Раздзел 2. 04-06-2025
Як бы ні ганіў прымхі Круглы, у адным Зелянкоўскі меў рацыю: дзень не заладзіўся не толькі ў яго. Для чалавека, які знаходзіўся ў самалёце з бартавым нумарам сем, непрыемнасці яўна не скончыліся. Прынамсі, праз колькі хвілін пасля баявой няўдачы кабіна адмовілася яго выпусціць...
“Сямёрка” да апошняга не выдала, які задумала выбрык. І па полі ладна прабегла, і на стаянку заруліла без прыгодаў. Потым жа, калі чмыхнуў і змоўк матор, калі стала чутным трапятанне лістоты ад ветру, лётчык памкнуўся ссунуць назад плексігласавы каўпак. І... нават не зрушыў з месца. Ірвануў раз, другі... Ці то зусім заганяў яго “дваццаты”, ці то і ў гэтай, зямной сутычцы праціўнік трапіўся не па сілах.
– Доўга ты будзеш нервы мне матаць? – ускіпелі ўнутры. – Рухайся давай, без цябе гідка!
Новая спроба... Ну, мацней! Яшчэ раз!
Пасля восьмага рыўка шчылінка пашырэла настолькі, што ў яе пралезлі пальцы. Пасля дзясятага каўпак дазволіў-такі сябе ўгаварыць – і, скрыгатнуўшы, адкінуўся. Як выпрастаная спружына, лётчык вынырнуў з духаты на свежае паветра: маленькі, расчырванелы, з прыліплай да лба пасмай чорных валасоў, што выбілася з-пад шлемафона. Постаць яго, уся перацягнутая лямкамі парашута, падавалася драбнаватай нават для старшакласніка.
– Сцеша, гадаўка, дзе цябе носіць?! А ну куляй сюды! Чуеш ці не?
Звонкі голас абляцеў стаянку – ні руху, ні гуку.
Чартыхнуўшыся, лётчык перакінуў ногі цераз борт, саскочыў з крыла... Пятнаццаць парашутных кілаграмаў, неабачліва не прынятыя пад увагу, падсеклі ногі і прымусілі зваліцца на адно калена. Кепска, вельмі кепска: сцэна вяртання з вылету, без таго азмрочаная, на вачах перарастала ў эпізод з дрэннай камедыйнай п’есы.
Выканаўцу галоўнай ролі было, аднак, не да смеху. Сярдзіта ўсхапіўшыся, ён здзёр з сябе цяжар і скінуў на траву, пазбавіўся заадно ад шлемафона, даючы волю буйным юнацкім віхрам...
Выбачайце – не юнацкім. Дзявочым. Валасы, што дзёрзка кучаравіліся на гэтай галаве, па даўжыні не маглі належаць хлопцу, ды і пэўныя прыкметы постаці цяпер не скрадваліся экіпіроўкай знішчальніка. А цёмна-арэхавыя вочы палымнелі такой канцэнтраванай лютасцю, што ясна было: за любую неасцярожную рэпліку наконт жаночых і мужчынскіх здольнасцей прыляціць па карку.
– Сцеша, халера на цябе! Вылазь, кажу, а то ўдвая аграбеш! – позірк дзяўчыны раз’ятрана мітусіўся па стаянцы.
– Ды тут я, тут. Чаго шуміш? Пажар, ці што... – з бліжэйшых хмызоў высунула нос яшчэ адна дзяўчына. Круглявы тварык, шэры камбінезон. Вочы заспана жмурыліся, паўз скулу пралягала ружовенькая палоска – след ад чагосьці падсунутага пад галаву.
Толкам прачнуцца ёй не далі: пальцы, усе чырвоныя пасля спробаў выдрацца з кабіны, самкнуліся на каўняры небаракі і рыўком выцягнулі яе з хмызоў.
– Што ў мяне з пушкамі, а?! Чаму нічога не працуе? “Месер” да таго блізка быў – з рагаткі трапіла б! Тут бы мне чаргу даць, а зброя... Адказвай, ну! – узвысіла голас лётчыца. У яе ноздры падрыгвалі ад шаленства: позірк апаненткі заставаўся такім жа мутным.
– Спраўна было, глядзела ж... Ты толькі не крычы, Лід, не крычы, я цябе прашу. Ізноў мяне ў начную варту паставілі, дык павекі цяпер аніяк не ўзніма... а-ах... юцца... – Сцеша, як магла, задушыла пазяханне. Здаецца, не ўтрымлівала б лётчыца яе вертыкальна – спаўзла б на траву і падклала рукі пад шчочку. – Усё плячо вінтоўкай паадціскала...
– А прычасацца не забыла? У, цытра! – Ліда адштурхнула яе і выцерла рукавом лоб – аж кроплі сарваліся з чорных завіткоў. – На зброю начхаць, затое на галаве парадак! А камандзіршу хай “месеры” прычэшуць!
І насамрэч: калі яе шавялюра ўяўляла сабой разняволенае бязладдзе, то збройніца Сцеша клапатліва прыбрала каштанавыя валасы ў два сіметрычныя вузельчыкі. Рыхтык дробны звярок, які прыгладзіў поўсць шарсцінка да шарсцінкі. Не драпежнік – так, грызун які.
Роля драпежніка больш пасавала Лідзе, але і тая раптам азірнулася, напялася, выглядаючы нешта на суседняй стаянцы. Або некага?
– Ён зараз будзе тут! – зашыпела яна, разам прыцішыўшы голас. – Куды пілотку маю падзела, сплюха няшчасная? Табе хоць яе можна даручыць?
– Я... м-м-м... Я мігам! – Сцеша прысаромлена шмыгнула ў хмызы і стала абмацваць складкі самалётнага чахла, які пару хвілін таму служыў ёй посцілкай. – Клала тут, памятаю ж... Праўда!
– Шукай давай! – Ліда нервавата абцягнула гімнасцёрку і яшчэ раз кінула позірк туды, дзе высіўся самалёт з белай дваццаткай на зелені фюзеляжа. Каўпак ссунуты, кабіна пустая. – Ну, у тэмпе! Калі зноў з-за цябе праштрафлюся...
– Ды што за клопат? Пабудзеш як ёсць, неба не рухне... А, вось яна дзе! – Сцеша пырснула і адначасова выцягнула з-за свайго рамяня дзве пілоткі – адну справа, другую злева. – Твая каторая?..
Шырокі цень лёг на траву, зліўшыся з Лідзіным ценем; Сцеша ўскінула вочкі-васілёчкі і ўскінулася сама, змяніўшы стаўленне да клопатаў на супрацьлеглае. Ліда імкліва развярнулася, насоўваючы пілотку...
– Што гэта было? – упала ў цішыню пытанне. Нягучнае, але важкае.
Сцеша самаахвярна падалася наперад:
– Таварыш маёр, я якраз кажу – зняць бы мне авіяпушкі ды глянуць яшчэ ра...
– Што гэта было? – асобна, па слове паўтарыў ён, углядаючыся Лідзе ў твар. – Там, уверсе, – кіўнуў на аблачынку, якая ў баязлівай спешцы напаўзала на сонца. – Жадаю пачуць т в о й варыянт.
Голас роўны, вытрыманы, пагрозу ў ім не расчуеш, але спіна ў Ліды так і выпрасталася, а Сцеша ціхмяна ссунулася падалей ад камандзірскага позірку. Калі не прыглядацца, то не скажаш, што маёр: гімнасцёрка не з новых, уся вышмарганая, латаная-пералатаная, як у апошняга механіка, ды і па выпраўцы не параўнаеш з той жа Лідай. Хіба здагадаешся па фуражцы... Не тады, калі надзетая, – тады, калі ў апушчанай руцэ, як цяпер. Бо на непакрытай галаве адразу відаць пры цёмных валасах нязвычна светлыя скроні – а іх заканамерней сустрэць у чалавека больш сталага веку.
– Я чакаю, – нагадаў ён.
– Я амаль зрабіла гэта! Амаль! – хрыплавата выдыхнула Ліда. Падбародак задзёрты, вочы гнеўна блішчаць – ярчэй за лейтэнанцкія зорачкі на пагонах. Глядзяць не на суразмоўцу, а роўна наперад, паўзверх яго пляча. – Калі б не адмовілі пушкі... Заставалася стрэліць! Стрэліць, і ўсё! Я яго разнесла б, раздзяўбала на трэсачкі, і на гэты раз...
– ...На гэты раз глузду яшчэ менш, чым раней. Хоць хто-небудзь дазваляў атакаваць самой? Ці быў загад лезці наперад? Быў ці не?
У блакітнаватых вачах – хутчэй стомлены дакор, чым патрабавальнасць, якой чакаеш у дачыненні да вайскоўца. Ой, не першая была гутарка... І ад гэтай стомы Ліда распальвалася мацней: адчувала, мусіць, што сур’ёзнага стаўлення не прычакае і цяпер.
– Няўжо без загаду нельга адагнаць чужынцаў? Ад свайго ж аэрадрома! Я ў паветры, а значыць – на варце, значыць – гатовая лупануць з усіх ствалоў! І ледзьве ўсунецца якая навалач... – яна ўткнулася позіркам у Сцешу і збілася: тая з-за маёрскай спіны падавала ёй нейкія знакі. Усё на лоб сабе паказвала і вочы акругляла ад стараннасці.
– Так, ты ў паветры – але разам са старшым. І толькі ён вырашае, як быць. Хоць нечаканасць, хоць вылет па плане – задача адна: заняць месца вядзёнага, прыкрыць атаку вядучага. Як заўжды. Як адпрацоўвалі.
Ліду перасмыкнула, і маёр настойліва працягнуў:
– Вось іменна – ніякіх выдумак, ніякай самастойнасці... Выкананне загаду, і на гэтым – пакуль – усё.
Бачна, што яму гэта звыкла – ставіць задачы, тлумачыць памылкі, адсякаць непатрэбнае. Звыкла і стаяць без адзінага руху, трывала і ўпэўнена, быццам пусціўшы ў зямлю карані. І тым відавочней намаганне, з якім стрымлівала сябе Ліда: пальцы сціскаліся, вусны падрыгвалі, забараняючы недапушчальным фразам ірвацца на волю. Дзіва, што яна выцерпела ўсю прамову.
– Чакаць загаду – і толькі? Але што, калі яго ніколі, ніколі не будзе? А тут – вось ён, шанц даказаць умельства!
Актыўная Сцешына міміка, мабыць, здорава адцягвала Лідзіну ўвагу, бо яна сярдзіта торгнула бровамі: адвяжыся, потым!
– Умець мала, трэба яшчэ ведаць, калі зрабіць самой, а калі саступіць вядучаму, – зазначыў маёр слушна. – Тым больш камандзіру эскадрыллі. Тым больш калі ў яго перавага ў вышыні, зручная пазіцыя для атакі... і крыху багацейшы досвед.
– Досвед! А адкуль мне займець свой, таварыш маёр? Збоку пазіраць, як іншыя чыкаюць? А наземныя заняткі нічога не вартыя, пакуль не пакруцішся ў баі!
Яна парывіста прытупнула наском бота – прыкмета раздражнення, якому з апошніх сіл не даюць волі. Удалечыні яшчэ цягнуўся ўгору слуп дыму – там дагараў варожы самалёт. Самалёт, збіты не ёю.
Шыракаскулы твар маёра застаўся нерухомым, але ў куточках вуснаў намецілася напружанасць.
– Практыка – рэч важная. Але не менш важна прыйсці да ўсяго пакрысе. Не адхапіць досвед цэлым боханам, а здабыць у належны час, лусту за лустай. Гэтага дабра цяпер кожнаму адмерана з лішкам: гатовы, не гатовы – прымай. І валачы далей на сабе. А прасіць сапраўднасцей загадзя...
– Можа, надышоў якраз мой час. Дзей-ні-чаць! А не праседжваць штаны ў спадзеве, што досвед зваліцца сам, – адчаканіла Ліда. Яе прабірала гарачыня пасля паветранай бойкі: шчокі палалі, па скроні марудна сцякала кропля поту. Аднак Ліда кроплю не выцірала, яе рукі заставаліся строга па швах. Недарэчны кантраст – гэты перакананы праз меру тон і падкрэсленая знешняя адданасць статуту. Што пераможа – лютасць, якая прарываецца ўсё нястрымней, ці прага выглядаць спраўнай і годнай?
– Пакуль на пасадзе я, а не ты, гатоўнасць дазволь ацэньваць мне! – у маёра ўпершыню прарэзалася клічная інтанацыя, а ў руцэ нецярпліва хіснулася фуражка. – Самастойнасць магчымая пасля напрацоўкі базавых навыкаў, а да гэтага будзь ласкавая слухацца вядучага. Я як мінімум пралічваю свае дзеянні на выпадак, калі адмовіць зброя!
І ўсё ж у яе не паменела напору, ён нават набыў рашучую выразнасць.
– Я ўсяго спрабую зразумець: у чым мая правіна? У тым, што я хачу біцца з поўнай нагрузкай, як усе? Каб хоць неяк даказаць: дзяўчаты ваююць не горш!
– Вось што я табе скажу, Ліда, – маёр прыкметна падаўляў у голасе гнеўныя ноткі. – У ваеннай авіяцыі няма такога, каб лётчык куды захацеў, туды паляцеў, яшчэ і вядзёны. Загады не абмяркоўваюцца, яны выконваюцца! І пакуль ты не асвойтаешся з гэтай думкай, наўрад ці штосьці каму дакажаш. Перш прыйдзецца застацца ў жывых!
Сцеша тым часам надзела пілотку, схаваўшы пад ёю роўненькі прабор, які нітачкай дзяліў яе галаву напалам, і цяпер тыкала ў зорку, што адблісквала над ілбом чырвонай эмаллю. Тыкала так настойліва, што змусіла азірнуцца і таго, каму гэтыя сігналы не прызначаліся.
– Ой! – Сцеша ўраз схавала рукі за спіну. – Вы... вы не падумайце, што Ліда назло, проста яна такая: пабачыла, дадумала і – рабіць! А быў бы час, мо і прыкінула б, як разумней. Праўда-праўда!
Пад яе бойкае сакатанне Ліда крадком абмацала ўласны галаўны ўбор і ледзь не плюнула: надарылася ж у спешцы надзець задам наперад! Зорка, натуральна, апынулася на патыліцы.
– ...Ну а тое, што пушкі напаскудзілі – гэта я выпраўлю, не можа там быць нічога смяротнага!
Куточкі вуснаў маёра змякчыліся, але не настолькі, каб ператварыцца ва ўсмешку. Гэтыя вусны быццам не былі прызвычаеныя да бурнага выяўлення пачуццяў, а вось што гаспадару ўдавалася – дык гэта ацаніць сітуацыю з розных бакоў.
– Віктар, ты тут? – гукнуў ён, робячы крок да самалёта. – Што “сямёрка”?
Прысадзісты хлапец у тэхнічным камбінезоне, зашмальцаваным на локцях і каленях, высунуў галаву з-пад плоскасці:
– Ды амаль парадак, Рыгор Мікалаіч. Так, пара дзірак... Дуням шанцуе!
– Падлатай як хутчэй, добра? Сёння самалёт яшчэ патрэбны. І абавязкова дазнайся, чаму праблемы са зброяй!
– Прыгляджу, будзьце пэўныя. Калі што, мы з рабятамі-дзяўчатамі абмазгуем, каб такое больш ні на якой машыне...
Ліда з застылым выразам твару тырчала пасярод стаянкі, не верачы сваім вушам.
– Гэй, я ўсё яшчэ тут! – зрывіста сказала яна. – І я сама магу даць указанні с в а й м у тэхніку і с в а ё й збройніцы!
Маёр развярнуўся да яе ўсім корпусам і цвёрдым рухам надзеў фуражку. Светлыя вочы, невыразныя пад сонечнымі прамянямі, бліснулі ў цені казырка строгім халаднаватым блакітам.
– Прыберажы эмоцыі для разбору вылету, – суха сказаў ён. – Пасля сняданку, пры ўсёй эскадрыллі. Выдатны прыклад таго, як не трэба весці сябе ў паветры!
І рушыў прэч, папраўляючы пад рамянём выцертую гімнасцёрку некамандзірскага выгляду, якая за час палёту змялася пад парашутнымі лямкамі. А Ліда – наадварот – скамянела падцягнутая, ладна перахопленая скураным рамянём, нібы гожы цацачны салдацік. Які, аднак, лёгка расцячэцца расплаўленым волавам па гарачых вуглях.
– Ізноў дурата, а не гутарка! Ой, якая дурата! – яна прыкра сарвала пілотку і скамячыла яе ў кулаку. – Ну не ведаю, як з ім размаўляць, ні халеры не йдзе! Яшчэ і ты, Віцька, удружыў: знайшоў час бадзяцца. У мяне чортаў ліхтар намёртва заклінавала, ледзь вылезла!
Тэхнік выкараскаўся з-пад “сямёркі” і, не спяшаючыся адказваць, адкрыў створку капота. Нетаропкі, грунтоўны, ніякага параўнання з імпэтнай Лідай.
– Ліхтар ёй не дагадзіў... Будзеш так ганяць – і матор накрыецца. Я табе для чаго запчасткі хаджу выбіваю? З тэхнікай трэба беражлівей, гэта не Сцешку даймаць, якая праз пяць хвілін даруе.
– А ты толькі з тэхнікі пылінкі здзьмухваеш! Не хочаш спытаць: цэлая ты, Лід, або таксама з якой дзіркай?
Віктар глыбакадумна абвёў яе позіркам ад ускудлачаных кудзераў да кірзачоў, адшураваных да бляску.
– Раз крычыш, то цэлая, мабыць, – буркнуў урэшце. – А машына як тая жывёлка: сама не скажа, дзе баліць.
– Калі так, слухай сюды, разумнік! – Ліда падступіла ўшчыльную і выпрабавальна ўтаропілася ў яго загарэлы твар з выцвілымі на сонцы бровамі. – Пра непаладкі будзеш дакладваць перш за ўсё мне. Мне, ясна? Мне, а не каму іншаму! Вось так.
Яна адсунулася і шырокім крокам скіравалася ў той жа бок, дзе знікла маёрская спіна. Сцеша, якая паспела прымайстрыцца на плоскасці самалёта, глядзела ўслед з нечаканай для яе ўважлівасцю.
– І што яны з Дубоўкам усё сабачацца? Вушы вянуць слухаць! Не, штосьці тут ёсць, нюхам чую.
– Радуйся, што сама не атрымала на арэхі. А я даў бы для праформы!
Сцеша задумліва пабоўтала нагамі, задзіраючы насы завялікіх ботаў, каб не спадалі.
– Проста калі ўсё празрыста, то з чаго б ёй штовечар форму на нарах раскладваць? На сенніку, пад прасціной. Каб зранку як адпрасаваная была.
Віктар, падобна, і насамрэч не меў жадання пераймацца чымсьці акрамя тэхнікі.
– Ты лепей заканчвай гэную сваю філасофію – і таго, за справу, – адсек ён важка. – Пакуль той сняданак, паспеем хоць што паправіць.
Сцеша просьбітна палыпала вейкамі, аднак з таўстаскурым начальствам какетлівасць не праходзіла. Адчайна пазяхнуўшы, яна пачала нехаця падкасваць рукавы. Падкасвала, а сама паглядала наперад, дзе шыбавала ўздоўж стаянак дзявочая постаць.
Свидетельство о публикации №221042801258