Гэта маё балота

Чайкі і ўлада. Гэта маё балота!
У мінулым годзе ў Сухарава (ці не ўпершыню!) з’явіліся чайкі. Канешне ж, яны і раней бывала заляталі, але так, неяк эпізадычна. Аднойчы восенню канца дзевяностых са сваёй лоджыі паўдня назіраў за “вялікім перасяленнем чайчынага народа”, яны выляталі як бы з-за дома 97 і проста плоймамі і чародамі ляцелі і ляцелі над маёй лоджыяй. Амаль цэлы дзень некуды ляцелі тысячы і тысячы і ніяк не маглі скончыцца. Пэўна, некуды мігрыравалі…
Але гэта што, ляцелі сабе і ляцелі. Аднойчы Вераніка бачыла сапраўдны цуд з птушкамі, Міколка зусім маленькі быў, па восені справа была… Птушкі ляцелі правільнымі геаметрычнымі фігурамі, квадратамі, пірамідамі, трапецыямі… Яна смыкала малога, падхоплівала на рукі і паказвала: “Глядзі, сынок! Глядзі, які цуд сынок”” — а малы ўпіраўся, вырываўся з рук і збягаў да сваіх цацак, бо яму зусім тое не цікава было. Я не бачыў на свае вочы такіх з’явішчаў, каб птушкі лёталі правільнымі квадратамі, але ж і Вераніка, не паэт які, пад нешта фантазіраваць, яна ў мяне вельмі практычны і рэалістычны чалавек. А вось сама да гэтага часу з’дзіўляецца таму цуду, якое ўбачыла на свае вочы.
Мінулым годам сварыцца са мной спрабавала: “Ты птушак сапсуеш! Яны прывыкнуць і зусім развучацца самастойна лавіць рыбу”. Але яны ў хуткім часе і самі прапалі, бо нешта здарылася з вадаправодам, з Вілейскім водасховішчам, — за два тыдні ніхто з Водаканала так і не растлумачыў, чаму з кранаў іржавая і смярдзючая вада цячэ, што гаварыла толькі аб адным, сістэма нават на ўзроўні водаканалаў выціснула прафесіяналаў і пакінула толькі верных служак і прыкарытнікаў. Такая сістэма сама сябе з’езць, безумоўна, што такой сістэме рана ці позна наступіць кірдык, бо не знойдзецца патрэбнага чалавека на сваім месцы ў нейкі час “ікс”, ці “ігрэк” — ўсё ляснецца ў адзін момант. У гэтым годзе чайкі з’явіліся значна раней. І зноў жа, праз колькі тыдняў як пачалі залятаць у наш спальны раён, нейкая аварыя здарылася на Мінскім водаканале. Можа проста супадзенне, а можа і не, бо многага мы не ведаем, вельмі адарваліся ад прыроды.
Спачатку чаек прылятала вельмі шмат. Бывала зляталіся на кармёжку пяць, восем, а то і цэлымі тузінамі. Было так радасна назіраць, як чайкі разганяюць катоў, скідваючыся з нябёсаў і бедныя дваровыя прыкормышы прыціскаліся да зямлі, або хаваліся ў траве. Бо ім таксама часта перападала рыбка, якую чайкі не ўбачылі. Варона неяк прыляцела, і не адну рыбку задзюбіла, (чайкі звычайна амаль што на ляту падчэпліваюць камсу дзюбай, хапаючы папярок, і ўжо наляту, перакручваюць уздоўж дзюбы і адпраўляюць у страўнік), а варона ўбачыла скарб і ажно цэлых тры ад сквапнасці схапіла дзюбай, адляцела ў бок і трапезнічае сабе. Чайкі гэта заўважылі. Калі рыба падае ў высокую траву, звычайна дастаецца катам, бо вельмі рэдка чайкі знаходзяць яе, баяцца садзіцца ў густую траву. Нахабства вароны і сквапнасць былі пакараны: чайкі пачалі адганяць іх ад сваёй паляны. Дзіўна, але вароны ўцякаюць і не адбіваюцца нават.
Колькі дзён ужо не прылятаюць на сняданак, ці абед чародамі, толькі адна заўсёды сядзіць, як часавы на варце, на фанарным слупе. Учора я вызначыў, што сярод чаек памяняўся палітычны лад. Раней было асваенне новай тэрыторыі, новых магчымасцей і дружнымі ватагамі з крыкамі ўсе дружна карміліся. Можна сказаць, дэмакратыя поўная, хто падабраў, той і з’еў, хто схапіў, той і паляцеў сыты. Толькі што рыба хутка канчалася. Цяпер жа ўсталявалася жорсткая дыктатура Чайкуна. Верагодна, што гэта самец. Бо ўсе яго баяцца. Ён садзіць сабе на фанары і сочыць, каб да яго балота ніхто і блізка не падступіўся. Калі над ім пралятаюць іншыя чайкі, загадзя папярэджвае і сустракае крыкам: “Прэч! Ляціце, куды ляцелі! Гэта маё балота, гэта мой дом!” — калі нейкай зніжыцца, злятае са свайго трона і кідаецца з крыкам у атаку. Чысты ястрабок. А дзюбы ў чаек, будзь здароў!
І ён мае рацыю. Бо наш двор — гэта яго зямля, яго радзіма. Цалкам магчыма, што менавіта радзіма. І ён абараняе сваю тэрыторыю. Мінулым гадом яны зладзілі гняздоўе на даху суседняга дома, мне пра гэта вароны распавялі, бо быў момант, калі яны спрабавалі біцца з чайкамі, але чайкі перамаглі. І цалкам магчыма, што Чайкун і звіў летась сваё гняздо тут, або ўвогуле летась тут нарадзіўся. Буду назіраць, што будзе далей. Яны ж жывуць парамі, у майго караля аб’явіцца яшчэ і каралеўна. Бо два фанары стаяць побыч, а сядзіць і ахоўвае тэрыторыю пакуль адна птушка. Летась абодва фанары былі занятыя. Спуску не дае, калі раптам нехта адважыцца сесці на яго трон. Але вось, сабака такая, з рук яшчэ ніводнага разу не ўзяў.
Так што і ў чаек можна многаму навучыцца. Так скажам, чалавек заўжды вучыўся ў жывой прыроды, бо такой жывой Мовайы з ім спрабуе размаўляць Творца Сусветаў.
Жывуць чайкі, і — Жыве Беларусь!!!
Верым, можам… Абавязкова пераможам!
07.06.21 г.


Рецензии