Стукачок


СТУКАЧОК
Дзяржаўная сістэма прымусу і кантроля грамадства вышуквае будучых памагатых, стукачыкаў, “сексотаў”, праводзіць адбор і селекцыю з маладых гадоў. Цвёрда пераканы, што патэнцыяльныя пасобнікі падбіраюцца і рэкрутуюцца яшчэ са школы, тэхнікума, інстытута і войска… Да іх прыглядваюцца, псіхалагічна абмацваюць, вярбуюць і затым яны працуюць на кантору ўсё свядомае жыццё, выконваючы тыя ці іншыя даручэнні, за грошы, або за іншыя паслугі. Пра гэта гаворыць мой досвед.
Я вучыўся на другім курсе Пінскага сельскагаспадарчага тэхнікума. Аднойчы пасля стрэльбаў з мелкакаліберкі, якія праводзіў ваенрук, з аднагрупнікам Іванам Шаўчуком назбіралі ў кішэні і прыцягнулі ў інтэрнат некалькі дзесяткаў стрэляных гільз. Навошта? — і самі яшчэ не ведалі. Хлапчукоў заўсёды вабіць зброя, а тут -- сівенькія цыліндрыкі, яшчэ цёплыя, з якіх толькі што выляталі кулі… Проста цікава. У інтэрнаце мне ў галаву прыйшла ідэя: рабіць з гільзачак выбухоўкі.
Лезвіе “Нева” акуратна зразала рудыя галоўкі серкі з некалькіх карабкоў запалак, і на вокладцы часопіса “Вожык” праз пэўны час узвышаўся пірамідкай стажок нарыхтаванай серы; бярэш гільзу, зачэрпваеш коўшыкам рэчыва, трамбуеш усярэдзіне запалкай, зціскаеш верхні край зубамі, а потым акуратна арудуеш пласкагубцамі, загінаючы ў трубачку цыліндрык, для надзейнасці яшчэ і маладочкам запляскаеш. Праз колькі гадзін нарыхтавалі з Іванам каля дзесятка паўфабрыкатаў самаробных бомбачак, якія выставілі на падваконні ў радочак, як салдацікаў, гатовых к бою. Але такая бомбачка сама па сабе ніколі не ўзарвецца, хоць ты кракавяк на ёй танцуй, трэбна кінуць яе ў агонь, або… Тае справы: насмыкаць з матраса жоўтай вады, абкруціць шарыкам і падпаліць дзе-небудзь у прыбіральні ці ў умывальніку… І чакаць. Самапальная выбухоўка доўга дыміць, але ў рэшце рэшт раздаецца гучны выбух, які рэхам разносіцца па калідоры, — ватагай выбягаем з пакоя, каб паглядзець на чарговую ахвяру, што выходзіла з прыбіральні нярэдка збялелаю, з нервовым цікам, з дрыжачымі рукамі, —  накідваемся з усіх бакоў, засыпаючы пытаннямі: “Што здарылася? Што ты ўзарваў? З чаго страляў? У цябе што пісталет ё? Дай стрэльнуць?” — нам гэта падавалася  пацешнай забаўкай.
Не думалася, што падобныя штукарствы маглі скончыцца калецтвам. На паўтары сотні насельнікаў нашага паверха, была ўсяго адна прыбіральня, каля дзвярэй якой часта ўтварался невялікая чарга — так што недахопу ў ахвярах не было.
Так паўтарылася некалькі разоў. І вось сядзім у пакоі, хто брынькае на гітары, хто гуляе ў карты, бо чытае, але ўсе чакаюць. Раздаецца чарговы выбух. Усе падрываюцца і выбягаюць на калідор паглядзець: каго на гэты раз? І адразу ж нарываемся на дзяжурны патруль: вядомы настаўнік, аб’ект насмешак і кпінаў для студэнтаў, разам з трыма старшакурснікамі шуруе непасрэдна да нас, твары заклапочна-сур’ёзныя, чырвоныя павязкі на рукавах, няйначай — ваенны патруль у каменданскі час. Увесь патруль, як жандармы, завальваецца ў наш пакой, выганяе гасцей і перапісвае ўсіх, хто жыў у нашым пакоі, які, дарэчы, знаходзіўся побач з прыбіральняй. Як мы не прыкідваліся бяскрыўднымі авечкамі, маўляў, нічога не ведаем, проста выскачылі паглядзіць на шум, — нашы паранумарованыя прозвішчы  акуратна заносяцца ў спіс, які будзе перададзены куды трэба.
Праз колькі дзён па чарзе выклікаюць да намесніка дырэктара па выхаваўчай частцы Шпітальнікава. Загадзя дамаўляемся гаварыць адну і тую ж легенду, маўляў, нічога не ведаем, нас проста выпадкова перапісалі…
Я таксама распавёў прыдуманую версію падзей.
— Сядзеў, іграў на гітары песні. Астатнія вучылі ўрокі…— пра гульню ў карты, безумоўна, ні слова. — Пачулі выбух за дзвярыма. Выбеглі на калідор. І тут дзяжурны… Там чалавек дваццаць было. Але чамусьці зайшлі толькі ў наш пакой і ўсіх перапісаў, хаця мы ні богам ні душою… Вы ж самі ведаеце выкладчыка гісторыі.
Шпітальнікаў, праслухаўшы маю версію, быццам нічога не чуў, упарта паўтараў сваё пытанне. А я слова ў слова гаварыў тое ж, што і раней: “Сядзеў, іграў на гітары песні… Астатнія…”.
— Я гэта ўжо чуў! Праўду, гавары праўду!
Ён пырскаў слінай, крычаў на мяне, пагражаў, што выключаць з тэхнікума, або зусім здасць справу ў міліцыю і мяне пасадзяць у турму. Падбягаў і замахваўся даланёй, пагражаюцчы ўдарам, але пакуль што біць не асмельваўся. А я — “цвёрда трымаўся на дапросе” і гнуў сваю лінію.
Пасля допыта ў Шпітальнікава ўжо ў сваім пакоі падзяліліся ўражаннямі і супаколі сябе, што ніякіх доказаў у яго няма, і ўсё абыйдзецца. Нават пасмяяліся паміж сабой, распавядаючы як ён злаваўся і пырскаў слінаю. Але гэта быў толькі пачатак гісторыі, якая цягнулася некалькі месяцаў… Усё ж такі гадоў, а можа і палову жыцця.
Наш дваццаць шосты пакой чатырохместны: я, Віця, Юра і Ваня, — я сябраваў з Віцем, а Юра калегаваў з Ванем. Так па чарзе кожнага з нас і выклікаў да сябе “Шпітальнік”. Але праз колькі дзён да выкліканых раптам далучыўся Іван Шаўчук, з якім я і рабіў выбухоўкі, і які не патрапіў у спіс дзяжурнага. Стала зразумела, што нехта выдаў яго. Віця кляўся, што нічога не гаварыў і яму я верыў. У Вані было ўскоснае алібі, бо ён прыйшоў са свіданкі акурат у той момант, калі дзяжурны перапісваў жыхароў нашага пакоя на паперу і, дарэчы, не быў сведкам нашых штукарстваў. Пад падазрэннем аказаўся Юра. Калі я напрамую спытаўся ў яго: “Ты залажыў?” — яго кінула ў чырвань.
— Не… Ты што, як я мог.
— А чаму чырванееш?
— А калі б цябе так абвінавачвалі, хіба табе не было б сорамна?
— Адкуль жа Шпітальнікаў ведае пра Шаўчука, яго ж не запісвалі ў спіс?
— Я не ведаю адкуль, — і выразна паглядзеў на Віцю, быццам рабіў празрысты намёк.
— Не! Я ў Віктары ўпэўнены, а Ваня ўвогуле не бачыў, што мы рабілі з Шаўчуком. Застаешся толькі ты.
Але Юра стаяў на сваім.
Далей Шпітальнікаў пачаў выклікаць на допыты толькі мяне з Шаўчуком. Ён пужаў, падкрадаўся з заду і з усяго размаху біў мяне ў вуха, хапаў за чуб і цягаў па ўсім пакоі, стукаў галавой аб стол, пагражаў, што здасць у міліцыю, а я на чарговае пытанне зноў і зноў распавядаў першапачатковую версію, у якую і сам ужо паверыў. Мой нянавідны экзэкутар нават паслаў тэлеграму бацькам: “Срочно приезжайте по поводу вашего сына” — бацькі тэлеграму атрымалі, і доўга ламалі галаву, што я мог такога ўтварыць,  што іх выклікаюць у тэхнікум тэлеграмай? Маўляў, злодзеем ніколі не быў, гарэлкі не любіў, дзіця зрабіць, — яшчэ як быццам бы і сам юнак… Дома акурат капалі бульбу і ў Пінск з родных ніхто не паехаў. А мой “геспапавец” з кожным разам усё болей раз’юшваўся і шалеў: хапаў за горла і душыў, біў галавою аб стол… Іншы раз пераходзіў на добразычлівы і ласкавы тон, спрабуючы ўгаварыць, каб я прызнаўся і пераконваючы, што мне за гэта нічога не будзе. Мне было страшна, але я цярпеў і стаяў на сваім. Але і прызнацца цяпер я ніяк не мог, бо праўду здзекам і пабоямі загналі ўсярэдзіну душы, як бы замуравалі там, і даставаць яе і каяцца перад катам, было тое ж самае, што здрадзіць самому сабе, усе мае пакуты аказваліся марнымі. І вось аднойчы, Іван, выходзячы з чарговага допыта, паказаў пальцам на сябе і прашаптаў: “Я, я адзін вынаваты. Я ўсё ўзяў на сябе. Ты ні пры чым”.
Я зайшоў у кабінет. Зноў пасыпаліся пытанні з агаворкай, што Іван усё расказаў, і мая ўпартасць страчвае ўсякі сэнс. І нарэшце я вырашыў расказаць усё, як было на самай справе, бо неяк не хораша атрымлівалася, рабілі ўдвох, а Іван усю адказнасць бярэ на сябе, быццам я тут зусім ні пры чым. І пачаў, як на споведзі, распавядаць, як мы разам з Іванам назбіралі на стрэбішчы гільзаў, прынеслі іх у інтэрнат і рабілі выбухоўкі. Але ён зноў накрычаў на мяне і ніводнаму слову не паверыў, зноў цягаў за чуб па ўсім пакоі і запэўніваў, што даб’ецца праўды.
Праз паўгода на агульлнай лінейцы Шпітальнікаў перад усім студэнцтвам выхваляўся, як раскрыў цэлую банду, якая тэрарызавала ўвесь інтэрнат і назваў маё прозвішча і Івана. Нам аб’явілі вымову. На гэтым усё і скончылася. Нікога не выключылі. Юрыю мае сябры начысцілі пысу і расквасілі нос, але ён цвёрда стаяў на сваім: “Не я, хлопцы! Гэта не я! Не біце!”. На гэтым можна было б ставіць кропку. Але ж гісторыя мела нечаканы працяг праз пару гадоў, а потым адгуклася і праз дзесяцігоддзі.
Праз колькі гадоў пасля атрымання дыпломаў наш курс зладзіў у рэстаране выпускны бал. Па традыцыі запрасілі і выкладчыкаў, якія балявалі цяпер нароўні з выпускнікамі. Сярод запрошаных аказаўся і намеснік дырэктара па выхаваўчай частцы Шпітальнікаў. Цэлы вечар ён не адступаўся ад мяне, як клешч прысмактаўся, — усё прасіў прабачэння і дамагаўся дазнацца, ці не трымаю на яго крыўды? Цэлы вечар… Мяне тады яшчэ здзівіла, чаго ён раптам так пераймаецца за падзеці трохгадовай даўніны? Супакоіўся і адстаў ён ад мяне толькі тады, калі я сказаў напрамую, што сам жа і быў вінаваты, добра яшчэ, што на тым усё скончылася, магло б каму-небудзь і нагу адарваць…
Вось пішу гэтыя словы і нечакана прыгадаўся яшчэ адзін дзіўны факт, які раней падаваўся выпадковай недарэчнасцю, а цяпер убачыўся з іншага ракурса. Адразу пасля выпускнога на вакзале нас забрала міліцыя. Іван Шаўчук (можа, ён і ведаў што?) ледзь у бойку не кідаўся з міліцыянерамі, узрушаны несправядлівасцю, што забіраюць пасля выпускнога. Але Івана проста адграблі ў бок, а мяне і Казіка Флор’яновіча, зямляка з Альшан, загрузілі ў “чорны варанок” і весела загадалі: “Давай, злабай “Малінаўку”, а то вельмі сумна”. І я ўдарыў па струнах:
“Прошу тебя в час розовый,
Напой тихонько мне…”
Па наіўнасці не верыў, што нас могуць адвезці на стукі: за што? Мы нічога не рабілі супрацьзаконнага, у нас такое свята. Думалася, патрулю сапраўды сумна, там і выкладваўся ад душы пад гітару, спяваючы розныя песні — павозяць па горадзе і зноў адвязуць на вакзал. Але адвезлі ў выцвярэзнік. Загадалі распрануцца… Мне стала прыкла ад подлага і нізкага падмана, і як толькі прыкрыўся кароткім адзіялам, адразу праваліўся ў забыццё. І не чуў, як Казік усё яшчэ дабіваўся і патрабаваў справядлівасці, як да яго ў камеру ўварвалася колькі чалавек, збілі на горкі яблык і прывязалі да ложка, і потым, ачомаўшыся, бедны паляшук ціхенька прасіў: “Хопцы, развяжэце, сраты хочу…”. І потым, калі схадзіў у прыбіральню, стаў цішэй вады, баючыся, што зной наляцяць і будуць біць, і зноў прывяжуць да ложка.
А раніцай яшчэ адно расчараванне, у кішэнях не засталося не тое што рублёў, (а яны ж былі і ў мяне і ў Казіка!), але падчысцілі ўсё да апошняй меднай капейкі.  Прыйшлося дахаты дабірацца на перакладных, а потым яшчэ і грошы пералічваць праз пошту за паслугі выцвярэзніка. І маці, ці не ўпершыню ў жыцці, падмануць:
— Мамо, дай грошай.
— Навошта табе?
— Пазычыў 25 рублёў у аднакурсніка, трэба пераслаць пераводам.
А потым чырванець і аглядвацца ў раённым паштовым аддзяленні Століна, калі супрацоўніца пачала ўдакладняць куды пералічваюцца грошы і незадаволена гаркнула: “Так і пішыце, “за услугі медвытрезвітеля”, почему не до конца заполнілі!”
Думаецца, ці не па наводцы таго ж Шпітальнікава з вясёлай купкі п’яных студэнтаў выграблі менавіта мяне з Казікам, а то раптам у п’яную галаву прыйдзе думка накатаць заяву? Так сказаць, прывентыўны ўдар.
У 1990-тым пераехаў у Мінск. Неяк выпадкова сутыкнуўся каля польскага пасольства з Юрам. Пагаварылі… Пакінуў свой адрас. Некалькі разоў ён начаваў у маім інтэрнаце, а потым і ў кватэры, прывозячы на рынак гуркі, капусту, нейкія іншыя тавары… Апошнім разам начаваў ці то пасля плошчы 2006 года, ці то пасля пабоішча 2010-га года. І мне добра запомніўся нечаканы фінал нашай бяседы. Выпілі, развязалі языкі, і раптам вельмі ўкрадлівымі і падазронымі падаліся яго пытанні, быццам бы правакаваў на шчырасць, быццам хацеў нешта выпытаць у мяне, бо за самымі пытаннямі стаяла нешта значна большае, чым бяседа пад чарачку гарэлкі.  Вось тады я нечакана для яго і спытаўся:
— Юра, а скажы напрамую, столькі гадоў прайшло, вось тады ў тэхнікуме, калі мяне Шпітальнікаў цягаў, — ты нас з Шаўчуком залажыў?
Яго твар зноў паволі рабіўся пунцовым, зчырванеў — бурак бураком, лоб узмакрэў, вочы забегалі. І ён нарэшце выдыхнуў: “Прабач… Я. Ён пагражаў, што мяне выганяць з тэхнікума. Мне жудасна ўявіць было, што вярнуся дахаты…”.
— Я ведаў… Але ж заставалася каліўца сумнення, а раптам памыліўся? І дарэмна нацкаваў на цябе хдопцаў, каб морду табе расквасілі?
— А пасля таго, як фінгалаў наставілі, мне нават крыху лягчэй стала.
Трыццаць гадоў… І вось нарэшце прызнаўся, папрасіў прабачэння. А я падумаў, чаму раптам Юра стаў шафярыць у новапрызначанага дырэктара Палескага універсітэта? І амаль усё стала зразумелым… Пасля нечаканага прызнання ён болей не прыязджаў да мяне ў госці.
Стукачок? Цалкам магчыма. Усё жыццё пастукваў, здаваў сяброў і знаёмых, сваіх начальнікаў. Можа і да мяне заглядваў па спецыяльным заданні, а потым справаздачы пісаў. Брыдка…
Нельга нікому верыць. Дарэчы, нават сабе. Бо не ведаем, ці хопіць духу не здрадзіць, выстаяць, не зламацца… Бывае, часам занадта ўпэўнены, што зможам, а калі — пальцы ў дзверы? Нават сабе нельга даваць веры, як у тым анекдоце: думаў, вось зараз зайду, як зух, ды як пёрдну, — ажно сцены паразлятаюцца. Зайшоў… Пёрднуць то ён пёрднуў, але атрымаўся — пшык, а следам і штаны мокрыя.
16.03.2021г.


Рецензии