Раздзел 6. 16-08-2024

...у якім вызначаюць характар па вачах



Чамаданчык адцягвае руку, планшэт з паперай-накіраваннем – ля сцягна, пальцы ад холаду зусім занямелі, хоць і хаваюцца ў скураных пальчатках. Нічога не забыла ў спадарожнай палутарцы? Насамрэч калі б і забыла, неістотна: давязі саму сябе, а астатняе дадасца! Здаецца, так павінны разважаць бывалыя лётчыкі, калі пераступаюць парог... прабачце, мінаюць шлагбаум сваёй новай часці.

Бывалыя – гэта самае важнае.

Даўно Ліда не завітвала ў баявы авіяполк. З першага погляду відаць: не які-небудзь тыл. Гэта толькі здаецца, што, як і ўсюды, прамінаецца пад унтамі лютаўскі снег, і ў асінавым гайку без натхнення перастукваюць сякеры, і самалёты на стаянках тарахцяць на звыклай ноце... Маторы прагрэтыя, а ў тэхнікаў насы пасінелі – усё як мае быць! Нават ву-унь тыя хлопцы, якія ў знямозе калупаюць снежныя горы лапатамі, задыханыя абсалютна не па-тылавому. З гэтым які заўгодна вайсковец згадзіцца!

Ну і замяло полк за ноч... Галоўнае, каб саму Ліду не адправілі грэбці снег, як бескарыснага навічка. Вось што: выдадуць мапу – адразу вучыць, вучыць, каб за вечар управіцца! А то пачнецца – раён не вызубрыла, экзамен па матчастцы не здала...

Уверсе знаёма ракоча, і Ліда задзірае галаву, спыніўшыся пасярод больш-менш пратаптанай сцежкі. Ага, пара Ла-5 у дзеянні! Распачалі вучэбны бой, прычым не на роўных. У тым самалёце – яўна нявопытны пілот: бесталкова кружыцца, ніяк не зойдзе ў хвост другому. Лопух ты, чаго не пацягнуў следам? Сонца цябе асляпіла, ці што?

– Дарогу! Са-аступі шлях!

Ліда нязграбна пасоўваецца... і – р-раз! – сядае ў пухнатыя гурбы. Сцяміць не паспела, як звалілася! А нейкія рабяты ў ватоўках з пыхканнем валакуць міма скрыню, падобна са снарадамі.

– Гэй, у аблоках не лунаем – рызыка! Прыземленыя затопчуць, – настаўляюць яе жыццярадасна, і добрую траціну неба загароджвае мужчынскі сілуэт, медзведзяваты ў зімовай форме.

Рэпліка, на густ Ліды, хоць і не без нахабства, але настраёвая: арганічна дапасуецца да ззяння сонца і святочна-іскрыстага снегу, сыпкага, як манка.

– Што за інструкцыі са стратасферы? А калі падножку? – Ліда нецярпліва ўзіраецца супраць святла.

Не ватоўка – куртка. Дыхтоўная, футравая, за каўняром схаваешся. Лётная. Пэўна, і шлемафон не проста прымераў?

Ён смяшліва ўскідвае густыя бровы-шчотачкі, але прымірэнча працягвае руку:

– Хапайся давай, змокнеш!

Ліда і хапаецца – так, на секундачку, адно каб на сцежку выскачыць. От жа, цяпер ад снегу ўся абтрасайся, рыжая сабачая поўсць унтаў зусім пабялела.

– А ці не заблукалі вы, малады чалавек? – незнаёмец жыва нахіляецца за фанерным Лідзіным чамаданчыкам, які вызірае з гурбаў. У жэсце гэтым болей інтарэсу, чым гатоўнасці дапамагчы. – Тутака воінская часць, ведаеце? Вам жа, мусіць, трэба ў школу!

Ліда пырскае:

– А вам, мусіць, акуляры трэба! Міма, таварыш лётчык, рабіце другі заход.

– Эге! Пардон, не прызнаў... – ён адным рухам падцягваецца, дарма што ў дурным мехаватым абмундзіраванні ці ёсць выпраўка, ці няма – адзін чорт. – Куды кіруеце, чароўная паненка? Можа, падмагу з маршрутам?

– Адставіць паненак! – яна праўдападобна ўдае абражаныя камсамольскія пачуцці. З гонарам казырае: – Малодшы лейтэнант Жук! Калі што.

Гэты, мабыць, і не чуў, як па статуце прынята. Прысвіствае няпэўна:

– Ну ты даеш, кнопка. І вас там не мераюць зусім? Рост, вага і ўсё такое...

– А вось гэтага не трэба! – Ліда наструньваецца як мага, нават на дыбачкі ўстае. – У нашай справе рост – не галоўнае, была б кемнасць ды здароўе...

– Значыцца, у нас і агульныя справы меліся? – з-пад броваў хітравата выбліскваюць вочы, сінія-сінія, як аскепкі неба. – Не нагадаеш, на якім фронце? Відаць, на тым самым, як яго... На любоўным!

– Андрэй Ільіч, а Андрэй Ільіч! – мнагазначна кхекае хлапчына, які дыміць папяроскай наводдаль. Яўна з тэхнароў, ватоўка і камбінезон дужа завэдзганыя. – Вы калі да палявання ахвочы, то і ў нас аматары знойдуцца...

– Хм, а красамоўства цяперака ў росквіце? Трэба мне не шчоўкаць дзюбай. Канкурэнты так і лезуць, сабакі... – лётчык аглядвае зіхоткую снежную роўнядзь і махае некаму: – Мікалаіч, ходзь сюды!

Тэхнік-зубаскал не здае пазіцыі:

– А што я не так мовіў? Мы рабяты простыя, нам на медалёчкі не настраляць. Як што якое, дык начальству. То паёк, то гарэлачка, то наконт жаночага полу...

За спінай у яго вырастае яшчэ адзін уладальнік лётнай курткі. Па ватоўцы адчувальна ляпае тоўстая пальчатка, выбіваючы пыл:

– Ці гэта ты, Васёк?

– А то хто ж, – уздыхае тэхнар і загадзя шпурляе пад ногі недакурак.

– Усё бавіш час, прыяцель? А вунь стаянку тваю адкапалі. Як бы нам парадак арганізаваць?

Ліда чуйна падбіраецца: нябось, хто з кіраўніцтва?.. Не паспявае адысці камбінезон, як яна ўцягвае пабольш паветра і зноў ускідвае руку да шапкі:

– Дзень добры! Малодшы лейтэнант Жук прыбыла для далейшага праходжання службы!

Рапартуе бойка, годна, як задумвала, аднак належнага эфекту гэта і цяпер не выклікае. Светлыя вочы новапрыбыўшага ўважліва звужаюцца, і толькі.

– У штабе не былі? Нічога, разбяромся. – Ён без лішніх пытанняў аддае чэсць: – Капітан Дубоўка.

– І то праўда, годзе таямніц мадрыдскага двара, – ківае сам сабе брывасты дасціпнік і казырае следам: – Капітан Караткоў, камандзір трэцяй. Пытанні, просьбы, пажаданні?

У Ліды, якая і так стаіць навыцяжку, быццам дадаецца росту. Ого-го... Няўжо нюх падвёў? А яна тут фрывольнасці адбіваць трэніруецца!

– Папаўненне, значыць? – памяркоўна кажа той, хто нязмушана справадзіў тэхніка. Здаецца, Дубоўкам назваўся. – Не ў сяржанцкім званні, ужо добра...

Што за прывід усмешкі прамільгвае на вуснах? Але на тое і прывід, каб знікнуць без следу: да чаго твар сур’ёзны, мама дарагая! Не хапала, каб давялося служыць з якім-небудзь змрачнюгам. А ў Караткова таго энергіі аж занадта, мог бы і падзяліцца, каб неяк раўнамерней. У аднаго ў адказ павекі торгнуцца, у другога ж твар так і зайграе – усе эмоцыі на паверхні.

Дзіўна, дзіўна, што прамашка...

– Як па мне, хоць бы і з сяржанцікаў, але – у лётны састаў! – важка пераконвае сябра Караткоў, які ўпэўнена пачуваецца ў начальніцкай ролі. – Тэхнарам – во раздолле гайкі круціць! А збіваць каму, табе ды мне?

Дык вось яно што! Ледзьве стрымліваючы паблажлівую ўсмешку, Ліда корпаецца ў планшэце. Шах і мат! Караткоў нехаця здымае пальчатку, бярэ афіцыйную паперу...

– Мне што, насамрэч акуляры займець? – ён збянтэжана ссоўвае шлемафон назад, і на лоб падае смаляна-чорны кучаравы чуб. – Паперка хоць сапраўдная, не ліпа? Глянь, Рыгор: і прозвішча – Жук, і імя не хлопцава... А між тым – лётчык! Знішчальнік! Ну, вось што, Лідзія Бацькаўна...

– Цімафееўна я, таварыш капітан!

– Вы, шаноўная, калі таксама па часці жартаў, то ніша, таго... занятая. Вызваляць не планую. Або гумар у высокіх служакаў своеасаблівы... І з годам нараджэння спрэчна – прызнайся, накінула пяцёрачку для саліднасці. А то каб тысяча дзевяцьсот дваццаты!

Ліда напускае на сябе таямнічасць:

– Гэта гледзячы куды бераце – у эскадрыллю ці замуж...

Размова нейкая дзівацкая, натуральна. Замест таго каб гарадзіць невядома што, зараз Лідзе больш да месца пераймацца, як бы галаваломная авантура ўсяго яе жыцця, старанна выбудаваная паверх за паверхам, не абвалілася, ледзьве яна высуне галаву на дах. Але ад блізкасці да мэты перапаўняе такая эйфарыя ў спалучэнні з пачуццём поўнай абароненасці, што недарэчнасці выскокваюць самі – быццам яна адмахваецца ад залётнікаў у чарзе ў кіно. І яе ўсё яшчэ не асадзілі за развязнасць! Па чутках, тутэйшы камандзір палка паспеў бы тройчы адхіліць ад палётаў і саслаць на “губу”.

Наогул дзівосы, што з такім зрокам яны прымудраюцца некага збіваць. Узяць хоць Лідзіну агромністую футравую куртку – гэткую ж, як у іх саміх. Што, мужчынскія забабоны засцілаюць вочы?

Караткоў уздыхае, і ў марозным паветры клубіцца воблачка пары.

– Гэта значыць, колькі табе гадоў? Дваццаць тры? – сумна пытаецца ён, прапіхваючы змерзлую кісць назад у пальчатку.

– Дваццаць два пакуль.

– Хоць не шаснаццаць, і то хлеб! Адкуль жа бяруцца такія дзяўчынкі-малайчынкі?

– Пяцьсот восемдзесят шосты полк. Знішчальны авіяцыйны, – для надзейнасці ўдакладняе Ліда. І пасля замінкі дадае без аніякага імпэту: – Жаночы.

Апусціць бы нежаданы нюанс, ды ўсё адно ж пранюхаюць...

Лётчыкі перазіраюцца, незразумелы цень кладзецца на твар Дубоўкі, але першым саспявае языкаты Караткоў:

– Вось яна якая, першая ластаўка! А што, калі цэлы полк – і сюды? Тут жа сцярвятнікаў столькі не водзіцца, не адбрэшамся, чаму ў дзяўчат густа, а ў нас пуста. Не відаць і ста грамаў, адпаведна!

Ці не ты наракаў, камандзір: нам бы лётчыкаў, збіваць няма каму... Не, трэба, трэба ўзяць гэтага штукара на заметку! Тыповы маскоўскі фарсун без глыбокага змесціва.

– А кпіць з наскоку – дрэнны тон, – непрыветна адсякае Ліда. – Думаеце, ні на што я не здатная? У дзвюх педалях заблытаюся? Між іншым, “хейнкель” чыкнула, хоць лётную кніжку праверце! Праўда, не сама – з вядучай разам... Групавая перамога. Сто адсоткаў, што грымнуўся: праводзілі да зямлі!

– І часта ў вас там... актыўнічаюць? – падае голас Дубоўка, які акуратна складвае Лідзіну паперку папалам.

Дасюль ён болей слухаў, чым гаварыў, і пытанне збівае Ліду з панталыку. У якім ключы адказваць? Не фамільярна ж, як на шпількі Караткова! І адкуль нотка напружанасці, быццам яна правінілася, а не выгрызла поспех?

– Немцы? Якое там! Умеламу чалавеку не разгарнуцца. Нас жа ў супрацьпаветраную абарону запхнулі: сядзіце, дзеўкі, у зацішку! І гэта пакуль хлопцаў дзесьці калашмацяць. Крыўдна – страх, паўгода вучобы ўпустую!

Не зразумець, чаго такога яна сказала, але цень на твары гусцее – гэтак хмары напаўзаюць перад навальніцай. Ух, пагоды не прадбачыцца!

– І яны... перакідваюць чалавека з тылу ў баявую часць? Жаночага полу. Калі рыхтавалі паскорана. А ці не думае сваімі галовамі кіраўніцтва... – пачынае ён так падкрэслена стрымана, што нават Караткоўскія бровы-шчотачкі варушацца з асцярогай. Лепш бы ў голас выдаў пару ласкавых!

– Не, таварыш капітан, кіраўніцтва ні пры чым! – (Уважлівей, афіцыйней – навальніцу варта пераседзець, а то сонца не прычакаеш.) – Гісторыя такая: загрымела я аднойчы ў шпіталь... Мне ў вылеце руку асколкам раздрапала – ясна, што лухта, несмяротна! У шпіталі я і прыдумала: як загоіцца, напрашуся ў трэніровачны полк. Нібыта вярнуцца ў форму. А там перавучуся на новую тэхніку, гэтак болей шанцаў трапіць на перадавую. І – вось яна я! Цалюткая і з налётам на Ла-5! – Ліда ажыўлена ківае на пару самалётаў, якія, стаміўшыся ганяцца адзін за адным, рыбкамі саслізгваюць на круг перад пасадкай.

А дзівак Дубоўка марудзіць з адказам... Няўжо ахвота яму тырчаць на марозе? Няўжо не слязяцца вочы і не скурчваюцца зябка пальцы на нагах? Ліда прытым ведае падобны непранікальны позірк. Гэта калі слухаюць-слухаюць, а самі ўтрымліваюць у галаве нейкую думку, і яна так і вісіць над размовай, нібы самалёт-разведчык над сакрэтным аб’ектам.

– А ўсё-ткі. Чаму накіравалі да нас? – пытаецца ён спакойна. – Мусілі – назад, у ранейшы полк, раз набралі жаночы. Няма такой практыкі – дзяўчат залічваць. У нас, праўда, з лётным саставам не надта, гэта слушна... Але?

Ну і майстар ухапіць сутнасць! А яна не гарыць жаданнем тэму ўзнімаць, і ўсё тут. Аднак з часоў гойсання з суседскімі хлапчукамі ў яе за правіла: трывожышся, саромеешся – не паказвай. Хай бачаць заўсёдную боегатоўнасць. У аэраклубе гэта толькі замацавалася, бо, калі ў групе тры дзяўчыны на дзевяць хлапцоў (а дзясяты – інструктар), інакш не здужаць. Прывыкла і цела: адчувае ў горле вібрацыю голасу і праганяе з грудзей міжвольны цяжар.

– У полк вярнуць – гразіліся. Тройчы на тыдзень! – будзённа прызнаецца яна. – Толькі мэтазгодней аказалася сплавіць мяне туды, куды рвуся. Бо ў нас, дзяўчат, як? Калі асяродак недзявочы, партработнікі рана ці позна сутыкаюцца з пытаннем... скажам так, маральнай разбэшчанасці кадраў мужчынскага полу. А дысцыпліна – гэта святое! Вы згодны са мной, таварыш Караткоў?

– Дык не ўздзейнічалі ні прачуханкі, ні... Ат, незадача! – з энтузіязмам спачувае ён. – Прасачыць бы, каб не паўтарылася тая ж песня. І хоць я, дапусцім, чалавек несвабодны – Полю ў сведкі! – але ручацца за ўсіх...

– Не праблема, – Ліда ўскідвае кулак, пераканаўчы за кошт таўшчыні пальчаткі. Тон быццам нядбайны, але і прыкметна пацвярдзелы. – Першы раз папярэджваю, потым пачынаю раздачу падарункаў. Увага моднікам: сінякі сыходзяць доўга!

Караткоў ад душы рагоча, не намацаўшы другое дно, яна ж занырвае тварам у шалік па самыя вочы і старанна хукае, каб адагрэць вусны і нос. А яшчэ – каб бязгучна выпаліць крэпкае недрукаванае слова. Не, не, файна гвазданула! Хтосьці, значыць, будзе рукі заграбушчыя распускаць, а яна свае павінна схаваць за спіну? Пакуль яна пры памяці – не сцерпіць гэтакіх штучак. Ардэнаносныя птахі не па-за дужкамі, хай свецяць на ўсё лётнае поле заробленым ліхтаром!

– А што наконт агульнага настрою – там, у трэніровачным палку? – ізноў звяртаецца да яе Дубоўка. Нягучна так, а па інтанацыі – нібы прапусціў незнарок кавалак размовы. – Як у тым годзе хлопцам лёталася, ці расказвалі?

Гэтага з курсу не саб’еш. Як ні выпінаецца шматслоўны малойчык Караткоў, сябруку ягонаму хапае позірку. Няпросты позірк. Не яркая кіпучая сінь – суцішаны блакіт, блізкі да шэрані. А ля вачэй – ужо зморшчынкі...

– Самі ж ведаеце, – Ліда зміргвае з веек іней. – Полк за палком – у тыл, на перафарміраванне. Тры эскадрыллі ў адну злучы, і то людзей не набярэцца. Умелых – кот наплакаў, а шлюць больш навічкоў: і ўзлёт не вельмі, і пасадка так сабе. Але трэба ж кагосьці на заданні выпраўляць!

Вусны Дубоўкі ледзь заўважна ўздрыгваюць, куточкі рота напружваюцца.

– Усюды адно... Нічога, выцягнем. Моладзь цяпер вучыцца хутка.

Ён... упершыню за размову згаджаецца?

Не паспявае Ліда адсвяткаваць перамогу, як Дубоўка дадае з націскам:

– Пры ўмове, што моладзь гэтая трапляе на належнае месца і ў належныя рукі!

Ліда зорка адзначае, як міма яго струменіцца ватовачны тэхсастаў, без скаргаў ступаючы ў гурбы.

– Дык што, ці прайшла я іспыты, таварыш сапраўдны камандзір? Па голасе мяркуючы – рукі знойдзеныя. Дазвольце вучыцца?

Рухавы твар Караткова ў расчараванні выцягваецца:

– Трэба ж, а! Кеміце, бярозкі, аб кім гучней пагалоскі. Эх, б’еш тут фрыцаў, разумееце, за чатырох... Са скуры вон...

Дубоўка спагадліва хітае галавой:

– Засядзішся ты, Андрэй, у намесніках! Хоць рэпеціруй, хоць не, а да камэска трэба дарасці вопытам. Года не прайшло, як сам хадзіў у лейтэнантах.

– Ну, напрарочыў! Папомні мае словы: жывыя будзем – налётаем і на камандзіра палка, я і трывалы мой “чортаў тузін”!

– А новы чалавек улавіў з ходу, – Дубоўка пераводзіць на Ліду пільны і ясны позірк. – І, як бачым, наважыўся... застацца?

Позірк яна сустракае непахісна, сцінае абсівераныя вусны. Не ведае, як часта яны будуць стульвацца ў непакорлівую лінію, як паглыбіцца складка між зведзеных броваў. Не ведае, што прыйдзецца сціскаць рукі ў кулакі, каб утрымаць лютасць. Гэта пазней – а цяпер пераплятаюцца крыж-накрыж пальцы ў тоўстай пальчатцы, таму што ў апушчанай руцэ Дубоўкі дагэтуль трапечацца Лідзіна паперка, безабаронная на сцюдзёным вятры.

– Вырашаць – камандзіру палка, – проста кажа Дубоўка і ўкладвае паперку сабе ў планшэт.

Аднак Ліда чамусьці ўпэўненая, што ў гэтым яе змаганні, якое, выходзіць, яшчэ толькі набірае абароты, як мінімум адзін чалавек будзе на яе баку. Нават калі сам ён пра гэта пакуль не здагадваецца.


Рецензии