PRO DOMO

PRO DOMO
1992-гі
"25 лютага(аўторак)
   На тым тыдні сустракаў Дубаўца ў дырэктарскім кабінеце Бяляцкага.Апошняга,як і Вячорку,запрашаў на свой дзень нараджэньня.З Дубаўцом гаварылі пра справы  “НН”;прасіў,каб дасылаў яму што сваё.
   Учора аднёс падборку вершаў Асташонку.Калі ў прынцыпе ён іх адобрыць,то будуць надрукаваныя прыкладна ў нумары 2-м за наступны 1993-ці.
   Сёньня буду другі раз здаваць  “камісіі” іспыт па рускай літаратуры.Днём на філфаку падыходзіў да мяне нейкі знаёмы хлапец з  Магілёўскага педінстытуту,запрашаў на катэдру літаратуры заняць пасаду старэйшага выкладчыка.Але куды мне,калі яшчэ ня здаў русліт.
   Прыходзіў у рэдакцыю “Наст.газэты” Бараніч,які ўжо выкладае замежную літаратуру на нашым філфаку.
   Чытаю  “Дзёньнік” Сальвадора Далі:”На другі ж дзень пасьля першага прачытаньня кнігі  “Так гаварыў Заратуштра” у мяне ўжо было сваё ўласнае меркаваньне пра Ніцшэ.Гэта быў проста слабак,які дазволіў сабе слабасць зрабіцца вар’ятам,хаця галоўнае ў такой справе якраз і заключаецца ў тым,каб не звар’яцець!Гэтыя роздумы паслужылі грунтам для майго першага дэвізу,якому выпала стаць лейтматывам усяго майго жыцьця:”Адзіная розьніца паміж вар’ятам і мною ў тым,што я не вар’ят!” "
   Ага,сёньня на факу спаткаў І.За(…)га.Пытаўся пра маю кніжку,якую зьбіраецца выдаць Глёбус.Размовы не атрымалася,ды зь ім ужо і не атрымаецца ніколі.І.З. з тых індывідуумаў,якіх я адношу да цяжкіх. З такімі  я зусім не магу размаўляць.Ды бог зь ім!
   Рro domo(лац.) – за свой дом,за самога сябе,дзеля абароны сябе.
   Ізноў Далі:”Самы просты спосаб пазьбегнуць кампрамісаў  з-за золата – мець яго самому.Калі ёсць грошы,любая  “служба” губляе ўсялякі сэнс.Герой нідзе ня служыць!”
29 лютага(субота)
   Учора  сустрэў у Доме друку Федарэнку.Распавядаў мне пра свае зьвягі з Асташонкам.Апошні ня можа дараваць Андрэю кватэры,якую той атрымаў перш за Асташонка.Цьху ты!
   Сёньня за 250 рублёў набыў двухтомнік  “Масонства”,рэпрынтнае выданьне кнігі 1914-га.
   Шэры брудны дзень.Але як і штодзень,незалежна ад надвор’я, - хачу жанчыну.
   А між тым Далі нагадвае: ”…чаго ў мяне хапае з пераборам,дык гэта сьціснутых зубоў”.
   Дарэчы,пасьля шчырай працы над  Юляй (і зь Юляй) заўважаю на другі дзень стыгматы на сваіх лакцях.Знакі любові.Шчырая праца.
   Розум – настаўнік пачуцьцяў,але апошнія – валадары розуму”.Так я падумаў і запісаў.
   Чытаньне Даліянскага  “Дзёньніка” узбуджае,нібы эратычны малюнак.Са зьяўленьнем Юльяны іншы раз здаецца,што вось-вось з маёй 30-гадовай абалонкі вылузьнецца новая істота,новы  “Я”,а старая скура зьлезе,як гадзючыя выпаўзіны.Гэткае саманараджэньне.О божа,што значыць для мяне Жанчына!
2 сакавіка(панядзелак)
   Страшэнна змучаны нэрвова.Усе выхадныя пісаў  эсэ “Лола з Будслава”.Ю.П. ня прыходзіць.Сёньня раніцай заканчваў свой твор-успамін.Але на бліжэйшы суботні нумар яшчэ не паставяць.А вясна ж,вясна!Пахне вясною,і такая цяплынь,ёлкі-палкі!
6 сакавіка(пятніца)
   Езьдзіў дадому.Уквэцаўся,ідучы з паўстанку.Зараз жа і назад рушыў,толькі пасьпеў сумку зладаваць.
   Сёньня папярэдняе разьмеркаваньне.Нічога цікавага.Хлапцы віншавалі з днём нараджэньня.Бачыў Сьвету С.,Марыну С.(Місько),Ю.П(…)у.Быў у выдавецтве,атрымліваў га(ў)нарар за вершы ў зборніку  “Дзень паэзіі”.Сустрэў К.Камейшу.Падышоў і паздароўкаўся  Максім Танк,а я яго зусім не пазнаў.Дакладней,адчуў нешта знаёмае ў вачах.Так асунуўся стары,нібы і ростам паменшаў… Але ж са мною першы паздароўкаўся.Ці проста за кампанію,ці ўсё ж ведае?Стала шкада паэта-земляка на хвіліну,а потым закруціліся ў галаве свае клопаты.Праз суткі – 30 гадоў!Вось табе й маеш.
9 сакавіка,вечар,панядзелак
   Вось і адгуляў… Ледзь жывы,як цяжынька.
11 сакавіка(серада)
   Пачалася чарговая сэсія (ВС).Жыцьцё ў Рэспубліцы напружанае,асабліва палітычнае.Зьбіраюцца подпісы за рэферэндум.Парламенцкая апазіцыя раскалолася:засталіся верныя БНФ і адасобіліся ў  групу  “Беларусь” слабахрыбетныя.
   Сёньня трохі лягчэй,адлягло ад грудзей.Юля П.,відаць,пакіне мяне,калі ўжо не пакінула.Чаго хоча дзяўчына?Ці ўжо ўсё ўзяла,што хацела?А файная!Хіба  што юначай дурнаты хапае…
   У горадзе ўжо суха,пыл і смурод.Як толькі грудзі вытрымліваюць?Экзамен так і ня здаў.Зьвязаны па руках і нагах гэтай вучобай-мучобай.
   Вечар,акт мастурбацыі,пасьля якога,думаў,засну.Дык наадварот,адчуў уздым энэргетычны.Стаў адціскацца(30 разоў!).Юля падарыла ў нядзелю асадку з  “залатым пяром”.Усё,чацьвёрты дзесятак,пабеглі дзянёчкі.
12 сакавіка(чацьвер)
   Нарэшце ачухаўся ад сьвятаў.Прыняў душ.На вуліцы сьвежа.Настрой больш-менш.Набыў дзьве файныя кнігі:”Мир и эрос” і выбраныя творы Сартра ў кнізе “Стена”.Абедзьве – маскоўскага выдавецтва паліт. літаратуры.
   Званіў Юлі,была нармальная размова.Казала,можа на днях сустрэнемся.
   Намесьнік рэдактара Аўрамчык А.Р. прыняў да друку мой  “ТЭКСТ”.Добра,значыць выканаю,што мушу".


Рецензии