Раздзел 5. 08-08-2024

...у якім істотным фактарам аказваецца няцотнасць



Чаму вечна даводзіцца давяраць камусьці частку справы? Усё роўна зроблена будзе не тое, не так, не тады... Ну хіба спадабаецца выслухваць аб  с в а і х  разумовых здольнасцях чорт ведае што – і ўвогуле рызыкаваць усім! – праз нейкую гультайку, якой, бачыце, адаспацца важней, чым абслужыць адведзены ёй самалёт!

Так думала Ліда, пакуль рашуча налягала на грэчку за сталом трэцяй эскадрыллі – тым самым сталом, ля якога яны з Глебам перакідваліся кпінамі. Глеб, дарэчы, і цяпер быў тут. Умінаў сваю порцыю злева ад яе, касавурыўся, але памоўкваў – мабыць, каб хуткасць не з’есці. Ён нязменна спусташаў талерку першы з усіх, нават калі сядаў за стол апошнім, і ежа знікала ў яго жылістым целе нібыта бясследна. Ліда раз паспрабавала зусім не мянціць языком, каб выйграць колькі хвілін, але і тады засталася з носам: яна яшчэ запіхвала ў рот фінальны варэнік, калі Глеб перакульваў у сябе рэшту гарбаты. Наконт паглынання ежы спрачацца з ім было не варта... Прынамсі не раней, чым Ліда прабудзе ў палку хоць палову яго тэрміну. Калі наогул прабудзе да заўтра!

Глеб з умелых, ён у эскадрыллі трэці па вопытнасці. Уласна, майстроў сярод іх толькі тры і ёсць. За сталом яны так і сядзяць, па нарастаючай: тут Глеб, за ім даўгалыгі Зелянкоўскі, а там і Дубоўка (вунь, якраз апускаецца на сваё камандзірскае месца, крайняе, як і ў Ліды). Але што да здольнасці раздражняць, то ў гэтым Глеб паперадзе ўсіх, нават Дубоўку пераплюнуў. Ён можа нават нічога не казаць, адных гэтых пераглядак дастаткова.

– Што ты ўсё зыркаеш? – не вытрымала Ліда. – Порцыяй з табой падзяліцца?

Глеб дажаваў з наўмыснай стараннасцю і лыжкай пазграбаў грэчку ў ашчадную горку.

– Ды так, прыкідваю. Вось была б ты сама вядучай... Не ўсё ж хвастом за іншымі цягацца? Можна і самой весці – звяно там, групу...

Ліда злавіла яго востры каршуновы позірк і палічыла за лепшае ўтаропіцца ў талерку. Тузанула плячом, быццам абыякавая.

– Сабраўся ў вядзёныя да мяне запісацца? Лаві момант, пакуль чаргі няма!

– То прыйдзецца аб’яву даць: “Шукаю смяротнікаў, расправа хуткая і надзейная”. Думаеш, колькі сярэдні вядзёны працягне з табой поруч?

– І колькі ж ты мне дасі? – праз зубы выціснула яна.

– Дзён або чалавек? – Глеб чмыхнуў і перахапіў лыжку ямчэй, усім выглядам паказваючы, што не збіраецца адорваць увагай Ліду, калі ёсць сняданак. – Ты ўлічы, разумнічка: у шалапутаў вядзёныя доўга не жывуць. А ў шалапутак – тым больш!

Ззаду ўздыхнулі:

– Эх, ізноў развялі цапкі-драпкі... Рассуньцеся, дайце і я ўлезу!

Ліда неахвотна перасела з талеркай да самага краю, і на лаву між Глебам і ёй уціснуўся Слаўка – у якасці жывога бар’ера. Гімнасцёрка не запраўленая як след пад рамень, насы ботаў ужо ў пыле... Ужо ці яшчэ? Да таго ж Слаўка прымудрыўся штурхнуць стол, і Ліда змрочна ўзняла сваю шклянку. Карычневая лужынка паволі ўсмоктвалася ў абрус.

– Выдатна.

– Даруй-даруй! Хочаш – маю вазьмі. Па рубчык! – ён выставіў перад сабой уласны сняданак.

– Выбачацца будзеш перад прачкамі. А ў мяне іншыя праблемы! – яна перайшла на шэпт, каб меней слоў дасягнула Глебавых вушэй. – Дубоўка сказаў, што пасля сённяшняга не стане цярпець мае выбрыкі! І што мяне сашлюць прэч як толькі, дык адразу!

– Ты еш, не забывай, – прабубніў Слаўка з набітым ротам. Навіна не асабліва яго ўразіла. – Ды не, лухта! Няўжо так і сказаў: ідзі рэчы збірай?

– Ну, не наўпрост сказаў... Не такімі словамі. І не гаварыў ён зусім, але прамаўчаў як бы так, быццам... Не блытай мяне! – раззлавалася яна. – Ён за тое, каб Ліды Жук тут не было. Усё! Я сама чула, як яны з Круглым мяне абмяркоўвалі!

Выпаліла і зладзеявата кінула позірк уздоўж стала. Канешне, Дубоўка на другім канцы, але падстрахоўка не будзе лішняй.

– Лічыш, толькі яны так думаюць? – саркастычна ўставіў Глеб. – Усё было ясна з самага пачатку, і вось заканамерны вынік! – ён пругка ўзняўся, выбіраючыся з-за стала.

– Мяне пачакай! Я амаль што... – Слаўка паныла зазірнуў у сваю талерку, каша ў якой была ледзь кранутая.

– Можа, паспееш у наступны раз. Калі паднаціснеш. А будзеш бавіць час з гэтай – сам нахапаешся дурноты!

З гэтымі словамі Глеб забраў пустыя прыборы і рушыў у бок палутаркі, дзе працягвалася раздача – атрымлівалі сваю долю тэхнары.

Ліда праводзіла позіркам яго ссутуленую постаць і развярнулася да яшчэ аднаго слухача, які жаваў насупраць Слаўкі. Грозна звяла бровы: ці плануеш языком часаць направа-налева? Ён усміхнуўся самым краёчкам рота і сціпла схіліў руды чуб над сняданкам.

Хмурная Ліда ўрэшце і сама вярнулася да грэчкі.

– Бачыш, у Глеба ніякіх сумневаў, што ўсё сур’ёзна. Ён толькі рады будзе, калі я пайду збірацца! Важна паспець прыдумаць хоць якую штуку, перш чым... Гэй, ты слухаеш? – яна штурханула Слаўку.

Ён прамармытаў нешта, распраўляючыся з ежай з падвойным імпэтам. Усё яшчэ не губляў надзеі дагнаць Глеба – а дасюль гэта ні разу яму не ўдалося. З улікам заўсёднай спешкі нядзіўна, што ён не вырас больш, чым быў. Больш, чым Ліда. Лаўка была для іх абаіх высакаватай, таму боты краналіся зямлі толькі насамі.

– Ты мне сябар ці хто? Ты разумееш, што мяне могуць паперці адсюль? І папруць! – Ліда прыстукнула па стале тронкамі лыжкі. – Калі не пакажу на справе, што ад мяне можа быць карысць.

– Выдумала... Сама паразважай: у нас што, дужа моцная эскадрылля, каб адсылаць людзей за пусцяковіны? Дзевяць чалавек – не так шмат. Тры ўмельцы, тры “жаўтароцікі”, ну і мы трое пасярэдзінцы, – ён кіўнуў на рудавалосага хлопца. – Ні тое ні сёе...

– Іменна – дзевяць! А дзевяць напалам не дзеліцца, усіх па па;рах не размяркуеш. Любы дурань скажа, што лішняя тут я! Нават за сталом збоку прыпёку: вы ўсе разам, а мне – з краю туліцца!

У трэцяй эскадрыллі і праўда было дзевяць лётчыкаў: пяцёра (з улікам адсутнага Глеба) мясціліся па адзін бок стала, чацвёра – па другі, і перад Лідай якраз было пустое месца. Ці не наглядны прыклад?

– Ізноў муціш... Сёння дзевяць – заўтра восем, на фронце гэта папросту. Адразу будзе парадак, па тваёй логіцы?

– Не каркай, доўбень! – яе перасмыкнула. – Ты ведаеш, пра што я. Было б восем – тады б вядучых і самалётаў на ўсіх хапала. А так “сямёрачка” быццам не мая! Хаця я прыкаціла ў полк нашмат раней, чым Колька...

У горле перасохла ад балбатні, і Ліда схапілася за шклянку – палову ўліла ў сябе за раз. Наварочвае, паганец, – акурат насупраць Дубоўкі. Хто-хто, а яны натуральна глядзяцца як вядзёны і вядучы: абодва цёмнавалосыя, плячыстыя, толькі ў Колі рысы твару грубейшыя ды нос з гарбінкай, бо перабіты. Па кулаках не прызнаеш у ім навічка – засвяціць ён здольны так, што не хутка ачомаешся. Але наколькі ўсё было б прасцей, калі б Ліда дзяліла з ім толькі самалёт!

– Не, ты скажы, Слаў: хіба гэта правільна – лётаць напераменку то з адным, то з другім? У вас ва ўсіх вядучыя пастаянныя, толькі вашы, а я па аэрадроме сноўдаюся, пакуль камэск не свісне: гэй, твая чарга вылятаць! Так ніколі ў людзі не выб’ешся.

Праставаты Слаўка, які знемагаў ад плыні жаночых нараканняў, страціў-такі цярпенне:

– Слухай! Ты рабі, а не скардзіся. Трэба табе выбіцца – наперад, дзейнічай. А распінацца ўпустую...

– А я чым займаюся?! – зашыпела Ліда. Ледзь стрымалася, каб не гыркнуць у голас. – Сёння магла б над саменькім аэрадромам збіць, калі б Сцешка не намудрыла з авіяпушкамі. Усе пабачылі б: ты, Глеб, Дубоўка гэты! А выйшла, што ён ізноў вылучыўся, самалёт сабе яшчэ адзін запісаў... Ці не хопіць яму іх, самалётаў? А мне збіты так патрэбны! Я ў гэтым палку толькі і заваліла, што адзінюткі непаваротлівы “юнкерс”, а гэта не тое самае, што сысціся з “месершмітам”!

Слаўка хітнуў русявай галавой. Коратка, нязгодліва.

– На мяне і самога “месераў” не запісана. Ніводнага. І што з таго? Хіба мы з Глебам заданні не выконваем? Усяму свой час, так я думаю.

Ліда сціснула шклянку, адчуўшы далонню ўсе стыкі граней.

– Няма ў мяне часу. Няма! Я тэрмінова павінна даказаць, што прыйшла сюды не кашу дарма лопаць, а быць як усе. І я дакажу. Сёння ж!

Калі яна паспела праваліцца ў гэтую паветраную яміну? Нібыта пачала развіваць хуткасць, перайшла ў набор вышыні... Або Глеб мае рацыю – і нічога не было, і ад пачатку яна ўсё саслізгвала ў прорву? Калі так далей, зусім ляпнешся...

Не адны яны заядалі сняданкам гутарку – на тым канцы стала перамаўляліся, зблізіўшы галовы, Дубоўка з Зелянкоўскім. Па вуснах апошняга блукала ўсмешка, ён дабрадушна казаў і казаў нешта, узмахваючы бледнай хударлявай рукой з цёмнымі рубцамі ад апёкаў. Дубоўка адгукаўся рэдка, часцей ківаў. Твар яго – Ліда адхілілася назад, каб бачыць, – не губляў задумлівага, адсутнага выразу, а стуленыя вусны так і не варухнуліся ва ўсмешцы ў адказ.

Ліда ўпілася позіркам у заўчасна збялелую скронь і ў думках сказала так выразна, як магла: “Можа, тут і няма для мяне месца, але адступацца я не стану! Не так гэта пачыналася, і я была іншая, і з таго часу рухнула ўсё, усё... Я не дазволю скончыць гэта вось так!”


Рецензии