вачах Дубоўкі мільгнула нешта новае: ён ухапіў яе неразуменне.
– Ранішні “месершміт” запісаны як збіты ў групе, – з расстаноўкай прагаварыў ён. – Збіты парай – удваіх.
“Парай. Удваіх”, – сама сабе паўтарала Ліда. І не магла даўмецца. Яна ж нават не стрэліла, не дала ніводнай чаргі. Толькі паспяшалася распачать з варожымі знішчальнікамі гульню ў кошкі-мышкі, каб вырваць колькі секунд на развагі. Няўжо вось гэты сумбур, экспромт... ці як яго абазваць... мог быць расцэнены як групавая перамога? Сумесная, а не Дубоўкава асабістая?
Расцэнены. А можа быць, запісаны са слоў вядучага.
З Ліды быццам выпусцілі паветра – так ападае купал парашута, калі па прызямленні валіцца на траву. Самой бы спаўзці пад плоскасць. Яе паслужны спіс папоўніўся другой групавой перамогай (у дадатак да перамогі ў мінулым палку), а яна не прыдумала нічога лепш, чым кампенсаваць яе аглушальным паражэннем. Доўбень тройчы!
– Размова не скончана, але ў мяне няма жадання зрываць трэніроўку. Таму на гэтым разыдземся, – падсумаваў Дубоўка. Ён цяпер гаварыў хутчэй, як заняты чалавек, што павінен тэрмінова зняцца з месца. – Спадзяюся, пакуль буду ў паветры, становішча на зямлі не зменіцца... Сунуць нос на КП не раю: кампалка ставіць задачу першай эскадрыллі. Выкліча – ляціш да яго куляй, не выкліча – сядзіш і чакаеш. Без пытанняў, без пярэчанняў, без новых прыгодаў. Усё.
Ліду разануў гэты роўны безуважны тон, у якім не адшукаеш папярэдняй слабасці. У грудзях нанова ўскіпела лютасць, папаўзла ўгору, аднак Ліда не пусціла яе, заперла, заціснула з усёй моцы, не даючы выплюхнуцца нават праз зрэнкі. Замест гэтага выхапіла і насунула пілотку, адзіным рухам абгладзіўшы кудзеры.
– Дазволіце ісці, таварыш маёр? – спытала праз зубы. Падкрэсленая вытрыманасць, афіцыйнасць, нібы ніколі не здаралася брыдкай спрэчкі, дзе падначаленая адважылася адкрыць зяпу на камандзіра.
Дубоўка звузіў вочы і таксама зрабіўся стражэй, недаступней – зірнуў з прыступкі вышэйшага звання.
– Ідзіце, лейтэнант Жук!
Каб зрушыць апруцянелыя ногі, спатрэбіўся нежартоўны штурхаль волі. Аднак паслужліва працягнутую руку тэхнара Ліда праігнаравала, саскочыла з плоскасці сама – займіся, маўляў, самалётам! Хаця што Васёк? Няхай сабе сочыць, як яна шырокімі крокамі чухае прэч. Няхай сочыць і Глеб, пагардліва мружачы вочы, – ёй не шкада... Галоўнае, каб глядзеў ёй у спіну трэці. Гэтак жа, як у мінулы раз давялося глядзець ёй. Сысці раней за ўсіх – не самы кепскі варыянт, каб захаваць аблічча...
Не аддалілася Ліда і на дзясятак метраў, як яе дагнаў нягучны голас:
– Зняваг не будзе.
Яна спынілася на паўкроку, ледзь не азірнулася... Сорам запознена плёснуў у шчокі, і засталося толькі, страсянуўшы галавою, прыспешыць хаду.
...Знясіленая, разгубленая, Ліда не заўважыла, як вышмыгнуў аднекуль Слаўка і пацягнуўся побач, часам пераходзячы з шагу на трушок.
– Лід, ты як увогуле? Заганялі цябе, а? Мы тут перапалохаліся, калі ты запазнілася... Я нават на “лавачкін” з гарачкі падумаў: ці не выкінуў які форталь? У яго ж не тэхабслугоўванне, а так, адна пасрэднасць...
Была ў Слаўкі гэтая дурацкая рыса – не мог трываць змрочную цішыню і ўключаў стараннага балбатуна.
– Ваську ўсыпалі будзь здароў... Ну, за тое, што цябе выпусціў. Трохі і мне перапала, але чаго там, дробязь, – часціў ён. Раз-пораз кідаў позірк назад, але аддана падладжваўся пад імклівую Лідзіну хаду. – Глебаву насценгазету малышня размалявала – залюбуешся...
– Ды адвяжыся ад мяне!
Слаўка адстаў, а Ліда не дазволіла сабе спыніцца, пакуль не пачало заходзіцца сэрца і не наблізіліся стаянкі першай эскадрыллі, дзе каля самалётаў завіхаліся незнаёмыя тэхнікі. Толькі тады яна зморана прывалілася спінай да бярозавага ствала, выцерла лоб і, задраўшы галаву, выпрабавальна ўтаропілася ўгору. Па ласкавым блакіце плылі аблокі – мірныя, нястрашныя, з выгляду не здатныя на тое, каб падманам прымусіць цябе кідацца з боку ў бок.
Але гуляцца ў настойлівыя позіркі з небам – марная справа. Неба заўжды цябе пераглядзіць.
Свидетельство о публикации №221030201898