Раздзел 1. 16-02-2025
Хто-хто, а Мацей Зелянкоўскі з самай раніцы ведаў, што ад гэтага дня варта чакаць адных непрыемнасцей. Каго канкрэтна яны напаткаюць, вызначыць ён не браўся, але кожнае здарэнне быццам крычала яму ў абодва вухі: “Увага, па курсе – нечаканка! Рамяні зашпіліць, пільнасць – на максімум!” Сумнявацца ў слушнасці гэтых перасцярог яму і ў галаву не прыходзіла: ніхто ў трэцяй эскадрыллі не меў такога адмысловага нюху на небяспеку, як ён.
Пачалося з таго, што, збіраючыся разам з усімі на аэрадром, ён хапіўся запальніцы. Акрамя як у адной кішэні з папяросамі, яе не магло быць нідзе, але не знайшлася яна ні ў кішэні, ні на падаконні, ні дзе заўгодна навідавоку. Можна было, канешне, папрасіць у рабят ці абысціся запалкамі, а пасля палётаў пашукаць яшчэ. Але хіба правільна адкладваць ранішняе на вечар, каб увесь дзень толькі аб ім і думаць?
Затрымаўшыся ў хаце, Зелянкоўскі тройчы праверыў на сабе ўсе кішэні, абшнарыў тумбачку, палез нават у рэчмяшок – безвынікова. Потым апусціўся наўколенцы і, сагнуўшыся ў тры пагібелі, доўга ўглядаўся ў цемру пад нарамі, пакуль не натрапіў на павучка, які перад самым яго тварам меланхалічна спускаўся па павуцінцы.
А на паўдарозе да аэрадрома, калі над галавой тонка зашапацелі бярозы, Зелянкоўскі здагадаўся сунуць руку ў планшэт, у складкі мапы. Згуба тут жа тыцнулася ў пальцы, нібы сабака, які вінавата падштурхвае носам гаспадара.
Здаецца, менавіта тады, у прыміранай цішыні летняга гаю, і падумалася першы раз: “Ох-ох, ну і дзянёк чакаецца...”
Рэшту шляху ён спраўна глядзеў пад ногі, каб не зачапіцца за які з каранёў – а іх вытыркалася са сцежкі багата. Расслабіцца дазволіў сабе толькі на стаянцы самалёта, калі прымасціўся на цурбане, нізкаватым для яго даўжэзных ног, і сабраўся закурыць дзяжурную папяросу. Каб вярнуць раўнавагу, натуральна. Пацягнуўся расшпіліць каўнер гімнасцёркі... як раптам адзін з верхніх гузікаў свавольна вышмыгнуў з пальцаў. Пракаціўся па зямлі ды паваліўся ў бок вушка з абрыўкам ніткі.
Зелянкоўскі глядзеў на гузік, гузік глядзеў на Зелянкоўскага – хітраватае металічнае вока з выявай зоркі замест зрэнка.
У шэрагу падзей гэтага дня цяпер нават павучок здаваўся падазроным.
“Нядобра, аднак, – Зелянкоўскі ў роздуме пацёр падбародак, месцамі калючы. Галіўся ён зазвычай у вечаровым змроку, каб не перад самымі палётамі. Прыкмета ж! А таму, варта прызнаць, не надта якасна. – І з чаго гэта ён, паганец? Учора трымаўся, а сёння... Які сёння дзень?”
Памацаў у памяці, прыкінуў даты, і ў яго аж рукі засвярбелі ад неспакою. Спярша запясці, потым вышэй, вышэй – роўна там, дзе рубцаватая, сцягнутая скура памятала вогненныя ўкусы. Забудзеш тут! Хоць кожны дзень згадвай той кляты выпадак, з-за якога ўсё і... Няўжо мінуў цэлы год?
– Не, сёння нам ніякай катавасіі не трэба, – прамармытаў Зелянкоўскі растрывожана. – Хапіла – во як! Усім хапіла! Варта быць паасцярожней, вось што я думаю. Калі з самай раніцы пачынаецца лухта, чакай праблем. Ох, нядобра...
– Дык і я кажу – колькі гэта цярпець? Што за выкрунтасы, а?! Глянь ты, куды сунецца! – грымнуў збоку сярдзіты голас. – У зямлю ўторкнуцца ахвота? Кхм... Я дык паклапачуся, каб арганізаваць. Хоць турбот паменшае!
“Ізноў Круглы шуміць”, – зазначыў у думках Зелянкоўскі. Камандзіру палка, зрэшты, правільней было б звацца не Круглым, а Квадратным: расточку невялікага – не разумееш, як да самалётных педалей дастае, затое ў плячах – дзіва, што сценкі кабіны не трэскаюцца.
Лаяўся Круглы не на гузік, не. Ён і пад ногі зусім не глядзеў, наадварот – задраў галаву так, што, здавалася, у яго фуражкі вось-вось адбудзецца сустрэча з зямлёй. А там, куды ён учапіўся позіркам, з натужлівым рокатам накідваліся адзін на другі самалёты. Гэтае трэніровачнае змаганне можна было б назваць двубоем, калі б вялося яно ўсур’ёз. Ну і разышлася “сямёрачка”: мітусіцца, разлютавана наскоквае на саперніка, нібы і праўда наважылася скінуць з нябёсаў на зямлю. І ўсё ж раз за разам апынаецца ў становішчы шчанюка, які ратуецца ад цяжкай лапы ваўкадава.
На фюзеляжы мацнейшага самалёта – лік дваццаць, ды Зелянкоўскаму няма патрэбы выглядаць нумар. Ён і без таго пазнаў почырк свайго камандзіра, стрыманы і быццам непрыкметны. І ўсё ж, калі ўзважыць гэтую непрыкметнасць на шалях майстэрства, тут нават тром “сямёркам” няма чаго лавіць.
Аднак у гэтай іншае меркаванне.
– Насядае, – па-добраму ўсміхнуўся Зелянкоўскі.
– А чаго мільгацець, скажы ты мне? Больш наваюеш, ці што? Гарачыні нестае – прашу ў лазню, а ў знішчальнік лезь з халоднай галавой! – гыркнуў у вусы Круглы і рухава перабег за самалётамі, якія кружыліся цяпер з боку сонца, ператварыўшыся ў кропачкі. – Ну вось жа, вось! А колькі пыхі – дарогу мне, адной левай усіх раскідаю!
Зелянкоўскі ўзняўся з цурбана і падабраў гузік, не затаптаны камандзірам палка толькі па выпадковасці. З асцярогай патрымаў на далоні, быццам пчалу, гатовую запусціць пад скуру джала. Дробная штучка, а хто ведае, якія бядоты накліча!
– Гэй, Канстанціныч, – гукнуў ён Круглага, – глянь, што маю! З самага світання чартаўшчына нейкая адолела, хоць у самалёт не сядай. То запальніца гуляе ў хованкі, то – вунь! Чакай, што наступнае. Не ведаеш: мо абыдзе ліха, калі прышпандору гузік назад?
Круглы змерыў позіркам яго хударлявую нязграбную постаць. Глядзеў знізу ўверх з прычыны недахопу росту, але выходзіла нібыта звысоку.
– А пагоны капітанскія ў цябе не казычуцца? – выплюнуў сварліва. – Абраў жа Рыгор сабе намесніка! Ты, брат, кінуў бы дурное – давяраў галаве, а не прымхам. Гузікі яму прарочаць! Кхм... Зараз вунь з чым трэба разабрацца – як мазгі драбязе ўправіць! – і пагразіў сонцу важкім кулаком.
“Не зразумеў, – уздыхнуў Зелянкоўскі. – Ну, прымхі ці не, а прышыць усё-ткі давядзецца!” Абмацаўшы знутры фуражку, ён выцягнуў прыхаваную іголку. Добра, што заўсёды з сабой, а то як зваліцца напасць!
Не паспеў ён толкам расправіць нітку, як Круглы раптам зрабіў крок наперад, папярхнуўся:
– Што яшчэ за...
Зелянкоўскі сунуў фуражку пад паху, каб вызваленай рукой прыкрыць вочы. Ага, “сямёрка” крута рванула на самае сонца, дзе ў сляпучым ззянні мільганулі – ці падалося? – дзве няўцямныя цені. Ветрам данесла сухі перарывісты строкат: затарахцелі авіяцыйныя пушкі...
Чамусьці толькі чужыя.
– Куды ў адзіночку лезе?! – апрытомнеў Круглы. – Сысціся зараз жа! Парай, парай атакаваць – удваіх! А, чорт! – ён, перавальваючыся, прыпусціў у бок каманднага пункта, каб сварыцца прыцэльна – па радыёсувязі. – З гэтай “сямёркай” мы і без забабонных гузікаў праблемы адхопім!
Зелянкоўскі не чуў, не бачыў: калі час дзейнічаць, органы пачуццяў звужаюць успрыманне да самага важнага.
Раз – іголку ў фуражку. Два – шпурнуць на цурбан. Тры – гузік у нагрудную кішэню. “З шыццём паспеецца!” – пад гэтую думку Зелянкоўскі заскочыў на плоскасць уласнага самалёта. Усё – хуткімі, эканомнымі рухамі, якія не з’ядаюць ані лішняй секунды. Выпрастаўся ва ўвесь немалы рост, шукаючы позіркам “дваццатку”, а ўбачыў, як зрываецца з вышыні чужародны цень, як чорная паласа рассякае неба напалам...
Успушыўся за ляском дымавы слуп, дакаціўся да стаянак гул выбуху і растаў без следу, заблытаўшыся ў кучарах бяроз. Самалёт нумар дваццаць бегла акрэсліў над месцам падзення паўкруг і павярнуў да аэрадрома; ашкляненне бліснула на сонцы, нібы дасылаючы праз адлегласць сяброўскае прывітанне. Другі цень з варожымі абрысамі слізгануў быў туды, сюды, але разважыў правільна і шаснуў прэч.
Абапіраючыся на пераплёт кабіны, Зелянкоўскі спагадліва назіраў, як кружыць над полем збянтэжаная “сямёрачка”.
– Вучыся ў камандзіра, малеча! – засмяяўся ён, з палёгкай адзначаючы, як з рук і ног сыходзіць трывожнае здранцвенне. – Пакуль лётаеце поруч, будзеш у цэласці. Не ведаю я чалавека, які глядзеў бы за напарнікам лепш, чым наш Рыгор Дубоўка.
Свидетельство о публикации №221042801194