Мужык i ведзьма бел

Панадзіўся хтосьці рабіць заломы ў жыце. А хто - невядома. Задумаў мужык па імі Вітольд гэтую ведзьму выкрыць. Пайшоў да траўніка, распытаў што ды як, узяў корань плакун-травы, ад якой чэрці і ведзьмы плачуць, ды стаў заўсёды насіць пры сабе.
Пасля нарыхтаваў асінавых трэсак і пайшоў па палях разам з мужыкамі, шукаць і спальваць заломы. А пакуль залом гарэў, Вітольд чытаў замову, якой яго траўнік навучыў. Ды яшчэ наказаў мужыкам убіць па краях поля асінавыя калкі, каб ведзьма ня адняла спор. Толькі сваё поле не абараніў. Выйшаў зацемна, стаў чакаць.
Ледзь развіднела, бачыць Вітольд, як па палях ходзіць цёмная постаць. Падыдзе, нагнётся да каласоў, стане скручваць, але тут жа кідае і адскоквае, нібы калком яе ўдарыла.
Хадзіла-хадзіла, прыйшла да поля Вітольда. Распранутая да гала, валасы распушчаны, як у русалкі, толькі асобы не відаць. Нагнулася да каласоў, круціць, вяжа вузлом, словы шкодныя шэпча...
Тут мужык узяў, ды і выйшаў. Ўбачыла ведзьма, спалохалася, кінулася хаваць твар, пасля бегчы, ды позна - пазнаў яе Вітольд. Спаліў залом з замовай, забіў калкі вакол поля і пайшоў дадому.
Увечары чуе, грукае нехта ў вароты. Пайшоў адкрываць - стаiць Кудзелiха. Пусці, кажа, у хату, справа важная ёсць. Што за справа? Пусці, кажа, пасля скажу. Такая важная, што проста трываць нельга. «Ведаю я, якія ў цябе справы», - падумаў Вітольд. Але ўвайсці дазволіў. Толькі сам першым пайшоў, не стаў яе прапускаць наперад.
Зайшла Кудзелiха ў хату, села на лаўку, азіраецца. А мужык узяў нож, ды і ўваткнуў знізу ў стол, каб перашкодзіць ведзьме вынесці што-небудзь з хаты.
- Ну, кажы, чаму прыйшла?
- Дай мне патэльню, - кажа, а сама ўсё азіраецца, цi магчыма што сцягнуць.
- Даў бы, - адказвае мужык. - ды самому патрэбна.
- Вось гаршчок пусты, дай мне ...
- Не магу, - адказвае, - збіраюся зелле варыць.
- Якое зелле?
- Ёсць у нас ведзьма, - адказаў Вітольд, гледзячы ёй прама ў вочы, - дрэннае людзям жадае, заломы на палях робіць. Хачу зварыць такое зелле, каб усё, што ведзьма робіць дрэннае, было ёй жа ў шкоду...
Пачула Кудзелiха, падхапiлася, ды і кінулася прэч з хаты. І больш яе ў тых краях не бачылі.


Рецензии