Клешч...

 Клешч,сіла волі і адвакат  аlter ego                апавяданьне
   Падключыце вашу фантазію.Карыстайцеся метафарай і ўласнымі талентамі.Усё навокал - суб'ектыўнае. Сусьвет ня мае пачатку ,сярэдзіны і канца.Космас - гэта шлях без прыпынкаў,заправак,корчмаў і прыдарожных начлежак...
   Аднойчы адзін мой знаёмы аlter ego некалькі дзён гасьцяваў у адной маёй  знаёмай на крайняй поўначы Вялікай Літвы.Трывала макаўка лета.Яны шалёна любіліся,у перапынках паміж любошчамі пераязджаючы з возера на возера;купаючыся,ловячы ракаў і заходзячы ў храмы,якія трапляліся ім на шляху.У апошні разьвітальны дзень яна адвезла яго на сваім народным вагене ў райцэнтр і пасадзіла на аўтобус.Усю дарогу да сталіцы яму мроілася,што паветра салону насычана водарамі ейнай вагіны,вазёрнага глею і ракападобных.Апанаваны эратычнымі відзежамі, ён і не заўважыў,як даехаў да цэнтральнага вакзалу, дацеляпаўся да сваёй начлежкі 6х4 карыснай плошчы і праваліўся ў моцны адрэналінавы сон.На другі дзень ён прачнуўся аt 11 o'clock in the morning і адчуў сябе такім здаровым,выспаным і моцным,што на імгненьне яму здалося,нібы цела яго зьвініць у адцінку паміж верхнім і медыяльным рэгістрамі,гатовае разарваць уласныя  тэнар-барытонавыя зьвязкі.Заўважыўшы сваё зьдзіўленьне ўласнай здаровасьці,ён тут жа пра яго і забыўся,пачаўшы свой даволі працяглы рытуал  прыняцьця водных працэдураў.І толькі   выціраючыся тонкім баваўняна-кужальным рушнічком,ён раптам адчуў лёгкі дыскамфорт дзесьці ніжэй ад пупка,над лабком.У тую ж самую хвіліну ён нахіліўся,адчуў,як па клавішах яго падгруднага прэсу прайшлася хваля цяглічнай рэактыўнасьці,і ўбачыў маленечкую цёмна-рудую задніцу кляшча,які сваёй мордай паразітарнага інсэкта ужо пратачыў  скуру далікатнай мужчынскай зоны,яшчэ зусім нядаўна з такім натхненьнем цалаванай вуснамі любімай жанчыны.Выбух пачуцьця агіды быў такі моцны,што мужчына кінуўся да шафкі з аддзелам для сьлясарнага інструменту,дастаў любімыя нямецкія стаматалагічныя абцужкі - спадчыну апошняй вайны - і за некалькі прыёмаў выдабыў крывасмока з уласнага цела.
   Праз некалькі дзён мой аlter ego даведаўся,што ягоная каханая жанчына разьбілася ў аўтакатастрофе,едучы з маладым ксяндзом у суседнюю парафію: ён - служыць супольную мшу,яна - акмпаніраваць касьцельнаму хору на аргане.
   Калі я слухаў гэтае апавяданьне,прымаючы ў сваім раскошным
 скандынаўскага стылю доме майго сябра,да горла падступаў камяк шкадаваньня і яго,і сябе,слабага і невядома за якія заслугі ўзнагароджанага прыгожай здаровай жонкай,двума сынамі і трымя дочкамі,стабільным прыбытковым бізнэсам і штогадовым выездам на мора.Я дакладна ведаў,што ніколі ня буду выцягваць з сябе кляшча нямецкімі трафейнымі абцугамі.Больш за тое,гэты інсэкт ніколі не датне да майго расслабленага белага цела,якое ніколі ня ведала сур'ёзнай мускульнай напругі,і нават пад час выкананьня шлюбных абавязаньняў у пасьцелі.Клешч не дабярэцца да мяне,бо я не хаджу там,дзе жывуць паразіты.
   Слухаючы сябра,я разумеў:такога мацака яшчэ пашукаць.Той,хто выцягвае з сябе жыўцом паразітаў,можа з гэткім жа імпэтам і ў пятлю,і пад кулю.
   І я не расказаў яму,што на другі дзень пасьля аўтааварыі мой добры знаёмы судмедэксперт,парушаючы Крымінальны кодэкс,толькі мяне як адваката ў крымінальных справах,і азнаёміў з аўдыёзапісам пасьмяротнага ўскрыцьця:любімая жанчына майго аlter ego была на восьмым тыдні цяжарнасьці.Бацькам дзіцяці мусіў быць ксёндз.
29.05.2021,Bod;,Norge


Рецензии