Это я закрутил...
Дзесьці ўжо апісваў пра гэтую сітуёвіну і пра незвычайны фінал раскручанай абракатабры. Але паўтаруся. Усё будзе цяпер з іншага ракурса. Усё нешта новае ўбачыцца і штосьці па-новаму, па магчымасці, зразумеецца.
У канцы дзевяностых працаваў на Беларускім радыё ў літаратурнай рэдакцыі, жонка сядзела ў дэкрэце, і грошай з майго аклада, ганарараў, выступленняў на канцэртах і сустрэчах увесь час не хапала. Тады я выходзіў на вакзал, або ў пераход метро, (яшчэ не даходзіла да таго, каб разгружаць фуры і займацца сеткавым маркетынгам) і спяваў свае песьні. Збіраць грошы ў чахол ад гітары чамусьці было сорамна, ніяк не мог пераступіць прывідную хлуслівую мяжу, таму проста рэкламаваў зборнік і потым прадаваў яго з аўтарскім аўтографам. А першы зборнік “Плакун-трава”, быў выдадзены з дапамогай спонсараў накладам ужно ў тры тысячы асобнікаў. Увесь разыйшоўся, і амаль усе – з аўтарскімі аўтографамі “галубком” і з персанальным надпісам кожнаму пакупніку.
Сядзеў каля метро “Кастрычніцкая”, спяваў песні пад гітару, падпісваў кніжкі. І вось падыходзіць да мяне адзін ну зусім неадэкватны тыпус, яго неадэкватнасць адразу кідалася ў вочы, да трох не лічы, вызнаецца пацыент “Навінак”, падыходзіць і прэтэндыцыйна заяўляе, паказваючы і жэстукулючы навокал рукамі:
— Гэта ж я ўсё закруціў!
— Што? — пытаюся, не разумеючы пра што ён увогуле гаворыць.
— Ну вось гэта ўсё! Паскарэнне, галоснасць, перабудова…Свабода, дэмакратыя… Гэта ж я ўсё закруціў!
І так мнагазначна з важнецкім выглядам і з адчуваннем неаспрэчнасці сцвярджэння, і з тым, што я павінен ацаніць яго значнасць і важнасць, аглядваецца навокал і ўтароплівае ў мяне вочы.
“Ніхрана сабе, думаю я, — ён усё закруціў? А як жа тады я? Як жа быць са мною, калі я ўпэўнены, што “закруціў усё менавіта — я!”. Дзе ты быў у 1984-тым, калі слова бог пісалася з маленькай літары? Дзе быў ты, калі я ўпершыню прачытаў Евангелле і зразумеў, што Хрыстос жывы, — быў, ёсць, і будзе! Дзе быў ты, калі ў 1986-тым я ляжаў у чарговы раз раскрыжаваным на ложку ў “Гарадзішчы” пад Пінскам і патрабаваў Справядлівасці ад Бога, і кары нябеснай за тое, што мяне зноў падманулі? Падманулі толькі таму, што я выконваў Яго запаведзі, і ні ў чым не саграшыў перад Ім. І тады Гасподзь раптам пачуў мяне, ці адказаў на мой выбух эмоцый, выбух патрабавання справядлівасці — родзічы прыехалі праз колькі дзён і шэптам паведамілі, што “узарваўся Чарнобыль, а я тут у “Гарадзішчы”, быццам бы ў раю знаходжуся… Дзе тады быў ты, што зараз гаворыш, “гэта я ўсё тут закруціў…”.
І што ж тады рабіў я ўсё сваё жыццё?
Я нічога яму не сказаў, не запярэчыў. Проста падумаў, мы рабілі гэта разам, нават не ведаючы, што робім адну і тую ж справу… Проста ўсё грамадства, уся супольнасць саспела да нейкага дзеяння. І дзеянне гэтае адбылося. І хто тут першы, хто тут апошні, не магчыма вычляніць, бо першыя стануць апошнімі, а пошнія стануць першымі.
Вось і ўсё, што хачу сказаць сёння. Агулам здабываецца свабода, толькі разам мы зможам дайсці да перамогі. Перамагчы. Змагчы. Здолець…
Верым, можам… Абавязкова пераможам!
Свидетельство о публикации №221031902031