Час пайшоу назад
Паехаў раніцай 17.07. на галоўны праспект сталіцы, Леніна 17 (яго яшчэ называюць "домам Цанавы") за сваім ноўтам і іншымі рэчамі. Учора пазванілі: "Прынялі рашэнне вярнуць вашы рэчы... -- пачуў у трубцы. -- Можаце нават сёння забраць, калі паспееце... Добра, заўтра, вам зручна будзе ў 9.30?". Так і дамовіліся.
Прыехаў на хвілін дзесяць раней прызначанага часу, пазваніў... У невялікім пакойчыку Бюро прапускоў чалавек сем чакала сваіх куратараў, ці следчых -- усе як на падбор маладыя хлопцы, толькі адна жанчына бойка размаўляла з пяцідзесяцігадовым, апранутым, не зважаючы на спякому, у касцюм з гальштукам. У кубе за шклом сядзяць двое супрацоўнікаў у пагонах. Падыйшоў да аднаго, заглянуў у акеца і просоўваючы пашпарт, пацікавіўся, мне зараз рэгістравацца, ці пасля?
-- Прыйдзе і скажа...
Сяджу разглядваю: невялічкі столік для наведвальнікаў, кулер з вадою, цыркалка для дэзінфекцыі рук... Нічога лішняга. Прыкмячаю, што ўсе ў масках: дастаў сваю і начапіў на бараду.
Гадзіннік за шклом паказвае няпэўны час. Ніяк не магу разабрацца. Звяраю са сваім, -- 9.20, а там нешта каля трох, ці на чацвёртую... І раптам да мяне даходзіць: секундная стрэлка ўвогуле рухаецца не ў той бок! Ідзе супраць звычайнага ходу. З хвіліну ўглядаўся, не верачы сваім вачам. Ды што гэта такое? У іх што нейкі адмысловы гадзіннік са зваротным ходам? Маўляў, псіхалагічна ціснуць, як бы намякаюць, што калі рапіў да нас, -- для цябе час пайшоў назад. Можа ў іх і на календары які-небудзь 1937 год? Календара на сцяне не знайшоў.
Дакранаюся рукою да маладога хлопца: "Глядзі, у іх і гадзіннік са зваротным ходам. Секундная стрэлка рухаецца не ў той бок, -- сказаў, пасміхнуўся і паціснуў плячыма". Цікава, хто ён гэты хлопец? Стукачык, няштатнік, ці прыйшоў на допыт? Хлопец здзіўляецца, таксама прыглядаецца да стрэлкі...
А потым паказвае вачыма на сцяну за маёй спіною: "Гэта люстраны адбітак". Адварочваюся: сапраўды гадзіннік за маёй спіною, -- а там проста адлюстраванне ў шкле...
Заходзіць малады спартыўнага выгляду хлапец, адразу наблізіўся да мяне, паказваючы, што пазнаў, заглянуў у нейкі пакойчык, узяў ключы і мы зайшлі ў цесны пакой, запрасіў сесці. Я прысеў, дастаў мой ноутбук і кантверт з флэшкамі і банкаўскімі карткамі. Зверылі ўсё па спісе, я распісаўся, уклаў рэчы ў падрыхтаваны пакет.
-- А вы па тэлефоне казалі, што па Брэсцкай вобласці, а я ж у Мінску жыву?
-- Так, па Брэсцкай. Але ж я тут працую...
-- Дык можа таму мой ноўтбук правяралі, што я нарадзіўся ў Брэсцкай? -- ён адмоўна заківаў галавой, -- а вы ў самім Брэсце нарадзіліся? -- станоўчы ківок. -- А ведаеце такога паэта Міколу Пракаповіча? -- "Не" -- А Зіну Дудзюк? -- "Не" -- А пакойнага Алеся Каско? -- "Не".
-- А якое ў вас званне?
-- Тайна, -- адказаў ён і я з лёгкім сэрца выйшаў з будынка КДБ.
На добры розум трэба было б па-новаму пераўсталяваць аператыўныя праграмы, бо можа якімі шіпіёнскімі нашпігавалі мой ноўтбук, але па вялікаму рахунку цяпер любога пры жаданні можна адсачыць: дзе, куды, з кімі? Нікуды ад іх не схаваешся. Паліцэйская дзяржава.
Але вунь у нашым доме мінулай ноччу камерам знешняга назірання так па-майстэрску ножкі зрабілі, штук дванаццаць зрэзалі, толькі хвасты ад правадоў і засталіся. Упэўнены, што не знойдуць, а ніхто і шукаць не будзе, бо вельмі занятыя яны цяпер.
Свидетельство о публикации №221061700861