Судилище над Арановичем
Калі сустракаю на вуліцы людзей у форме, будзь то амапавец, участковы, пракурор… Настрой псуецца. Канчаткова.
Што ўжо гаварыць пры неабходнасці ехаць на судзілішча, якое чыняць ябацькі. І непрыемна, і агідна, і крыху мандражна, быццам збіраешся ў воўчае логава. Але ж з іншага боку, раптам твае паказанні нейкім чынам прымуць да ўвагі і яны паўплываюць на лёс знаёмага табе і ні ў чым не вінаватага чалавека? Раптам ліпавая справа рассыплецца? І не паехаць нельга было, хоць і не ведаў, хто заявіў маю прыстунасць, як сведкі, — не паедзеш, у іх ёсць права прымусовага прывозу на суд у кайданках. Следчы на папярэднім следстве са мной не размаўляў, значыць, сказалі дасведчаныя людзі, хутчэй за ўсё маю прыстунасць замовіла абарона.
Спачатку выклікалі ў Гродна, калі ж пазваніў туды і пацікавіўся, хто мне дарогу аплаціць, сыйшліся на тым, што пад’еду ў Фрунзенскі суд Мінска і праз скайп дам паказанні.
Аляксандру Арановічу прад’яўляюць абвінавачванне адразу па трох артыкулах: ч.1 арт. 342 — “араганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”; арт. 13 — “падрыхтоўка да злычынства”; ч.2 арт. 293 — “удзел у масавых беспарадках”.
Падставай для “падрыхтоўкі да злачынства” з’явілася тое, што пры вобшуку з ТРЭЦЦЯГА захода на гарышчы хаты яго бацькоў у Старых Дарогах зайнлі дымавую шашку. Маўляў, менавіта яе Арановіч збіраўся выкарыстаць у час пікетаў па збору подпісаў, каб утварыць хаас, каб грамадзяне пачалі біць машыны і вітрыны, а то і саміх праваахоўнікаў. А чаму ж не прыхапіў шашку з сабою? Намацваеце логіку следчых? Калі ў вас пры вобшуку знойдуць сякеру, то ці не будзе гэта гаворыць пра тое, што вы збіраліся, як Раскольнікаў, праламіць ёю галаву бабульцы? А калі раптам знойдуць калекцыю кухонных нажоў, — то лёс маньяка Чыкацілы вам забяспечаны: “Ці не збіраліся вы расчляняць гэтымі нажамі свае ахвяры?”. Вось такая логіка беларускіх следчых.
Здаецца, што не нагаварыў нічога лішняга. У асноўным адказваў на пытанні. Суддзі і джяржаўнаму абвінаваўцу на роднай мове, пацікавіўшыся перад тым, ці разумеюць яны па-беларуску, а то з маіх слоў такога наперакладаюць, што не вінаватага чалавека засудзяць.
Сказаў, што мы займаліся зборам подпісаў у падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай на дазволеным уладамі пікеце. А вось “арганізацыяй групавых дзеянняў, якія груба парушалі грамадскі парадак” якраз займалася гарадская адміністрацыя, як тое было ў Гомелі, калі перад пачаткам пікета прыслалі тузін касцоў з трымерамі, якія пачалі касіць газоны, дзе і праходзіў пікет, перад самым пачаткам, і людзі такімі дзеяннямі былі вельмі абураны, іх гэта раздражняла, або займаліся спецслужбы, якія падсылалі ў натоўп абколатых наркаманоў ці п’яных, што чапляліся да людзей, і на выклік міліцыя з’яўлялася вельмі неахвотна і двое міліцыянераў хвілін сорак не маглі ўпакаваць бузіцёра, як тое было ў Гомелі.
Пра дзьвух цётак правакатарш распавёў, якія бегалі за Сяргеем Ціханоўскім, хапалі яго за рукі, не давалі прахода і лезлі ў вочы са сваімі недарэчнымі пытаннямі і якіх Ціханоўскі адразу вызначыў: “Женщина, вы — правакатар! Вам не стыдно этим заниматься?”.
Не забыўся звярнуць увагу і на той факт, што калі ў трох метрах ад мяне ўпаў міліцыянер, а побыч з ім валяўся адарваны шаўрон, чалавек, што стаяў праваруч ад мяне, сказаў мне: “Я ж бачыў на свае вочы, як ён, падаючы, сам сарваў з рукава шаўрон і кінуў яго на асфальт!”.
— Вы самі бачылі, што ён зрываў шаўрон?
— Не. Я ж гаварыў, чалавек сказаў, які стаяў побыч. Ёсць сотні відэа, і таго чалавека не цяжка знайсці, думаю, можна адшукаць і само відэа, дзе небарака зрывае з сябе шаўрон. Бо з дзесяткаў тэлефонаў вяліся прамыя стрымы і запісы.
(Дарэчы, можа ў каго захавалася відэа, на якім міліцыянер, перад тым як упасці на асфальт, зрывае з сябе шаўрон? Думаю, гэта вельмі дапамагло б суду, бо хоць мы іх і кормім сваімі падаткамі, але яны не хочуць працваць прафесійна і адрабляць свой хлеб. Дык дапамажыце, заявіце сваё відэа, дашліце куды трэба, каб справа рассыпалася з прычыны поўнай абсурднасці).
На пытанні, “што і каму загадваў рабіць Сяргей Ціханоўскі?”, “Ці не гаварыў ён Арановічу, як яму апранацца?”, і іншыя да таго падобныя, адказаў: “Што ў нас жа не войска, каб нехта раздаваў загады. Кожны займаўся сваёй справай, якую лічыў патрэбнай, каб усё прайшло без ніякіх эксцэсаў: хто збіраў подпісы, хто вёў стрымы, асабіста я чытаў вершы і спяваў песні.
Пасля адваката слова далі Аляксандру Арановічу, ён устаў і, нічога не сказаўшы, паказаў жэст “но пасаран!” — я адказаў тыкім жа жэстам.
І сказаў напаследак: “Верым, можам, пераможам!”
На гэтым паседжанне скончылася. Працягвалася ўся працэдура хвілін сорак.
Свидетельство о публикации №221030301606