Раздзел 3. 02-03-2023

...у якім даводзіцца падслухаць маўчанне



“Дурата! Бязглуздасць! Паскудства!”

У падэшвы ботаў біла зямля, світальнае сонца казытала вугал правага вока. У ноздры ўліваўся ўсюдыісны пах авіяцыйнага бензіну, які мяшаўся з пахам папяроснага дыму і свежай чэрвеньскай травы, яшчэ не высушанай пякучымі прамянямі. Спалучэнне жаданае, п’янлівае – нідзе ў свеце не знайсці лепш! – аднак яе, Ліду Жук, цяпер раздражняла ўсё. То на сцежку перад ёю выпхнецца які механік, то чародка збройніц выбухне рогатам над самым вухам, то прапаўзе, пагойдваючыся на калдобінах, бензазапраўшчык з закінутым на цыстэрну хобатам шлангу... Ліда шыпела скрозь сціснутыя зубы і ўхілялася, абмінала, ізноў імкнулася наперад. Яе распірала тая злосць, калі загадзя натапырваешся, думаючы, што ўсе будуць на цябе глядзець ды пасмейвацца, а выходзіць, што нікому твая каштоўная асоба і дарма не патрэбная. Нават самалёты, стаянкі якіх цягнуцца па левую руку, усе як адзін павернутыя да цябе хвастом.

Ліда з сілай падфутболіла каменьчык, які трапіўся пад ногі. Ну і да чорта, толькі лепш!

– Ты чаго робіш, а? Па шыі захацела?! – гнеўна выгукнулі збоку.

Вось дык нумар: каменьчык, меркавана, адскочыў ад ствала бярозы і заляцеў на паверхню стала. Аднаго з некалькіх доўгіх, груба скалочаных сталоў, што раніцай і апоўдні засцілаліся абрусамі дзеля прыёму ежы. У астатні ж час іх выкарыстоўвалі для чаго заўгодна – пачынаючы з правядзення сходаў і раскладвання самалётных запчастак і заканчваючы маляваннем насценгазеты.

Над апошняй, уласна, і вялася праца: на стальніцы бялеў ватман, прыціснуты каменьчыкамі з трох вуглоў, а чацвёрты неахайна скруціўся (яўна пры ўдзеле Ліды). Над ватманам, худы і ссутулены, як пытальнік, навіс выканаўца, якога не сароміў ні ранні час, ні мізэрная рэшта вольных хвілін. Але чаго яшчэ чакаць ад Глеба? Валэндаецца нават з баявымі лісткамі, абы ні секунды не прайшло дарма. І гэта ў нагрузку да лётнай працы! Ніхто з трэцяй эскадрыллі не вытрымліваў гэтую добраахвотна-прымусовую лухту, а Глеб прымудраўся выконваць навязанае з той жа ўедлівасцю, з якою падчас вылетаў на разведку вышукваў ланцужкі варожай тэхнікі і калоны жывой сілы.

Мусіць, прачарціў знянацку загагуліну, вось і ўзвіўся!

– Зайздросціш меткасці? – Ліда скрыжавала рукі на грудзях.

– Ха! Прадстаўленне бачыў, дзякую, – Глеб насмешліва прыжмурыў вочы, аловак гайдануўся ў пальцах. Хвацкія, драпежнай птушцы на зайздрасць. – А манеўравать можна было і лепш! Нават самы бесталковы з маіх курсантаў перайграў бы цябе на раз-два.

Ізноў ён пра курсантаў! Быццам ніхто, акрамя яго, не працаваў да вайны інструктарам. Ды ў палку такіх праз аднаго, бо самых здатных выпускнікоў аэраклубаў і лётных школ стабільна пакідаюць вучыць іншых. Але Глеб не стамляўся ўкручваць гэтую тэму ў любую гутарку, хаця не меў патрэбы падвышаць настаўніцтвам свой статус у эскадрыллі.

– Тады перадай Дубоўку, што наступны ж бой правядзеш са мной сам. Як наконт падзяліцца інструктарскім вопытам? Ці птушанятка не таго полу?

Ён ухмыльнуўся:

– Загадаюць правесці – і правяду. Няўжо карціць ізноў абняславіцца перад усім палком?

– Крэмзай, Глебушка, а то скончыць не паспееш. Я вырашу, што гэта капітуляцыя.

– Каму Глебушка, а каму таварыш старшы лейтэнант. Давай-давай адсюль! Пасядзіш, паразважаеш, ці звязвацца...

Па-мастакоўску сунуўшы аловак за вуха, ён расправіў ватман і нанова прыціснуў вугал каменьчыкам. Не Лідзіным – сваім. Лідзін прынцыпова зашпурнуў у хмызы.

І што ж – сыходзіць? Калі справадзілі прамым тэкстам? Закіпаючы, яна выпусціла паветра праз ноздры, пагрозліва ступіла бліжэй...

– ...Яшчэ паспрабуеш, згода, але я за тое, каб узяцца сур’ёзней! Бач ты, аб дысцыпліне ў яе іншыя думкі!

Ліда рэзка азірнулася: дзве мужчынскія постаці аддаляліся, упэўнена пракладваючы сабе шлях у аэрадромнай сумятні. Адна постаць маленькая, плечы квадратныя – камандзір палка Круглы (вось чый голас пачула). Другая на галаву вышэйшая, у бляклай гімнасцёрцы, і каўнер пазнавальны – адкладны замест стаячага. Дубоўка!

– Рыхтуйся тады, старлей. Маральна! – параіла Ліда Глебу і рванула за камандзірамі. – А то нахрап я выбіваю раз і назусім!

– Гонар з сябе выбі, Жучка малахольная, – ён з паблажлівай усмешкай сагнуў над сталом сухарлявую спіну.

Што Дубоўка паспеў расказаць? Якія такія сур’ёзнасці чакаюць Ліду? Наганяючы, яна прапальвала позіркам патыліцу то яго, то Круглага... Вось толькі размова, падаецца, завярнула ў іншае рэчышча.

– Не, змяніць бы табе гімнасцёрку, далібог! – падпалкоўнік Круглы тэпаў дробнымі, але спрытнымі крокамі, шырока адмахваючы рукамі – амаль на страявы манер. – Увесь полк у новае пераапрануўся, а ты ўчапіўся ў сваю, як тылавік у бронь. Не справа гэта!

Дубоўка схіліў галаву, адказваючы, але здалёк было не пачуць. Яшчэ і матор бліжэйшага самалёта як зараве на ўсю моц – запусціць бы ў тэхніка нечым аэрадынамічна прыдатным! Добра хоць Круглы выдаў у поўны голас:

– Гэта ты ў свайго Зелянкоўскага заразу падхапіў? Што намеснік, што камэск! Адзін па гузіках будучыню прадказвае, а ў другога спадзеў на адзежу большы, чым на ўласныя мазгі!

– Адзежа гэтая шмат чаго зведала, – разабрала Ліда словы Дубоўкі. – Не трымаюся я прыкмет, але гімнасцёрка ўвесь год на мне – і лёс літуе. Гэта штосьці ды значыць?

Ліда жыва ўявіла, як ён сканцэнтравана прыжмурвае вочы, а ля іх куткоў праменьчыкамі прарэзваюцца зморшчынкі. Такія з’яўляюцца, калі часта, вельмі часта глядзіш супраць сонца. Узіраешся, нават калі на мяжы зроку пачынаюць блукаць зеленаватыя бясформенныя плямы. Затое не прапусціш плямак чорных, вуглаватых, якія плююцца агнём.

А ў яго сёння не такая стрыманая хада, як заўжды. Борзда чухае! Унутры разнерваваўся, а схаваць не можа, нават у хаду нешта прарываецца.

– І не сорамна табе? У бядняцкім рыззі разгульваеш! – гнуў сваё камандзір палка. – Эскадрылля не разбяжыцца?

Ч-чорт, тэхнар прама па курсе! Ліда не паспела прытармазіць, і балотна-зялёная фарба з вядзерца, якое ён нёс, плюхнула ад штуршка яму на камбінезон. Праскочыць міма, хутчэй!..

Праўду кажа Круглы: забіваешся тут з гэтай формай, да дробязей пралічваеш, як бы выглядаць па-вайсковаму, спіну цягнеш як мага. А некаторыя і не думаюць аб тым, якое пакідаюць уражанне. І ўсё ім даецца!

Не, хто-хто, а Рыгор Дубоўка для яе загадка. Адзіны з усіх! Таго ж Віктара прыструніць не праблема (пабурчыць, ды зробіць, бо тэхнікі – народ канкрэтны). З Глебам у яе вечна грызня, але і гэта якая-ніякая стабільнасць. Ваяка Круглы таксама збольшага прадказальны... А ў гэтай вось галаве – што? На трэніроўку Ліду ўзяць – папросту, і ажно ў вучэбны бой, а не так, петлі пакруціць. Але як толькі сапраўдная сутычка, кукіш замест волі: цягніся ззаду як прыклееная і не забывай дзякаваць, што ў самалёт пусцілі.

Хвілінку, з якой ласкі яна столькі пра яго разважае? Ат, колькі пашаны! Ліда непакорліва хітнула галавой і збочыла са сцежкі, каб прыладзіцца дзесьці драмануць, пакуль прыкоціць палутарка са сняданкам...

– А як наконт камандзірскага аўтарытэту? – сердаваў Круглы. – А прыклад падаваць хто будзе – папа рымскі? У цябе нават дзяўчо свавольнічае! Кхм... Увогуле даўно час нешта вырашаць. Марудзім нешта, цягнем ката за хвост. А на яе вунь колькі запытаў прыходзіла: ці не наша то лётчыца, мо аддасцё назад?

Ліда так і спатыкнулася на роўным месцы. Што? Сэрца пужліва стукнула ды зататакала няроўна, з перабоямі, нібы матор, прабіты шалёнай куляй.

– Запыты запытамі, а дзе зараз бяспечней – вялікае пытанне, – данёсся да яе голас Дубоўкі. Глуха, як праз шызую тоўшчу хмарыны, якая тоіць у сваім чэраве зацяжны лівень. – Участак у нас, можа, не самы ціхі, але ў параўнанні з леташнімі – курорт!

Круглы спыніўся, і Ліда ледзь адолела жаданне скочыць за бярозавы ствол. Да яго яшчэ трэ было дабегчы! Яна таропка нахілілася – як бы адцірала з калашыны пырскі фарбы.

Калі хоць адзін азірнецца...

– То забудзем пра пол і запыты! Ніводны камандзір палка не ачмурэў бы настолькі, каб трымаць у сябе чалавека, які выкідвае сёння адно, заўтра – другое... А я чамусьці трымаю. І, апроч таго, яшчэ атрымліваю за гэта па шапцы! Дык вось што: калі ў бліжэйшыя ж дні ад Ліды Жук не будзе толку, давядзецца адправіць яе прэч – і пытанне будзе закрыта!

Яна застыла ў дурной паставе, баючыся, што ад нявернага руху свет рассыплецца на аскепкі.

– Але годзе пра гэта! – Круглы нецярпліва махнуў рукой, адсякаючы абрыдлую тэму. – Раскажы лепей, ці ўпэўнена твой маладняк паводзіцца ў паветры. Намецім якога хлопца для дзяжурнай чацвёркі...

І пакрочыў да зямлянкі каманднага пункта, дзе ля дзвярэй замёр падцягнуты вартавы.

Шырокая спіна ў бляклай гімнасцёрцы не зварухнулася, і Ліда пругка выпрасталася, як ганчак, што ўлавіў след.

“Скажы што-небудзь, ну!”

Секунда. Другая. Трэцяя... Па-ранейшаму моўчкі Дубоўка скрануўся з месца і рашучай хадою – сённяшняй, незнаёмай – рушыў за Круглым.

Лідзіна ніжняя кашуля, змакрэлая за час палёту, агідна ліпла да спіны, а ногі пульсавалі, налітыя стомленасцю. Асабліва вышэй за каленкі. Колькі прыйшлося пакруціцца, спрабуючы зайсці “дваццатцы” ў хвост!

Пратупацелі ўніз па прыступках дзве пары ботаў, пляснулі дзверы зямлянкі. Вартавы, на імгненне ажыўшы, паправіў на плячы вінтоўку.

– Мяне – прэч? А вось гэта мы паглядзім, – сказала Ліда аднымі вуснамі – перасохлымі, бяскроўнымі. Матор у грудзях стукаў яшчэ прыспешана, але дакладна. – Паглядзім!


Рецензии