Ведзьмак Будзiмiр бел

Будзімір нарадзіўся ў сям'і ведзьмака і з дзяцінства выяўляў незвычайныя здольнасці. Знікла неяк у селяніна карова, прыйшоў ён да бацькі Будзіміра па дапамогу. Так, маўляў, і так, кажа, усюды аблазілі, не ведаем нават, дзе шукаць. Можа, ваўкі задралі?
- Куды вадзілі статак? - пытаецца бацька Будзіміра.
- На луг каля ракі.
Задумаўся вядзьмак, а Будзімір, якому было ў той час пяць гадоў, вазьмі і скажы:
- На птушыным востраве паглядзіце. Перайшла карова раку і не бачная там, сярод асакі.
Пайшоў селянін глядзець - і дакладна: стаiць карова, жывая здаровая. Стаіць і жуйку перажоўвае.
Ці яшчэ выпадак быў. Заблудзіўся паляўнічы ў лесе. Да самага вечара шукаў дарогу, але куды б ён ні пайшоў, вяртаўся на паляну з абгарэлым, расколатым маланкай дубам. Нібы сам лясун вадзіў яго коламі!
Толькі ўспомніў пра лесуна, як бачыць, абапіраючыся на кій, выходзіць з кустоў дзядок з сівой барадой.
- Добры дзень, дзядуля, - узрадаваўся паляўнічы. - Не падкажаш, як выйсці з лесу?
- Чаму ж не падказаць, - адказаў стары і ткнуў кіем направа ад сябе: - Ідзі па гэтай сцежцы, а каля вялікага каменя павярнi налева.
- Дзякуй, добры чалавек! - узрадаваўся паляўнічы, выпраўляючыся ў дарогу. Пасля павярнуўся: - Як клiкаць цябе? Каму дзякаваць?
- Клікаць мяне Будзімір, - адказаў стары, вяртаючы сабе аблічча хлопчыка, - сын ведзьмака.
Далей - больш. Калi Будзімір стаў падлеткам, ён умеў прымаць аблічча не толькі людзей, але і жывёл. Аднойчы ён ішоў па дарозе ў суседнюю вёску і раптам адчуў, што насустрач ідзе чарнакніжнік, які ў абліччы змеі забіваў і рабаваў падарожнікаў. Будзімір здалёк пачуў атрутную сутнасць чарнакніжніка і, калі той павярнуўся змяёю і папоўз па траве, хлопец сустрэў чарнакніжніка у такім жа абліччы.
Калі стары вядзьмак памёр, Будзімір заняў яго месца. Чытаў замовы, здымаў порчу, дапамагаў людзям. Пад любым абліччам пазнаваў Будзімір злога духа і ведаў словы, каб гэтае зло адалець.
Прывёз неяк пан котку з горада. Кот прыгожы, ласкавы, усім спадабаўся, асабліва пані. Паўсюль котка хадзіў за пані, усё яму дазвалялася, нават стала пані браць з сабой ў ложак. Ляжа на спіну, кот залезе на грудзі і буркуе, закалыхвае. І доўжылася такое месяц, пакуль не заўважылі, што стала пані злой, нецярпімай, сварлівай. Крычала на слуг, цягала за валасы пакаёвак. Потым злегла і не ўставала з ложку.
Паслалі за ведзьмаком. Ці няма якой замовы, пытаюцца, каб вылечыць хваробу? Памаўчаў Будзімір, падумаў. Паглядзеў на пані. Пасля як глянуў на ката чорнымі вачыма. Закрычаў кот, саскочыў з грудзей пані, замітусіўся па пакоі, ды не тут-то было. Нібы нейкая сіла схапіла ката і прыціснула да падлогі.
Ціха, нібы з-пад зямлі, пачаў чытаць вядзьмак замову на зняцце заклёну: «Устану я, перахрысціўшыся ...» Завыў кот, неспакой ахапіў пані.
- Ня трэба, - шэпча пані, - пусці... Няхай ён перастане...
Гучней загаварыў вядзьмак: «...выйду я на двор, з двара ў браму, у чыстае поле...» І чым гучней казаў Будзімір, тым больш круціўся і выў прыціснуты невядомай сілай кот, тым больш неспакойнай станавілася пані.
«...у імя Госпада нашага. Амін`» З апошнімі словамі ведзьмака успыхнуў котка і згарэў сінім полымем, а пані страціла прытомнасць, зваліўшыся ніц з адкрытым ротам. І раптам усё ўбачылі, як з адкрытага рота пані па адным, па некалькі сталі выскокваць маленькія чэрценята, падобныя на рой чорных восаў. Пакружылi каля падушкі і вылецелі праз акно.
Пастаяў Будзімір, яшчэ раз агледзеў прысутных, пакланіўся пану. Пасля пачаў раставаць у паветры і знік. Пані ж адкрыла вочы і паднялася з ложка.
З тых часоў аб коте ў доме пана не ўспаміналі, а пані зноў стала добрая і ласкавая. Будзімір жа і далей дапамагаў людзям і шмат чаго добрага зрабіў.


Рецензии