Сто лет БНР

Сто гадоў БНР:ад міттэльшпілю да цугцвангу
Эсэ
Калі ўвесь папярэдні перыяд гісторыі нашых земляў ад зьяўленьня і разьвіцьця першых крывіцкіх,дрыгавіцкіх,радзіміцкіх, балцкіх плямёнаў і княстваў,
праз росквіт і заняпад ВКЛ, аж да вызвольных паўстаньняў 19-га стагоддзя лічыць дэбютам  ліцьвіна-беларускага этнасу сярод новапаўсталых еўрапейскіх палітычных народаў,то стогадовы перыяд ад часу абвяшчэньня БНР вясною 1918-га ў 20-м ст.  па 2018-ы ў 21-м лагічна будзе назваць перыядам МІТТЭЛЬШПІЛЮ (mittelspiel,ням.) у гульні пад найменьнем  "станаўленьне найноўшай беларускай дзяржаўнасьці".
Апошнія сто гадоў нашай гісторыі былі наколькі складанымі,настолькі ж і пасьпяховымі.Мяркуйце самі:яшчэ ўва ўмовах расейскага самадзяржаўя пачатку 20-га ст. пачынаюць выдавацца ўласна беларускія перыёдыкі("НАША НІВА" і "НАША ДОЛЯ"),фармуецца корпус нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі,эліты,якая інтэсіўна прадумвае і агалошвае Беларускую Нацыянальную Ідэю,стварае Беларускую літаратурную мову і Беларускую Літаратуру на гэтай жа мове!Перажыўшы неразьбярыху і гвалт бальшавіцкай рэвалюцыі і першай сусьветнай вайны і выкарыстаўшы кароткі момант вялацечнай нямецкай акупацыі 1918-га беларускія радныя -
і нават  "бальшавікі","аўтанамісты"  і "незалежнікі" - арганізоўваюцца ў адзіны беларускі кулак і ў пачатку вясны таго ж году Трэцяй Устаўной Граматай абвяшчаюць  утварэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі - Беларуская Нацыянальная Ідэя  інстутыялізуецца ў формы новай ўсходнееўрапейскай дзяржавы.
Пасьля адыходу   "першых немцаў" і  прыходу і ўкараненьня на нашых землях  "першых саветаў" нова-старая акупацыйная  расейска-бальшавіцкая ўлада,рэалізуючы тактыку ленінскай нацыянальнай палітыкі, пагаджаецца  з патрэбамі самаарганізацыі Беларускага Народу ў сваю дзяржаву і дазваляе стварэньне БССР ужо  1919-м.
І вось тут важна ясна й выразна зацеміць сабе наступны момант:дзякуючы абвяшчэньню БНР бальшавікі фактычна былі вымушаныя даць  "дабро" на стварэньне беларускай савецкай  сацыялістычнай рэспублікі.Трэба зразумець і прыняць той факт,што якраз  у форме БССР былі створаныя і  "пракачаныя"(пратэставаныя) за наступныя 72 гады ўсе найбольш істотныя для аўтаномнага існаваньня дзяржаўныя інстытуцыі:урад,законатворчая,выканаўчая,судовая галіны ўлады,парамілітарныя аб'яднаньні,войска і міліцыя.Больш за тое,пасьля другой вялікай вайны Беларусь стала адной з заснавальніцаў ААН!..
Пры тым,калі падчас  прыходу  "другіх немцаў",масква рукамі сваіх тэрарыстычных сьпецгруп  справакавала на тэрыторыі Беларусі сапраўдны ўнутраны партызанскі фронт супраціву немцам, іншая частка Беларусаў,якая ўжо зьведала,што такое савецкая ўлада на практыцы,паставіла на перамогу Берліна і ўсяляк старалася арганізаваць беларускае жыцьцё ва ўмовах жорсткай нямецкай акупацыі ваеннага часу,ствараючы  самаахову, паліцыю, СБМ,а найперш Беларускую Школу.Гэта здаецца неверагодным,але за  тры гады пад  "другімі немцамі" Беларускім Настаўнікам удалося так пракачаць нашых дзядоў і бацькоў - тады школьнікаў - што беларускай мовы і беларускай сьвядомасьці яны ня страцілі да самай сьмерці,жывучы  эмігрантамі ў далёкіх краёх вольнага непадсавецкага сьвету.Многія з тых,хто прайшоў праз Беларускую Школу пад немцам,быў у СБМ, паліцыі ці самаахове,і застаўся на Радзіме,каб ня быць арыштаванымі новым - ужо савецкім - акупантам,ізноў возьмуць у рукі зброю і да канца 50-х  будуць змагацца з "саветамі" - міліцыянерамі,ГРУшнікамі і КДБэшнікамі,сельсаветчыкамі,з раённымі  суддзямі й пракурорамі...
Як сьведчыць адзін з найвядомых беларускіх дысыдэнтаў  Міхась Кукабака,Беларуская мова і Беларуская школа ў Беларусі дамінавалі аж да пачатку 60-х гадоў 20 стагоддзя.
Вось што ён успамінае  ў адным з інтэрв'ю:"...помню,когда в детдоме учился,белорусская литература,белорусские книги,газеты были.(...) В основе белорусский язык был в пятидесятые годы.Литература была переводная с русского на белорусский.К примеру,очень любил журнал  "Вакол свету".
І яшчэ з успамінаў Кукабакі,які наведаў у 1978-м свой родны Бабруйск:
"Спускаясь к железнодорожному переезду, что на улице Бахарева, заметил предупредительную надпись у шлагбаума: "Берегись поезда!" И сразу вспомнилось. А ведь 25 лет назад здесь было написано: "Сцеражыся цягнiка!" и только внизу - русский перевод. Теперь белорусская фраза исчезла. К собственному удивлению, меня это неприятно задело. Неожиданно я осознал себя белорусам. Ведь здесь испокон века жили мои деды и прадеды. Сама земля эта состоит из праха бесчисленных поколений моих сородичей. И я, их потомок, имею неоспоримое право не только на эту землю, но и на свой родной язык, на право быть белорусом".
Партыя міттэльшпілю на полі беларускай дзяржаўнасьці,у якой разыгрываліся атакі і абароны,пазіцыйныя манеўраваньні і ахвяраваньне значнымі палітычнымі фігурамі,фармальна завяршылася ў 1994-м правядзеньнем у Беларусі першых прэзыдэнцкіх выбараў.А з майскага "моўнага" рэферэндуму 1995-га пачалася партыя цугцвангу на беларускім палітычным полі,пра што нам усім стала даходзіць толькі ў 2014-м,пасьля захопу Расеяй украінскага Крыму і развязанай Крамлём вайны на ўсходзе Ўкраіны.
Сітуацыю беларускага цугцвангу можна развязаць,і дзеля гэтага нацыянальныя сілы,традыцыйна называныя апазіцыяй,зрабілі прапанову кіруючаму палітрэжыму,ад якой,маючы здаровыя розум і палітычную інтуіцыю,адмовіцца нельга без таго,каб не завяршыць гульню патам,у выніку чаго прайграюць усе,пры чым татальна.
2018-ы і меркаванае сумеснае адзначэньне 100-гадовага юбілею БНР могуць стаць пачаткам вяртаньня кіроўнага апарату да нацыянальных інтарэсаў  ды інтарэсаў і патрэбаў уласна Беларусаў,грамадзянаў Беларускай Рэспублікі.
Каб зрабіць завяршальныя і пры гэтым выніковыя хады,за палітычную дошку мусіў бы сесьці і другі гулец,без якога  каманда Нацыянальных Сілаў  на дадзеным этапе выглядае сіратой.Я ізноў жа маю на ўвазе Зянона Пазьняка і  прапанову наведаць Беларусь у якасьці госьця з паўнамоцтвамі ад Рады БНР у экзылі.
Альбо ўлада прымае нашы прапановы і мы фактам сумеснага сьвяткаваньня надзвычай важнай даты ў гісторыі Беларусі пачынаем адлік двухбаковага пошуку выхаду з  шматгадовага процістаяньня,альбо  штатныя "апазіцыйныя" партыйкі прадоўжаць дзяльбу посных
 грантавых  пончыкаў,а рэшта незадаволеных актывістаў разам з незадаволенымі ж народнымі масамі зоймецца некантраляваным актывізмам  "усіх супраць усіх".
Тым з нашых,хто ўсё ж прэтэндуе на ГОДНАЕ месца ў найноўшай беларускай гісторыі,варта нарэшце задумацца нешаблонна й па-беларуску,пакінуўшы няўрымсьлівыя фантазіі мастакам і паэтам.Каб рэвалюцыя адбылася,трэба яе рыхтаваць!Каб прыйсьці да ўлады,трэба  да яе ісьці.Трэба рыхтаваць кадры і будаваць партыйныя структуры...Калі ўлады ўсё ж дадуць негатыўны адказ на абсалютна пазітыўную і персьпектыўную прапанову,ня мусіць быць ніякіх правакатыўных дзеяньняў  ад імя і за подпісам Аргкамітэту.А вось падумаць пра стварэньне Дэлегатуры Рады БНР (Ценявога Кабінэту) - варта ўжо зараз.
А вось напаўняць жывой сілай плённага нацыянальнага актывізму ідэю Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу - варта    ў кожны наступны момант...
Што ж да галоўнага мураля (каменщика) Рэспублікі Беларусь да ліпеня 1994-га году,то  Зянону дастаткова было б як найменей абвясьціць пра свой прыезд у Беларусь у бягучым годзе,і ўжо толькі гэта напружыла б сітуацыю палітычнага цугцвангу да найвышэйшай  ступені,а то й да прарыву  палітычных труб даўно мінулай эпохі...
Завяршаючы свой лінгва-палітычны экзэрсіз,нагадаю:
ніколі раней мы,а тым болей,- нашыя продкі,не стаялі над прорваю нацыянальна-этнічнага,лінгвістычнага,а па ўсім і духоўнага нябыту,як мы стаім цяпер!Нашы продкі  вытрывалі і захавалі сябе пад маскоўскім самадзяржаўем,далі рады польскаму гонару на нашых заходніх землях,ва ўмовах абедзьвюх нямецкіх акупацыяў,літаральна пад бомбамі і снарадамі адкрывалі ўласныя беларускія школы і вучылі сваіх дзяцей па-свойму!..
Пад камуністамі ўдалося адбудаваць нават цэлую беларускую савецкую рэспубліку... І толькі атрымаўшы  ўладу над самімі сабою мы сваімі ж рукамі  вось у гэтыя самыя хвіліны зьнішчаем сябе як варты павагі народ,як роўныя сярод іншых,ліквідуючы апошнія парасткі нацыянальнай беларускай школы,беларускай палітыкі,беларускай сям'і...
Адным словам,перыяд міттэльшпілю,калі  можна было як прайграць,так і выйграць,скончыўся абсалютным цугцвангам...
Прайграць нельга перамагчы?
Прыйшоў час правільна расставіць знакі прыпынку...
Славамір Адамовіч
Мар'іна Горка,
1 лютага 2018


Рецензии