Парадак у доме - парадак у душы

ПАРАДАК У ДОМЕ -- ПАРАДАК У ДУШЫ!
Такі дэвіз вісеў калісьці ў маёй кватэры. Павесіў яго перад тым, калі кінуў працу на радыё і ў выдавецтве і пайшоў працаваць рабочым на Атлант, навёўшы, як мне думалася, ідэальны парадак у сваёй кватэры, і тым самым настроіў душу на новы лад і новае жыццё. Але ж ніяк не атрымліваецца проста падтрымліваць наведзены некалі блізкі да ідэальнага парадак, дзе кожная рэч знае сваё месца. Жыццё ўносіць свае карэктывы і паступова душа, як і дом, у якім жывеш, прыходзяць у бязладдзе.
Пусціць чалавека ў хату, -- аказаць яму вялікі гонар і павагу, прыадкрыць таямніцу свайго жыцця. "Ты ж у мяне ў хаце быў! Не чакала ад цябе такога!" -- вельмі крыўдны папрок крыўдзіцелю, у перакладзе на пачуцці іншымі словамі можна сказаць, я табе даверыла самае сакравеннае, ты лічы што родны чалавек быў для мяне, бо бачыў як я жыву. Таму ў хату пускалі не кожнага, злых людзей не далей парога.
Але ж бывае, што госці прыходзяць нязванымі. Вось як у мяне з два тыдні таму: прыйшло пяцёра і зрабілі сваю справу. Цяпер трэба перабіраць і перагледжваць усе рэчы і неякая агіднасць наплывае, быццам бы ў душу залезлі... Мацалі, глядзелі, гарталі...
Таму работы не пачаты край. Усё трэба давесці да ладу а заадно павыкідваць старызну і іншы непатрэбны хлам, які збіраецца гадамі, быццам каростай якой абрастаем, і выкінуць шкада і месца займае. Бо вельмі часта бывае: толькі выкінеш, а праз тыдзень гэтая рэч і спатрэбілася. Трэба вызваляць месца ў сваім доме для новых рэчаў, бывае мы проста не даём магчымасці, каб наша жыццё мянялася. Генеральная ўборка! Калісьці рабілі яе кожную суботу, а цяпер усё радзей і радзей. Старыя рэчы тармазяць развіццё. Вось таму і ў грамадстве часам запальваюцца, праходзяць віхурай усякія рэвалюцыі і нестраенні, бо жыццё патрабуе новага паветра.


Рецензии