Плача Беларусь

Плача Беларусь…
Другі, трэцці дзень Беларусь плача. Дождж. Трэцці дзень над Беларуссю дождж. Плача Айцец Нябесны, плача Ягоны сын, плача Еўфрасіння, Кірылл Тураўскі, Мікалай Цудатворац плача — усе ліюць слёзы на зямлю беларускую…
Ёсць пра што і аб чым ліць слёзы.
Дождж. Трэцці дзень дождж.
Вітольд Ашурак учора памёр у Шклоўскай калоніі. Плачам…
Капаюць і капаюць кроплі з нябёсаў. А гэта ж — вясна… Іначай усё павінна быць. Буяць і квітнець. А вось плачуць нябёсы і не могуць супыніцца. Сатана падымае галаву, і не адну, — гідра сатанінская падымаецца над беларускай зямлёй і прагне спажывы, ахвяры патрабуе.
Выйшаў учора ў дажджавіку з Пацешкай на выгул, у ліфце перастрэлі пяцёра: “Анатоль Аляксеевіч, а мы да вас!”
— Адкуль ведаеце, што я Анатоль Аляксеевіч?
“Па фотаздымку!” — дазволілі хвілін дзесяць пагуляць Пацешцы па траве, але ж яна не стала рабіць свае спарвы, — ганаровая. Прыйшлося падымацца наверх…
Дождж.
Нешта шукалі пяць гадзін, а што — і самі не ведалі, а раптам нешта знойдуць, пад што падпісаць змогуць і пасадзіць. Дождж… А яшчэ сатанінская сістэма. Яна працуе бесперабойна, як біблейскі Молах… Шукалі, шукалі… Не знайшлі нічога. Канфіскавалі ноўтбук, бел-чырвона-белае палотнішча, флэшкі, ячшэ нешта… Нават візітоўкі мае з “Пагоняй” хацелі забраць… Штук пяць аддаў, а болей — не. Маўляў, я за іх грошы плаціў, і выдрукаваў яшчэ ў 2017 годзе, глядзіце дату: 07.05 — а цяпер тут гляньце, і агаліў грудзі, дзе ў мяне аўтограф галубком набіты, а там таксама такая ж дата: нуль пятага, нуль сёмага…Мала таго, я ў гэтую дату аб’явіў “Свяшчэную вайну на Беларусі” і Прэзідэнту дасылаў пра гэта праз Качанаву, праз Адміністрацыю…
Вельмі цікава і нечакана ўсё вымалёўваецца, але ж на Беларусі пакуль дождж, дождж… Ілье дождж, капаюць з неба слёзы...


Рецензии