Раздзел 8. 15-05-2024

...у якім жаночая логіка сутыкаецца з мужчынскай



Па ватмане шурхала дзюбка алоўка, густа зафарбоўваючы белату чырвоным. Спачатку кончык быў востры, як іголка, і ад дакранання да паперы надламаўся, пакінуўшы россып грыфельных крупінак. Цяпер жа аловак даводзілася раз-пораз пракручваць, каб прытупленая дзюбка сточвалася то з аднаго боку, то з другога.

Насценгазета пакуль уяўляла сабою эскіз. Ватман быў педантычна размечаны рыскамі на некалькі блокаў, і над галоўным значылася:

САМАЯ ЗЛЁТАНАЯ
БАЯВАЯ ПАРА

Дзякуючы намаганням Ліды сем літар з дваццаці трох ужо пунсавелі, яшчэ адна была гатовая на чвэрць, астатнія ж, пустацелыя, чакалі сваёй чаргі. Ісці па парадку здалося Лідзе сумным, яна фарбавала ўроскід: літара там, літара сям... Роўнавялікія і з аднолькавым нахілам – хоць транспарцір прыкладвай. А Глеб напэўна вычарціў усё ад рукі ды на вока, як заўсёды. Гэтая раздражняльная матэматычная выверанасць нібы на тое і разлічана, што аловак слізгане ў чужых пальцах і пакіне чырвоны штрых па-за абрысамі. Пыхкай тут над кожнай літарай, дабівайся роўных контураў...

Працоўным месцам ізноў мусіў служыць стол трэцяй эскадрыллі, прыбраны пасля сняданку.

– Люба-дорага глядзець! Юны талент перад конкурсам самадзейнасці, – пракаментаваў Глеб, ледзьве Ліда разгарнула аркуш і рассыпала па стале алоўкі.

– А табе мо сціпласці пазычыць? Матэрыял пра самога сябе рыхтуеш! – парыравала яна.

І праўда, пад загалоўкам былі прыклеены дзве малыя фотакарткі: на адной – распрацоўшчык насценгазеты (напаўпаварота з выразам твару “Калі ніхто не суніме фатографа, то гэта зраблю я”), на другой – Слаўка, які старанна вытарашчвае вочы, каб не міргнуць. Ён тады ўпершыню здымаўся з пагонамі малодшага лейтэнанта і баяўся сапсаваць кадр.

– Рыхтую тое, што загадалі, – удакладніў Глеб. – У адрозненне ад некаторых. А цяпер – пра фронт работ! Вось тут, як бачыш, дэманструем тыповую савецкую сціпласць. Вунь там будзе суправаджальны тэкставы блок. У тым куце – Васёк са сваімі карыкатуркамі...

Слаўка зазірнуў з-за яго пляча.

– Ды чаго яму пэцкаць ватман? Мой самалёт без таго стаіць сірата сіратой – добра хоць матор цягне пры халтурным рамонце. А гультая гэтага шчэ і маляваць прыпрагаюць. Ты мог бы, урэшце, і сам чагось...

Глеб драпнуў яго няўхвальным позіркам, і Слаўка прыкусіў язык. А Ліда пырснула:

– Хто, Глеб? Ён хутчэй схему бою са стрэлачкамі начэрціць. І надпіша ў прыдачу ўсялякія вуглы пікіравання, дыстанцыю да праціўніка... Сюды ж – прозвішчы курсантаў, якія справіліся б чысцей...

– Усё, Слаў, пагналі, – паморшчыўся Глеб. – Дай ёй патрэніраваць ручкі замест языка. А то напартачыць, пакуль працуем для будучых газет...

Ліда зрабіла выгляд, што ўвішна штрыхуе кропкі над “Ё”. Узняла галаву толькі тады, калі шорах крокаў, аддаліўшыся, растаў у шапаценні лістоты.

Загнуты вугал ватману хіснуўся ад ветру, па стале пракаціўся агрызак жоўтага алоўка і драўляна цюкнуў па іншым, аранжавым. Уверсе, у бярозавых галінах, зацінькала нейкая птаха.

Ох, ізноў цішыня, самота, бяз-дзей-насць... Не назавеш жа справай гэтае бескарыснае крэмзанне?

Ліда скончыла восьмую літару і люта пацерла павекі. У сонечных прамянях ватман сляпуча бялеў, кантрастныя чырвоныя літары дваіліся. Ад спёкі хіліла ў сон. Ліда з асалодай разагнула здзервянелую спіну: хай вочы адпачнуць на зялёным і блакітным!

У вышыні на роўнай супакаяльнай ноце ракаталі Ла-5 Зелянкоўскага і Ігната, а на зямлі зводдаль раздавалася металічнае дзіньканне – збройніцы паселі набіваць пушачныя стужкі снарадамі. Цэлым кагалам, бо ў адзіночку ж нецікава, балбатаць няма з кім! Балбатаць, ёрзаць і – па прычыне занятых рук – адкідваць рухам галавы раскудлачаныя пасмы. Колішняя хімічная завіўка, астаткі раскошы... Ліда, у якой валасы віліся ад прыроды, глядзела звысоку на спробы змайстраваць пры дапамозе банцікаў і шпілек штосьці і бабскае, і вайскова-прыстойнае. Лепей зусім без нічога, чым так! Адну Сцешу і пахваліш за яе тугія вузельчыкі: валасы прыбрала ўважліва.

Побач са збройніцамі аціраўся Васёк. Той самы, які раз на тыдзень, ухапіўшы аловак тэхнарскімі пальцамі з абламанымі пазногцямі, запаўняў шаржамі вольныя лапікі эскадрыльскай насценгазеты (дзеючых асоб, непрапарцыйных і вуглаватых, пазнавалі па адных подпісах). Аказваецца, вось каго Ліда памеціла фарбай балотнага колеру: Васёк локцем прыкрываў пляму на камбінезоне і пад шчабятанне збройніц самавіта пыхкаў папяросай. Выпусціў Слаўку ў паветра, а сам бадзяецца, ахламон!

Хм, цяпер жа павалокся прэч ад жаночай кампаніі... Можа, дзе начальства згледзеў? А Сцеша як выгукне штосьці ўслед – звонка, ды на такой адлегласці неразборліва. Таварышкі дружна сагнуліся ад смеху, прысаромлены Васёк паскорыўся. Ружовая ад задавальнення Сцеша рукавом змахнула са шчакі адзінокую пасму.

Ат, куры! Толькі б хіхікаць і языком малоць. З такімі работніцамі чакай, калі ў пары тысяч метраў над зямлёй “месершміт” прыме ў цябе, бяззбройнай, экзамен па пілатажы.

Ну, калі не прыкалупвацца, то Сцеша – дзеўка нічога, нават сімпатычная. Рухавы тварык, вочкі ззяюць блакітам, валасы – ух! Каштанавыя, хвалістыя, аж да паясніцы. Самыя доўгія ў палку. Даўжэй, чым нават у афіцыянтак, а ім што за розніца – доўгія, кароткія? Аднак пра валасы можна было б думаць усяго два разы на дзень: калі скручваеш ранкам і распускаеш перад сном. І неабавязкова вочкі свае ў кожнага стрэчнага хлопца ўтаропліваць. Хоць бы праз аднаго, ці што...

– Гэй, Лідусь, як маешся? – Сцеша радасна замахала мурзатай далонькай. – Давай да нас, а?

Ліда, уздрыгнуўшы, ненатуральна таропка задрала галаву, быццам назірала за трэніровачным палётам. Дзякуй, ёй дастаткова пражывання ўсім гаманлівым кодлам у пакоіку, дзе на світанні не прашчэмішся між нарамі, не зачапіўшы чыю-небудзь руку ці нагу. Ратунак жа – саскочыць са сваёй верхняй паліцы раней за ўсіх, а вярнуцца ў вечаровым прыцемку. Калі ты, на сваю бяду, нарадзілася дзяўчынай і адна служыш у лётным саставе, не разлічвай, што будзеш дзяліць жытло з калегамі. У такім выпадку – прасцячкі-куры або хахаль?

Урэшце Ліда і праўда стала прыглядацца да двух Ла-5 – больш да таго, што ішоў ззаду. Лётаў Ігнат узорна, гэтага ў яго не адняць... І дыстанцыю вытрымліваў бліскуча: нібы прыклеіўся да напарніка, побач і побач, хаця той пастаянна змяняў курс і вышыню. Меней бы гэтай прахалоднай уедлівасці на зямлі – глядзіш, і размаўляць з чалавекам было б магчыма. Што агульнае знайшлося ў гэтага хранічнага выдатнічка з Зелянкоўскім, ненапружаным і рассеяным?

Ліда згадала, як пасля разбору вылету, скіраваўшыся на катаржныя работы, параўнялася з імі двума. Хада ў яе не па росце шырокая, імклівая – сама не заўважыш, як дагоніш. Хацела пусціцца наперад, каб не правакаваць новую малапрыемную гутарку, але Зелянкоўскі лагодна аклікнуў яе:

– Чакай, тарапыга, не ляці! Перамовімся парай слоў?

– А ці шмат новага я пачую, Мацей Васіліч? Зараз і вы скажаце: нашто біцца ў канвульсіях ад кожнай кпіны, калі ўсё роўна не будзеш тут сваёй? Нават на вымушаную не сядзеш адэкватна! – выпаліла Ліда, завёўшыся з паўабарота. – А думаеце, я змагу цяпер стаць сваёй хоць дзе-небудзь? У простага люду логіка далікатная, як падэшва. Дзяўчо рвецца ў вайсковую часць? Хах, справа маладая – там жа максімум мужыкоў і мінімум жончынага нагляду! То бок на фронце на мяне косяцца таму, што я не мужчына, а дома будуць касіцца таму, што я не такая жанчына, як трэба... Чаго вы смеяцеся?!

Не разумеў Зелянкоўскі, наколькі ўсё сур’ёзна: ва ўсмешцы не адшукаць і намёку на прыкрасць, якая поедам ела Ліду. Адно спачуванне.

– Ты прабач, Жучок, але я прыкінуў, што сказала б на гэта мая Кася...

– І што ж? – прабурчала Ліда падазрона. Мала радасці развіваць гэтую тэму пры Ігнаце. Вунь, дыбае з адсутным выглядам, як выпадковы мінак падчас выхаваўчай размовы дзядзькі з пляменніцай.

– Яна б сказала: “Бедная дзяўчынка вырашыла, што ёй трэба змагацца з усім светам, хаця свет пра гэта і ведаць не ведае!”

Ліда з размаху раструшчыла абцасам сухую галінку, якой не пашчасціла апынуцца на яе шляху. Аказваецца, сердаваць можна і на дабрака Зелянкоўскага! Няхай яе макушка ледзь дастае яму да пляча, але называць яе дзяўчынкай – перабор.

– Вы лічыце, я ўсё надумала! Тады растлумачце: калі ніякіх інтрыг насамрэч няма, чаму Дубоўка... чаму таварыш маёр паводзіцца так дзіўна? Спачатку адчытаў мяне за дурасць, потым загадаў падзяліцца з маладняком ведамі (быццам верыў, што яны ёсць!) і нават зрабіў, як я сказала. Пасля чаго адправіў важдацца з алоўкамі. А ў гэтым логіка ёсць? Няма! Ні жаночай, ні мужчынскай!

Яна пераконвала, выплюхвала апломб, а Зелянкоўскі хітаў галавой з нязменнай усмешкай. Нібы яе довады не былі вартыя чагосьці галоўнага.

– Ты, малая, Рыгора слухай. Год у камандзірах ходзіць, безліч разоў вадзіў эскадрыллю... Дарма чапляцца не стане, і гэта праўда.

– Па-вашаму, я яшчэ і вінаватая?

– Ш-ш-ш, не бузі, уціхамір сваю логіку. Давай разбірацца разам. Што гэта за дзіва – змешаная мужчынска-жаночая эскадрылля? Хто кіраваў такою? Ці можа яна існаваць як з’ява? – ён няспешна вымяраў доўгімі нагамі крокі, дапамагаючы сабе ўнікнуць у пытанне. – Задума новая, непрадказальная. Метода не адпрацаваная. Па меншай меры за парадкам сачы, а? Тут адзін пол, і тут жа другі. Яўна чакаюцца ўсялякія... Сама разумееш.

– Эксцэсы, – падказаў Ігнат.

– Іменна... Але з гэтым звыкла: вунь колькі ў нас дзяўчатак сярод збройнікаў. Ну а калі дзяўчына не збройнік, а лётчык? Хочаш не хочаш – разважай у некалькіх плоскасцях! Забяспеч баявую нагрузку па сілах...

– Утрымліваць на аэрадроме – штука няхітрая! – улезла Ліда.

– ...Псіхалогію ўлічы, ізноў жа. Механічнымі камандамі толку не даб’ешся, трэба яшчэ трошачкі спазнаць асобу. Каманды... Іх адсыпле і ёлуп! А вышэйшы пілатаж – загадаць тое, з чым выканаўца справіцца.

Яна нецярпліва ссунула бровы:

– Вы да чаго ведзяце? Я што, павінна праявіць шкадобу? Якія складанасці ствараю камэску адным тым, што я ёсць!

Зелянкоўскі з Ігнатам спыніліся, і Лідзе прыйшлося спыніцца таксама: яны дайшлі да стаянкі “лавачкіна” нумар трынаццаць, які належаў Зелянкоўскаму.

– Эх ты, а яшчэ ў вядзёныя да камандзіра набіваешся! – ён незласліва спіхнуў пілотку Лідзе на вочы. – Думай як кіраўнік, Жучок, толькі і ўсяго. Аналізуй. Цэлься вышэй, тады патрапіш...

І цяпер, успомніўшы гэтую рэпліку, Ліда зноў недаверліва хмыкнула. Кожнаму варта стаяць на ўласнай прыступцы, а не замахвацца на высокія матэрыі. Хто Ліда тут? Слаўка па ўменнях слабейшы за яе, але яго не цураюцца адпраўляць на заданні, яшчэ і ставяць у прыклад. Куды ёй пры статусе, крыху большым за статус вунь тых балбатушак, разбіраць па костачках чужыя дзівацкія паводзіны? Тым больш камандзірскія!

А кіраваць – Дубоўкава справа. Кіраваць і рабіць папраўку на псіхалогію. Калі яго абралі камэскам заслужана, добра б яму  п р а а н а л і з а в а ц ь, чаму з вядзёнай так складана. Можа, прычына не ў ёй адной – або не ў ёй зусім?

І Ліда, упэўненая ў такой выснове, вярнулася да насценгазеты.


***

– Поруч трымаешся годна, тут без пытанняў. Мяркую, падчас заварушкі не згубішся, – сказаў Зелянкоўскі Ігнату, калі той саскочыў да яго на зямлю і адшчоўкнуў на сабе першы, другі, трэці парашутны замок. – Глядзі толькі, каб фрыцы не адцягнулі ад групы: спакусіцца вох як лёгка, а ім таго і трэба. Адзін у небе не ваяр, пра гэта казалі правільна.

“Не перахвальваць, – вырашыў Зелянкоўскі. – Каб не расслабіўся”. Але вырашыў з некаторымі сумневамі, бо Ігнат не выглядаў як чалавек, які жыве марамі аб расслабленні. Хутчэй, наадварот: хацелася нагадаць, што татальны кантроль над сітуацыяй не заўжды патрэбны. Няма розніцы, наколькі ахайна ўладкуеш парашут на плоскасці, ці далёка ад краю пакладзеш шлемафон... А Ігнат прывык усё вывяраць, пралічваць на некалькі хадоў наперад. Прывык запамінаць, каб пазней пусціць веды ў ход. Калі слухаў кагосьці, здавалася, што ўнутрана ён занатоўвае пачутае – так рэдка торгаліся, міргаючы, павекі на нерухомым твары.

Аднак уважлівасць да дробязей – гэта добра.

– Ліда напірала на бяспеку вядзёнага, – працягваў Зелянкоўскі, – і мела рацыю, ясна... А я дадам: часта і вядучы не справіцца без падмогі. Калі б сёння авіяпушкі не спрацавалі ў камэска, усё легла б на Ліду – ратуй, дзяўчо, дасварыцца паспееце! Такія здарэнні – самы надзейны паказчык кемнасці, вывучкі. Цьфу-цьфу-цьфу, канешне...

У густых хмызах, за якімі пачынаўся бярозавы гай, у гэты момант нешта замаячыла. Нізка над зямлёй, не пад Зелянкоўскага-жардзіну. Як дзве бялявыя галоўкі – вось шаснула адна, за ёй, пасля замінкі, другая...

– Жывей вы, драбнота! Няўклюдней за гусянят! – ледзь чутным свісцячым шэптам абурыліся хмызы. – Навязаліся на маю галаву...

Шамацеў у галінах вецер, лістота ціхамірна махала сонцу, удзячная за шчодрыя прамяні. Здалося?

– Таварыш капітан...

– Што, Ігнат? – Зелянкоўскі, марудзячы, абшукваў позіркам хмызы, дзе быццам мільгнула блакітна-шэрая хлапечая кепка на чорных валасах, якія амаль зліваліся са змрокам. А можа, вяхір махнуў крылом, ладкуючыся адпачыць? Вось хрупнула галінка ад неасцярожнага руху...

– А вам лётаць не боязна? Я пра нумар.

Зелянкоўскі азірнуўся на свой Ла-5, на лік трынаццаць. Не змог бы адказаць, не ўгледзеўшыся. Шмат успамінаў прасілі, каб іх агучылі, шмат супярэчнасцей настойвалі: мы спалучаемся як найлепш.

– Па праўдзе... так, крышку не па сабе. Не ў маіх звычках гуляцца такімі рэчамі, – прызнаў ён, паціраючы падбародак, які драпаўся шчаціннем. – Я б і не звязваўся, але папярэднік мой... Ну, той, хто лётаў на гэтай “лавачцы” да мяне. Вы з рабятамі яго не засталі. Дык ён ніякаму іншаму самалёту не давяраў – толькі каб “чортаў тузін”! У яго і ранейшы быў пад гэтым нумарам. Спраўна служыў, адусюль выносіў, як бы горача ні было. Гэта яшчэ летась – полк тады быў узброены І-16... А калі пераселі на Ла-5, Андрэй і ўпёрся: мне – “трынаццатку”, не баец я буду пры іншым ліку! Пагаворваюць, усе нервы камандзіру палка выматаў, пакуль дабіўся, – Зелянкоўскі нахіліў галаву, усміхнуўшыся цёпла і задумліва. – Так што боязь бояззю, а Андрэю я веру. “Чортаў тузін” і з пекла вынесе – так ён казаў.

Ігнат выслухаў аповед са звычайнай для сябе грунтоўнасцю, паглядваючы на фюзеляж, залатаны ля кабіны.

– Вынес “тузін”, – стрымана мовіў ён.

Між тым хмызы больш не варушыліся, сціхлі гукі. Зелянкоўскі з ваганнямі зрабіў крок да падазронага месца, якое прыкметна апусцела.

– Слухай, а праверыць бы... Яны ж толькі-толькі... Ты не бачыў? Вунь там!

Ігнат міргнуў і ў маўклівай збянтэжанасці пераключыў увагу на хмызы. Не рады быў, што рана зменшыў пільнасць. Яшчэ і пасля ўдалай трэніроўкі...

– А я засек. Калі з глузду не з’ехаў, – самакрытычна паведаміў Зелянкоўскі. – Не ведаю, хто там блукае, але на тэрыторыі аэрадрома ім наўрад ці месца.

– Каму – ім?

– Не паспеў я разгледзець... Ці мала хто мог забрацца? З выгляду – роўна анёлкі пад камандаваннем нячысціка. Да чаго б гэта?


Рецензии