Раздзел 4. 27-03-2025

...у якім старая гімнасцёрка нагадвае мінулае



Гарбата плёснула ў дно гранёнай шклянкі, завіравала, уздымаючыся вышэй і вышэй, і ўрэшце суцішылася, лізнуўшы рубчык. Ася адставіла шклянку да пяці яе сясцёр-блізнят і зноўку боўтнула чарпак у бітон, над якім клубілася пара. Здаецца, фартушку і на гэты раз не пазбегнуць пырскаў. Форменнай спадніцы – яшчэ няхай, а тут... Як ні намагайся, да канца дня бель тканіны абавязкова расквеціцца плямкамі. Пакуль ані вечару не выпала, каб не давялося адмываць.

– Руку набіць паспееш. Галоўнае – раздавай своечасова! – зазвычай кідала калега, напаўняючы талеркі. Трэ было спяшацца: ля палутаркі, на якой яны прывезлі сняданак, хутка збіраўся аэрадромны натоўп.

– Колькі чакаць?

– Хтось за раніцу вылет зрабіў, а кухня ледзь варушыцца...

– Вось Поля і адна раздала б хутчэй!

Да Асі даносіўся гэты нездаволены гул, і яна адсоўвалася далей у кузаў, уціскаючыся між бітонам і каструляй.

– Афіцыянтак не хапае, даражэнькія, просім пацярпець! – голасна абвяшчала калега, ніколькі не сумняваючыся ў сваім праве камандаваць усімі гэтымі вайскоўцамі.

Яна была не тое каб нашмат старэйшая за Асю, але яе чамусьці паважліва велічалі Серафімай Пятроўнай і заўсёды гатовыя былі адшукаць і ўладкаваць ля палутаркі скрыню, стоячы на якой зручна раскладваць ежу па талерках. На аэрадроме Ася нават кірзавы бот баялася спусціць з палутаркі без патрэбы, а Серафіма Пятроўна, рослая, статная, над натоўпам царавала – цёмныя валасы былі элегантна, з уменнем уложаны пышным каралеўскім вузлом, апалонік жа быў замест скіпетра.

– А ну, налятай, хлопцы! Кашкі вам, і гарбату не забывайце. Рукі мылі? Гігіена перш за ўсё!

Рукі, рукі... Мільгаюць перад тварам, забіраюць шклянку за шклянкай. Збольшага не мужчынскія яшчэ, хлапечыя, але вялікія, не параўнаць з дробнай Асінай далонькай. Сталейшых рук няшмат, і ўсё ж яны ёсць – як гэтая, вузкая, са сцягнутай ад колішніх апёкаў скурай. След пачынаецца на тыльным баку, абкружае запясце, запаўзае ў рукаў, і лепей не прыглядацца, не думаць. Не запамінаць. Вось рука маладзейшая: мезенец скрозь у грыфелі алоўка, пальцы ўчэпістыя... А на той хлапечай руцэ, шырокай і дужай, костачкі пальцаў збітыя, як пасля трапнага ўдару. Па чым, дзеля чаго – ведаць неяк не хочацца.

Шмат, занадта шмат... Нават пры жаданні не запомніш усе, як і не распазнаеш у гомане натоўпу асобныя галасы. Усё зліваецца ў роўны гул, які не дасягае вушэй – наплывае хвалямі і адкочваецца, не пакідаючы следу ў памяці. У вушах – гул, на заднім плане – зеленаватае мора гімнасцёрак, а перад вачыма – чарпак ды шклянкі: наліць і аддаць, наліць і аддаць...

Аднак вось сярод хлапечых рук цапнула шклянку рука дзявочая. Знаёмая. Ухапіла не ўсёй далонню, а вялікім і ўказальным пальцамі – за верхнюю каёмку, дзе не апякае. Чарга тэхнічнага саставу яшчэ не падышла, значыць гэта тая дзяўчына – адзіная сярод “летуноў” (так празваў знішчальнікаў немалады кухар, які ўвесь дзень завіхаўся над каструлямі, разводзячы макрэчу на любой плоскай паверхні і ў сумятні губляючы то нож, то лыжку, то акуляры). Дзяўчына быццам бы малая, ніколькі не вышэйшая за яе, Асю, але плечы незалежна разгорнутыя – такая з натоўпам не зліецца – і рамень зацягнуты туга-натуга. З пункту гледжання фігурыстай Серафімы Пятроўны такія таліі не могуць мець поспеху... Зрэшты, Асіна таксама. Але аб гэтай дзяўчыне загадчыца сельскага клуба не ўздыхала б, падпіраючы кулаком румяную шчаку: “Птушыная канстытуцыя...” – пакуль на кінасеанс збіраліся пастаянныя гледачы. А бабуля не буркатала б сваё заўсёднае: “Кранеш – пераломіцца!” – і не падкладвала б у талерку яшчэ адну духмяную вараную бульбіну. Не, гэтая стройнасць крэпенькая, як у маладога дрэўца – як у бярозкі, што ўпэўнена цягнецца макаўкай да неба.

А бярозкам і справы няма да кволых раслін, чые парасткі кольцамі сцелюцца па зямлі і ўзіраюцца ў навакольны свет бледнымі кветачкамі.

– Дзякуй вам, Аксеня.

Уздрыгнуўшы, Ася ўперлася позіркам у чыйсьці зацыраваны рукаў – шво рассякала ўсё перадплечча, ад кісці да локця. Яшчэ адна рука са сталейшых... Ася кіўнула нязграбна-ўдзячна і схіліла галаву над бітонам, так што мышыная коска звесілася на плячо.

Гэтую гімнасцёрку яна пазнала. Гаспадар яе быў з камандзіраў, а хто іменна, усё не было нагоды спытацца. Правесці для Асі экскурсію па месцы працы Серафіме Пятроўне і ў галаву не прыйшло, яна толькі паказала кухню, лётную сталовую і цёмны пакойчык, дзе яны павінны былі туліцца ўдзвюх.

– Ты на пагонах зоркі падлічвай, большага не трэба, – настаўляла яна, пакуль Ася круціла ў руках завялікую гімнасцёрку і пакутліва падбірала словы, каб папрасіць іголку ды ніткі. – Наконт званняў-прозвішчаў яшчэ насабачышся, а пакуль глядзі: чым болей зорак, тым цішэй паводзішся. Калі ў кагосьці вялікія – лепей зусім рот не адкрывай, я ўсё сама. Ясна з гэтым?

Ася не пярэчыла: яна была згодная ціхарыцца і перад тымі, хто наогул тых няўцямных зорак не мае. Абы лішні раз не прыцягваць увагу.

Дарэчы, у гэтага камандзіра зорка была якраз вялікая, але дзякаваць ён не цураўся. І не бачыў нічога ганебнага ў тым, каб ведаць па імёнах увесь авіяполк, да апошняй афіцыянткі. Мусіць, і Полю тую ведаў – яе давялося пабачыць хіба адным вочкам здалёк у першы дзень, але яна і цяпер усплывала годным прыкладам у перамовах чаргі. Здаецца, прозвішча камандзіра Ася ўсё-ткі чула: нешта трывалае, памяркоўнае... і прытым паэтычнае, ці што? Пазнавала ж па гімнасцёрцы – выцвілай, старога ўзору, яшчэ з адкладным каўняром, што для пятліц. У палку такія не насілі. Ася сутыкнулася з імі значна раней – калі паўз яе забытую богам вёсачку пацягнуліся бясконцыя калоны савецкіх салдат. Пацягнуліся на ўсход. Бабуля тады доўга сачыла за імі позіркам, выпрастаўшыся ў градах, сама ж Ася застыла на ганку з поўным фартухом яек, вольнай рукой захінаючы на грудзях квяцістую хустку – былую матчыну. Яна за ўсё жыццё не бачыла столькі людзей. Шэрыя ад стомы, раўнадушныя, яны не ўзнімалі вачэй ад гразі, з якой ледзь вывалаквалі боты. Ані позірку на вяскоўцаў – уніз, уніз, пад ногі. І ні Ася, ні нават бабуля не мовілі ўслых (хаця абедзве падумалі), наколькі правільней было б сысці ўслед за войскамі.

Чаму яна прыгадала ўсё гэта, убачыўшы рукаў – толькі рукаў з доўгім страшнаватым швом?

У адваротным кірунку, на захад, ішлі потым іншыя гімнасцёркі. Новыя – з пагонамі. І зноў Ася дзівілася, да чаго іх шмат і які агромністы, аказваецца, свет, раз у ім змяшчаецца  н а с т о л ь к і  больш, чым бывае ў мюзікле на кінаэкране. І ў той час як міма веснічак крочыць у заплямленых кірзачах такое рэальнае, сапраўднае жыццё, не падобнае да цяперашняй размеранасці, вось дык добра было б вычапіць з яго штось нечаканае, яркае, бязглузда смелае і глынуць хоць кропельку гэтага жыцця, якое так доўга...

– Ох-х!

Пырскі апяклі ёй пальцы, і яна так і не ўцяміла, у каго вырваўся гэты выгук. Ці ў яе самой, ці ва ўладальніка чарговай, куды навейшай гімнасцёркі? На яго рукаве распаўзалася цёмная пляма – жах, катастрофа! Шклянка, так няўдала ўсунутая ў гэтую руку, раняла кроплі-слёзы на бот, нібы аплаквала незайздросны лёс дзявочых мрояў.

– Ой-ёй, пгабачце! Не хацела я, па пгаўдзе не хацела... Дужа пячэ? Гэта выпадкова – зусім! Я пгоста...

Ізноў словы, падступныя словы! Чаму ў думках яны лятуць так ладна, а з вуснаў вывальваюцца каракаціцамі? Чаму само слова “каракаціца” язык не здатны прагаварыць?

Спіна Серафімы Пятроўны няўхвальна закамянела (куды табе да Полі!), а смяшкі з мора гімнасцёрак перакрыліся шумам у вушах. За чарпак бы схавалася!

– Нічога, не важна... Я таго, сам вінаваты. Нічога! – пацярпелы хутчэй перахапіў шклянку другой рукой і крадком выцер аблітую аб штаны. Пальцы яго няёмка сціснуліся, расціснуліся ды зноў у кулак – рухавыя, праўдзівыя. Доўгія такія, амаль як у мужа загадчыцы клуба. Той, бывала, вечарамі браўся за баян, і тады пальцы ахвоці як спрытна бегалі па кнопках, выплятаючы мелодыю вальса “На сопках Маньчжурыі”. Але, напрыклад, валасы ў баяніста не такія светлыя былі і на макушцы даўно парадзелыя (нібы сонца прыпякло), а ў гэтага юнака акурат там і тапырацца, з вышыні палутаркі відаць. Бровы ж яшчэ і святлейшыя, на твары ледзь адрозніш...

На... твары?

Асін позірк, быццам заспеты за нечым злачынным, спуджана саскочыў ніжэй і замітусіўся між звыклых плеч ды рукавоў. Зачапіўся за шклянку, спустошаную напалову.

– Ах, я не... Дайце далью!

Падаўшыся ўперад, яна павольна... асцярожна... не дыхаючы... нахіліла чарпак над працягнутай шклянкай. Толькі б не даць маху і з гэтым рукавом! І пакуль струменілася ды струменілася бясконцая гарбата, да шчок прылівала гарачыня, якая паліла горш, чым пара ад бітона.

Зорачка на кожным пагоне ўсяго адна – маленькая, нястрашная...

А на твар – ні-ні!

– Дзякую... – юнак скавана адступіў на крок. – За... двайную порцыю!

Гарбата плёснула ў наступную шклянку, завіравала, уздымаючыся вышэй і вышэй, і прытаіла на дне трапяткую ўсмешку.


Рецензии