Змова супраць Каркушы

ЗМОВА СУПРАЦЬ КАРКУШЫ
Пацеша і Найда ладзяць загавор супраць Каркушы. Колькі дзён таму Каркуша гаспадарыў на кухні, па чарзе частаваўся з сабачых талерак, каштаваў, чым харчуецца кошка. Прыйшла Найда і разляглася на парозе, перагарадзіўшы шлях для адступлення птушцы. Каркуша запанікаваў, замітусіўся... Потым падыйшла Пацешка, тыркнулася ў вуха кошцы, нешта прамармытала-прашаптала, а потым так выразна паказала вачыма на Каркушу, маўляў, пара з гэтым канчаць. Мне стала зразумела: нешта замышляюць…
 Да Каркушы кожны з іх ведаў сваё месца ў сямейнай іерархіі, але калі з'явіўся Каркуша, -- усё змяшалася ў доме Кудласевічаў. У паветры запахла палёным. Найда звычайна цішком цікавана за птушкай, а Пацеша часценька хадзіла назіркам за воранам, чым засмучала яго, Каркуша спыняўся, адкрываў дзюбу і шыпеў на сабачку. Але паступова ўсё як бы ўстаканілася. Так мне думалася. Бо часта Каркуша пачаў троліць Пацешку, то за хвост схопіць і адскочыць, то за вуха ўшчыпне дзюбай, ды і з Найдай бывала заігрываў. Але млекакормячыя амаль не рэагавалі на яго выпады. Яны зразумелі з маіх вокрыкаў і ўсчуванняў, што Каркуша карыстаецца дыпламатычнай недатыкальнасцю. Яму можна, а ім нельга, яны павінны цярпець. Неяк Пацеша не ўтрымалася і схапіла яго за крыло. Пакаранне ад мяне прыйшло адразу ж.
Каркуша як гарэзлівае дзіця, усё хапае і цягне ў рот, шпурляе, выкідвае… Усім цікавіцца. Запалкі цяпер трэба хаваць, як іх хаваюць ад дзяцей, бо лёгка можа спаліць хату… Ноўтбук, калі адыходжу куды, абавязкова складваю, бо лёгка можа заскочыць і надрукаваць які-небудзь камент. Цяпер будзе адгаворка перад канторай, што гэта не я друкаваў, а воран… Так што сябры і фрэнды, не крыўдуйце калі пад вашым пастом з’яўвяцца дызлайкі, або неадэкватная рэакцыя з майго акаунта, гэта Каркуша можа прабегчыся лапамі па клавіатуры.
Другі ранак прачынаюся ад моўных практыкаванняў ворана. Як Дэмасфен, быццам набірае ў рот каменьчыкаў, ходзіць па лоджыі і не проста каркае, як гэта было раней, а выгаворвае шквал незразумелых гукаў, быццам выпрабоўвае сваю здольнасць гукападражання. У нашым мдвары жыве варона, якая перацвельвае брэх сабакі. Літаральна сёння адзін сабачнік падзяліўся ўражаннем: “Іду і чую, сабака гаўкае на дрэве! Думаю, як яна туды трапіла? Прыгледзеўся, сядзіць варона”. Ёсць варона якая ўжо другі год крычыць: “Кува! Кува!! Кува!!!” – на якой гэта мове і што абазначае, я так і не зразумеў, але колькі разоў перацвельлваўся з ёю гэтым словам.
Можна было канешне ж трымаць Каркушу ў вальеры, што я рабіў першы тыдзень. Але адмовіўся ад такой практыкі. Па-першае, яму там вельмі сумна, няма магчымасці выпрастаць крылы, па-другое, тармазіцца не толькі фізічнае развіццё, але і разумова-псіхалагічнае, ды і камукатыўная здольнасць будзе кульгаць. Таму вырашыў выпусціць яго на прастору ўсёй кватэры. Цяпер прыходзіцца працаваць прыбіральшчыкам, кожную гадзіну хадзіць з мокрай анучкай і прыбіраць яго памёт, пакуль ён не высах. Каторы дзень у зале стаіць тазік з вадою, і Каркуша кожны дзень купаецца, бо на вуліцы і ў кватэры спякота.
І вось сёння раніцай тое напружанне, якое збіралася паміж жывёл некалькі тыдняў, разрадзілася маланкай. Я сядзеў за ноутам, на кухні – святая, птушына-сабача-кашэчая троіца. Не ведаю, хто там быў вінаваты, можа сам Каркуша дзюбнуў у вока сабачку, але Пацешка кінулася на яго і ў дапамогу сабачцы ў атаку на птушку накінулася і кошка. Абое адразу атрымалі па вушах, Каркуша збег на лоджыю, а яны, атрымаўшы шчалбаны па галавах, адразу прыціхлі і доўга глядзелі на мяне, нічога так і не зразумеўшы, дакланей, -- усё яны зразумелі. Трэба цярпець гэтую няхабную птушку. А што калі раптам у момант падобнай атакі мяне не будзе дома? Ці здолее воран адбіцца ад двух драпежнікаў?


Рецензии