Заклёны скарб бел

Ціха летнім вечарам у Падзвінне. Сіняе змярканне паступова напаўняе прастору, па нізінах белымі клубамі збіраецца туман, і свет, здаецца, прыслухоўваецца ў чаканні чагосьці, што вось-вось адбудзецца.
Гэтакім вечарам селянін па імені Несцер вяртаўся з кірмашу дадому. Ехаў ня спяшаючыся, папіваючы зялёнае віно і радуючыся ўдаламу дню. Гарачы летні дзень, віно, мернае калыханне калёс і агульны расслаблены настрой пагрузілі яго ў дрымотны стан. Спахапіўся, калі пачало цямнець.
У вялікага каменя, дзе налева сыходзіла кароткая старая дарога, а направа доўгая новая, вырашыў павярнуць налева. Новая дарога, вядома, была зручней, ішла праз палі і лугі, але ж была яна амаль у два разы даўжэй. Старая дарога ішла напрасткі праз Лукiшкiна балота, яна была карацей, але ўся ў ямах і выбаінах, да таго ж з-за дурной славы па ёй амаль не ездзілі. Казалі, што па начах на старой дарозе бачылі дзіўныя цені з агністымі вачыма. Яшчэ казалі, быццам гэта блукаюць непрыкаяныя душы забітых і ня пахаваных па-хрысціянску людзей.
Змяркалася. Пацягнуўся над балотам туман, па адной, па дзве з-за дрэў, з-за пнёў з'явіліся цёмныя цені, пачуліся ціхія шэпты, смех, невыразныя стогны. Сашчаміўшы зубы, каб не закрычаць, стаў Несцер паганяць каня. Далей - болей: заварушыліся, закруціліся цені, задыхалі ў твар смуродным духам дрыгвы. Нібы ўжо і бяжыць нехта побач з возам, бяжыць, і ўсё наровіць зазірнуць яму ў вочы...
Страшна селяніну, страшна, аж жудасць. А цені ўсё бліжэй, ўсё гусцей, усё страшэнней. Вось ужо зазіхацелі вогненныя вочы, ад усіх бакоў пацягнуліся да яго чорныя касматыя лапы, нібы збіраючыся схапіць, затрымаць каня, перакуліць калёсы...
Жудасна Несцеру. Стаў ён паволі чытаць малітву і, па меры таго, як чытаў, святлелі ды развейваліся цені, знікалі страхі. Каля руінаў хаты ведзьмака чорныя цені зніклі і насланнё прайшло. Туман застаўся ззаду, неба прасвятлела і нават дыхаць стала лягчэй. Несцер павёў каня крокам і даехаў дадому без прыгод.
На другі дзень пайшоў да кума, каб расказаць пра ўчорашнія страхi. Выслухаў кум і толькі пасмяяўся. «Эх ты, - кажа, - нейкіх ценяў спалохаўся!» «Чуў я, - працягваў кум, - ёсць пад зямлёй заклёныя скарбы. Ляжаць яны, схаваныя ад вачэй, пакуль не скончыцца час заклёну. Пасля гэтага не ляжыцца скарбам, самі просяцца, каб іх ўзялі, і выходзяць да людзей у розных абліччах. Кажуць, ведзьмак шмат гадоў шукаў гэты скарб, ды так і не знайшоў. А да цябе скарб сам выйшаў...»
Тым жа вечарам вырашылі адправіцца за скарбам. Несцер прапанаваў, было, пайсці днём, але кум адказаў, што скарбы выходзяць з зямлі толькі ў пряцемках, пасля заходу сонца. Дамовiліся на вечар.
Калі пачало цямнець, Несцер заехаў да кума. Паклалі на калёсы рыдлёўкі, мяшкі, паехалі. Чым далей калёсы аддалялася ад вёскі, тым цішэй рабіліся гукі чалавечага жылля і тым гучней чулiся гукі ночы. Буханне совы, галасы жаб, пакракiванне і стагнанне невядомых істот. Пасля хаты ведзьмака сціхлі і гэтыя гукі, чорная імгла ахапіла калёсы. Страшна Несцеру, хоча павярнуць назад, ды кум не дае. «Ня бойся, - кажа, - яшчэ крыху, і ўсё скончыцца. Вернемся дадому багатыя, што той дурань паперкамі».
Пасля бачаць, запаліліся агеньчыкі над балотам. Спачатку бледныя, потым усё ярчэй, ярчэй: белыя, блакітныя, зялёныя... І не стаяць на месцы, але рухаюцца ў цішыні: налева-направа, ўзад-наперад... Нібы хтосьці запаліў свечку, ды і блукае па балоце, шукаючы невядомага чаго. «Бачыш, - узрадаваўся кум, - духі паказваюць дарогу! Прымі правей!..»
Пацягнуў Несцер павады, а конь не ідзе, баіцца. Рабіць няма чаго: узялі ў рукі рыдлёўкі, мяшкі і пайшлі за агеньчыкамі. Ідуць па балоце, глядзяць па баках, ня відаць ці дзе прыкмет скарбу. Ня відаць. Яшчэ і месяц, як на зло, схаваўся па-за аблокамі. Толькі балотныя агеньчыкі рухаюцца, то бліжэй, то далей... Пасля бачаць, пачалі агеньчыкі збірацца ў адно месца. Ўюцца, танчаць, як матылькі каля вогнішча.
- Вось там i ляжыць скарб, - махнуў рукой кум. – Верная прыкмета, каго хочаш запытай.
Павярнулі. Ды толькі бачаць, ісці становіцца ўсё горш і горш. Вось ужо і апошнія купіны зніклі, толькі дрыгва вакол з рэдкімі кусцікамі травы. Зрабілі яшчэ крок – праваліліся па пояс. Кінулі рыдлёўкі, сталі выбірацца. Біліся-біліся, выбраліся сяк-так. Брудныя, стомленыя, стаяць, глядзяць адзін на аднаго, радуюцца, што не патанулі. Потым глядзяць, агеньчыкаў-то і няма. Зніклі, нібы і не было.
Што рабіць, пачалі шукаць дарогу назад, ды ня тут-та было. У цемры не разглядзець куды ісці, з усіх бакоў балота. Таго і глядзі зноў куды-небудзь правалішся. Да самай раніцы прастаялі па калена ў вадзе няўдачлівыя шукальнікі скарба. І толькі на досвітку убачылі, што яны стаялі амаль ля самай хаты ведзьмака...
Пасля гэтага выпадку кум тры дні не выходзіў з хаты, усё ўспамінаў балотныя агеньчыкі і праклятае месца. А Несцер назаўжды закаяўся шукаць скарбы: ня тое што ўначы, але нават і ўдзень.


Рецензии