Рубель... Резановiч...

Рубель… Резановіч… Судзьбіна.
Рубель разрэзаў маю судзьбіну, мой лёс ад пачатку майго жыцця, ад самага юнацтва. Рубель, не ў сэнсе грашовага знака, — вёска ёсць з такой назвай у Столінскім раёне, — так і называецца Рубель.
Глядзіце самі. Роўна ў пяцьдзесят гадоў у мяне выявілі рак правага лёгкага. Пасля аперацыі жыву ўжо дзесяць гадоў з адным, правае выдалілі і выкінулі ў лівер.
А было так. Кажу неяк свайму анколагу:
— Хочаце, распавяду вам, дзе я гэты рак падхапіў.
А ён такі, граматны ўвесь: “Ну, давай, давай….”, — маўляў, залівай, а я паслухаю…
І распавёў яму, спецыялісту, значыцца… Восень была, мы ўчатырох дзяжурылі на будоўлі, холодная выдалася восень, — далі нам абагравацель газавы, новы, увесь у масле. Першым выпрабоўваў абагравальнік Грыша Рэзановіч (мой зямляк з вёскі Рубель Столінскага раёна), на гадоў дзесяць быў за мяне старэйшы, і калі я прымаў дзяжурства ў яго, ён і папярэдзіў мяне:
— Няшчотне капціць, масла выгарае… Будзь асцярожным, фортачку адкрывай, бо можна і наглытацца гадасці.
І сапраўды, — выгарала масла. Цэлую ноч выгарала, а раніцай, калі выйшаў на свежае паветра, і ўдыхнуў колькі разоў, — адразу званітавала мяне і з’ездзіў у рыгу.
Прайшло паўгода. Сустракаю каля Універсама Сухараўскага Грышу (а ён у доме насупраць жыў), — нейкі ўвесь сумны такі, вось і пытаюся, “што з табою?”
— Ды вось, на бальнічным сяджу…
— А што член адвальваецца? — спытаўся весела.
— Ды не… Рак ставяць. Чацвёртая ступень. Рак лёгкага, не аперабельны… Аблучаюць, хіміяй труцяць…
Тут і затыкнуў я свій востры язычок у адно месца.
Месяц-два назіраў як Грыша змагаецца з смярэтэльнай хваробай. Яму ўрачы раілі многа хадзіць, — ён хадзіў. Раілі не піць піва, — ён дазваляў сабе толькі шклянку ў 200 грамаў, раілі кінуць курыць, — ён амаль кінуў паліць. Але праз колькі месяцаў згарэў… Толькі на пахаванні даведаўся я, што Грыша — родны дзядзька тае самае Раі з Альгомля, каханне да якой і абудзіла ўва мне паэта. Сустрэўся на пахаванні з яе маці, якую ў Альгомлі так і клікалі “рублянкай”, і Грыша Рэзановіч, пэўна, быў яе братам…
Гэтае каханне, што абудзіла ва мне паэта — асобная тэма, спадзяюся, што Гасподзь дасць магчымасць і час, каб усё гэта далікатна апісаць.
Грышу пахавалі, а праз паўгода і ў мяне рак лёгкіх выявілі, нечакана так, праходзіў звычайную медыцнскую камісію,  — колькі месяцаў потым здаваў аналізы, праходзіў даследаванні, камп’ютарную тамаграфію, біяпсію… Падцвердзіўся дыягназ, — выразалі лёгкае… А Валеру Пазнякевіча і Алеся Мяснікова — пранясло неяк, не зачапіла, бо яны пасля нас качагарылі той абагравацель, і маладзейшыя на дзесятак гадоў былі.
І вось на днях задыхацца пачаў. Ціск скочыў, дыхалкі не хапае. Бо ў мяне ж пасля аперацыі — стабільная гіпертанія. Выклікала Вераніка хуткую… Прыехалі, памералі: 212 на 100. Зашкальвае. Праслухалі фанэндаскопам, — хліпае і хрыпіць у грудзях. Вырашылі, што “ацёк лёгкіх”, або “пнеўманія”, выклікалі рэанімацыю — пад кіслародам завезлі з бальніцу хуткай дапамогі. Збілі ціск. Адправілі на КТ, — камп’ютарная тамаграфія паказала, што вадкасці ў лёгкіх няма, не знайшлі нават пнеўманіі. Усё ціп-топ! Збілі ціск. На папраўку пайшоў, хаця хрыпы ўсё яшчэ застаюцца.
Выявіў каплічку на першым паверсе ў гонар “Войно-Ясенскага”, святога Лукі Крымскага, які мільёны жыцця ўратаваў у часы Айчыннай вайны, і па падручніку якога “Гнойная хірургія” да гэтага часу навучаюцца студэнты медыцынскіх інстытутаў. Вось ёсць і такія святыя ў Праваслаўнай царкве! Сапраўдныя!!!
Разгаварыўся ў каплічцы з супрцоўніцай і даведаўся, што ў панядзелак, на другі дзень Вялікадня, прыедзе бацюшка некага спавядаць і прычасціць. Нават тэлефон дала айца Віктара. Пазваніў, справіўся, а як бы гэта і нам (яшчэ аднаго хворага з палаты ўгаварыў!) прычасціцца ў панядзелак?
Дамовіліся. І на маё пытанне, а што мы вам павінны будзем за такую ласку, пачуў: “О, будзеце мне вінны, як зямля калхозу!” — штосьці вельмі родным мне падалося ў вымаўленне святара, таму і спытаўся:
— А вы адкуль родам бузеце?
— Са Столінскага раёна. Вёска Рубель.
— Дык і я ж са Столінскага… Вёска Таўмачаў, гэта за Давыд-Гарадком 17 кіламетраў…
Прычасціў нас у панядзелак Айцец Віктар, не ўтрымаўся я, каб не спытацца пад канец: “А як жа ваша прозвішча?”
— Рэзановіч! — пачуў у адказ і адразу зразумеў, што Гасподзь зноў вядзе мяне за ручку туды, куды трэба…
— Дык можа ведаеце такога Грышу Рэзановіч…
Святар нешта адказаў, што там у іх палова вёскі Рубель — усе Рэзановічы. А мне дзіўнымі ўявілся такія супадзенні. І кніжку сваю “Трынаццаць дзён” я ўсё ж такі падпісаў свяшчэнніку са сваім аўтографам “галубком”, які прычасціў нас…
 Спадобіўся, значыць, і Гасподзь Бог да гэтага часу мяне не пакідае і ўсё паказвае, і намякае прозвішчамі, супдзеннямі, што Ён — побач.
А калі побач, то Наша возьме, і — Жыве Беларусь!


Рецензии