каркуша

КАРКУША
(амаль што рэпартаж)

Каркуша думае, што я Бог… А што? Чаму ж яму і не думаць так? Кармлю, пітаю, яшчэ і сонца запальваю па свайму жаданню ў любы час. Учора паказаў пакоі свайго жытла, Сын прыязджаў, дык воран пабачыў і кухню, і прыхожую і залу. Дзіўна так усё было для яго, таму безумоўна, што я для птушкі — Бог Айцец. Сына ён учора бачыў, і Дух — бяспрэчка, тая жанчына, што пакрыквала на мяне, жонка Вераніка.
Але кожны раз у свядомасці птушкі, якая толькі спазнае свет, усё мяняецца, перакручваецца на новы лад. Вось зайшоў нядаўна да яе ў спальны пакой з Найдай і Пацешкай (кошкай і сабакай). І ролі адразу з’ехалі на іншыя пазіцыі. Яна ж таксама знаходзіць сваё месца ў свеце. Вось Каркуша і вызначыла, што Найда — Бог Айцец, бо адразу ўсё зразумела толькі ад вокрыку майго і яе не чапала, значыць, яна і ёсць — айцец, а Пацешка, — Бог Сын, бо мне прыйшлося шчоўкнуць яе па носе, каб яна зразумела, што нельга чапаць Каркушу, а яна сама — Бог Дух Святы, бо ўсюды лётае, значыць, усюдыісная… А хто ж тады я, аўтар гэтых радкоў? Ну… Скажам так, Першапачатак я для яе, Дэміург Сусвету, які цяпер быццам бы і непатрэбны. Яны тут, жывыя, і без мяне разбяруцца.
У жывым жыве Бог. Тэксты мёртвыя. Ён з жывога гаворыць да чалавека. Сказаў, а праз час стала мёртвым тое, што гаварыў, прабачце, як непатрэбныя адходы, фекаліі… Бо жывое ў часе жыве і пастаянна абнаўляецца, што было актуальным цяпер, праз хвіліну стала непатрэбным, бо ўжо мінула…
Бог вядзе за ручку кожнага, а мяне, аўтара гэтых радкоў, яшчэ і лічбамі падганяе і нагадвае. Вось вы нейкія недавяркі. Зусім не верыце, як Іуды з трынаццатай капліцы. Глядзіце голыя факты, супадзенні-падказкі, якія сёня са мною здарыліся і адбыліся. Нічога не прыдумляю. А ўсё выкладваю, як было ў жанры “нонфікшн”, як у тых чукачаў, — што бачу, тое і спяваю.  І вы, асабліва матэрыялісты-атэісты растлумачце, чаму так бывае?
А адбылося вось што. Выйшаў раніцай за марозівам, купіў і паядаю ў цянёчку каля свайго пд’езда на лавачцы. Заўважаю, што побач на лавачцы прысела Наташа, гаспадыня сабачкі Дзіва і Таццяна, у якой дзве сабачкі. Нешта абмяркоўваюць. Падыйшоў: Таццяна купіла ў сэкэнхэндзе красоўкі за рубель, — абмяркоўваюць, ці не прагадала? Красоўкі яшчэ дабротныя, можна насіць, але шнуркі “вясёлкавыя”, як намёк на рэкламу ЛГБД (ці правільна пазначыў, не ведаю, але ім сказаў, каб шнуркі замянілі, яны ж не падтрымліваюць “підэрастаў”?). Пагаварылі, паспрачаліся і я выправіўся ў той жа сэкэнхэнд, дзе сёння скідка ажно на 80%. Спецыяльна зайшоў, а раптам і сабе абутак набуду?
Зайшоў. Знайшоў басаножкі з натуральнай скуры. Узважыў, аказалася са зніжкай яны па вазе на кошт цягнуць усяго 1.13 (рубель і трынаццаць капеек). Добра. Заплаціў і ўзяў. Там адна цясёмачка была напалову адарваная. Зайшоў адразу ж у “Рамонт абутку” — паказаў. А ён гаворыць:
— Гэта будзе каштаваць пяць рублёў!
— Бог ты мой! Дык я за іх заплаціў рубель усяго, а вы кажаце, што пяць рублёў рамонт? У пяць разоў рамонт болей выходзіць?
— Ага! Пяць рублёў! Мне зараз нясуць туфлі жаночыя, коштам у 300 даляраў, дык вы хочаце сказаць, што я з іх павінен узяць хаця б даляраў 50? Не… Так гэта не працуе. Ваша работа каштуе пяць рублёў.
Я падумаў, пагадзіўся і аддаў у рамонт басаножак. Мне сказалі прыходзіць за ім пасля 17.00 і выдалі жэтон № 113! Гэта ж трэба: за басаножкі заплаціў 1, 13 капеек, і жэтон мне выдалі № 113. Вам не падаецца гэта дзіўным? Быццам Нехта гуляецца з усімі намі гэтымі лічбамі? Занадта нечаканыя супадзенні… Добра. Ідзём далей. Ну, ці мала што ў жыцці бывае? Пяць рублёў налічылі за рамонт, басаножкі мне абыйшліся 6,13 капеек. Здаў, узяў жэтон № 113 іду дахаты. Прахожу міма стадыёна.
Заўважце, сёння роўна 40 гадоў як я ў 1981 годзе пад Ніжнім Ноўгарадам (тады ён называўся горадам Горкім) я прымаў ваенную прысягу, “за дзень да вайны”, так сказаць, праз 40 гадоў пасля яе пачатку прымаў, ну цяпер ужо атрымліваецца 80 гадоў прайшло і хоць гэта зусім,  (ну, не прычым абсалютна! І я нацягваю саву на глобус, але ж і скідка была 80% — як бы проста так, з боку прыпёка.  Як бы юбілей… ). Здаў басаножкі, жэтон у кішэні… Іду дахаты. А роўна год дзесьці ў гэты ж час мне абяцалі Ворана. Сустрэў Аляксандра Дзейкуна ў тралейбусе выпадкова, а ён: “У мяне ж воран гаварашчы ёсць!” — “А што гаворыць?” — “Здраўствуйце аматары прыроды!” — “Дык ты ж мне ворана абяцаў!” — “Будзе, будзе табе воран! Яшчэ тыдні два яго паднацягаю і аддам табе”.
А праз тыдзень Аляксандр памёр. Раптоўна. Інфаркт. Падцягваўся на турніку, упаў, пакуль хуткая ехала ў Станькава 50 хвілін, — прыехала і канстатавала смерць. Ваўкоў забілі, вывадак (помесь Лайкі з ваўкамі, разабралі людзі, а воран зляцеў без гаспадара), адзінае, што мне засталося ад Аляксандра ў спадчыну — Пацешка з 12,5 % воўчае крыві, бо яе прабабулю вязалі з ваўкамі. Так ён сцвярджаў.
Іду дахаты міма стадыёна. Бачу на стадыёне дзеці круцяцца вакол птушкі, маленькага варанёнка, які ад іх не ўцякае. Падыйшоў, спытаў:
— Чый воран?
— Нічый. Піць хоча…
А варанёнак сапраўды нейкі разгублены, рот адкрывае, людзей не баіцца, сам не ведае, што яму трэба і што хоча.
— Я забіраю яго… — сказаў і, узяўшы ў рукі прынёс варанёнка дахаты.
Пасадзіў у спальню, дзе ў нас вечны рамонт. Напаіў. Даў есці. Вельмі так энэргічна хапаў зваранае для кошкі і сабачкі мяса з рук, — цалкам ручны. Ні кроплі не баіцца мяне. Спачатку прыбегла Найда (кошачка) усё наравілася злавіць яго і закіпціць, але праз некалькі маіх строгіх вокрыкаў зразмела, што гэта — жывая душа, раўнапраўная з ёю, і птушка будзе жыць тут. Што гэта наш Каркуша. Сядзела і цікавала за ім і болей не кідалася драпежнікам. Потым прыкандыбала на знаёмтва Пацешка, — гэтай для разумення прыйшлося некалькі разоў стукнуць па мысіне, бо яна ж зусім маладая, усяго толькі год і некалькі месяцаў і на вуліцы заўсёды кідаецца на галубоў, варон і іншых птушак. З цяжкасцю зразумела, што чапаць Каркушу не трэба, што гэта новая душа ў нашай сям’і. Гадзіны дзве прайшло, пакуль зразумела.
Пазваніў следчы са Следчага камітэта Фрунзенскага раёна Шулякоўскі Канстанцін Алегавіч, і запрасіў заўтра на допыт… Спачатку гаварыў яму, маўляў, прысылайце, як паложана, павестку… Але потым пагадзіўся з’ездзіць проста па званку да яго заўтра ў 10.30 — назваў два прозвішчы, якія я нават не ведаю, адным словам — за мяне заплацілі штраф тым годам, і цяпер яны хочуць нешта ўдакладніць, ці заплацілі сапраўды, ці сабе грошы забралі і мною толькі прыкрываюцца. Ну, заплацілі… Ну, ёсць салідарнасць сярод беларусаў і плацяць фонды штрафы… Дык гэта ж цудоўна! Але ж прыкарытнікі не вераць, што так ёсць сапраўды. Паеду і пагляджу заўтра, што за пытанні мне будзе задаваць следчы.
Дзесьці пасля пяці спусціўся на ліфце ўніз, каб забраць свае басаножкі з рамонта. На лавачцы ляжыць футарал з шахматнымі фігурамі і футарал з нардамі, а зверху стаяць дзьве пасудзіны фарфоравыя. Я спецыяльна адчыніў і паглядзеў. Падумаў пра сябе, калі буду ісці назад і яны будуць ляжаць, абавязкова забяру сабе. Бо калі раптам які шахматыст у госці наведаецца, то ў мяне нават шахмат няма. Схадзіў у “Рамонт абутку”, забраў свае басаножкі, іду назад. На лавачцы каля суседняга пад’езда сядзіць мужык. Махае мне і паказвае: “Ідзі, сюды!”, а я яму ўголас: “Ты ідзі!”. Саджуся на лавачку каля свайго пад’езда, адчыняю футарал з шахматамі, з нардамі — усё на месцы, усе фігуры… Калісьці ў войску я ўмеў іграць у нарды… А шахматы — увогуле адпад, так захапляўся некалі…
Падыходзіць гэты махальшчык “Іваноў”, прадстаўляецца: “Міхаіл”.
— Анатоль.
— Дзёрнеш са мною сто грамаў? — дастае пляжку “Старкі” і бутэльку квасу “Лідскі”.
— Дык што проста з рыла?
— А што? — сказаў ён.
Як уявіў як гэта піць 43-гардусную “Старку” з гарла, адразу прапанаваў, глянуўшы на гадзіннік, пдняцца да мяне, сальцо нарэзанае ёсць, і гадзіна часу, пакуль жонка прыйдзе. Заадно табе і ворана пакажу, якога сёння знайшоў”.
Падняліся. Выпілі па тры кілішкі. Закусілі. Паглядзелі ворана Каркушу. Субяседнік назваўся Міхаілам, служыў шэраговым у кэдэбэ, на 27 гадоў даваў нейкую падпіску, здымае ў суседнім пад’ездзе кватэру. Вырашыў яму праспяваць песьню і падпісаць свае “Трынаццаць дзён”, бо не люблю піць на “халяву”, за ўсё прывык разлічацца, няхай лепей мне будуць вінны, чым я…
Дастаў кніжку падпісваю “Міхаілу…Прозвішча тваё як?”
— Ліса.
— Нічога сабе. У мяне маці звалася Ліса, Елізавета, але на вёсцы ўсе звалі Лісаю…
Падпісаў, аўтограф “галубочкам” паставіў, але ён чамусьці ўбачыў у аўтографе “саву”, а потым яшчэ і кашулю расшпіліў, прачытай што напісана, загадаў яму: а там на сэрцы такі ж аўтограф і надпіс, не адразу, але ж ён усё ж такі прагаварыў у слых: “Тол-я у Лісы Сын Божы, і я — Лот, вымер Духу”.
— І біў я гэтае тату ў салоне “У Лісіцы, ну, лічы што ў Лісы”, — удакладніў услых яму.
Праз некаторы час Міхаіл рэціраваўся, прыхапіўшы з сабою недапітую “Старку” і квас “Лідскі”. І своечасова, бо праз хвілін дзесяць пазваніла Вераніка, прыйшла з работы. І адразу прасякла:
— Ты мусіць ужо выпіў? Нешта занадта вясёлы…
Я безумоўна не прызнаваўся, запудрыў мазгі… Але калі праз паўгадзіны паказаў свой сюрпрыз Каркушу, то яна амаль што на каня скочыла і ўскач хацела з’ехаць з кватэры, як Чапаеў на абаявым кані.
— Ты яшчэ кракадзіла прыцягні! Ідзі ў гэтую спальню і спі з сабачкай, коткай і са сваім воранам… Зусім задалбаў мяне. Зараз пазваню сынам, няхай яны з табою разбіраюцца…
І пазваніла ж канешне. Але ж сынамі мы хутчэй знойдзем агульную мову. Ну, і што тут такога. Каркуша будзе жыць у нас? Гэта ж не канец свету. Прывыкне і палюбіць Каркушу мая Вераніка. Як гэта можна не любіць жывое? Вось жа палюбіла мяне калісьці, і замуж за мяне выйшла і сыноў нарадзіла… І што я з яе слоў, павінен быў раіцца з жонкаю, маўляў, Вераніка, тут такая справа ішоў я лесам убачыў ворана, ён такі няшчасны, есці і вады хоча, дык можа ты дазволіш мне забраць яго? Я чаму пытаюся? Бо без тайго дазволу ўвогуле баюся што-небудзь зрабіць… Ага, дачакаешся ад мяне такіх паводзін, жоначка дарагая… Узяў і прынёс у кватэру.
Першай прыбегла Пацешка, сабачка, у яе ўсё пад кантролем, нават за сцяною чуе небяспеку і гаўканнем папярэджвае,  і Найда прыйшла знаёміцца з Каркушай... Выдзяліў варанёнку цэлы спальны пакой, дзе працягваецца вечны рамонт, на стале гурбай ляжаць кнігі, іншыя рэчы. Каркуша ўселася, як на якой скале на гэтых кнігах. Жрэ, дарэчы, як не ўсябе. Ужо двойчы карміў. Адзін раз паела ціха, котка з цікавасцю глядзела з лоджыі праз шыбіну акна. Потым запусціў Найду ў пакой, некалькі разоў парывалася, каб закіпціць птушку, але мае вокрыкі спынілі яе, яна прыціснулася да падлогі і спакойна сачыла за Каркушай. Прынёс тазік з вадою — будзе для ворана басейн для купання. Клікаў Пацешу, але яна чамусьці не прыходзіла. Калі ж пачаў карміць з рук другі раз, і Каркуша кожную порцыю, суправаджала радасным і самазадаволеным карканнем, Пацешка пачула і мігам прыляцела ў спальню. Адразу ж хацела кінуцца на птушку, бо яна заўсёды і на вуліцы ганяе сарок, варон і галубоў. Але мае строгія выкрыкі таксама спынілі яе. Прыціхла і больш не кідалася. Цікавалі за тым, як кармлю Каркушу і з цікавасцю назіралі. Пацеша часта станавілася на заднія лапы. Першае знаёмства адбылося. Цяпер трэба думаць з чаго і як зрабіць на лоджыі вальер, бо, як аказалася, што Каркуша за хуткі час зробіць са спальні куратнік. Занадта хутка ў яе працуе страўнік, за дзве гадзіны плямаў дзесяць ужо пакінула ў розных месцах.
Як кажуць, не мала баба клопату, купіла парася.
Вось і песьня ўся.
Каркуша кушае.... Мары збываюцца. Вось і будзе ў мяне свой Воран Каркуша. Ужо ёсць, але ж вы не верылі і смяяліся. Сімвалічна, што дзесьці год таму я сустрэў у тралейбусе Аляксандра Дзейкуна, які сказаў, што ў яго ёсць гаварашчы воран, — "А што гаворыць?" — "Здраўствуйце, аматары прыроды!" — "Дык ты ж мне яго абяцаў" — "Будзе, будзе табе Воран! Я яго яшчэ паднацягаю тыдні два". Праз два тыдні Аляксандр раптоўна памёр, і воран кудысьці зляцеў… Мне дасталася ад яго Пацешка. Роўна 40 гадоў таму ў гэты дзень 21 чэрвеня праз сорак гадоў пасля пачатку Айчыннай вайны я прымаў ваенную прысягу. І вось у гэты дзень Гасподзь даў мне Ворана! У кожнага сапраўднага паэта павінен быць свой Воран, бо што гэта за паэт, або прарок у якога нават няма Ворана?
Вось і не заўважыў, як загаворвацца пачаў. Мусіць, перапіў тады, калі на новы кург пайшоў?
Коратка перакажу, што далей было.
Ужо 11 дзён прайшоло як Каркуша прапісаўся ў нашай квтэры, па адрасе 220019, Мінск, в. Лабанка, д. 89, кв. 231 Кудласевічу Анатолю Аляксеевічу, (Для Каркушы) — я гэты адрас нават у Фесбук скніў, каб мне дасылалі жучкоў, павучкоў, матылькоў… Але пакуль ніводнага пісьма не прыйшло. Нейкія вы, беларусікі, негеглыя, а яшчэ надумаліся таракана звергунуць…  Нічога вы не звергнеце, калі Каркушу не здолееце пракарміць. А я ж вам у відэа абяцаў, што буду распячатваць кожны канверт і называць адрасата, які прыслаў ласунак для Каркушы, і ў анлайн рэжыме скармліваць ворану. Ніводнага ласунка, хоць ты аб сцяну галавою стукайся. Вось і ўсё ў нас, беларусаў, так робіцца… Словы, словы, спрэчкі, бойкі, бульбасрачы… А як да справы, дык усе ў бульбу і пахаваліся.
Нічога, і без вас, саплівых абыйдземся. І выжывем, і будзем здаровымі, і зробім усё, што захочам. Найда сёння ажно трох хрушчоў злавіла, і я двай спаймаў… Каркуша харчуецца ад Прыроды. І навучыцца гаварыць “Трымай Беларусь!”, “Стоп Таракан!” і іншыя словы, кшталту — “Каркуша хоча кушаць”. Абыйдземся і без вас…
Дык вось. Дзён пяць Каркуша жыў у спальні. Зрабіў яму вальер на лоджыі, дзён пяць пражыў у вальерчыку. Але сёння прааналізаваўшы сітуацыю, вырашыў, што лепш усё ж такі яго выпускаць у кватэру, бо ў вальерчыку ён вырасце дзікаватым і не навучыцца сябраваць і зносіцца з іншымі жывымі душамі кватэры. Ад самай раніцы выпусціў яго, вымыў вальерчык і цэлы дзень Каркуша тупаў па ліноліуму маёй кватэры, хапаў усё, што дрэнна ляжыць, кідаў на падлогу, еў што хацеў, а я хадзіў за ім з анучкай і падціраў за ім… Я вырашыў, што так будзе больш правільна. Пазнаёміўся на днях праз фейсбук з грузінам Лада, які жыве ў Францыі і ў якога ў кватэры жыве ажно тры чорныя вораны. Паглядзеў відэа, прачытаў яго дзённік, набіраюся вопыта. Вальерчык зроблены і няхай будзе, калі Каркушу будзе трэба адправіць на высылку ці пасадзіць пад замок, але жыць цяпер ён будзе разам з намі.
Сыходзіў з Пацешкай сёння на выгул і пакідаў Каркушу з Найдай адзін на адзін. Перад тым, як зачыніць дзверы, строга нагадаў кошцы, што “нельга Каркушу кіпціць, што гэта жывая душа…”. Найда ўсё зразумела, не дарэмна яна сёння вечарам ажно тры жучкі для Каркушы злавіла. Пацешка толькі надакучае, увесь час хвосцікам бегае за воранам і глядзіць, што ён робіць, і чым займаецца. І Каркуша Пацешкі крыху пабойвецца, а з кошнай ужо некалькі разоў гуляўся, ухопіць за хвост, тузане і ўцякае. Наведзе такая гульня не вельмі падабаецца, але яна пакуль церпіць. Ну цярпела ж цэлых дзве гадзіны, калі я пакінуў іх адных, не закіпціла беднага варанёнка. Жывы здаровы… Як жывая і здаровая Беларусь. І Беларусь будзе жыць. І выжыве. І будзе святкаваць перамогу. Бо не можа быць іначай, з намі Бог, і за намі Праўда. І ўвогуле, ворана можна навучыць, каб ён не толькі насякомых знішчаў, а каб дрэнным людзям вочы выдзёўбваў…


Рецензии