Раздзел 10. 24-07-2024

...у якім хімія супрацьстаіць авіяцыі



А што ж Ліда? Яна скіроўвала “лавачкін” нумар дваццаць пяць уперад і ўперад – за Глебам, які з напорам харта вышукваў варожы самалёт. Далёка ўнізе марудна паўзлі зелянюткія лугі, цёмныя пляміны лясоў, стужка ракі, залацістая ад сонца, а абодва Ла-5, падавалася, завіслі ў паветры.

Жмурачыся, Ліда без стомы круціла галавой, каб “месершміт” не наскочыў ні зверху, са сляпучага сонечнага ззяння, ні знізу, незаўважны на фоне стракатай зямлі... Паралельна трэ было трымаць у полі зроку “лавачкін” Глеба, адсочваць наземныя арыенціры і хоць зрэдку паглядаць на прыборы – гэта апроч таго, што і самалёт сам сабой кіраваць не будзе. Але яно спалучалася. Неяк натуральна і без уплыву розуму. Зашмат было адпрацовак, каб задумвацца цяпер над кожным рухам (за тое Дубоўку дзякуй, як ні круці). А значыць, шукаць вуглаваты сілуэт праціўніка можна было свабодна.

Якая гэта палёгка – дзейнічаць! Здаецца, нават кроў хутчэй нясецца па артэрыях, а мышцы наэлектрызаваныя задавальненнем. Усё пабочнае засталося на зямлі: і прыкрасць, і крыўда, і жаданне разадраць любога, хто цяўкне пра недасканалыя жаночыя ўменні. Нарэшце можна было скінуць з сябе гэтае лушпінне, вылузнуцца з яго, як з цеснага кокана. Адрынуўшы зямное глупства, сканцэнтраваць увагу на працы.

Гэтак жа было ў маўчуна Сашы. Ліда, ходзячы высока над аэрадромам, краем вока назірала за манеўраваннем яго пары і з несвядомай аналітычнасцю параўноўвала. Так, Арцёму не хапае ўпэўненасці і ў паветры, а вось па Сашавай манеры палёту не здагадаешся пра знешнюю скаванасць. Тэхніка пілатавання ў яго мацнейшая, чым у бойкай няўрымслівай Ліды. Варта ўзняцца над паверхняй зямлі на кіламетр-другі – і, падобна, яму нават дыхаецца лягчэй, а петлі ў паветры вычэрчваюцца не меней дакладна, чым літары на паперы. Таму што прасцей паказваць сябе ў дзеянні, замест таго каб затапляць кіраўніцтва плынню довадаў. А якога ты полу, ці пераканаўча выглядаеш... Якая розніца, калі возьмешся ўмела?

І акурат з гэтым пунктам у Ліды намецілася складанасць. Спярша яна разважыла, што не так блага ляцець менавіта з Глебам. Выканаць заданне сумесна – гэта нават лепш, чым правесці вучэбны бой адно супраць аднаго! Аднак Ліда і насамрэч не вылятала з ім у пары. Толькі ў складзе звяна, якое вёў Дубоўка. А Дубоўка лётаў гэтак жа, як гаварыў і паводзіўся: вытрымана, грунтоўна, без рэзкасцей. Ці варта казаць, што супрацоўнічаць з Глебам аказалася нялёгка?

Пакуль ішлі нязменным курсам, Ліда бездакорна вытрымлівала і вышыню, і дыстанцыю да хваста з нумарам дзевяноста шэсць, і інтэрвал па гарызанталі. Але не будзеш жа рухацца роўна, пакуль вядзеш пошукі праціўніка ў намечаным квадраце – прытым так, каб не паварочвацца спінай да сонца. Да таго ж, хоць над аэрадромам было ясна, тут давялося лавіраваць між аблокамі, якія агромністымі касмылямі ваты напаўзалі з захаду. Каб ахапіць позіркам усё неба, нават добра злётаная пара была б вымушана папыхкаць. Гэтая ж пара не была злётанай зусім.

Якой спрактыкаванай лічыла сябе Ліда! Але не паспявала вохнуць, як блакітны жывот вядучага самалёта ўсплываў над галавой і аддаляўся або ашкляненне кабіны раптам выблісквала знізу, з-пад плоскасцей. Тэрмінова наганяй, вывярай хуткасць, прыстройвайся зноў... А ад засяроджанай напругі канечнасці проста губляюць дакладнасць рухаў. У выніку Ліда то прыадставала, то занадта вылазіла ўперад; то прыціскалася, то аказвалася ўбаку... У нейкі момант яна правяла рукой па твары і ўразілася: пад вачыма ўсё змакрэла ад поту. Як Слаўка ідзе поруч ды яшчэ выбіваецца ў найлепшыя?! Ён жа нават есці не паспявае, а што да палётаў...

– Падцягніся! – скамандавалі навушнікі. – Адсякуць, і рыпнуцца не паспееш!

Ліда раздражнёна клацнула зубамі, і яе “лавачкін” падпоўз да вядучага на паўметра.

– Так лепш. Пойдзем ніжэй, – літасціва папярэдзіў Глеб.

Чаго Ліда ўсё нейкай лухтой займаецца – не ворага шукае, а нядбайнага вядучага адлоўлівае! Тым больш цяпер аблокі плывуць над імі, захінаючы неба. Наогул ці верыць Глеб, што з ім Слаўка? З яго станецца і твар пазнаць, не тое што адзначыць прамаруджанні ды скласці два і два...

– Хутка азіраемся – і назад, угору. Падстаўляцца не будзем. Як зразумеў?

Халера! Ліда ледзь утрымалася ад таго, каб гайдануць крыламі: чую-чую, але адгукнуцца не маю тэхнічнай магчымасці. Не дурань жа ён весціся на непаладкі з перадатчыкам...

– “Дваццаць пяты”, я Снежань, чакаю адказ! – у мозг нібы сачыўся расплаўлены метал.

Да болю кусаючы губу, Ліда цягнула час, а сама слізгала позіркам па нябесным блакіце, добрасумленна вывучаючы прастору. Што за ідыёцтва? Чаму яна павінна трэсціся, як злоўлены дэзерцір?

Сярдзіта праміргаўшыся, Ліда задрала галаву да аблокаў. Там на белым фоне якраз мільгнуў нейкі цёмны сілуэт – абрынуўся з вышыні, пачаў з пагрозай нарастаць...

– Увага, злева зверху!! – Ліда ледзь не сарвала голас.

– Разваротам управа! Жывей!

Фюзеляж вядучага самалёта драпнулі кулямётныя чэргі, але Глеб кінуў машыну ў баявы разварот – ірвануў управа з наборам вышыні. Ён разлічыў правільна і з ходу адкрыў агонь па “месершміце”, які выйшаў з піке ў гэты ж бок. Ліда варон лічыць не стала, нырнула следам. Перагрузка сціснула шчокі, далягляд нахіліўся і сплыў пад плоскасці. Спераду насунулася пухкая маса воблака... Але куды там! Глеб сышоў пад такім вуглом, што нагнаць яго было немагчыма. Больш за тое, з кожнай доляй секунды разрыў між імі павялічваўся. Ліда паспрабавала давярнуць, але вастраносы “месершміт” і акруглы “лавачкін” вільнулі і толькі павялічылі адлегласць. Хоць ты папрасі прытармазіць! А ледзьве Ліда выраўнялася, знішчальнік з чорна-белымі крыжамі ўмела прапусціў пад сабой трасы Глеба і пайшоў уверх. Глеб пайшоў за ім.

– Так не адпушчу, падлюка! – гыркнуў радыёэфір.

“Праскочу воблака і даганю”, – вырашыла Ліда і таксама палезла ўгору.

Слаўкаў “лавачкін” паслухмяна прабіў зыбкую туманную тоўшчу і рушыў скрозь бель. Прадзіраючыся ў вышыню, ён скаланаўся ад напругі, стрэлкі прыбораў дрыжалі, а ссоўная частка ліхтара дробна пастуквала, быццам збіралася і ўсё ніяк не адважвалася адкінуцца. У тым жа рытме стукалі зубы, аднак суняліся, варта было сціснуць сківіцы. Туман аб’ядаў кончыкі крылаў, слаўся вакол ліхтара, падглядваў у кабіну... Ды калі скончыцца гэтае воблака? Можа быць, “месер” той самы, чыйго напарніка раніцай уваткнулі ў зямлю. А раз так, ці не скончыць пачатае?

У вочы плёснула блакітам, сонца прымусіла на імгненне самкнуць павекі. Прарвалася! Ліда крутнула галавой, праганяючы з мышцаў напружанне. Цяпер скараціць дыстанцыю і...

– Колькі будзеш валэндацца? – вызверыліся навушнікі. – З цябе гэткі ж вядзёны, як з мяне выхавацель у дзіцячым садку!.. А, ч-чорт!

Ліда таропка азіралася, разварочвалася ў крэсле так, што тугімі рамянямі рэзала плечы. Азіралася і вачам не верыла: “месер” з “лавачкіным” зніклі без следу, толькі воблачныя астравы грувасціліся навокал, як раскіданыя ветрам камякі ваты. У небе Ліда была абсалютна адна.

– Я зараз жа, я знайду! Куды вы збочылі? Ледзь адвяла позірк, і... Дзе вы, урэшце, Глеб?!

У эфіры вылаяліся – да таго выразна, быццам Глеб не праваліўся невядома куды разам з самалётам, а схаваўся вось у гэтай кабіне за спінкай крэсла.

– То захлынайся сваім вальналюбствам, Жучка чортава! Як вернемся – шкуру спушчу, зразумела?!

Яе позірк ліхаманкава мітусіўся між пухнатых астравоў, абмацваў пустынны блакіт над галавою, пераскокваў ніжэй, да зямлі. А раптам яны не ўзнімаліся высока? Воблака было таўшчэзнае, яна магла прапусціць момант, калі яны адвярнулі... Мо пашукаць вунь у тым баку, дзе адкрываецца неабсяжны прастор без аніякіх перашкод?

Аднак у празрыстым паветры немагчыма было знайсці і намёку на тое, што дзесьці тут вядуць бой два знішчальнікі. Іх быццам праглынулі аблокі.

Ліда абводзіла неба позіркам, а сама сутаргава ўспамінала, ці даводзілася ёй вяртацца з вылету ў адзіночку. Ганебна, без вядучага – не ўтрымалася побач, як нядаўні курсанцік! Але для пачатку варта было высветліць, у які ж квадрат яны ў выніку забраліся.

Дзе Глеб – гэта толькі палова пытання. А вось дзе сама Ліда?

Яна ўпілася позіркам у далёкую зямлю – спачатку па правым борце, потым па левым. Спяшаючыся, прыладзіла на калене планшэт з мапай, заслізгала схаладнелым пальцам па назвах населеных пунктаў. Прыйшлі сюды... Над ляском павярнулі... І яшчэ тут – ага, яна якраз глядзела ўніз і прашляпіла манеўр Глеба. А адсюль – куды? Куды ён павёў іх, пакуль Ліда намагалася не адстаць? Дапусцім, яна ўсё яшчэ непадалёк ад стужкі-рэчкі. Тады чаму пад крыламі замест непралазнага гушчару плывуць прастакутнічкі палёў?..

Ліда зірнула ўздоўж правай плоскасці – і раптам насамрэч угледзела раку, якая бліжэй цягнулася роўна, а зводдаль распадалася на два рэчышчы, вузенькія і кволыя, як вены пад тонкай скурай запясця. І яна, Ліда, дакладна пралятала з Дубоўкам над гэтым разгалінаваннем! Трэба вызначыцца з кірункам, і рана ці позна ёй абавязкова трапяцца завучаныя арыенціры!

Ліда вызначылася і пайшла ўздоўж рэчышча, абрысы якога падаліся ёй больш знаёмымі. Яна то паглядала ў планшэт, то з надзеяй прыціскалася да шкла пярэдняй часткай шлемафона. Па яе разліках, унізе даўно павінен быў пачацца лес, але там усё цягнуліся бясконцыя сенажаці, а ў рэшце рэшт да абодвух берагоў ракі падступілі хаткі, якіх тут ніяк не магло быць. Няўжо выбрала не тое рэчышча?

Павернем назад, да разгалінавання...

На вушы ціснула патрэскванне радыёэфіру, у якое ўпляталіся няясныя абрывістыя гукі – ці то Глеб не мог усадзіць рашаючую чаргу ў “месершміт”, ці то нехта іншы, такі ж нябачны, блукаў дзесьці ў гэтых нябёсах. А халадок, які нарадзіўся ў пальцах рук, поўз вышэй, не даваў разважаць рацыянальна. Пакрываў скуру далоней гідкай вільгаццю, нібы налётам мокрай крэйды.

Тарахціць матор, круціцца вінт. Расходуецца бензін. Зямля плыве і плыве пад плоскасці, уводзячы ў невядомасць...

Сесці ля якой-небудзь вёскі, спытаць? А тэрыторыя чыя? Магло ж занесці д’ябал ведае куды! “Будзеш гансаў віскатам разганяць?” – аддаўся ў вушах здзеклівы голас Колі.

Да чаго яна варожая, гэтая вышыня! Усё, што за сценкамі кабіны, – суцэльная бязлітаснасць. Не выведзе, не падкажа. Кіне “лавачкін” у абыякавым небе, пакуль ён з пустымі бакамі не ўзарэ адну з гэтых святочна-зялёных сенажацей...

Але не, не! Усіх, хто трымаецца цвёрда, неба прымае раз і назусім. Лідзе адступаць позна, яна абрала шлях даўным-даўно – дый іншых шляхоў для яе не існавала. Больш за тое: у яе вышыня была ў крыві!


***

– І ты сур’ёзна лічыш, што гэта вышыня? Напраўду? – дзяўчынка-падлетак сядзіць ля канапы на дыване ў зялёна-чорную палоску. Яна падаецца наперад, і цёмныя растрапаныя коскі звешваюцца на грудзі – каб іх тут жа парывіста адкінулі за плечы. – Нішто сабе вышыня! Усяго некалькі паверхаў, знайшоў чым хваліцца!

– Гэта пакуль, – усміхаецца мужчына, які на парозе пакоя раскручвае шалік. Калі б дзяўчынка захацела выскачыць у вітальню, з гэтага нічога не атрымалася б: вузкі дзвярны праём занялі ад вушака да вушака. – Праз колькі месяцаў верхатуру адбудуем што трэба, гарантую. Від – на паўгорада, не менш!

Ён трапна закідвае шалік на палічку і няўважліва прыгладжвае саламяную чупрыну, якая залаціцца ў мяккім вечаровым асвятленні. Прысядае побач з дзяўчынкай на кукішкі – цяжкавата, прытомлена.

– З самалёта від паболей будзе! – заяўляе яна. Звыкла ўхіляецца ад калючага падбародка (халоднага, бо з вуліцы), але дазваляе прыціснуць сваю шчаку да шорсткага шэрага швэдра (цёплага, бо з-пад курткі). – Ай, ну ўсё, пусці. Што, думаеш пераспрачаць? Мяне?

– А ці варта? Табе ж, ластаўка, і ў тваіх ластаўчыных снах не пабачыць будынін, якія можна было б узвесці. Гэта здаецца: дурнота, мроі... Узяць хоць самалёты твае ўлюбёныя – нядаўна і яны мроямі лічыліся!

Ён паказвае на шафу: з-пад самай столі, раскінуўшы крылы са слядамі клею, азірае пакой самаробная мадэлька У-2. Азірае звысоку, быццам пераняла наравісты характар гаспадыні. Забудзеш зачыніць фортку – знімецца з месца і прападзе ў цемры за акном... Няхай золкай, непрыветнай – але цемры, якая абяцае свабоду і вецер.

– Калі-небудзь і мы да неба дацягнемся, – у глыбіні бацькоўскіх вачэй, якія святлеюць блакітам на смуглявым абсівераным твары, нязрушная ўпэўненасць. – Нельга толькі спыняцца – рабі і рабі, што зададзена. І вырасце гмах, якога не чакаеш. Паступова, камень за каменем...

– А я чытала, над нашай Камароўкай яшчэ Сяргей Утачкін лётаў, той самы. Які проста ўсюды выступаў, – дзяўчынка ўпарта зварочвае на сваё. Падціснуўшы ногі ў ваўняных шкарпэтках, сядае па-турэцку. – Гадоў дваццаць таму – і на адным з тых хісткіх біпланчыкаў, уяві! Вось хто насамрэч горад зверху разгледзеў...

Па дыване перад ёю ў беспарадку раскіданы газетныя выразкі – а можа быць, у парадку, які зразумелы ёй адной. Папка з матузкамі, якая, апусцелая, сяк-так закінута на канапу, наводзіць на думку, што адбываецца своеасаблівая інвентарызацыя.

– Народу ж, мабыць, тоўпілася, – падказвае бацька.

– Ты б вядро вапны не знайшоў куды скінуць. Са сваёй так званай верхатуры!

– А ты і прымярацца б не стала. Боўць – разбягайся, хто паспее! Гэта калі б не трапілася пад руку якая цагліна... – Ён цікаўна зазірае ў разгорнуты на падлозе сшытак, запоўнены буйным размашыстым почыркам. – “Всё ниже спуск винтообразный, всё круче лопастей извив...” Тваё?

– Гэй, нельга! – яна спрытным штуршком захлопвае сшытак і для надзейнасці падсоўвае яго сабе пад калена. Паблажліва ўскідвае бровы: – А нічога, што гэта Блок*?

Бацьку застаецца рукамі развесці:

– Ну не па той я часці! З блокамі ў мяне трохі іншыя стасункі. У заклад пайду: калі б узялася ты разбірацца ў  м а ё й  працы...

Яго рэзкавата перарываюць з іншага канца пакоя:

– Калі магчыма, я папрасіла б закругліць размову. Або як мінімум прыкруціць гук! Інакш сама я з працай і да поўначы не разбяруся.

У жанчыны, што з прамой спінай сядзіць за сталом, асветленым лямпай, валасы такія ж цёмныя, як у дзяўчынкі, але не расхрыстаныя, а сцягнутыя ў маленькі строгі вузел. Непахісная воля і стрыманасць праглядаюцца нават у тым, як вострыя лапаткі тапырацца пад кофтачкай.

Бацька пакаянна прыкладвае палец да вуснаў. Марудзіць, але падступае да стала і, навіснуўшы над лямпай, прыабдымае жонку за плечы.

– А тут у нас што? “Два-хлорбутан”, “адзін-бром-пяць-метылгексан”... Эх, ізноў не для мяне...

– Рукі памыў бы для пачатку, – бурчыць яна, не ўзнімаючы галавы. – Мы ўжо вячэралі. Пагрэеш сабе сам, у мяне яшчэ – вунь... – ківае на стосы правераных і неправераных сшыткаў – прыкладна роўныя.

– Н-да, поўнач не поўнач, а ўсё ж будзе недалёка ад таго, – мармыча бацька і, зусім схіліўшыся, буськае яе ў скронь. З раптоўнай уважлівасцю прыглядаецца да валасоў, атрамантава-чорных у лямпавым святле. – Э, вось яшчэ навіны! Сівееш, маць! Колькі гадоў табе, скажы-тка? Калі так напружвацца...

– А менш трэба зануднічаць! – усоўваецца дзяўчынка. – І сама сябе – у кайданы, і іншым ніякай волі! Проста так, заадно...

– Лухту вярзем, спадарства, – моршчыцца маці, размінаючы пераноссе костачкай пальца. – Няма чаму дзівіцца, калі такая схільнасць прасочваецца ў блізкіх сваякоў. Напружанасць – справа другарадная. І пагляджу на цябе, красуня, калі станеш з уласнага дзіцёнка дурасць вытрасаць!

– Ці будзе ён, той дзіцёнак? Пад такім наглядам хоць бы да канца школы дачыкільгаць! – бессаромна выдае дзяўчынка і бярэцца перакладваць назад у папку выразкі з газет, уважліва распраўляючы загнутыя вугалкі. Так, каб не ўзнімаць позірк. – Між іншым, Колька з Віталікам прагаварыліся, што і ў нас аэраклуб адкрылі. Я буду не я, калі не падатру гэтым афэлкам насы – раз і назаўсёды! Думаеце, як звалі першую авіятрысу ва ўсёй Расійскай імперыі?

– А ты хочаш быць першай, хто скруціць сабе шыю ў аэраклубе? Гэтыя хлопцы зусім задурылі галаву! Нават на шкоду вучобе гатовая развязаць усялякія вар’яцкія спаборніцтвы, – адразае маці. Голас яе не столькі гучнее, колькі цвярдзее – роўны крамянёвы тон чалавека, звыклага да таго, што яго слухаюць і слухаюцца.

Бацька моўчкі апускаецца на канапу і, прыгорбіўшыся, пацірае спрацаваныя далоні. На іх, напэўна ж, знойдзецца хоць адзін новы мазоль.

– Люд... – толькі і кажа ён.

– Што “Люд”? Можа, мне ад радасці заскакаць: “Сапраўды, апошнія класы – самы зручны час, каб увязацца ў чарговую авантуру!” Не нагадаць, хто навярнуўся-такі з турніка і паўтара месяца шкандыбаў на мыліцах?

– Ды калі тое было?! – ускідваецца дзяўчынка.

– А вось гэта якраз неістотна. Пасля дзесяцігодкі ў нас запланавана вышэйшая адукацыя, таму розныя непрадбачаныя праблемы...

– У  ц я б е  запланавана! А я пакуль нічога не надумала.

– Вось і думай. Думай, пакуль ёсць час! І не лічы, што паспееш схамянуцца і павярнуць на іншыя рэйкі. На пэўным этапе робяць канкрэтны выбар: працуем рукамі ці галавой?

Дзяўчынка, якая нібы гэтай фразы і чакала, самаўпэўнена адкідваецца спінай на канапу:

– А што наконт таго і другога адначасна? І галава не лайдачыць, і рукі-ногі пры справе?

– Калі мазгі не закіпаюць ад хіміі і фізікі... нават з папраўкай на агульную бесталковасць... то кампрамісы тут не тое што непрымальныя – не прадугледжаныя прыродай! – маці з пляскам закрывае сшытак і адпраўляе яго ў адзін са стосаў. – Іншымі словамі: калі ёсць куды пхаць веды, не скарыстацца гэтым немэтазгодна.

Дзяўчынка адшпурвае за спіну надакучлівую коску, ад чаго з той выбіваецца яшчэ адна пасма.

– Ты кажаш пра выбар, мама! Але дзе ён? У чым? Чужыя крамзолі вось так правяраць – або ў колбах чагось намешваць? Ага, выбар у стылі: жадаеце смяротную кару праз павешанне або праз адсячэнне галавы?

Маці нецярпліва тузае плячом, вострыя лапаткі ўздрыгваюць – адкрытае супраціўленне дачкі ўсё ж парушыла яе раўнавагу. А можа, вестка пра сівізну закранула больш, чым здавалася.

– То выбірай! Выбірай на здароўе! Дзе вучыцца, я не абмяжоўваю. Хочаш – паступай у нас, хочаш – прашу ў Маскву! Калі ласка, абы выцягнула! Баба Наста піша – ёй няцяжка пацясніцца, таму на ложак разлічваць можаш.

Гэта яўна не першая такая спрэчка, і дзяўчынка красамоўна паказвае бацьку на матчыну спіну. Маўляў, як табе? Сумленне ў некаторых маецца ці атрафіравалася як непатрэбнае?

Ён спаўзае з канапы і ўладкоўваецца на падлозе поплеч.

– Што паробіш, ластаўка? Мама ўсё кажа слушна. З падручнікамі завязваць – гэта лішняе, а то будзеш да старасці цэмент мяшаць. Або лістоту грэбці – вунь, хоць бы ў парку Чалюскінцаў. Якраз да месца!

Яна з непакорай хмурыцца ў самы яго твар. Ён удавана хмурыцца ў адказ. Сустракаюцца дзве пары вачэй: цёмныя, як арэшкі, і светлыя, як студзеньскае неба – трохі пабляклае, але поўнае надзей на вясну.

Вочы розныя, валасы розныя, а профілі нібы акрэслены па адным трафарэце. І да ўсяго – шкарпэткі дачкі і бацькоўскі швэдар звязаны з нейкіх дужа падобных нітак (можа стацца, тут не абышлося без гасціннай маскоўскай бабулі).

Дзяўчынка адварочваецца першая і сярдзіта натапырваецца, пастукваючы пальцамі па калене. Бацька, усміхнуўшыся, па-таварыску падштурхвае яе плячом у плячо...


Рецензии