Апошнi шлях

Апошні шлях

Цётка Насця памерла на золку.
Ціхенька. Ні войкнула. Ні слаўца ні прамовіла.
Вочы толькі заплюшчыла. Сама.
Дый рукі на грудзёх склала, сама, як трэба быць.
Каб клопату дзяцям меньш было.

Паўзе павольна газэлька па шляху апошняму. Вязе цётку Насцю да хаты роднай. У вёсачку родную. Дзе сама гадавалась басанож. Дзе дзеткі нарадзіліся. Дзе ўнукі на лета прыязджалі, толькі сьмех і гоман зрання і да начы зьвінеў.

Паўзе газэлька. Не сьпяшаецца. Сын у кабіне сядзіць. Маці да бацькі вязе. Моўчкі. Толькі вочы не сохнуць.
Мамуся перад вачыма.
Даруй Мамо мне. Часам не слухаў тваёй парады. Даруй.

Сонца пячэ. Паліць неба. Уздоўж шляху гудуць камбайны. Жніво абапал. Добрае зерне гэтым летам.

Стракоча газелька дзізяльком. Вось і мост праз Сажа. Наш мясцовы Стыкс. З паўгадзіны і ўдома будзем, Мамо.


Пад абразамі труну паставілі. У вялікім пакоі.
Як жа ж даўно не была цётка тут.
Але не варта зарэ аб гэтым. Глядзіць на цётку Насцю Матка Боска з покуці. Вітаецца. Рушнікі на абразах. Сама цётка Насця кроснамі выткала. Каб утульна было. І прыгожа.
Сьвечка гарыць на стале.
Усе родныя з фатаграфій на сценах вочы разчынілі. Уважліва долу глядзяць. На цётку Насцю. Здароўка, сяброўка, дачушка, пляменніца ты нашая.
Дачакаліся і мы цябе.
Пабачымся хутка.

Два старых кота зайшлі у хату. Маўкнулі. Памятаюць гаспадыню.

Вялікія , дужа вялікія бярозы на могліцах.
Старыя могліцы. Чакаюць сваіх вяскоўцаў. Бо дзе, як ні ў роднай зямельцы спачываць.

Бо і тут жніво. Чалавечае. Так было. Ёсць. І будзе. Навек.


Рецензии