Раздзел 9. 08-08-2024

...у якім аднолькавы рост становіцца прычынай непрыемнасцей



Дзіва, наколькі па-рознаму пачуваешся з рознымі людзьмі. Гутарыш з усімі на адной мове, але нехта ловіць тваю думку на падлёце, а з некім знайсці паразуменне без сваркі – задачка! Дапусцім, спрабаваць дастукацца да Дубоўкі бессэнсоўней, чым тараніць ілбом зачынены плексігласавы ліхтар. І галава пашкоджанні атрымлівае (немалаважны авіяпрыбор як-ніяк), і ліхтар ні з месца. Зелянкоўскаму ж лёгка выкладзеш усё, а ён мала таго што зразумее – зробіць выснову аб нечым, чаго і не думала гаварыць.

Або вось: нехта паклаў на край стала шлемафон, а пад адзін з каменьчыкаў, што прыціскалі ватман, – складзены аркуш. Ліда, шоргаючы алоўкам, скасіла вочы з лётнай назіральнасцю: двайны, у клетку, звонку чысты, а з таго боку рэльефна праступаюць дробныя імклівыя радкі.

– Ага, праславуты тэкставы блок. Дзякуй, Саш!

І ўсё. Ні вынаходжання аргументаў, ні сварак, ні шчымлівай прагі выглядаць іншай-лепшай. Немудрагелісты маўклівы жэст – і “дзякуй”. Таварыскае паразуменне, для якога не патрэбны словы.

– Хочаш – пакінь тут, а Глеб засядзе, як вернецца, – сказала Ліда, абяцаючы гэтым, што сумленна не будзе зазіраць у тэкст. Спёка і аднастайная праца настроілі яе на прыміраны лад.

Саша ўдзячна кіўнуў. Ён не спяшаўся нацягваць шлемафон на сваю рудую кучаравую чупрыну, у якую карцела ўблытаць пальцы, як сціплай жывёлцы ў поўсць. І ўсё ж ляцець відавочна яму і Арцёму. Сам Арцём муляўся на ўзлеску: адным вухам заклапочана слухаў настаўленні Ігната, але гатовы быў стартаваць, ледзь вядучы, Саша, пакліча. Можна не ў голас, дастаткова ўскінуць руку. І гэтая пара склалася!

Васёк адказваў у эскадрыллі за малюнкі, а Саша – за тэксты, якія, на думку Ліды, выходзілі нейкія гладкія, чыталіся лягчэй за чые. Што гэткае мелася ў іх? Або што адсутнічала? Паспрабуй разбяры, Ліда зроду не выдумляла нічога болей вытанчанага філалагічна, чым школьныя сачыненні ды рапарты. “А ў карэспандэнты замест лётчыкаў падацца? Не, ніяк?” – фыркаў Глеб. Слаўка ж, перш чым адправіць ліст дадому, падсоўваў яго Сашу, каб той расставіў адсутныя коскі.

– Сястра ў мяне... таго, у настаўніцах, – тлумачыў Слаўка сарамліва. – Няёмка выйдзе, так?

Саша не адмаўляў. Гаварыць з ім было проста, у асноўным таму, што не трэ было чакаць адказу. Мінулы раз Ліда чула ягоны голас ці не тыдзень таму, калі ён вылецеў знаёміць Арцёма з тэрыторыяй. “Ветразь, я Гнядаш. Ідзем дадому”, – данеслі на аэрадром радыёхвалі. За ўвесь час, што Ліда правяла ў палку, Саша Гнядых больш слоў прамовіў у паветры, чым на зямлі. Магло нават здацца, што ў эскадрыллі іх не дзевяць, а восем, бо такіх, як ён, не відаць і не чуваць. Але самі яны ўсё чуюць і бачаць. Сузіраюць. А высновы пакідаюць пры сабе.

Безуважна прастукалі па стале кончыкі Сашавых пальцаў. Ліда адсачыла напрамак позірку: ад самалётаў крочылі Глеб і Слаўка, якія толькі што вярнуліся. А з імі – Дубоўка.

– Прынесла нялёгкая! – паскардзілася Ліда і ўгнула галаву.

– Не падабаецца мне, што яны будуць лётаць так адкрыта... – Дубоўка планамерна даследаваў неба, асабліва рэдкія касмылі-воблачкі, быццам з-за любога з іх мог выскачыць вораг. – А калі зноў, як раніцай? Не хапала яшчэ адной бойкі над аэрадромам! – Ён махнуў Сашу: маўляў, давай сюды!

Ліда навастрыла вушы, улавіўшы знаёмую трывогу. Што з ім сёння? Яго то крыху адпускае, то зноў праймае. Няўжо тая прахадная сутычка гэтак яго напружыла? Зменшаную нагрузку эскадрыллі і тую ўхваліў...

Неспакой камандзіра не раздзяляў і Глеб.

– І што прапануеш? Прыкрыць іх? – скептычна спытаў ён, калі яны чацвёра сышліся на прыкладна роўнай адлегласці між стаянкамі і Лідай. – Мацей з Ігнатам адлёталі, і нічога. А тут будзем гарод гарадзіць?

Саша глядзеў на Глеба асцярожна і стрымана, як антылопа на леапарда. Трымаўся ён скавана, звесіўшы рукі ўздоўж тулава: у ролі вядучага яму пакуль было ніякавата, хаця лейтэнанцкае званне ён атрымаў разам з Лідай. Навічком Саша даўно не быў, але і ўмельцам сябе не адчуваў. Прынамсі, не роўня тром старэйшым вядучым.

Арцём тым часам перамінаўся з нагі на нагу, яўна здагадаўшыся, што абмяркоўваюць нешта звязанае з ім. Падысці? Або не выдаваць, што заўважыў? І наскрэбці ўпэўненасць для любога з варыянтаў...

– А прыкрыць усё-ткі не зашкодзіла б, – уздыхнуў Дубоўка і, зняўшы фуражку, выцер лоб. – Глеб, вы як – не супраць вылецець яшчэ раз? Рабяты адпрацоўваюць, а вы – на варце...

– Вось так паліць бензін? – уразіўся Слаўка. – І ўсяго для падстрахоўкі?

Глеб змерыў рэнтгенаўскім позіркам Сашу, утаропіўся ў вочы Дубоўку. Здавалася, яны вядуць маўклівы дыялог аб чымсьці, чаго не зразумее ніхто з прысутных, а адказы чытаюць па дробных зменах мімікі. Колькі трэба праслужыць поплеч, каб размаўляць позіркамі? Гэта куды глыбей і паўней, чым Лідзіна суладдзе з Сашам...

На твары Глеба выявілася застарэлая пахмурнасць.

– Лепей спаліць трохі бензіну, чым двух чалавек разам з самалётамі. Нічога, паходзім вышэй, паазіраемся... Усё, курс на КП! Пакуль звернемся, “лавачкам” якраз гаручку папоўняць.

І ў гэты момант млявая расслабленасць, якая воблакам ахутвала Ліду, развеялася. Што за насланнё? Чаго яна дасюль сядзіць на гэтай лаўцы? Сонца высока, дзень у разгары, а ў яе не так шмат часу, каб здзейсніць штосьці важнае, патрэбнае. Ці не гразіўся Круглы вышпурнуць Ліду, калі немагчыма будзе разлічваць на яе ў паўсядзённай баявой працы? А значыць, жыццёва неабходны план. Чаму, чаму на Слаўку заданні сыплюцца адно за адным?

Хвілінку. А можа быць...

– Гэта нячэсна! – піскнулі аднекуль. – Мы ж не сыдзем, так?

– Канешне сыдзем! Тут су-умна. Я хачу дадому, мама аладкі абяцала...

– Ціха вы, адзін і другая! Будзеце шумець – і тут прыпячэ не горш!

Галасы данесліся з гаю за спінай у Ліды, і яна, зацікаўленая, перакінула нагу цераз лаўку. У цені дрэў віднеліся тры дзіцячыя постаці, дзве з якіх былі па пояс трэцяй. Старэйшы дзіцёнак – у ношанай адзежы з чужога, шырокага хлапечага пляча, яўна гадоў не на дзесяць. Усё, акрамя блакітнаватай кепкі, прыглушаных колераў. “Каб менш было прыкметна, калі ўквэцаешся”, – ацаніла Ліда з вышыні вопыту. А малыя, белагаловыя хлопчык і дзяўчынка (падобна, двайняты), непрадбачліва ў светлым. У дзяўчынкі сарафанчык ззаду запыліўся – лёгка ўявіць, як яна аступілася ды села на зямлю.

– Не хачу я аладкі. Я хачу  с а м а ё т ы! – малы хлопчык віснуў на старэйшым таварышы.

– Трэба казаць “самалёты”. Вунь табе – цэлая выстава, любуйся! – старэйшы прыкра круціў галавой на тоненькай шыі, нібы шукаў на дрэвах крэпкія сучкі, каб падвесіць надакучлівых дзяцей на манер Бураціна. Наўрад ці можна было лічыць яго братам: з-пад кепкі лезлі кароткія вугальна-чорныя віхры, хоць і такія ж кучаравыя.

– Не, я хачу паг’ядзець, як б’юцца...

– Э-э, біліся ранкам, вы праспалі! Цяпер харчамі запасайся – чакаць.

– А мне трэба зараз! – меншы глытаў мяккі гук “Л”, але з “Р” упраўляўся на дзіва ўмела. – Хочаш, каб мама нас знайшла? Яна па кустах не пайезе, яе і праз шлакбаму пусцяць!

– Шлагбаум. Не ный, а?

– А-анця, калі мы по-о-ойдзем? – цягнула сваё сястрычка белагаловага капрызніка. – Усё роўна тут няма чаго е-е-есці! – пры кожным доўгім гуку яна ад нецярпення ўзнімалася на дыбачкі, аж кудзеркі падскоквалі.

Старэйшы і на яе напусціўся:

– Як-як мяне зваць? А ну паўтары!

– Спачатку скажы, калі пойдзем...

– Не чую! Ты і ў школцы будзеш таргавацца? – у павышаным голасе праскочыла хрыпінка: ці то стаміўся абсякаць малых, ці то прастуда драпалася. А можа, першае вынікала з другога.

– Лезь да Толі, а я ў мамы і так разумніца. Анцік-Анцік-Анцік! Есці-есці-есці!

– У самы раз. А то радасць мне – на дзявочае імейка азывацца! Усё, сціхлі абое. Я думаю.

– Але ты абяца-а-а...

– Бяда мне з вамі! – узвыў старэйшы і таропка закорпаўся ў кішэнях. – На; табе сухарык, толькі маўчы!

Небарака, зваліліся ж на яго тыя дзеці. Адразу відаць: чалавеку ёсць чым заняцца, а трэба гадзінамі забаўляць малышню...

Ліда зірнула на ватман, і такая страшная агіда раптам ускалыхнулася ў ёй! Да гэтай насценгазеты з размаляванымі ўроскід літарамі, да сточанага алоўка, да разагрэтай на сонцы стальніцы, якая, здавалася, вось-вось запалае. А горш за ўсё была непераносная, не ўласцівая Лідзе карпатлівасць. Адзінай дзейнасцю, якая ператварала Ліду ва ўзор прыдзірлівасці, была лётная праца, а ўсё, што не тычылася кантролю хуткасці, вышыні, колькасці гаручага, вывяралася з неахвотай.

Як можна было аддаць гэтай лухце столькі часу?

– Гэй, дзятва! – гукнула яна. – Так, вы. Тупайце да мяне! Ну, борздзенька!

Двайняты пужліва азірнуліся на яе і – кожны са свайго боку – учапіліся ў чорнавалосага хлапчука. Той насунуў кепку ямчэй, паглядзеў управа-ўлева... Ліда і сама праверыла: лётчыкі разышліся, збройніцы зацята шэпчуцца. Парадак!

– Бачу, занятак сабе шукаеце? – запыталася яна, калі ўсе трое падступілі да стала. Малая дзяўчынка пасмоктвала сухарык, расцягваючы задавальненне.

– А што, у знішчальнікі возьмеце? – з усмешкай кінуў завадатар, названы Анцікам. На шчоках выявіліся дужа сімпатычныя ямачкі, але ўражанне сапсаваў прагал на месцы малочнага зуба.

– Не ўсё адразу. Да педалей не дастанеш! – заявіла Ліда, якая паспела ўстаць ва ўвесь наяўны рост і для большай прэзентабельнасці выпрастаць плечы. Уключыўшы самы бадзёры тон, на які была здатная, яна скамандавала: – Слухайце сюды, шпінгалеты! Вам партыйнае даручэнне: алоўкі ў рукі – і гайда фарбаваць. Мне няма калі, а справа павінна рухацца. Пытанні?

Двайняты высунулі насы над паверхняй стала і вылупілі вочы: рознакаляровыя алоўкі, велічэзны ватман... Такіх памераў, што хто-небудзь з іх мог бы ўлегчыся паўзверх, а другі абвёў бы яго з ног да галавы. У крайнім выпадку па дыяганалі.

– А фто, мофна? – прамармытала дзяўчынка праз сухарык.

– Бляск, надоўга зоймуцца! Выручылі! – Анцік з палёгкай выцер нос, з якога такі падцякала. – У мяне ж таксама планы...

Лідзіну форму ён разглядваў не без цікаўнасці. Гімнасцёрка з іголачкі, спражка рамяня блішчыць, выпраўка што трэба. Не з абслугі! Вайсковец жаночага полу на аэрадроме – гэта моц.

– Анця-я, мне ніяк! – малая пыхкала, спрабуючы ўскараскацца на лаўку.

– Колькі цябе вучыць, а? Ці будзеш казаць, як дамовіліся?

Ён схапіў яе пад пахі і з намаганнем усадзіў побач з братам, які цапнуў бліжэйшы аловак.

– Захочаш чаго пажаваць – бяры адсюль. А галасіць не трэба, жук у рот заляціць!

І ён пачаў набіваць сухарамі кішэню яе сарафанчыка, нібы адмыслова прызначаную для ласункаў. Калі ж узняў галаву, жанчыны-вайскоўца і след прастыў.


***

Не тое каб Слаўка гарэў жаданнем ляцець другі раз запар. Усё ж пасля вылазкі за лінію фронту, дзе толькі і сачы, каб цябе не дзеўбанулі знізу, ці зверху, ці збоку, добра б перавесці дух. І наколькі яно трэба – прыкрываць Сашу, калі Саша ўтрая ўважлівейшы і немаведама наколькі разумнейшы? Але ісці ўпоперак загадаў было не ў стылі Слаўкі. Таму ён і здзівіўся, калі на яго стаянку прымчалася задыханая Ліда і рыўком сцягнула лямкі парашута, якія ён ледзьве закінуў на плечы.

– Стой! Стой... Уф-ф, паспела...

– Што, вылет адмянілі? Ці...

Ліда засцярожліва вызірнула з-за самалёта, і Слаўка засумняваўся, што кіраўніцтва сюды хоць як датычыцца. Хм, планшэт цераз плячо, пілотка запраўлена за рамень, у руцэ – шлемафон...

– Колькі ў табе сантыметраў? – яна прымерала рукою свой рост, потым Слаўкаў. – Ну, блізка. Сыдзе!

– Ты чаго надумала?

– Мы росту аднаго? Аднаго! Значыць, і педалі ў самалётах адрэгуляваны аднолькава. Сцяміў?

– Ну...

– Рэйкі гну! Педалі чыёй “лавачкі” мне больш за ўсё падыходзяць па росце? Не каланчы ж Зелянкоўскага, у рэшце рэшт!

Слаўка ўздыхнуў:

– Дарма ты столькі на сонейку прасядзела. Галаву не напякло?

– Тады які твой варыянт? Быццам мне ляцець з Глебам за шчасце! Што ж, вядзёнай у зануды пабыла, перажыву і ганарліўца.

– Але дагэтуль вы з ім не хадзілі парай! А ты сама казала, што без трэніроўкі...

Ліда страціла цярпенне:

– Малодшы лейтэнант Новік! Вось мой загад як старшай па званні: саступіць самалёт! Я не ўпушчу такую магчымасць, бо гэта, можа быць, мой апошні дзень у палку. Ты на заданне злётаў?

– Злётаў, толькі...

– Цяпер мая чарга. Усё, пайшоў! Якраз падрэмлеш у цяньку, адпачнеш пасля разведкі.

Не паспеў Слаўка вызначыцца, згодны ён ці супраць, як на стаянку прыцягнуўся Васёк (які, па-добраму, даўно мусіў быць тут, а не сланяцца чорт ведае дзе). Ён прабегся па прысутных намётаным позіркам халтуршчыка, які імгненна арыентуецца ў сітуацыі:

– Што за ракіровачка, таварышы камандзіры?

– Мяне адправілі рэабілітавацца! Бачыў, як зранку выйшла? – з ходу патлумачыла Ліда. Яна паспела нацягнуць шлемафон і запраўляла пад яго валасы, каб не выбілася ні пасмы.

Замена не напружыла тэхніка, звыклага да ператасоўкі лётчыкаў у залежнасці ад колькасці цэлых машын. Тым больш Лідзіну “сямёрку” ў гэтыя хвіліны рыхтавалі для Волкава. Наадварот, Васёк неадкладна выявіў жаданне прыняць удзел:

– Ці не памагчы парашуцік накінуць, пазашпільваць, дзе варта? Куды твайму Віцьку ведаць пра джэнтльменскае абыходжанне! Ён жа на механізмах павернуты.

– Спраўлюся, я дзеўка не з дохлых! – Ліда рашуча ўзваліла на плечы цяжар і страсянула на сабе, зручней размяркоўваючы лямкі. – А ты нейкі добранькі, сябра мой. Я думала, адмываць камбінезон ад фарбы – перспектыва так сабе.

– Ты не з дохлых, а я не з крыўдлівых, – Васёк ляніва агледзеў цёмна-зялёны след на тканіне. – Штодня пэцкаемся. Плямай больш, плямай менш...

– Вымалёўваецца сюжэцік для насценгазеты. Можаш узяць на ўзбраенне, – велікадушна прапанавала Ліда, але раптам закашлялася. – Калі ад яе што-небудзь застанецца...

Яна прыкмеціла, што Слаўка ўсё яшчэ тут, і эмацыйна замахала яму: скрыйся ўрэшце, а то Глеб засячэ! Яму заставалася рэціравацца ў хмызы і слухаць адтуль, як Васёк завучана дакладвае аб гатоўнасці самалёта і як пляскае ліхтар, зачынены ўпэўненым рухам. Адзін за адным загулі маторы на чатырох стаянках, задрыжалі ад узнятага ветру бярозавыя кроны... “Лавачкін” нумар дваццаць пяць паруліў на старт услед за астатнімі, на развітанне махнуўшы гаспадару хвастом.

Замест таго каб і праўда прылегчы ў зацішку, Слаўка бадзяўся між бяроз і для нечага працягваў круціць у руках шлемафон. Ад хвалявання ён штораз спатыкаўся і, як часцяком здаралася, абіваў насы ботаў аб карані.

“Хутчэй за ўсё, не будзе ніякага налёту, пакружаць ды сядуць. Камандзір проста дарма перастрахоўваецца, – разважаў ён, спрабуючы супакоіць сумленне. – Калі што, яны будуць учацвярых... Мо Жучок якраз вылучыцца – а пераможцаў не судзяць, так? Але глупства, дурасць! І тэхніка свайго распусціў, і Ліда вось-вось на шыю ўсядзецца. Лопух ты, Новік, а не малодшы лейтэнант!”

Лішні раз высоўвацца з гаю ён не адважваўся, таму амаль не бачыў, што дзеецца ў паветры. Аднак на слых распазнаваў: пара самалётаў з натужлівым гудзеннем нырала з аднаго элементу ў другі, часам так нізка, што спалохана хіліліся вершаліны, раняючы лістоту. Чулася і іншае ракатанне, цішэйшае і размеранае, а значыць, другая пара патрулявала неба высока над лётным полем.

“Ну не можа Глеб прахлопаць, што напарнік не той, – думаў Слаўка, нервавата падпіхваючы запыленым ботам камень. – Вочы ў яго... Разок пасочыць за манерай палёту – дзе заўгодна пазнае. А калі згледзіць падмену, мацюкоў будзе на ўвесь аэрадром!”

Тым не менш з дынаміка рацыі, уладкаванай на століку ля ўвахода ў камандны пункт, не даносілася нічога, акрамя лёгкага шыпення, ледзьве чутнага адсюль. Няўжо Ліда так натрэніравалася, што ёй удалося падрабіць чужы лётны почырк?..

З размаху ляпнулі дзверы зямлянкі – Слаўка так і падскочыў. Падпалкоўнік Круглы, задраўшы галаву, вычапіў позіркам адну пару, другую – і да сувязіста:

– Хто там баражыруе? Федарэнка з Новікам?

– Так точна, вучобу прыкрываюць...

– Выдатна! За вучобай і з зямлі прыгледзім, а гэтых – наперахват! – Круглы схапіўся за мікрафон: – Снежань, гэта Ветразь! Гаручага досыць? Адзіночны “месер” над нашай тэрыторыяй. Квадрат...

“Аёй, вось і яны. Непрыемнасці”, – безнадзейна канстатаваў Слаўка. Ён вызірнуў з-пад дрэў і якраз прыкмеціў, як легла на курс верхняя пара – спярша вядучы, а праз секунду вядзёны. Вядзёная...

Камандзір палка, залажыўшы рукі за спіну, праводзіў самалёты на заданне, пасля чаго звярнуў увагу на пару Сашы і Арцёма. Ацэньваў не павярхоўна – удумліва, прыкідваючы іх здольнасць даць адпор.

– А ўсё ж нядрэнна хлопцы ідуць! – сказаў ці то сувязісту, ці то сам сабе. – У крайнім выпадку паднімем дзяжурных, а пакуль...

Ён павярнуўся быў у бок абедзенных сталоў – і асекся: нейкія двое малых, забраўшыся з нагамі на лаўку, галава да галавы мазюкалі нешта на агромністым аркушы.

– Адкуль дзеці на аэрадроме?! – Круглы нават фуражку прыўзняў. – Вартаўнікі што, ашалелі – пускаць абы-каго?

Яго квадратныя плечы замаячылі ў небяспечнай блізкасці ад Слаўкі, і той, згараючы ад сораму, зашыўся за ствол бярозы. Няўдзячная гэта справа – прыкрываць кагосьці акрамя Глеба!

– Што вы тут робіце, ліха вас дзяры? Які асёл дазволіў прайсці на тэрыторыю часці? – Круглы грозна навіс над дзецьмі, загарадзіўшы святло сваёй шырокай постаццю.

Хлопчык нездаволена патлумачыў, як неразумнаму:

– Мы  м а ю е м! У нас даручэнне.

– Ды хоць загад камандуючага фронтам! А ну – ногі ў рукі, і матайце адсюль! Не хапала, каб гэткая драбнота трапіла пад колы знішчальніка ці бензавоза.

– Адны не пойдзем! – дзяўчынка страсянула кудзеркамі. Абедзве рукі ў яе былі занятыя: у правай – аловак, у левай – рэшта забытага сухарыка. – Мама не дае хадзіць самім, толькі з Ан... Анцікам, во!

Круглы ўзяўся ў бокі і стаў ад гэтага яшчэ шырэй.

– То-та і яно, што дзіцё без нагляду – бедлам! А калі двое... Ну, досыць: я персанальна вынайду які канвой, і вас зараз жа... чуеце – мігам вытураць! Прычым праводзяць да самай хаты. Вось ты, напрыклад... Што ты там швэндаешся? Да справы цябе прыстасаваць?

І ён сярдзіта махнуў у бок Слаўкі, які неабачліва высунуўся з-за ствала.

– Ты... тут? А хто тады... – у Круглага ў поўнай адпаведнасці з прозвішчам акругліліся вочы. Ён азірнуўся на дзве кропачкі ў небе. Утаропіўся ў шлемафон Слаўкі. І нарэшце здагадка праступіла на яго карычневым ад загару твары, бровы самкнуліся на пераноссі. – Так-так-так! Падаецца, нехта страціў боязь.

Слаўка выцягнуўся перад ім, спешна прыдумляючы, як бы далажыць, каб не павялічыць Лідзе праблемы.

– Таварыш падпалкоўнік, тут вось якая...

– Не буду пытацца, чыя была ідэя, – шаўковым голасам завёў камандзір палка. – Я спытаю: мазгі ў цябе самога ёсць? Каб адпускаць яе без загаду. На сваім самалёце. Пасля ранішніх фокусаў. Ёсць ці не?

– Ліда хацела як лепш... Проста каб мне другі раз не вылятаць. Каб па справядлівасці...

– Ведаю я, што за справядлівасць ёй патрэбна! – адрэзаў Круглы і прачысціў горла, як заўсёды, калі збянтэжанасць вымагала лішняй пары секунд разваг. Сурова падціснуў вусны. – Ну-ну, паглядзім. Ірвецца ў бой – калі ласка, прашу! Але я не стаў бы гадаць, каго з іх дваіх мы з большай верагоднасцю ўбачым ізноў – гэтую авантурыстку ці Глеба!

І ён рашуча ўпёр палец у Глебаву фотакартку. З-за яе цяпер высоўвалася выява зазубранага цмокавага хваста, які быў хаатычна заштрыхаваны аранжавым алоўкам. Мабыць, дзюбка чырвонага зусім стачылася.

– Тонка! – міжволі фыркнуў Круглы, і хлопчык сарамліва заўсміхаўся, прабачыўшы яму строгасць.

– А без Анціка ўсё адно не пойдзем! – замацавала поспех дзяўчынка і па-гаспадарску змахнула з ватману крошкі.

У гэты момант на малой вышыні над імі з выццём пранесліся Ла-5, выходзячы з пікіравання. Дзеці, асабліва хлопчык, так і выкруцілі шыі, і вочы ў іх зрабіліся вялізныя, нібы агрэсціны.

– Анцік, фанцік... Кхм... Не знішчальны авіяполк, а вар’ятня. А я – галоўурач! – прабурчаў Круглы. Зірнуўшы з-пад насупленых броваў на танклявыя, як сцяблінкі, рукі-ногі дзяцей, ён удакладніў: – Наогул можна пачакаць і да абеду. Тым больш тут сноўдаецца яшчэ нехта трэці.

Ён развярнуўся да Слаўкі і балюча тыцнуў яго ў грудзі костачкай указальнага пальца:

– А ты – асабіста ты – будзеш пільнаваць, каб яны не разнеслі ўсё па друзачках! Даўно не лёталі вы з “пешкамі”, на суправаджэнне, дык хоць на дзецях папрактыкуешся. А то ўсё разведка, разведка...

Прыбіты Слаўка без сіл апусціўся за стол побач з дзяўчынкай. Яна прымірана вывучала малюнак і ў задумлівасці пакусвала фіялетавы аловак, пакідаючы на драўніне рыскі-паглыбленні. Глянула на журботнага суседа, параўнала з фотакарткай.

– А чаго вы сумуеце, дзядзь? Цяпер – прыгожа!

Яна звесіла над ватманам воблака кудзерак і працягнула расфарбоўваць зайчыныя вушы, рознавялікія і няроўныя, якія дамалявала над фотакарткай Слаўкі.


Рецензии