Мiкалай

Анатоль Кудласевіч
Мікалай
(апавяданне-быль)
Вецер жалобна скавытаў за вакном, прабіваючыся праз шчыліны калыхаў гардзіну, злосна шпурляў у шкло дажджавую шрапнэль, наганяючы тугу і маркоту. Што за дзікае прад’зімнае надвор’е ў сярэдзіне траўня? Ужо зацвітае бэз і каштаны выстралілі белымі свечкамі, а цяпла так і няма. “Халодная вясна 21-га”  канчаецца, а ў нябеснай канцылярыіі, быццам рамзы якія паблыталі: за мінулую зіму снег так і не выпаў, а з надыходам гэтай вясны рэзка пахаладала. Яшчэ мінулай вясной “Шэры Кот” у сваім стрыме заўважыў, што “нейкім містычным чынам надвор’е ў Беларусі звязана са станам здароўя дыктатара і рэпрэсіямі супраць народа”. Цяпер Шэры Кот за кратамі, сядзяць — Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч, Павел Севярынец, Павел Спірын, Зміцер Фурманаў, Яўген Афнагель… Чатырыста семдзесят чалавек “палітвязняў”, немаведама колькі збеглі ад рэжыма за межы рэспублікі, сотні тысяч прайшлі праз адміністратыўныя арышты. Шчэмяць і знішчаюць беларусаў, катуюць і забіваюць… Каля трохсот гадоў… Але ж пакуль яшчэ Беларусь жыве і змагаецца.
Уставаць не хацелася. Пацешка заскочыла на грудзі і намагалася лізнуць твар. Устаў, перахрысціўся на вобраз Спаса, спаласнуў твар, выпіў сырое яйка, праглынуў жменю таблетак, выкурыў цыгарэту, прысёрбваючы паміж зацяжкамі каву і, глянуўшы яшчэ раз за вакно, знайшоў дажджавік, зашчоўкнуўшы на ашыйніку павадок, прайшоў да ліфта.
Сабачка радасна і нецярпліва падскоквала. Паўгода таму ў пад’ездзе памянялі ліфты, цяпер падымаюцца без грамыхання, ледзь чутна, і Пацешка, перад тым як дзверы расчыняцца, прасоўвае ў шчыліну воўчую мордачку, думаючы, што такім чынам адчыняе для мяне дзверы сама і, пасля таго як заходзіць у ліфт, абавязкова зазіране ў вочы, чакаючы пахвалы.
Спусціліся на першы паверх. Дзверы ціха расчыніліся… Пяцёра стаялі на праходзе: “Анатолий Алексеевич? А мы к вам” — сказаў адзін з іх і паказаў падсведчанне.
— А што ж вас так многа? — пасміхнуўся я, — і адкуль ведаеце, што я Анатоль Аляксеевіч?
— Работа такая… Тут і панятыя. Па фотаздымку.
Пацешка абнюхвала іх ногі, кідалася то да аднаго, то да другога, не ведаючы што рабіць.
— Дык вы за мною… Забіраць будзеце?
— Пакуль не… Там відно будет. У нас постановленіе на обыск.
— Давайце хоць сабачку выгуляем, яна ж не зможа цярпець.
Прайшліся, як потым выявілася, са старэйшым маёрам, які назваўся Даніілам…
Скавытаў вецер, накрапваў дождж, мітусілася ўстрывожаная Пацешка, нешта вынюхваючы ў траве, але нават не прысела па сваёй патрэбе. Праз хвілін дзесяць падняліся ў кватэру. Мне паказалі пастанову. Аказалася, двое маладых хлопцаў — гэта панятыя, якіх яны проста злавілі на вуліцы. “І што вы з дакументамі былі?” — пацікавіўся пазней і пачуў у адказ, што заўсёды носяць пашпарты з сабою. Магчыма, курсанты якія, або практыканты…І яны прыступілі да вобыску, вялі сябе даволі карэктна, метадычна перабіралі рэчы, адчынялі шуфлядкі сталоў, перабіралі і перагледжвалі змесціва, складвалі назад і зачынялі. Лейтэнант, капітан і, названы раней маёр Данііл, пэўна, старэйшы групы, акуратна рабілі сваю работу. Задавалі пытанні адносна паходжання тых, ці іншых рэчаў. Праз некаторы час, разважаючы сам з сабою і як бы супакойваючы сябе, сказаў услых: “Маім абодвум дзядам, Міколу і Пятру, у свой час давалі вышку, — 25 гадоў лагера… Абодва вярнуліся, выхавалі мяне і многаму навучылі. Цяпер столькі не даюць”.
—Дык вось адкуль у вас гэта, — радасна заківалі галовамі канторскія і пераглянуліся паміж сабой.
Пяць гадзін нешта шукалі, бо скончылі ў 15.00, пасля чаго завезлі на допыт да следчага. А сёння “Дзень Святога Мікалая” (22. О5.21 г.), калі пішу гэтыя радкі, у вочы кінуўся школьны сшытак з надпісам “Рэабілітацыя”, — успаміны дзеда Мікалая, якія некалі занатаваў.
 Паводле пастановы, праходжу “сведкам па справе Міколы Аўтуховіча”, ён пад следствам, хочуць абвінаваціць у тэрарызме… Якім чынам я аказаўся сведкам, — цяжка зразумець, нават куфаль піва не выпілі разам. Ну паздароўкаліся некалькі разоў, (пазнаёміліся ў 2017 годзе падчас “Курапатскай варты”). Ах, вось яно што! Я званіў яму летам з Ваўкавыска, калі знаёміліся са сватамі, ён адтуль родам… Думаў, сустрэнемся, пагаворым, але Мікола прыслаў эсэмэску, што далёка. Вось яны і прайшліся па яго званках. У кэдэбістаў здаўна практыкуецца падыход, — быў бы чалавек, а справу знойдзем, ды ад кар’ерызму ім прышчэпкі не робяць, вялікая спакуса.
Перад самым пачаткам вобшуку мяне здзівіла патынне, якое задаў маёр: “А чаму вы так ненавідзіце Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку?”
— А з чаго вы ўзялі, што я  ненавіджу? Па ўсякаму да яго адносіўся ў розны час, але ў сувязі з апошнімі падзеямі, яго цяжка любіць.
Амаль такое ж пытанне было зададзена палкоўнікам Цыркуновым А.Д. перад пачаткам допыту: “Ці падтрымліваеце вы існуючую ўладу, ці хадзілі на маршы?”
— Уладу не падтрымліваю, бо яна ўкрала ў народа выбар, і лічу яе не законнай, — гэта і было занесена ў пратакол.
У час ператрусу адбылося некалькі цікавых момантаў. На лоджыі супрацоўнікі знайшлі наўячыя лакаваныя туфлі, пра якія мы зусім забыліся, будзе цяпер хоць што на канцэрт абуць. Канапа, падораная шваграм і якая аніколі ў нас не раскладвалася, раптоўна паказала новыя магчымасці.
— А навошта вам столькі капірак? — спытаўся капітан, расшнураваўшы тэчку, — і красные, і зялёныя…
— Дык гэта цяпер прынтары ва ўсіх, лічы што ў кожным камп’ютары выдавецтва, а раней друкавалі на машынках, закладваеш пяць аркушаў і лупі па клавішах, — патлумачыў я, — адбіткі кожнай друкаркі трэба было рэгістраваць у РАУСе, бо раптам пачну друкаваць лістоўкі ці пракламацыі супраць савецкай улады? Вось вы таксама ж пішаце пратакол пад капірку… “Бярыце, прэзентую”, — кінуў стосік капірак на стол.
Не адразу, але потым усё ж такі ўзялі з радасцю і падзякавалі. Відаць, цяжка цяпер з капіркамі?
Усю бібліятэку, а гэта некалькі тысяч асобнікаў, перагарталі і перагледзелі, уздымаючы клубы пылу. Стаю, назіраю. Даходзіць да кнігі, дзе ляжыць доларавая заначка, вось-вось пацягнецца за ёю рука…Не, скіраваўся ў другі бок, праглядвае, — чакаю… Зноў вярнуўся, бярэ ў рукі запаветную…
— Там у мяне даляры ляжаць, — папярэджваю яго, — ажно руку адсмыкнуў, быццам апёкшыся.
— А чаму не заявілі адразу?
— Што там заяўляць, — заначка… Хто ж ведаў, што вы так скрупулёзна будзеце пераглядваць.
— Колькі там?
— Даляраў трыста.
Разгортвае кнігу, налічылі толькі сто дваццаць. Я і сам шчыра здзіўляюся: “Там жа і соткі былі?” —  “Жонка падбрыла? — іранізуе маёр і раптам так шчыра — я не браў…”
— Я бачыў, што не бралі. Жонка не магла, не ведае…
Доўга потым успамінаў, куды падзеліся даляры, узгадаў: восенню браў сотку, каб купіць старэйшаму жывапісны абразок на вянчанне.
Люблю адсочваць даты і супадзенні, іншы раз яны настолькі неверагодныя, што самі цудам у вочы поруць. Вось хоць бы гэтая. Пастанова на вобшук выдадзена 07.05.21 г., а прыйшлі яны праз 13 дзён, ведалі, што мяне хуткая забрала і з тыдзень у бальнічцы праваляўся. Візітоўкі “На Беларусі Свяшчэнная вайна” хацелі цалкам канфіскаваць, бо на іх герб “Пагоня” і схематычна сцяг “БЧБ” на заднім фоне, але я не аддаў: “Хлопцы, вы што? Я за іх грошы плаціў... І паглядзіце дату, якая выбіта 07.05.17 г., роўна чатыры гады таму. Дарэчы, такая ж дата стаіць і на вашай пастанове...
— Ну хоць колькі дайце.
Адшчыкнуў штук пяць і аддаў: “Магу і падпісаць з аўтографам, — і чыркануў аўтограф “галубком” і дату праставіў 20.05. 21 г.
— Вось такі ў мяне арыгінальны аўтограф… А цяпер гляньце сюды, — агаліў цельнік і паказаў на сэрцы тату “птушачкай”, і тут, маўляў, такі ж аўтограф і дата стаіць 07.05.2017 год, нават час 11.13., надпіс пад аўтографам не стаў чытаць, бо ў іх і мазгі  маглі б закіпець… А яшчэ ж у мяне і Крыж Еўфрасінні на сонечным спляценні, які мне мінулым годам інкруставаў кандыдат у прэзідэнты сам Аляксандр Рыгоравіч… Таболіч! Роўненька так 10 ліпеня, у дзень нараджэння майго Міколы, які потым сваё вяселлейка зладзіў на мой дзень нараджэння 5-га верасня, аджартоўваючыся, “каб не забыўся”, а для поўнай гармоніі яшчэ і павянчаўся 13 верасня ў Ваўкавыску.
Вось такі мой старшой, названы ў гонар дзеда Мікалая. Пры вобшуку на вочы ім і трапіўся школьны сшытак з паметкай “Рэабілітацыя”, ён і стаў прычынай гэтага роспаведу, бо пра дзеда Пятра хоць апавядаанне напісана “Пятро, грузі жыта!” — а пра Мікалая, усё адкладваю і адкладваю да святога нігды. Трэба хоць коратка занатаваць, прыйдзе час і да рамана “Знахар” дабяруся.
Ляжыць перада мною зялёны двухкапеечны зэшыт, пажаўцелы ад часу. Разгортваю… Як цяпер поміцца, ехалі на падводзе з дзедам, гарбузы з сотак вязлі, стаяла залатая восень канца васьмідзесятых. Тэма “Гулага” да пэўнага часу была ў нашай сям’я пад забаронай. Усе ведалі пра дзедаў лагер, але ніхто не ўзгадваў, усё адно, як нейкае табу не адважваліся пераступіць.
Упершыню даведаўся ў гадоў пяць, гулялі буксёркамі ў лепятусе з сябрам, нешта раптам не падзялілі, ці каляіны,  ці лужыны, — пачалі спрачацца. А Слава здаўна пра дзеда свайго таямніча і прыкра паведамляў: падарваўся на міне ў Берліне, акурат на 9-е мая, на дзень перамогі, таму яго і назвалі ў гонар дзеда, якога ён ніколі не бачыў. Можа і пабіліся тады… Бо ў гневе выпаліў раптам друг: “А твой дзед быў паліцаям, калі расказаць каму, то твайго бацьку з работы вужануць і з партыі сключаць!!!”
Вось і спытаўся пра гэта ў бабы Марусі, бо не паверыў, што яно так быць можа, а яна спакойна гэтак: “Ну быў… І што з гэтага? Адсядзеў — гэта ўсе ведаюць. Дурны твой Слава, як пробка, ніхто бацьку за гэта з работы не выжане. Дзед нявінна пастрадаў”.
Гэта мяне тады супакоіла. А калі хадзіў у клас сёмы, будавалі новую хату, а брыгадзірам і распарадчыкам, дзе куды якое бервяно пакласці, быў дзед Мікалай, бо разбіраўся ва ўсіх сталярскіх, плотніцкіх і іншых сялянскіх справах дасканала, нават кузняцом працаваў і пчол трымаў каля дваццаці сямей. Зруб ужо быў зроблены і дзед разам з нейкім майстрам з суседняй вёскі сталярку ставілі: вокны, дзверы… Вось і я круціўся каля іх, нешта “падай-паднясі-збегай-знайдзі” — дапамагаў… Мне змалку былі цікавымі дарослыя гаворкі,  вушы развесіў і слухаю, жыццёвай мудрасці набіраюся. Але тут раптам… Аказалася, што столяр таксама быў у лагеры, прайшоў праз суды, этапы і вярнуўся. Выжыў у тым пекле. І яны з дзедам маім так жыва пачалі распавядаць пра парадкі, якія ў каго былі, чым кармілі, як ставілася адміністрацыя, пра нейкіх сук, вароў, мужыкоў... Дзе каго і пры якіх абставінах нехта зарэзаў і да таго падобнае. А я гляджу на іх і нічога зразумець не магу. Шчыра так распавядаюць, і зусім не саромеюцца, што мяне найболей здзіўляла, бо я ж ужо і камсамольцам быў, нават быццам бы выхваляюцца адзін перад адным, як сябе паводзілі ў тых лагерах. “Галоўнае, — чалавекам заставацца і не паказваць слабіну, задзяўбуць, а то і зусім апусцяць… Я нікога там не баяўся. Усякія людзі трапляліся, былі і такія, што ў памыйках лазілі”.
Едзем на гарбузах з дзедам, нешта пра вайну распытваў, праязджаем міма сівога дзядка, — Бічко, увесь сівы, як лунь. А дзед паздароўкаўся і спытаўся, ці не падвезці што да вёскі і Бічко з радасці загрузіў ношку з бульбай: “Скінеш каля маста, я на ровыры потым падбяру”.
— Вунь Бічко хлябнуў ліха, у блакадным Ленінградзе быў.
Канчаліся васьмідзесятыя гады, да краху імперыі заставалася літаральна некалькі гадоў. У грамадстве да нудоты перажоўвалася, запушчаная Салжаніцыным, тэма сталінскіх рэпрэсій, Гулаг… Дарэчы, я так і не змог асіліць салжаніцынскі раман,  дачытаў да палавіны, ніяк не заходзіў ён мне, вось і вырашыў пачуць з першых вуснаў ад роднага чалавека. Вось і спытаўся пра лагер. Дзед пасля невялікага роздуму пачаў распавядаць, узважваючы кожнае слова і фразу, перад тым, як прамовіць. Пачаў адказваць на мае пытанні, або сам нешта даставаць са сваёй памяці.
Парыпваюць колы фурманкі, едзем з Плоскага балота праз Градкі да вёскі і журчыць, як адвечны ручай, дзедавая інтанацыя. Добра, што па прыездзе, не паспадзяваўся на маладую памяць, а адразу па-свежаку дома ўсё і запісаў.
Разгортваю сшытак. Чытаю…
“Судзілі ў 1950 годзе па артыкуле 58 (беларускі — 63), палітычны. Судзілі ў Давыд-Гарадку, які тады быў раённым цэнтрам у Пінскай вобласці. Зладзілі “очную стаўку” з Бухтанам, ён сцвярджаў, што я служыў у паліцыі ўвесь час, пакуль былі немцы. Нават следчы смяяўся з яго паказанняў… Панасіў я тую павязку тыдні тры, не болей. Калі пачалі набіраць, а гэта ўжо быў 44-ты, я і кажу партызанам, яны з лесу прыходзілі: “Змушаюць у паліцыю ісці… Цяпер мне трэба да вас у лес...”. А яны: “Нічога страшнага, Мікалай, уступай… Нашы людзі ўсюды патрэбны”.
— А чаму ж партызаны не заступіліся за вас? Чаму не звярнуліся да іх, калі следства вялося, ці пазней, калі суд пачаўся?
 “Гэта ж трэба шукаць было… А дзе ж іх знойдзеш, тых партызанаў? Яны прыходзілі і не паказвалі дакументаў — з горыччу адзначыў дзед, — можа некаторых і ў жывых не было”.
У выніку дзеда раскруцілі на поўную катушку, прысудзілі “чацвертак”, — 25 гадоў без права перапіскі. Але да суда была акупацыя і фронт.
Партызанскія базы, зямлянкі знаходзіліся ў глыбокім лесе, у вёску наведваліся рэгулярна за правіянтам, адзежай, забіралі пад распіску коней, якіх ніколі не вярталі. Яшчэ ў дзяцінстве ўбачыў фотаздымак бабы Марусі: стаіць мая паляшучка абвешаная чымсці: “Бабо, а шчо гэто ў цябе на грудзях?” — пытаюся. “Маністы”, — “А шчо таке?” — “Гэто булі такія моністы, бусы… Дзеўкі і молодзіцы раней носілі” — “А дзе воны цяпер?” — “Партызаны забралі” — “Як партызаны?” — здзівіўся я. “Прыйшлі ноччу і забралі. Була нейкая сука з імі, ёй понаравіліса, вот і забралі”.
Прадуктовую павіннасць вёска адбывала па чарзе: сёння твая хата пячэ хлеб для лесу, заўтра — твой сусед… Так палескія вёскі і кармілі народных мсціўцаў. Бывала і так, прыйдуць з лесу, выставяць сялянскі дазор з боку Альгомельскага шляху: “Калі што якое, падасцё сігнал і папярэдзіце, раптам немцы паедуць ці паліцаі на фурманках”, — а самі займаюцца сваімі справамі: памыцца, неабходныя для лесу рэчы сабраць, харчамі запасціся, а то проста і які гарнец самагоначкі папіць. Або прыйдуць і даюць заданне: “Збярэш брыгаду мужыкоў і за ноч выражацэ ад Хільчыц да Верасніцы лінію электраперадач, а самі зноў жа начуюць у вёсцы, каб усё пракантраляваць.
Прызвалі дзеда (1914 г.н.) на фронт у 1944 годзе, дайшоў з Трэцім (Другім?) Украінскім да балгарскага горада Плоўдзіў. Пра фронт расказваць не любіў. На маё пытанне, што за шнар на руцэ, адказаў нехаця, аб калючы дрот параніўся, праходы на перадавой рабілі. Дзед быў наводчыкам мінамёта. Аднойчы седзячы ў траншэі балванка снарада патрапіла акурат паміж ног і не разарвалася. Не любіў ён расказваць пра вайну, але сёе тое даведаўся і ад яго. Пасля баёў, калі на перадавой валяліся горы трупаў, і нашых і нямецкіх, некаторыя салдаты да таго, як пойдуць “трафейныя каманды” (збіралі зброю і трафеі), поўзалі туды, каб разжыцца чым-небудзь. “Быў адзін такі, на руках некалькі гадзіннікаў швейцарскіх насіў і ўсё смяяўся з мяне, а чаму ты не ходзіш?  А мне брыдка было шманаць мёртвых… Кішэні іх абшарваць. А ён усё смяяўся. І нейк пасля чарговай атакі бачу: ляжыць той салдат і рукі раскінутыя. І гадзіннікі цяпер яму непатрэбны, хоць і залатыя, з точным ходам, секунда ў секунду… Нічога з сабою не возьмеш”.
Пасля перамогі дзед застаўся на гады тры вольнанаёмным у Плоўдзіве, бо фронт поўніўся слухамі і гаварылі, хто хоць адзін дзень быў у паліцыі, адразу за Урал адпраўляюць, у Сібір. Але цягнула дамоў, бо дома падрасталі два сыны і дачка. Некалі ўсярэдзіне дзевяностых, калі працаваў на радыё, галоўны рэдактар пачала нешта плявузгаць на беларусаў, маўляў, амаль палавіна ў паліцыі служылі, а палавіна ў партызанах, я не ўстрымаўся: “Што ты ведаеш, Чайка? Курыную сюсю і тую не ўсю! Мой дзед Мікалай стаў адною нагою на галаву Гітлера, а другою на галаву Сталіна, таму што паміж нагамі дзеце маленькія бегалі”. Я толькі тады зразумеў дзедаву сітуацыю, калі ў самога дзеці з’явіліся.
Вяртаўся дахаты дзед праз Украіну: “Страшэнны крадзёж тады быў, у сонных кішэні выразалі, дык мы згуртаваліся і сваё дабро па чарзе з шашкай ахоўвалі. Было голадна тады, вязлі муку, крупы, вось я адтуль і прывёз машынку швейную “Singer”.
— Глядзі, Мікалай, чатыры цялегі на цябе, — дастаў следчы і паклаў перад дзедам даносы Бухтана, — ён жа не супакоіцца, пакуль не пасадзіць цябе, бо і на мяне ўжо, пэўна, скардзіцца ў вышэйшыя інстанцыі. І мяне лёгка можа пасадзіць… Не перажывай, калі і дойдзе да суда і атрымаеш тэрмін, не будзеш сядзець да канца…Год, два, пяць… Нешта зменіцца.
Як у ваду глядзеў следчы, так і адбылося. Але раскруцілі на поўную катушку, чвэрць веку па выраку суда прыйшлося б зоны таптаць. Патрапіў у Молатаўскую вобласць (Пермь). Працавалі на “подвіжном составе”. Спачатку сядзелі разам  з крымінальнікамі. Усякія людзі трапляліся. Крымінальнікі і воры не любілі тых са свайго асяроддзя, якія пайшлі на супрацоўніцтва з рэжымам, або проста працавалі і называлі іх “сукамі”. І калі раптам трапляў у шпіталь “Вор” і “Сука” — панажоўшчына, бо як вор не прырэжа суку, то на зоне з яго спытаюць і самога могуць парашыць.
Потым палітычных трымалі асобна ад крымінальнікаў. На “подвіжном составе” было значна лягчэй, чым на лесапавале: “Я ніводнага разу не вымак пад дажджом, нават грубка ў нас была, якую ўвесь час тапілі. Палітычных паважалі, бо яны — рабацягі, гэта жулікі розныя і воры, тыя не хацелі рабіць, закон у іх такі, цалкам адмаўляліся”.
—Калі памёр Сталін, адзін хахол сказаў: “Падох сабака!” — грузіны зліліся, калі так казалі... І грузіны сядзелі. Усякія людзі былі, з Прыбалтыкі было многа людзей.
“Вольняшкі” — вольнанаёмныя, “Самоохраннікі” — тыя з заключонных, якія ішлі ў ахову. “Мне тожа можна было ісці ў самаахрану, але я не захацеў. Калі пайшоў у “самаахрану”, то ў гэтым лагеры ўжо сядзець не будзеш, пераводзяць у іншы”.
— Дзеду, а ці збягалі з лагера?
— Здаралася… Вось адзін палкоўнік збег, злавіліл…
— І што яму было?
— Той жа самы “срок” і застаўся. Адседзеў пяць гадоў, не залічвалася, зноў пачынай з нуля.
— А крымінальнігі збягалі?
— Збягалі… Калі ў лагеры пабег, — вальняшкі хаваліся. Яны ж і выдавалі, ім за гэта ўлады мяшок мукі давалі. А есці захочуць, тыя што ў бягах, падпаляць з аднаго канца сяло, усе рынуцца пажар тужыць, а яны заходзяць з другога канца, харчоў набяруць і ходу ў тайгу. Калі стрэнуць каго на шляху, забівалі. Яны ж баяліся, каб іх не выдалі... Але ты не думай, што там адны звяры сядзелі. Ды ў прынцыпе, у лагеры і не дрэнна было… Вот у нас “случай” быў… Ехала машына з заключоннымі, аварыя здарылася і ахранніка насмерць забіла. Дык мы і вінтоўку здалі, і труп…
— А хто вас ахоўваў?
— Салдаты і “самоахраннікі”.
І затым дзед распавёў якім чынам падаваў алеляцыю і чаму яго амнісціравалі раней, чым іншых. Ці вінаваты ты, ці не, але на зоне такое няпісанае правіла: падаеш апеляцыю ў вышэйшую інстанкцыю. Стаў прыставаць да мяне адзін палкоўнік, маўляў, Мікалай, а чаму ты не пішаш апеляцыю?
— Ат, — махнуў дзед рукой, — даб’ешся праўды ў бальшавікоў…
“Раскажы мне сваё “дзело” — селі і напісалі, амаль пад дыктоўку палкоўніка напісаў скаргу на імя Генеральнага пракурора СССР. Пераслалі ў Мінск. (У той час пошта працавала не так, як цяпер, што вяртаюць з турмы пісьмо са здзеклівай паметкай “выбыл” — пісьмова паведамлялася зэку, ход яго скаргі, куды і каму папера трапіла, куды пераслалі… Гэта цяпер у нас “не да законаў”, як сказаў адзін начальнік, тады хоць нейкая фармальнасць захоўвалася. “Калі амнісціруюць, гаварыў палкоўнік, поставішь мне бутылку водкі… А тогда водку ў лагеры было трудно достаць”.
Раней судзіла Беларуская вайсковая акруга, а цяпер адправілі справу ў Ленінградскую. І вось ПЯТАГА верасня 1955 года атрымаў дзед ліст аб рэабілітацыі. І было тое ў суботу. Чаму выдзяліў дату? Бо праз шэсць гадоў у гэтую дату і нарадзіла Мікалаю нявестка першага ўнука.
Прыйшоў ён з піларамы і пытаецца: “Ну каго Ліса родзіла?”
— Дзеўку! Зноў дзеўку, — падманула яго баба Маруся.
Панурыўся дзед, апусціў галаву і кажа: “От, рожаеце нейкіх сікух… Колі ўжэ мне хлопец будзе?” Але потым, калі сказалі яму, што ўсё ж такі ўнук нарадзіўся, разгладзіўся яго твар у шырокай і радаснай усмешцы. Бо канешне ж, помніў ён дату свайго вызвалення з зоны і прыкра яму было, што Бог з аднаго боку як быццам бы і падказвае, а вось не дае спадкаемца Пінчукоўскаму роду.
— Пачакай, тут скінем Бічковую ношку з картоплямі. Ён казаў забярэ… Злезь з воза і положы, бо ек скінеш,  то зтоўчэцца… Такіе картоплі не доўго лежаць, погніюць.
Я сцягнуў з воза мяшок, аднёс убок і паклаў на траву. І зноў забраўся да дзеда на гарбузы.
— Значыць, про суд… Прокурор просіў восем гадоў, суд удалілся на совешчаніе, і покінулі шэсць. Пяць я ўжэ отседзеў, а ў мяне ж зачотоў було на годы тры. Так што яшчэ дава гады начальніку засталося.
Дабіраўся дзед з Аздаміч, праз Хутар… Прыліплі да вакна шэсцера вачанят, самы старэйшы мой семнаццацігадовы бацька, трыннаццаці гадовы дзядзька Васіль, і цётка Проля, якой тады было сем гадоў. Нейкім чынам раней чутка дайшла ў вёску, што вяртаецца Мікалай з цюрмы, раптам кідаецца Васіль да маці:
— Мамо, мамо! Глядзі, мото той бацько ідзе…
Праз некалькі месяцаў прыйшло дзеду з Віцебска пісьмо: “Мікалай, ты вельмі лёгкі на зыход, пасля цябе ўсю партыю ў 250 чалавек адпусцілі падчыстую дахаты. Без ніякіх судоў”.
— А ў лагеры і не дрэнна было… Мяне ж уговорвалі, коб застаўся… Казалі, куды ты ў свой колхоз поедзеш? У нас жэ лепш, усе е… А я і кажу, не, хлопцы, додому… Колі шчо яке, то ведаею, дзе жывеце. Знайду дорогу…
Вось так і выжылі беларусы. І прыходзілася дзядам станавіцца на дзве галавы, бо дзеці маленькія паміж ног поўзалі. І прыходзілася сваю навуку перадаваць унукам. Ні бацька, ні дзядзька так і не навучыліся хадзіць за плугам. То вайна была, то турма прыйшла… А мяне дзед усяму вывучыў. Вось і я гэтак жа — мае сыны нават касіць не ўмеюць, ну, хіба што крыху дровы калоць. Не тое, што яны без мяне раслі, пад пастаянным наглядам і кантролем, галоўнае — людзьмі сталі сапраўднымі. І зямлю сваю ніякаму ворагу не аддадуць. Бо і бацьку іхняму прыходзілася іншым разам на дзве галавы станавіцца, на галаву Ельцына (Путлера) і на галаву Лукавага… Цяпер сыны выраслі, праваруч і з левага боку з бацькам стануць, калі прыйдзе час.
Калі я з войска прыйшоў дзеду толькі шэсцьдзесят было, такім старым мне здаваўся, мне ў гэтым годзе стукне столькі ж — гляну на сябе ў люстэрка, — красавец мужчына, амаль ніводнай зморшчыны на твары. А ў душы — зусім яшчэ юнец, яна ж не старэе ніколі. Час — не простая штука. Ніводзін хвілосаф не можа вытлумачыць, што такое хвіліна. То замаружваецца час, то за некалькі секунд цэлае жыццё перад вачыма праносіцца. Каб давяршыць гэтую гісторыю і пацешыць вас напаследак, распавяду, што ўчора было — у дзень нараджэння маёй маці… Я нават пост у фесбук выкінуў за такой назвай:
ЧАС ПАЙШОЎ НАЗАД
Паехаў раніцай 17.06. на галоўны праспект сталіцы, Леніна 17 (яго яшчэ называюць "домам Цанавы") за сваім ноўтам і іншымі рэчамі. Учора пазванілі: "Прынялі рашэнне вярнуць вашы рэчы... — пачуў у трубцы. — Можаце нават сёння забраць, калі паспееце... Добра, заўтра, вам зручна будзе ў 9.30?". Так і дамовіліся.
Прыехаў на хвілін дзесяць раней прызначанага часу, пазваніў... У невялікім пакойчыку Бюро прапускоў чалавек сем чакала сваіх куратараў, ці следчых — усе як на падбор маладыя хлопцы, толькі адна жанчына бойка размаўляла з пяцідзесяцігадовым, апранутым, не зважаючы на спякоту, у касцюм з гальштукам. У кубе за шклом сядзяць двое супрацоўнікаў у пагонах. Падыйшоў да аднаго, заглянуў у акеца і просоўваючы пашпарт, пацікавіўся, мне зараз рэгістравацца, ці пасля?
— Прыйдзе і скажа...
Сяджу разглядваю: невялічкі столік для наведвальнікаў, кулер з вадою, цыркалка для дызінфекцыі рук... Нічога лішняга. Прыкмячаю, што ўсе ў масках: дастаў сваю і начапіў на бараду.
Гадзіннік за шклом паказвае нейкі няпэўны час. Ніяк не магу разабрацца. Звяраю са сваім, — 9.20, а там нешта каля трох, ці на чацвёртую... І раптам да мяне даходзіць: секундная стрэлка ўвогуле рухаецца не ў той бок! Ідзе супраць звычайнага ходу. З хвіліну ўглядаўся, не верачы сваім вачам. Ды што гэта такое? У іх што нейкі адмысловы гадзіннік са зваротным ходам? Маўляў, псіхалагічна ціснуць, як бы намякаюць, што калі трапіў да нас, — для цябе час пайшоў назад. Можа ў іх і на календары які-небудзь 1937 год? Календара на сцяне не знайшоў.
Дакранаюся рукою да маладога хлапца: "Глядзі, у іх і гадзіннік са зваротным ходам. Секундная стрэлка рухаецца не ў той бок, — сказаў, пасміхнуўся і паціснуў плячыма". Цікава, хто ён гэты хлопец? Стукачык, няштатнік, ці прыйшоў на допыт? Хлопец здзіўляецца, таксама прыглядаецца да стрэлкі...
А потым паказвае вачыма на сцяну за маёй спіною: "Гэта люстраны адбітак". Адварочваюся: сапраўды гадзіннік у мяне над галавой, — а там проста адлюстраванне ў шкле...
Заходзіць малады спартыўнага выгляду хлапец, адразу наблізіўся да мяне, паказваючы, што пазнаў, заглянуў у нейкі пакойчык, узяў ключы і мы зайшлі ў цесны пакой, запрасіў сесці. Я прысеў, дастаў мой ноутбук і кантверт з флэшкамі і банкаўскімі карткамі. Зверылі ўсё па спісе, я распісаўся, уклаў рэчы ў падрыхтаваны пакет.
— А вы па тэлефоне казалі, што па Брэсцкай вобласці, а я ж у Мінску жыву?
— Так, па Брэсцкай. Але ж я тут працую...
— Дык можа таму мой ноўтбук правяралі, што я нарадзіўся ў Брэсцкай? — ён адмоўна заківаў галавой, — а вы ў самім Брэсце нарадзіліся? — станоўчы ківок. — А ведаеце такога паэта Міколу Пракаповіча? — "Не" — А Зіну Дудзюк? — "Не" — А пакойнага Алеся Каско? — "Не".
— А якое ў вас званне?
— Тайна, — адказаў ён і я з лёгкім сэрца выйшаў з будынка КДБ.
На добры розум трэба было б па-новаму пераўсталяваць аператыўныя праграмы, бо можа якімі шіпіёнскімі нашпігавалі мой ноўтбук, але па вялікаму рахунку цяпер любога пры жаданні можна адсачыць: дзе, куды і з кім? Нікуды ад іх не схаваешся. Паліцэйская дзяржава.
Але вунь у нашым доме мінулай ноччу камерам знешняга назірання так па-майстэрску ножкі зрабілі, штук дванаццаць зрэзалі, толькі хвасты ад правадоў і засталіся. Упэўнены, што не знойдуць, а ніхто і шукаць не будзе, бо вельмі занятыя яны цяпер.
18.06.2021 г.



 















 


Рецензии