Раздзел 7. 24-07-2024

...у якім вучань прымярае ролю настаўніка



І што асаблівага ў гэтым Ла-5 нумар дваццаць? Не можа ён быць нашмат лепшым за Лідзіну “сямёрку”. Эскадрылля ж перагнала самалёты ў студзені з аднаго і таго ж завода! Тым не менш колькасць зорак-перамог на баку “дваццаткі” папоўнілася да двух з паловай шэрагаў, ну а “сямёрцы” перапала адна. Выгляд “дваццаткі”, па праўдзе, далёкі ад ранейшага: калі лётаць пяць месяцаў без продыху, машына будзе прадзіраўленая адпаведна. Што самалётная абшыўка, што адзежа гаспадара – адшукай, дзе яшчэ не залатвалі!

Цікава, зоркі яшчэ ўчарашнія? Ці тэхнік паспеў дамаляваць і тую, сённяшнюю?

Ліда раўніва перавяла позірк на ўласнага тэхніка: Віктар няспешна замазваў зялёнай фарбай латку на плоскасці “сямёркі”. Нават здалёк відаць, што гэты самалёт папрацаваў менш. Дзе кружыў ён часта, дык гэта над аэрадромам: узлёт-пасадка, пілатаж, злётанасць, вучэбныя баі... Усё, акрамя галоўнага! А дзеля чаго трэніроўкі, калі дазвол на сур’ёзны вылет выпрошваеш тыднямі?

Усе дзевяць лётчыкаў эскадрыллі ўладкаваліся на траве непадалёк ад стаянак. Ліда ў чаканні разносу несвядома патузвала завіток валасоў, але камандзір быццам забыў, што збіраўся паказальна па ёй прайсціся. Затое павярнуў на тэму, якая ў Ліды без таго ўелася ў памяць – хоць даслоўна шпар!

– Губляць пільнасць нельга ніколі. Бачылі, як хутка скончылася сутычка? А ўсё таму, што праціўнікі своечасова былі заўважаныя. Думалі сыграць на нечаканасці, а сустрэлі адпор і сумеліся. Правіла працуе без асечак: хто атакуе першы, у таго і перавага.

“І хоць бы згадаў, што “месеры” ўгледзела я. А сам прафукаў, не? – мсціва падумала Ліда. – І насамрэч, з якога перапуду хваліць?”

– Далі вы ім дыхту, так, – дружалюбна ўсміхнуўся Зелянкоўскі. – Я сарваўся быў ратаваць, а вам, аказваецца, пальца ў рот не кладзі!

Далібог, так і сказаў: “вы”, “вам”. Значыць, малайчыны абое, не адзін Дубоўка! Найдабрэйшы дзядзька гэты Зелянкоўскі, усё-ўсё разумее. Вось на каго ні за што не станеш злаваць, нават калі ў дождж ізноў пачне дапытвацца, ці не замачыла ногі. Нягледзячы на яго звышнатуральную любоў да прыкмет, з вуснаў у яго ні разу не зляцела выслоўе “Баба з калёс – каню свята”.

– Пашчасціла, што ў паветры мы былі ўдваіх, – толькі і сказаў Дубоўка, абыходзячы намёк. – А дзве пары вачэй – гэта надзейней. Вунь Глеб са Слаўкам пацвердзяць!

Слаўка, які сядзеў поплеч з Лідай, задаволена засоп: ён нядаўна атрымаў афіцэрскае званне і быў не супраць, каб яго вылучылі перад новенькімі.

– Ты нос не задзірай, – буркнула Ліда, робячы выгляд, што працягвае слухаць Дубоўку. – Гэта ж Глеб сочыць за абодвух, а ў цябе з уважлівасцю склада-а-ана.

Слаўка скіс.

– Усім раскажы, – мармытнуў ён і пакрыўджана пацёр сваю кірпу, якая была задзёртая ад нараджэння і падпарадкавацца не магла фізічна. – А якая розніца, каму сачыць? Абы плён быў! Між іншым, у эскадрыллі ніхто так не злётаўся, як мы з Глебам...

– Ну яшчэ б! Вы парай колькі ходзіце – паўгода, больш? Мір, суладдзе, выбух па раскладзе. Як у сужэнцаў пасля дваццаці гадоў сумеснага жыцця...

Ёй раптам здалося, што шэпча яна гучнавата. Не, гэта наўкол падазрона пацішэла, нават стала магчыма ацаніць моц галасавых звязак камандзіра палка, што ўпраўляў камусьці мазгі на тым канцы аэрадрома. Як не ўціснуць галаву ў плечы, быццам балбатлівая школьніца на ўроку?

– Думаю, другі ўдзельнік бою згадзіцца працягнуць замест мяне.

Зараза! Мог Дубоўка хоць цяпер не чапляцца? Сам азірнуцца і не падумаў, затое іншыя дружна павярнуліся да Ліды.

– Што, калі ператворым разбор вылету ў заняткі? – як нічога ніякага дадаў ён. – Маладняк з цікавасцю паслухае равесніка, які назапасіў вопыту.

– Штукень выйдзе што трэба! – зазначыў прыглушаным баском Коля і аслабіў каўнер, каб не ўпіваўся ў шыю. Як прадстаўнік маладняку, ён прадчуваў забаўку.

Бамбардзіраваць вынішчальнымі позіркамі Колю – усё роўна што лісе цяўкаць з хмызоў на мядзведзя. А ў выпадку з Дубоўкам нельга і таго. “Прашу да дошкі, раз пагаварыць ахвота!” – з’едліва пераклала ў думках Ліда, уголас жа суха азвалася:

– Ёсць правесці заняткі!

Падхапіўшыся, яна хутка, размашыста прайшла на пазіцыю і развярнулася да ўсіх: плечы распраўленыя да ламоты, ногі на шырыні плеч. Колю давялося адсунуць з дарогі бот – ха, сорак пяты памер спасаваў перад трыццаць шостым! Дарэчы, шаўцы з батальёна аэрадромнага абслугоўвання адмыслова падагналі па жаночай назе (за пляшку, вядома), інакш бы веліканскія боты заставаліся на зямлі пры кожнай спробе забрацца ў самалёт. Хоць на гэта хапіла спірту, напрацаванага ў рэдкіх вылетах.

Ад усеагульнай увагі засвярбела між лапаткамі, і для ўпэўненасці Ліда запусціла руку ў кішэню штаноў.

– Значыць, так! Пачаць з таго, што і прыкмеціць варожы самалёт бывае няпроста, – заявіла яна, спешна раздумваючы, у які бок бяспечна скіраваць разбор. Пальцы яе машынальна перабіралі ў кішэні пару забытых сланечнікавых семак – прыадкрытых, нібы дзюбкі птушанят, якія пад’елі і часова перапынілі піск. – Ага... Хто растлумачыць, як немцы падабраліся незаўважанымі? Арцём!

Названы – адзін з новенькіх – уздрыгнуў ад выкліку.

– Падабраліся... Я думаю... да сняданку наскочыць – гэта рана, ніхто не чакае. Хаця... маглі і чакаць, не? Тыя ж дзяжурныя ці...

Разгубіўся, змоўк, страсянуў бялявай галавой. Вушы запалалі, доўгія пальцы нервавата разгладзілі рукаў гімнасцёркі, яшчэ вільготны ад перакуленай гарбаты.

А ў Лідзіных пальцах – семка. Націснеш – і хрусне, і распадуцца лушпінкі, і паляцяць уніз, уніз... Як ляцелі калісьці з вышыні турніка, перш чым легчы на пясок дзіцячай пляцоўкі і зацерушыць заадно партфелі, скінутыя пад каштанам у агульную кучу. Уверсе, на выцертых да бляску жалезных перакладзінах, сядзець зручней, хоць усе і туляцца, як чародка вераб’ёў. Тут больш паветра, бліжэй неба і не так б’е ў вушы дурны віскат, з якім дзяўчаткі скачуць цераз гумкі – матылямі пырхаюць белыя банты. Шамаціць над галавой паўабляцелая дрэвавая крона, хрумстаюць у пальцах лушпінкі, а з вуліцы часам даносіцца звон трамвая. Новы, нязвыклы звон.

На турніку над пляцоўкай мосцяцца і такія рабяткі, як Арцём. Вушы ў іх чырванеюць вось гэтак жа: без шапкі холадна, а трэба “як усе” (галоўнае, каб мама не выглядзела ў акно). Ад кулька з семкамі яны сядзяць далей за іншых і толькі зрэдку цягнуцца, каб набраць у далонь. Прабачаеш ім і сарамлівую коснаязыкасць у гутарках, і нязграбнасць у стасунках. Хто не свой, той чужы – а сваімі раскідвацца не варта.

Нашто было яго чапляць? І так пабойваецца Лідзінага нораву. Урэшце, Арцём у эскадрыллі малодшы – і адзіны, хто працягвае зваць яе таварышам лейтэнантам. Ні кропелькі фамільярнасці!

Перш чым яна прыдумала, як згладзіць няёмкасць, у размову ўклініўся Глеб.

– Пераглядкі з афіцыянткамі на карысць не пайшлі, – цокнуў ён ленавата, зусім увагнаўшы Арцёма ў чырвань. – Я, калі настаўнічаў, курсантаў сваіх не распускаў. У мазгах тады ўсё не аб тым, хоць мацуй шыльду на лоб: зачынена, перападлік!

Пакуль Ліда ўжывалася ў новую для сябе ролю, Глеб прыладзіў на калене планшэт, а паўзверх яго – сшыткавы аркуш. Арганізаваў сабе справу і тут! Прыхіліўся спінай да стволіка бярозы, алоўкам узброіўся...

– Канспектуеш? – не ўтрымалася Ліда.

– Пратакалірую! Ты вядзі далей, народ у чаканні.

Пакуль Арцём блытаўся, працягвае ён шукаць адказ або капітулюе, наперад падаўся яго сусед.

– Сонца, – адказаў коратка.

– У кропку, Ігнат! – Ліда расшчодрылася на зычлівы ківок. – Яны зайшлі з боку сонца, каб цяжэй было згледзець. Нашы маглі і не прачухаць, што за д’ябал прарэджвае ім стаянкі.

Ігнат кіўнуў таксама – занадта паважна і стала, чым варта было б навічку. “Задаецца”, – вырашыла Ліда. Быў Ігнат доўгі, як літара “І” ды як Зелянкоўскі, у пары з якім ён лётаў. Іх падбіралі быццам па целаскладзе, а не па асабістых якасцях. Зрэшты, адзін да аднаго яны прыцерліся дні за тры, не тое што Ліда з Дубоўкам!

Падобныя да Ігната не лазяць у дзяцінстве па турніках: фізпадрыхтоўка не тая. Ды і асаблівай цягі да аднагодкаў у іх няма. Індывідуалісты! З дарослымі ім зручней, а роўных можна хіба кальнуць за недастатковую кемнасць. Кальнуць, як гэты аловак, які ў кішэні ўпіўся Лідзе ў далонь і напэўна запэцкаў грыфелем. У просценькай семкі толькі два бакі, а аловак можа пахваліцца шасцю гранямі. Здагадайся, якою павернецца...

– Але заўважыць мала. Так? Яшчэ збіць трэба. З ходу, – Ігнат, углядаючыся ў Ліду, адсякаў сказ за сказам, нібы здымаў драўніну алоўка сцізорыкам.

Ліда скрыгатнула зубамі. Замоўчаны працяг – што ўладальніца неацэннага вопыту нічым гэткім не бліснула.

– Збіць, так! Збіць, пакуль не ачомаліся. Пажадана з першай атакі, – металічным голасам пацвердзіла яна. Ён з іроніяй ускінуў брыво. – Ну а калі атака правалілася, вас праэкзаменуюць па тэхніцы пілатавання! З фрыцаўскай сістэмай адзнак. Хай некаторыя наматаюць на вус, што пераздачы тут не прадугледжаныя!

Ігнат і вокам не міргнуў, а вось Коля, па якім Ліда намервалася праехацца апошнім сказам, змрочна пацёр гарбінку носа. Канешне ж, атрымліваць па носе нам больш звыкла, чым здаваць што-небудзь своечасова.

– А некаторым не ранавата ў асы? – з выклікам заявіў ён. – Ад “месераў” ты сёння без лішняга форсу драпала. Калі б не таварыш маёр, хлопнулі б цябе, і канцы. Усе бачылі!

І ён пасмеў вылажыць гэта адкрытым тэкстам?! Ліда, каб не сарвацца, загаварыла павольна, з расстаноўкай, але голас падрыгваў ад лютасці:

– М я н е  не хлопнулі выключна таму, што я адпрацоўвала пілатаж месяцамі, зноў і зноў! Якое манеўраванне, калі рукі з нагамі не засвоілі, куды ціснуць? Усё павінна быць на інстынктах, бессвядома! Тады заўсёды выкруцішся – нават калі зброя адмовіць ці...

– У тым і штукень, што не выкруцішся! У адзіночку ты прафан! Сваіх сіл нестае, а лезеш, як муха ў сочыва. Я ж цябе наскрозь бачу!

Глеб хмыкнуў з-за планшэта, Слаўка заклапочана шморгнуў носам. З якім выразам твару сустрэў гэты пасаж Дубоўка, Ліда ведаць не жадала.

– Штукень, як ты кажаш, у тым, што ніхто з прысутных і не згадваў самастойную працу! – яна дэманстратыўна сунула руку і ў другую кішэню. – Наадварот, гэты выпадак якраз тлумачыць, чаму баявая адзінка – пара...

“Пачакай, Колька, за ўсё адкажаш! – у думках кіпела яна. Скулы ў яе зводзіла ад спробаў захаваць спакой. – Намякну Віцьку, каб педалі “сямёркі” заставаліся адрэгуляванымі пад мой рост. Паглядзім, як будзеш у самалёт уціскацца!”

– Для таго і лётаюць па двое – каб напарнік выручыў, – працягвала яна ўслых. “І хапнуў сабе ўсе лаўры!” – прагугнявіў унутраны голас, аднак Ліда, наступіўшы сабе на горла, гнула супрацьлеглае: – Менавіта пры сумесных дзеяннях вядучага і вядзёнага атака праціўніка з большай верагоднасцю будзе адбіта і абое вернуцца цэлыя!

Як пазбавіцца ад гэтага Дубоўкавага тону? Адкуль ён вылез, чаму яна па інерцыі яго падрабляе? Ёй жа даўно абрыдла выслухваць адно і тое ж! І чаму... чаму яна вымушана ўбіваць ім у галовы тыя самыя пункты, з якімі не згодная? Ведае гэта кожны – і Коля, які павярнуў так размову нездарма!

Ліда злавалася і стукала пазногцямі па запасным пісталетным магазіне, які цягала з сабой у кішэні. Вось і Коля быццам гэты магазін. Як бы просты-ясны, без наваротаў, бачны наскрозь. Але прастата дваістая: можна стрэліць і прамазаць, а можна ўдарыць трапна, па балючым. Калі ведаць, куды біць.

– Абое вернуцца... – задумліва паўтарыў Ігнат. – Абое. Не  а б о д в а.

Коля ўзняў палец з пафасам, камічным пры яго фактуры:

– Так, так, спадарства! Замяшаны жаночы пол! Вядзёная хіба ўратуе сябе сама, калі тут і хлопец запарыцца?.. Ну добра, добра, хай! – зрабіў ён агаворку, бо Ліда рашуча ўцягнула паветра. – У небе вылузнешся: крутнеш пераварот – і ў дамках. А вось здарыцца табе сесці на вымушаную... Здох матор, і ўсё. Што, калі тэрыторыя чужая? Будзеш гансаў віскатам разганяць?

Яна непрыязна зморшчылася. З-за апошняй фразы яго нос можа пацярпець ізноў!

– Я, па-твойму, зусім курыца – сядаць дзе папала? Ясна ж: трэба цягнуць да сваіх. Хітруй як хочаш!

Сказала і перахапіла позірк Глеба. Вочы дапытліва прыжмураныя, аловак больш не шамаціць – трывожная паўза.

– А хоць бы і па наш бок лініі фронту. Ці мала хто цяпер па лясах блукае? – ураніў Глеб нязвычна спакойна. – Калі падумаць – што ты супраць мужыкоў зробіш? Патроны расстраляеш, а далей?..

Яна рэфлекторна сціснула ў кішэні запасны магазін, падмяняючы, глушачы трывогу злосцю.

– Паасцярожней, я яшчэ на “Юнага варашылаўскага стралка” здавала! – у яе па-здрадніцку падсеў голас.

Коля рагатнуў паблажліва:

– Ды хто не здаваў? Падумаеш, уменне! Значкі значкамі, а ў жыцці як выйдзе? З двух крокаў – міма?

Ліда свідравала позіркам яго, а ён – яе. Ніхто з маладняку не стварыў ёй столькі праблем! Самалётам падзяліся, вядучага саступі, глытай знявагі адну за адной... Калі і гэтага накладваць на дзіцячыя ўспаміны, то...

Хаця навошта, калі Коля фігуруе ў іх насамрэч?

Прамалінейны, хамаваты, з невыкараняльным улюбёным слоўцам, па якім яго так і звалі – не Коля Волкаў, а Коля Штукень. У атачэнні Ліды колькасць хлопцаў зашкальвала, хоць сартуй па катэгорыях: “Арцёмы” аддана прыкрыюць з тылу, з “Ігнатамі” – нейтралітэт... “Колі” іншыя, яны прывыклі задаваць тон. Або прымыкай і слухайся, або разгортвай супраціў. А яна хіба ахвотніца падпарадкаваць сваю волю – чужой?

Шлях да таго самага турніка быў для Колі і яго сябрукоў закрыты: яны распараджаліся ў дварах па той бок трамвайных рэек. Вядома, здолелі б і забрацца на самы верх, і падцягнуцца, не запыхаўшыся, але даводзілася ім адно свістаць здалёк і абстрэльваць усю кампанію градам каштанчыкаў. З асцярогай, бо праціўнікі былі не такія цюхцяі, каб залазіць на турнік з пустымі кішэнямі. І калі няпрошаным гасцям пачынала свяціць адступленне, яны абачліва змотвалі вудачкі. Было б дзеля чаго звязвацца! Куды займальней падпільнаваць трамвай, каб заскочыць на “каўбасу” і імчаць па горадзе ў цэнтр: звон, грукат колаў, угневаная кандуктарка са стужкай білецікаў, звешанай у няўважлівасці да падножкі... Шык!

Калі доўга вядзеш баявыя дзеянні па розныя бакі, ваяваць заадно становіцца праблематычна. Тым больш усур’ёз. Тым больш калі і цяпер ёсць што дзяліць. Які здзек: сустрэць на прасторах фронту суседа па вуліцы – і ніколечкі не быць гэтаму радай!

– Падаецца, мы адхіліліся ад тэмы, – праз зубы сказала Ліда. Яна не збіралася па добрай волі расставацца з настаўніцкім аўтарытэтам. – Ніякай дурноты не ўтворыш, пакуль трымаешся вядучага! А гэта бывае няпроста, вы ўжо павінны былі адчуць. Асабліва калі пара не паспела злётацца. Калі ісці поруч нязвыкла. І з гэтай нагоды...

Ліда ўпершыню за “ўрок” кінула позірк на Дубоўку – прама і адкрыта. Ну як, ці задавальняе абмен вопытам? Мо прыляціць пакаранне за вольнае ляпанне языком і гэтыя рукі ў кішэнях?.. Але на твары ў яго ані мускул не варухнуўся – чакае працягу. Вочы пабліскваюць, бадай што, зацікаўлена.

Значыцца, ніхто не знімае з яе паўнамоцтвы? Што ж, тым лепей!

– Трэніроўка! – абвясціла Ліда. – Хай кожны навічок адпрацуе ў паветры злётанасць з вядучым. І будзе відаць, хто гатовы да выканання баявой задачы ў складзе пары! – яе пальцы азартна тасавалі ў кішэнях магазін, семкі ды аловак. Спыніліся на метале, і яна злацешна прыпячатала: – Малодшы лейтэнант Волкаў, з вас і пачнем!

– Бягу і падаю, таварыш генерал-лейтэнант, – насмешліва прагудзеў Коля, які справядліва разлічваў на падтрымку Дубоўкі. Падчас дзёрзкіх разборак – ніводнай заўвагі!

Да яго здзіўлення і абурэння, камандзір кіўнуў Лідзе:

– Так і зробім. З адной папраўкай: спярша пойдзе Ігнат, ён больш вопытны. Астатнім – глядзець і запамінаць. Будзьце гатовыя потым выказацца: што ўдалося, ці ёсць промахі... З гэтым зразумела?

– Так точна, – буркнуў Коля за ўсіх. Язык у яго быў падвешаны як след, а вось лётнымі дасягненнямі ён пакуль не вылучаўся.

Арцём перавёў дух, узрадаваны тым, што пачынаць не яму, а Ігнат не выявіў ні імпэту, ні нязгоды – першы дык першы. Ценем падхапіўся ўслед за вядучым, Зелянкоўскім, але таго затрымаў Дубоўка, крануўшы плячо:

– Ты, гляджу, без гузіка застаўся. Бачыў, не?

– Ох, праўда што! Нітка абарвалася, а я... – лоб Зелянкоўскага прачарціла занепакоеная зморшчына. – Прышыць, прышыць абавязкова...

– Не пераймайся, дамовіліся? У вучэбным вылеце ён табе паскудства не наробіць.

– Так-та яно так... Ладна, доўга тлумачыць. Хоць не пасеяў... Хадзем, Ігнат!

З Глеба саскочыла ўся ленаватасць: усунуўшы таямнічую паперку ў планшэт, ён сачыў за тварам Дубоўкі, каб вылавіць позірк – пацвярджэнне ўласных здагадак. І вылавіў-такі!

– Калі вылятаю? – спытаў коратка.

– А вось адразу, як з кампалка перамовішся...

– Разведка?

– Па ўчарашнім маршруце. Толькі акуратней, у ход пускаць адны вочы. А то і без вачэй тваіх застанемся, і без звестак. Адзін пойдзеш ці?..

– Не, якое там. Чуў лекцыю? Прадпісваецца лётаць удвух. Мы з Тамарай ходзім парай! – Глеб піхнуў Слаўку вострым локцем. Атрымаўшы заданне, ён прыкметна ажывіўся, нават якая-ніякая выпраўка абазначылася.

Ну і шальмец гэты Глеб! Хутка пралічыў, што адны яны вольныя для бягучых спраў. Каму адхапіць куш, як не “самым-самым”!

А тут яшчэ ўзвілася ў неба зялёная сігнальная ракета – і па ўзлётцы, разганяючыся, рушылі нейкія Ла-5. Падобна, другая эскадрылля. Пара, яшчэ адна, яшчэ... Можа, прыкрываць штурмавікоў, як пазаўчора? Ліда кусала губы, назіраючы, як яны паасобку сыходзяць уверх і збіраюцца ў групу. Не можа быць, каб не засталося задання для яе. Калі б Дубоўка толькі захацеў, ён вылецеў бы з ёю вось зараз. А Коля... Што Коля? Не пан, пачакае!

Не паспела яна адкрыць рот, як Дубоўка агаломшыў яе:

– У нашай эскадрыллі пакуль перадышка. Нагрузка прыпадзе збольшага на першую і другую, а нам увечары дзяжурыць звяном. Добрая нагода падвучыць моладзь!

– Што, не выседзіш дзень? Магу падкінуць занятак, – Глеб выгнуў вусны, пабачыўшы, як перасмыкнула Ліду. Усмешка выходзіла ў яго крываватай, аднабокай, быццам другая палова твару не рухалася. – Табе ж не надакучыла роля маёй асістэнткі?

І ён пастукаў па далоні тугім скруткам насценгазеты.


Рецензии